Музей ля Плошчы Незалежнасці

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Факты і рэліквіі дзяржаўнасці
Сімвалічна, што Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў двух кроках ад плошчы і праспекта Незалежнасці. Бадай галоўная місія гэтай установы — адлюстроўваць шматвяковую гісторыю станаўлення нашай дзяржаўнасці. Прычым не толькі фактамі, але і артэфактамі — “рэчыўнымі доказамі”, канцэнтрацыя якіх тут папраўдзе неверагодная. І яны не ляжаць мёртвым грузам, а працуюць на фарміраванне грамадскай свядомасці дзякуючы мноству выставачных і не толькі праектаў, на якія музей заўсёды багаты.

/i/content/pi/cult/805/17285/014.jpgБо яшчэ адна важная функцыя ўстановы — фармуляваць той гістарычны наратыў, сыходзячы з сучасных пазіцый. Быць своеасаблівым камертонам у разуменні складаных гістарычных працэсаў. Што музей паспяхова і робіць самымі рознымі метадамі сваёй дзейнасці. Асабіста мяне, прыкладам, прыемна ўразіў узважаны падыход да адлюстравання ўльтрадраматычных паслярэвалюцыйных падзей — не з пазіцый таго ідэалагічнага супрацьстаяння, якое ўжо даўно засталося ў мінулым, але дасюль часам спараджае нездаровую мысленчую інерцыю, а з гледзішча дня сённяшняга. І вачыма патрыёта незалежнай Беларусі.

Болей за тое — музей і сёння працягвае пісаць яе гісторыю, папаўняючы свае калекцыі тымі прадметамі, якія тычацца ўжо дня цяперашняга. Прычым адбываецца гэта надзвычай аператыўна, па гарачых слядах.

— Як толькі праходзіць нейкая знакавая падзея ў галіне палітыкі, спорту, культуры, грамадскага жыцця, навукі, прамысловасці, датычныя да яе артэфакты адразу ж трапляюць у нашы калекцыі, — распавядае дырэктар музея Павел САПОЦЬКА. — У нас усталяваныя кантакты з усімі дзяржаўнымі органамі, і часам ініцыятыва сыходзіць ад іх, а часам яе праяўляем мы. У фондах музея ўжо назапасіліся тысячы знакавых прадметаў, якія распавядаюць пра нашы дасягненні апошняй чвэрці стагоддзя. І іх колькасць несупынна павялічваецца — за год недзе на тры тысячы. Дзякуючы гэтаму праз зборы музея мы можам адлюстраваць наш шлях незалежнай дзяржавы, паказаць яе як краіну са сваім адметным знешнепалітычным, эканамічным і сацыяльным курсам.

І атрымаеце праект “пад ключ”

/i/content/pi/cult/805/17285/015.jpgСёння ў музейных залах па-ранейшаму нязвыкла пуста, як і ў апошнія месяцы. Зразумела, каранавірус для любой публічнай установы — выпрабаванне не абы-якое. І разам з ім у паветры дасюль лунае пытанне: ці здатны музей існаваць без наведвальніка?

— Нядаўні досвед сведчыць, што музей у такіх варунках існаваць, у прынцыпе, можа, — адказвае на яго Павел Сапоцька. — Працы ў нас асабліва не паменела, ды і запатрабаванасць па-ранейшаму немалая — хай пакуль з боку спецыялістаў, а не шараговых наведвальнікаў. Вельмі шмат тэлефонных званкоў, лістоў, паведамленняў… Людзі хочуць папрацаваць у фондах, пазнаёміцца з калекцыямі. Ды і тое зацішша мы здолелі выкарыстаць як мага больш эфектыўна. Удасканальваем экспазіцыю — зачыняем вось дзве залы на рамонт. Праводзім навуковыя даследаванні, рыхтуем шмат аналітычных матэрыялаў, займаемся выдавецкай дзейнасцю. Скажам, увесну выпусцілі першы нумар профільнага часопіса “Беларускі музей”, які, перакананы, будзе цікавы і патрэбны калегам. Ды і выставы працягваем ладзіць. Пад кожную з іх рыхтуем віртуальны 3D-тур і аўтарскія экскурсіі. Папулярызуем гэтыя праекты ў сацсетках. І такім чынам яны дасягаюць аўдыторыі.

/i/content/pi/cult/805/17285/013.jpgІншая справа, што фінансава нам вельмі складана: цяпер супрацоўнікі працуюць на энтузіязме, за голы аклад. У цэлым, дзяржава выдаткоўвае нямала грошай — на выставы, на выданні, на розныя імпрэзы, на камандзіроўкі, на бягучы рамонт… Але што тычыцца прэмій — гэта за кошт пазабюджэту. А квіткі і сувенірная прадукцыя, якія набываюць наведвальнікі, маюць у ім вялікую вагу.

Зрэшты, як удакладніў дырэктар, музей сёння зарабляе не толькі гэтымі традыцыйнымі спосабамі. Адносна новая крыніца даходу — экспарт інтэлектуальных і творчых паслуг. Любая арганізацыя, якая хоча мець свой ведамасны музей, можа звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу — і атрымаць “пад ключ” мастацкае рашэнне, тэматыка-экспазіцыйныя планы, аўтарскі кантроль над фармаваннем экспазіцыі… Карацей, гатовы музей у праекце. Звяртаюцца па такія паслугі самыя розныя суб’екты — ад такіх паважных арганізацый, як ДАСААФ або Беларуская ўніверсальная таварная біржа, да гаспадара аграсядзібы, які вырашыў зрабіць у сябе сур’ёзны музей налівак.

Пара кардынальных зменаў

Па словах Паўла Сапоцькі, перыяду незалежнай Беларусі плануецца прысвяціць цэлы паверх новай экспазіцыі НГМ. Старая, нагадаем, стваралася вельмі даўно — яшчэ ў тую пару, калі ні пра якую незалежнасць ніхто і не марыў. Зразумела, пэўны “апгрэйд” даўно ўжо адбыўся — як ідэйны, так і тэхналагічны. Але я ўсё адно прыгадваю той музей, які вельмі любіў наведваць у шчаслівым савецкім дзяцінстве. Прыемныя ўспаміны — гэта добра, але… даўно наспела пара кардынальных зменаў.

— Летась мы на аснове навуковай канцэпцыі распрацавалі мастацкае рашэнне новай пастаяннай экспазіцыі ў новым будынку, узвядзенне якога планавалася на праспекце Пераможцаў, — распавядае Павел Сапоцька. — І ўжо літаральна да дробязяў ведалі, дзе будзе знаходзіцца тая ці іншая вітрына або музейны прадмет. Нават вогнетушыцелі ўсе размеркавалі па паверхах. Ды і архітэктурны праект прайшоў усе стадыі ўзгаднення. Мы ўжо былі гатовыя да з’яўлення будаўнічай тэхнікі на пляцоўцы... Я б марыў працаваць у такім музеі. Амаль шэсць тысяч квадратных метраў экспазіцыйных плошчаў, шмат сучасных тэхналогій…

Аднак, як вядома, зусім нядаўна было прынятае іншае рашэнне — ад новабуду адмовіцца, а замест гэтага стварыць у цэнтры Мінска яшчэ адзін музейны квартал. Яго эпіцэнтрам мае стаць цяперашні будынак Нацыянальнага гістарычнага. Варта адзначыць, што на Інтэрнэт-форумах, дзе тэма “пярэбараў” музея абмяркоўваецца рэгулярна, гэтая ідэя была ўспрынятая пераважна станоўча. І сапраўды, вуліца Маркса, якая захавала свой гістарычны каларыт, але так і не стала турыстычнай (хаця, як мы памятаем, спробы яе такой зрабіць ужо былі) — найлепшае месца для розных музейных ініцыятываў.

— Музей гарантавана захавае свой стары будынак разам з дворыкам, дзе ўжо ладзілася столькі цікавых імпрэз, — кажа Павел Сапоцька. — Болей за тое, нам будзе перададзены суседні будынак, дзе цяпер знаходзіцца Міністэрства энергетыкі — што вырашыць праблему з плошчамі.

Зрэшты, тут ёсць і праблемы. Гэтая самавітая камяніца, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, для экспазіцыі зусім не прызначаная, і яе планіроўку давядзецца кардынальна мяняць, пераўтвараючы кабінетную сістэму ў анфіладу залаў. Аднак гэтыя клопаты паўстануць перад музейшчыкамі яшчэ няхутка: спярша мае з’явіцца новы будынак для міністэрства ды адбыцца яго пераезд.

— Але супакойвае тое, што ўсё адно нашы напрацоўкі застаюцца актуальнымі, — дадае спадар Сапоцька. — Ёсць навуковая канцэпцыя экспазіцыі, зацверджаная Нацыянальнай акадэміяй навук і калегіяй Міністэрства культуры, выпрацаванае мастацкае бачанне, праведзеная немалая работа з музейнымі прадметамі… Застаецца толькі чакаць. А пакуль што будзем паступова ўдасканальваць нашу цяперашнюю экспазіцыю. І ўжо сёлета наведвальнікаў, спадзяюся, чакаюць сюрпрызы…

Дарэчы, паступова абнаўляецца экспазіцыя і ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага — Музеі беларускай дзяржаўнасці. Скажам, нядаўна ў яго фонды былі перададзеныя новыя прадметы, датычныя засваення космасу — ад асабістых рэчаў Алега Навіцкага да макетаў касмічных апаратаў, якія распрацавалі нашы навукоўцы.

Народнае мецэнацтва

Пра тое, як папаўняюцца сёння фонды НГМ, можна напісаць асобную кнігу, і яна будзе карыстацца попытам сярод чытачоў. Не сумняюся, што з часам яна з’явіцца — балазе, музей на выдавецкай ніве шчыруе плённа. Крыніцы тут самыя розныя. І дзяржзакупкі — толькі адна з іх.

Музей актыўна займаецца злабадзённай тэмай рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў. І, насуперак меркаванням скептыкаў, яго дырэктар запэўнівае, што неўзабаве будзе і першы плён гэтых высілкаў. Гутарка вядзецца найперш пра экспанаты з былога яўрэйскага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея, якія пасля вайны былі раскіданыя па свеце, а потым апынуліся ў Ізраілі.

— Мы даўно вялі перамовы аб іх вяртанні, і яны былі вельмі няпростымі, — распавядае Павел Сапоцька. — Скажам, давялося доўга даводзіць, што наш гістарычны музей — гэта пераемнік Дзяржаўнага музея. У вырашэнні розных юрыдычных калізій нам моцна дапамаглі Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў… І ў выніку паразуменне дасягнутае. Спадзяюся, цікавыя артэфакты, датычныя гісторыі Беларусі, хутка да нас вернуцца.

Яшчэ адна пастаянная крыніца папаўнення фондаў — археалагічныя раскопкі і этнаграфічныя экспедыцыі, якія музей ладзіць у супрацоўніцтве з навуковымі ды навучальнымі ўстановамі. Гэта таксама звыкла — тое самае было і ў часы стварэння ўжо згаданага Белдзяржмузея.

Дзівіць іншае — рэгулярны прыток падарункаў ад прыватных асобаў, проста неабыякавых людзей. Часам іх каштоўнасць відавочная. Прыкладам, саветніку па культуры беларускага пасольства ў Францыі Віталю Корневу пашчасціла купіць у тамтэйшай антыкварнай краме літаграфію Шагала — і ён перадаў яе ў музей. А часам гэтая вартасць праявіцца толькі праз гады. Але вельмі радуе, што гэта разумеюць ужо сёння.

— Мне рэгулярна тэлефануюць людзі, якія кажуць: у мяне дома ёсць нешта цікавае. Можа, вы б узялі гэта да сябе, — распавядае спадар Сапоцька. — Скажам, святары перадаюць сваё аблачэнне. Спартсмены — узнагароды. Я і сам палічыў патрэбным перадаць у фонды касцюм факеланосца, у якім бег эстафету падчас Другіх еўрапейскіх гульняў. Зразумела, здараюцца і казусы. Калі нехта нам прапануе, фігуральна кажучы, “зуб маманта”, мы такі артэфакт не возьмем, як бы ні крыўдавалі.

Статус нацыянальнага гістарычны музей Рэспублікі Беларусь атрымаў ужо ў незалежнай нашай дзяржаве. І менавіта яна праз свой суверэнны шлях акрэслівае сёння і шляхі далейшага развіцця знакавай для грамадства ўстановы з яе пяццю ўнікальнымі філіяламі.