За паўгадзіны да Мулявіна

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Да запуску рыхтуецца новы серыял пра “Песняроў”і яго легендарнага стваральніка
Хто сыграе народнага артыста СССР і Беларусі, а сярод блізкіх — Мулю (менавіта так называлі выбітнага музыканта яго сябры і калегі)? Які часавы перыяд ахопіць будучы баёпік, што мае рабочую назву “За паўгадзіны да вясны”? Дзе будзем глядзець стужку? І хто здымае серыял пра вядомую асобу і ВІА “Песняры”? У нашым матэрыяле мы сабралі пяць цікавостак пра будучы праект, пагутарыўшы з Віктарам Лабковічам, прадзюсарам “Першай Кінавідэакампаніі”, што выйграла конкурс Міністэрства культуры на вытворчасць карціны.

/i/content/pi/cult/805/17284/011.jpgІдэя стварэння

Насамрэч, ідэя падобнага кіно, па словах Віктара Лабковіча, нарадзілася ў яго і яго партнёра па праекту — прадзюсара расійскай кінакампаніі Yellow, Black and White Аляксея Трацюка — яшчэ ў 2014 годзе. “Мы разам думалі пра адно і тое ж, — распавядае прадзюсар. — Што трэба стварыць серыял пра легендарнага чалавека, які быў рускім па нацыянальнасці, але столькі зрабіў для беларускай культуры, што яго лічыць беларусам увесь свет”. Доўгіх шэсць гадоў прадзюсары ішлі да ажыццяўлення ідэі. Чатыры разы перапісваўся сцэнарый. Віктар Лабковіч неаднаразова пітчынгаваў серыял у беларускім ведамстве. І вось, нарэшце, у бліжэйшы час мусіць быць заключана дамова з Міністэрствам культуры - “Першая Кінавідэакампанія” выйграла тэндар на вытворчасць васьмісерыйнага серыяла, кожная серыя якога будзе доўжыцца трошкі больш за 40 хвілін.

Нагадаем, што расійскі партнёр праекта — кінакампанія Yellow, Black and White — вядомая гледачу па такіх серыялах і карцінах як “Кухня”, “Папіны дочкі”, “Івановы-Івановы”, “Халоп”, “Гатэль “Белград” ды іншыя. Ужо ў яе партнёрах — расійскі Першы канал, а гэта значыць, што будучы серыял мае вялікія шанцы займець вялікую аўдыторыю. Дарэчы, падаючы заяўку на конкурс, Віктар Лабковіч у якасці козыра меў ліст да тэлеканала з пацверджаннем зацікаўленасці ў паказе стужкі.

Сцэнарый

Канчатковы варыянт сцэнарыя належыць расійскай аўтарцы Ганне Графковай (серыялы “Вяртанне Мухтара”, “Скліфасоўскі” ды іншыя). Але наперадзе яшчэ рэжысёрская версія, таму, пакуль, па словах Віктара Лабковіча, расслабляцца не варта.

Важная інфармацыя: кансультантам на праекце выступіла старэйшая дачка Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна — Марына Мулявіна. “Калі Марыне Уладзіміраўне штосьці не падабалася, — мы гэта выкрэслівалі, — увёў у падрабязнасці працы над сцэнарыем спадар Віктар. — Але пры тым мы імкнуліся данесці, што гэта ўсё ж будзе мастацкая карціна, не дакументальнае кіно, а значыць пэўныя фантазійныя рэчы  - дапушчальныя”. Марына Мулявіна ўнесла ў стужку свае ўспаміны пра бацькоў, сваякоў, а гэтаксама і калег Уладзіміра Георгіевіча.

Віктар Лабковіч таксама ўзгадаў і персанальныя сустрэчы з музыкантамі “Песняроў” Валерыем Дайнэка, Уладзіславам Місевічам, што дапамаглі ў працы над будучым серыялам. “Іх меркаванне і парады сталіся для мяне надзвычай каштоўнымі”, — прызнае прадзюсар. У серыяле будуць закранутыя перыяды дзяцінства, юнацтва і сталення Уладзіміра Мулявіна. А гэтаксама адлюстравана творчаць кампазітара, гісторыі стварэння яго знакавых твораў, узлёту “Песняроў”. Як можна зрабіць выснову са словаў спадара Віктара, мы ўбачым гісторыю поспеху, у цэнтры якой — постаць таленавітага музыканта. Вострых момантаў стваральнікі пастраліся пазбегнуць. “Мы не хацелі б пераўтварыцца ў “жоўты” прадукт”, — падкрэслівае беларускі прадзюсар. Серыял ахопіць вялікі часавы адрэзак з 1948-га — да 1990-х гады, але акцэнт будзе зроблены на перыядзе ўзыходжання легендарнага калектыву. І як заверыў Віктар Лабковіч, “мы скончым карціну на пэўнай кропцы — і тое не будзе смерць маэстра”.

Акцёры

Як вядома, акцёрскі склад у кінапраектах трымаецца ў сакрэце да апошняга. Не стаў выключэннем і “За паўгадзіны да вясны”. “У нас ёсць dream-каст, які мы б хацелі бачыць, — прызнаецца спадар Віктар, — але пасля інфармацыі пра фільм да нас паступілі столькі прапаноў ад акцёраў, што без вялікага кастынгу ніяк не абыйсціся. У бліжэйшы час мы стартуем”. У якасці пэўнага суцяшэння, што не можа зрабіць ні паўнамёка на мяркуемых выканаўцаў галоўных роляў, Віктар Лабковіч адкрыў, што ў кінапраекце будзе ўвасоблена і постаць Пятра Міронавіча Машэрава, які дапамагаў знакамітаму ВІА. “Пакуль гэту дэталь я нікому не паведамляў”, — падкрэсліў кінематаграфіст. Але распавесці — хто сыграе слыннага партыйнага дзеяча — прадзюсар таксама адмовіўся.

Музычная частка

Музычны баёпік — так можна ахарактарызаваць жанр будучай карціны. І ў якасці прыблізнага рэферэнса Віктар Лабковіч называе серыял пра Мусліма Магамаева, які дэманстраваўся па тэлебачанні пэўны час таму.

“Будзе шмат рэпетыцый, музыкі, выступленняў, — удакладняе прадзюсар праекта. — Плануем нават увасобіць знакамітае выступленне “Песняроў” у Вялікай Калоннай зале ў Маскве, дужа хочацца, каб атрымалася”.

Аптымальным варыянтам у якасці выканаўцаў музыкі славутага ВІА спадар Віктар бачыць “Беларускіх песняроў”. “Але пакуль яшчэ ўсё вырашаецца, — вагаецца ён. — Мне нядаўна параілі Андрэя Скарынкіна як спевака, здольнага паўтарыць партыі Уладзіміра Георгіевіча, але пакуль яшчэ перамоваў у нас не было”.

Цікавы момант. Каля 80 адсоткаў серыяла будзе здымацца ў Беларусі. Але Віктар Лабковіч не выключае паездак у Маскву, Калінінград, а таксама ў ЗША з мэтай здымак асобных сцэн. Як можам выказаць здагадку, гаворка ў апошнім варыянце ідзе пра гастролі “Песняроў” за акіянам.

Рэжысёр і бюджэт

Барабанны дроб... Рэжысёрам карціны на дадзены момант называюць расіяніна Кліма Шыпенку, на чыім рахунку такія касавая хіты як “Салют-7”, “Тэкст”, “Халоп”. Нагадаю, што, у прыватнасці, апошняя карціна сабрала ў пракаце СНД і Расіі больш за 3 міліярды расійскіх рублёў. Нечаканы паварот. “Але, мяркую, што Клім Шыпенка будзе на праекце не адзіны”, — удакладняе Віктар Лабковіч.

Бюджэт серыяла — 4,9 мільёны беларускіх рублёў. Палову сродкаў вылучае Міністэрства культуры краіны, другая частка мусіць быць за партнёрам “Першай Кінавідэакампаніі” — расійскай Yellow, Black and White. Падрыхтоўчы перыяд, па словах Віктара Лабковіча, мусіць узяць старт у бліжэйшыя месяцы, але да здымак каманда прыступіць у лістападзе, снежні. “Падчас працы над фільмам я не мог застацца абыякавым да постаці Уладзіміра Мулявіна, — распыталі прадзюсара наконт яго асабістага стаўлення да выбітнай асобы і музыканта. — Мяне ўразіла тое, што нарадзіўшыся ў простай свярдлоўскай сям’і, музыкант, пераадолеўшы ўсё перашкоды, дасягнуў усесаюзнай славы, — дзеліцца асабістым пасылам Віктар Лабковіч. — Для мяне вялікі гонар рабіць пра яго карціну”.

Упэўненасці ў сілах кінематаграфісту надае сцэнарны матэрыял. “Мы зрабілі вялікую працу, і сцэнарый зараз — сапраўдны падмурак праекта”, — кажа ён.

Нагадаю, што на рахунку “Першай Кінавідэкампаніі” такія фільмы як “Унутры сябе”, “Упыры”, серыялы “След апосталаў”, “Дзяржаўная мяжа”, а гэтаксама дакументальная стужка Настассі Мірашнічэнка, што вылучалася на “Оскар” - “Дэбют”. Для кінакампаніі “За паўгадзіны да вясны” стане сапраўдным “баявым” хрышчэннем.

Мы ж будзем намагацца сачыць за этапамі рэалізацыі праекта.

“Ён — наша гісторыя!”

Падзяліцца ўражаннямі аб праекце мы папрасілі і яго галоўнага канстультанта, дачку Уладзіміра Георгіевіча — Марыну Мулявіну.

— Марына Уладзіміраўна, ці можна казаць аб пэўных экслюзіўных успамінах з вашага боку, што ўвойдуць у стужку? Тых успамінах, якія раней нідзе не гучалі?

— З усіх дзяцей Уладзіміра Георгіевіча я — адзіная, якую расціла яго мама, мая бабуля. І брата майго бацькі я ведала адзіная сярод дзяцей. Таму мне ёсць што распавесці. Вядома, заўсёды застаюцца тыя таямніцы, як кажуць, шкілеты ў шафе, з якімі не хочацца расставацца. Але некаторыя з іх я паступова дастаю. У фільме будзе частка пра жыццё маіх бацькоў — Уладзіміра Мулявіна і Лідзіі Кармальскай і мяне.

— Ці будзе ў фільме нечаканы эпізод, які дазволіць нам убачыць Уладзіміра Георгіевіча з новага боку?

— Я пакуль яшчэ думаю... Скажам так, ён будзе датычыцца яго любімай гітары.

— Ці было вам, увогуле, складана працаваць над праектам? Для вас — гэта і зона асабістага, і тое, як яно праламляецца ў сцэнарыі, кінатворы.

— Вядома, было шмат пытанняў. Асабліва ў дачыненні выдумкі, што прысутнічае ў сцэнарыі — на маю думку, жыццё Уладзіміра Георгіевіча, гісторыя “Песняроў” — цікавейшае за тую выдумку. Канцэртная дзейнасць музыкантаў была настолькі вірлівай і поўнай падзей, што і выдумляць анічога не трэба. Хлопцы з калектыву маглі распавесці шмат, ды і я магла б дадаць тое, што датычыцца “майго” перыяду. Але, канешне, тое маё асабістае меркаванне, канчатковае слова належыць камандзе фільма.

— Хачу дазнацца ў вас і пра музычны складнік карціны. Ці прымалі вы ўдзел, кансультавалі стваральнікаў у гэтай частцы праекта?

— На такім сур’ёзным узроўні — пакуль не. Магу тут сказаць толькі адно. Тыя залатыя песні калектыву мусяць гучаць у залатым выкананні саміх жа “Песняроў”. Творы, запісаныя Мулявіным — чаму іх не выкарыстаць? Гэта можа быць рэпетыцыйны працэс, зрабіць адпаведны мастэрынг. Але, зноў-такі, вырашаць гэта будзе гукарэжысёр і каманда праекта.

— А ці магчыма, на вашу думку, паўтарыць голас самога Уладзіміра Георгіевіча?

— Гэта цяжка агучыць, бо тэмбр таты настолькі індывідуальны... Паўтарыць яго, сапраўды, вельмі складана. Але калі разважаць, магу назваць такія імёны: Ян Жанчак і Пётр Елфімаў — мне падаецца, яны таленавітыя музыканты. У іх штосьці магло б атрымацца.

— Марына Уладзіміраўна, вы ўклалі ў праект шмат душэўных і інтэлектуальных сіл. Якім зараз, абапіраючыся на сцэнарый, паўстае Уладзімір Мулявін? Якім мы яго ўбачым у серыяле?

— Мне надта хацелася б, каб ён паўстаў і тым мастадонтам, Мулявіным, якім ён быў на сцэне, прафесіяналам, які кіраваў калектывам, выступаў, спяваў, і ў той жа час ранімым і трапяткім Чалавекам. Бо ён такім і быў. Калі закрываліся кулісы і ён сыходзіў з філармоніі, ён ішоў дадому, у сям’ю. У праекце шмат складнікаў поспеху: акцёры, рыжысёр, прадзюсар, але я пастараюся данесці, што стварыць аб’ёмны і праўдзівы партрэт гэтага шматграннага чалавека — наш абавязак. Бо ён, як і Купала, і Колас, і Багдановіч, прымусіў казаць пра Беларусь з вялікай літары. Ён — наша гісторыя!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"