Дыпломы сацыяльнай значнасці, або Прыярытэт на абароне

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Завяршылася абарона дыпломаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Чым адрознівалася сёлетняя працэдура ад іншых, як паўплываў на яе рэжым самаізаляцыі? Якія тэматычныя прыярытэты прадэманстравалі дыпломнікі? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да тых, хто мае непасрэднае дачыненне да падрыхтоўкі і выпуску творчых кадраў.

/i/content/pi/cult/805/17286/016.jpgМіхаіл Баразна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

Стан пандэміі на крытэрыях ацэнкі і якасці работ не адбіўся. Прынамсі, кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, графікі і скульптуры былі прадстаўлены вельмі годна. Тэматычныя прыярытэты вызначаюцца той акалічнасцю, што на мастацкім факультэце навучаюцца шэсць гадоў і тэма дыпломнай работы звязаная з творчым накірункам, які свядома абіраецца студэнтам і асэнсоўваецца цягам даволі доўгага часу. Тэма даводзіцца да ладу на курсавых работах, на летніх практыках, на зборы марыялаў. І, як звычайна, дыпломнікі звярталіся да вечных тэм — чалавек і ягоны лёс, драматычныя варункі жыцця і гісторыі, маральныя каштоўнасці. Але, разам з тым, нашай навучальнай установе сёлета спаўняецца семьдзясят пяць гадоў з дня заснавання, і таму кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва большасць сваіх работ зрабіла для аздаблення менавіта інтэр’ераў акадэміі мастацтваў. Вось такі прыярытэт назіраўся на абароне.

/i/content/pi/cult/805/17286/017.jpgГалоўны корпус акадэміі зыходна быў, можна сказаць, даволі шараговым будынкам для свайго часу, цяпер жа ў выніку перабудоў і рэканструкцый і сам згаданы будынак, і ўвесь комплекс акадэміі, мае рысы ўнікальнасці і паступова ператвараецца ў музей. Сюды можна нават экскурсіі вадзіць.

Пасля рамонту нашы сцены былі для нас нязвыклыя, бо чыстыя — на іх не было ніякіх твораў мастацтва. Зразумела, што акадэмія так выглядаць не можа, таму на сённяшні дзень у нашых інтэр’ерах ёсць і вітражы, і роспісы, і творы, дзе спалучаюцца розныя тэхнікі — як фігуратыўнае мастацтва, так і дэкаратыўнае афармленне. На сённяшні дзень гэты працэс яшчэ не закончаны, але ўжо цяпер бачныя прынцыпы афармлення будынка, які знакавы ў раёне, горадзе, краіне. Культурнай тэрыторыяй з’яўляецца і двор акадэміі. Тут ужо ёсць скульптурная пластыка, а будзе і яшчэ.

Хоць на фэйсбуку можна было пабачыць прамыя рэпартажы, якія мы вялі амаль з усіх абарон, па восені будзем ладзіць выставу дыпломных работ, каб іх магла пабачыць уся зацікаўленая грамада. Усё ж такі праз нязвыклы сцэнарый абароны, выкліканы незалежнымі ад нас абставінамі, многія пазбавіліся традыцыйнага свята, сяброўскага і прафесійнага сумоўя. Па восені акадэмія гэта свята грамадзе верне.

Крысціна Стрыкелева, прафесар кафедры гісторыі і теорыі дызайна БДАМ:

У гэтым годзе на абароне дыпломаў кафедры, дзе я працую, упершыню адбылася прэзентацыя свайго роду інавацыйнага напрамку, які відавочна будзе запатрабавны грамадой. Мы да гэтага рыхтаваліся яшчэ з мінулага года. Дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву з Лабараторыяй поўнакупальнага, іншая назва “фулдом”, кіно ў Мінскім планетарыі, у нас на абароне было два такіх “поўнакупальных” дыплома. Гэта тэхналогія стварае эфект прысутнасці, дазваляе гледачу адчуць сябе ўдзельнікам таго, што адбываецца перад ягонымі вачыма. Два праекты — “Мары зорак” Івана Гапіенкі, касмічная тэма; і “Дрэва жыцця” Мікіты Бур’яка на аснове скандынаўскай міфалогіі — вельмі якасныя работы і да таго ж тэхналагічны прарыў. Усё гэта зроблена ва ўмовах пандэміі і вымушанай самаізаляцыі, якая што ні кажы, зламала выпрацаваны гадамі алгарытм работы над дыпломамі.

Яшчэ адным прарывам я лічу дыпломную работу Дар’і Шкоравай. Яна прапанавала інавацыйны рэкламны ход — ідэнтыфікацыю брэнда “Атлант” сродкамі віртуальных, лічбавых тэхналогій. Тут і лагістыка грунтоўная, і візуальнае рашэнне арыгінальнае, і яшчэ яно адкрывае новыя перспектывы для “Атланта”. Праект адправілі на “Атлант” і ў адказ атрымалі ўдзячны ліст на імя рэктара. Досыць цікавыя і іншыя дыпломы. Прынамсі, прысвечаныя стагоддзю УНОВИСа.

Разумееце, дызайн — гэта не толькі мастацтва. Гэта яшчэ і праца з функцыямі пры арыентацыі на карысны вынік. І яшчэ — супрацоўніцтва. Бо чым больш значны праект, тым больш людзей і арганізацый зайдзейнічана ў ягонай рэалізацыі. Праекты для “Атланта” і для Планетарыя выкананы ў рамках дзеючых дамоўленасцяў тых структур з акадэміяй. Мы паслядоўна развіваем гэту лінію.

Хачу яшчэ адзначыць вось якую акалічнасць. Ёсць пытанне, якое заўжды было і зараз нікуды не знікла. Больш за тое, праблема яшчэ і пагаршацца будзе, асабліва з развіццём камп’ютарных тэхналогій. І спецыфіка акадэміі, і традыцыі, закладзеныя ў нашым навучальным працэсе, адназначна вядуць, нават цягнуць нас у зону элітарнага мастацтва. Але атрымліваецца, што рэальны сектар, куды трапляюць нашы выпускнікі, па сваёй сутнасці “маскульт”. Гэта новы выклік часу, і ўсталяванне балансу паміж элітарнасцю і масавасцю, паміж высокімі эстэтычнымі запытамі і эканамічнай рэчаіснасцю — праблема, якую трэба вырашаць на ўсіх узроўнях. У тым ліку і ў навучальным працэсе.

Пэўныя дыпломныя распрацоўкі, да якіх у нас, выкладчыкаў і акадэміі ўвогуле, ёсць пытанні, замоўцаў з рэальнага сектара задаволяць цалкам. Як гаворыцца, з рукамі адарвуць. Мы ж зыходзім з таго, што дызайнеры мусяць ствараць тэмы, якія востра актуальныя і накіраваныя ў зоны запатрабаванасці, але не камерцыйнай, а сацыякультурнай, гуманітарнай. Дыпломы мусяць мець сацыяльную значнасць.

Нельга ставіць знак роўнасці паміж дызайнам і мастацтвам у чыстым выглядзе. Трэба знаходзіць баланс паміж мастацкім і праектным чыннікамі. Часам давесці гэта студэнтам бывае даволі цяжка. Ёсць тэхналагічнасць, эканамічная мэтазгоднасць, канкурэнтаздольнасць, а калі засяродзіцца на чыста мастацкіх задачах, дык на першы план выходзіць аўтарскі стыль — чыннік важны, але ў дызайне на ім адным, без спалучэння з іншымі, далёка не пойдзеш. Дызайнер мусіць быць не салістам, а дырыжорам найскладанейшага аркестра. І развіць у сабе такое разуменне прафесіі значна цяжэй, чым засвоіць тыя ці іншыя мастацкія прыёмы.

Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў:

Сітуацыя, выкліканая пандэміяй і вымушанай самаізаляцыяй кепска паўплывала хіба на тых студэнтаў, што і раней лайдачылі, а тых, хто адказна ставіўся да справы, трымаўся творчай дысцыпліны, яна яшчэ больш сканцэнтравала, настроіла на станоўчы вынік. Мне асабіста спадабалася абарона кафедры жывапісу, канкрэтна — кампазіцыя з чатырох карцін пра Магілёў. Аўтар прысвяціў яе роднаму гораду. Я напярэдадні якраз наведаў Магілёў і магу адзначыць, што дух, вобразны лад горада перададзены дакладна. Прынамсі, пераканаўча. Вельмі прынікнёны твор.

Графічныя дыпломы традыцыйна роўныя, высокатэхнічныя. А тое, што мы бачым у рэстаўратараў і манументалістаў — гэта на сёння рэальны прарыў. Такога ў нашым мастацтве яшчэ не было. Яны абапіраюцца на традыцыі, але спалучаюць іх з навацыямі. Мазаікі, што былі прадстаўлены на абарону — гэта вышэйшы ўзровень майстэрства. Я кажу гэта як чалавек, у манументальным мастацтве дасведчаны.

Моцная сёлета і скульптура. Відавочны прагрэс у параўнанні з мінулым годам. Летась дыпломы былі больш эскізнага характару, а сёлета творы даведзеныя да ладу. Адпаведна і адзнакі вельмі высокія. Дарэчы, надта ўразіў мяне кітайскі студэнт. Твор невялікага памеру, але пластычны, эфектны.

Мне запомніўся манументальны твор, прысвечаны знакамітаму беларускаму роду Валовічаў. Хутчэй за ўсё ён будзе ўпрыгожваць родавую сядзібу, якую зараз аднаўляюць. Гэта добрая тэндэнцыя, але хацелася б, каб у тэматыцы дыпломных работ беларускасці было б болей. Прыемна ўразіла мая студэнтка. Кажу так, бо пасля акадэміі я выкладаў у мастацкай вучэльні, і сярод маіх вучняў лепшай была Таццяна Савік. Яе дыпломная работа ў БДАМ — аздоба аднаго з інтэр’ераў галоўнага корпуса акадэміі, а там вельмі складаная архітэктура. Уражвае майстэрства мастачкі, якасць выканання і аб’ём работы. Да таго ж там гарманічна спалучаныя розныя тэхнікі — мазаіка, роспіс, леўкас. Для выканаўцы гэта дадатковая складанасць, але і дадатковая выразнасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"