Чароўныя сусветы Кацярыны

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Трэці год запар лепшым сцэнографам Беларусі называюць Кацярыну Шымановіч — у 2018 годзе прэмія імя Івана Ушакова, першага мастака Купалаўскага тэатра, дасталася ёй за дэбютны спектакль “Запалкі”, летась гэтай жа ўзнагародай адзначылі працу Кацярыны ў якасці мастака-пастаноўшчыка спектакля “Радзіва Прудок”, а сёлета прэмію вырашылі ўручыць за спектакль “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, над якім наша гераіня працавала разам з Сяргеем Ашухам. Усе тры пастаноўкі — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Толькі некалькі гадоў, як Кацярына Шымановіч выпусцілася з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а спіс яе прац ужо можна назваць бліскучым — нядаўна ён папоўніўся “Каралём Лірам” на купалаўскай сцэне і “Коткіным домам” у Вялікім тэатры оперы і балета, наперадзе — “Тутэйшыя” ізноў у тэатры імя Я. Купалы. Паспрабуем жа разгадаць сакрэт поспеху Кацярыны ШЫМАНОВІЧ.

/i/content/pi/cult/805/17283/09.jpg— Як вы думаеце, у вас як у тэатральнага мастака ўжо ёсць свой стыль?

— Мне казалі, што мае работы можна пазнаць. Але сама я, канешне, не імкнуся прытрымлівацца нейкага стылю, не хачу паўтарацца. Так, я люблю мінімалізм, люблю для кожнага твора падбіраць асобную колеравую гаму, хачу, каб спектакль уплываў на гледача нават на нейкім падсвядомым узроўні. Перш за ўсё я чытаю п’есу і толькі потым пагаджаюся ўзяцца за пастаноўку. Быў выпадак, што я і адмовілася, бо матэрыял абсалютна не падыходзіў мне па энергетыцы, мова п’есы і сюжэт выклікалі ў мяне непрыемныя адчуванні. А калі п’еса “мая”, да мяне пачынаюць прыходзіць вобразы, асацыяцыі, карцінкі.

— Вы адначасова ствараеце і дэкарацыі і касцюмы…

— Такі падыход я лічу больш правільным, калі ўсё ў комплексе, з адной творчай і мастацкай ідэяй. Праўда, у оперным тэатры падобнае не заўсёды магчыма, бо там вялікія маштабы і аднаму чалавеку бывае немагчыма справіцца. У пастаноўцы оперы “Сельскі гонар” я была толькі мастаком па касцюмах, хаця ў оперы “Коткін дом” рабіла і тое, і другое.

— Ці можна казаць, што вы прадстаўляеце нейкую новую плынь у беларускай сцэнаграфіі, што ў вас іншыя падыходы?

— Так катэгарычна я не магу сцвярджаць. Канешне, сцэнаграфія трансфарміруецца, як і ўсё іншае. Напрыклад, Барыс Федасеевіч Герлаван, мой настаўнік і галоўны мастак Купалаўскага тэатра, у свой час быў сапраўдным наватарам. Ён першы пачаў звяртацца да стылізацый, да абвастрэння вобразаў — а да таго канонам лічыліся бытавыя, рэалістычныя дэкарацыі. І менавіта ён здзейсніў не тое што рэвалюцыю, але дакладна нейкі прарыў для Купалаўскага тэатра і для ўсёй беларускай сцэнаграфіі. Сцэнографаў у Акадэмію мастацтваў набіраюць раз у шэсць гадоў, і ў прынцыпе кожны новы курс ужо адрозніваецца ад папярэдняга, прыносіць нешта новае. Зараз у тэатральных мастакоў больш тэхнічных магчымасцяў, бо тэхналогіі развіваюцца, таму і сцэнаграфія змяняецца адпаведна: усё менш становіцца бытавога, а больш вобразнага, візуальнага, нават кліпавага.

/i/content/pi/cult/805/17283/010.jpg— Вы згадалі свайго кіраўніка курса ў Акадэміі мастацтваў. Ці паўплывала, напрыклад, яго творчая манера на вашую?

— Не думаю. На першых курсах мы атрымлівалі нейкія базавыя веды, а потым Барыс Федасеевіч даваў развівацца кожнаму студэнту згодна з ягонымі схільнасцямі — нічога не забараняў і не навязваў свой пункт гледжання, зыходзіў з таго, да чаго ляжыць душа ў самога чалавека. Бываюць выкладчыкі, якія стараюцца змяніць студэнта, настойваюць на акадэмізме і школе, імкнуцца зрабіць іх падобнымі да сябе. А Барыс Федасеевіч дазваляў развівацца індывідуальнасці. І ён прымушаў перарабляць па многу разоў, пакуль вынік яго не задаволіць. Такая закалка стала вельмі карыснай ужо ў рэальнай, а не вучэбнай працы.

Увогуле, вучоба ў Акадэміі для мяне стала менавіта працай, вельмі напружанай. У Парнаце — гімназіі-каледжы мастацтваў — мы ўсе былі такія “парніковыя” дзеці, разам раслі, вучыліся, сябравалі, паміж намі не было гаворак пра кар’еру ці канкурэнцыю. Я думала, і ў Акадэміі так будзе, але давялося сустрэцца з рэальнасцю. Да таго ж Барыс Федасеевіч падаграваў канкурэнцыю паміж намі, каб мы імкнуліся пераўзысці адзін аднаго.

А я вельмі старалася ўжо з самага першага курса. Бо вучылася на платным аддзяленні, а там, калі ў цябе добрыя адзнакі, ты можаш атрымаць зніжку па аплаце — і мне, канешне, хацелася атрымаць зніжку. Нават гэты момант паўплываў на маё больш хуткае развіццё як прафесіянала. (смех)

— Вы з пятага класа вучыліся ў Парнаце, адтуль перайшлі ў Акадэмію мастацтваў — такім чынам, з дзяцінства вызначылі сабе шлях. Іншых прафесій і не разглядалі?

— Мабыць, не. У мяне і сям’я вельмі творчая, мы ўсе пастаянна нешта рабілі сваімі рукамі, я з маленства і ляпіла, і малявала. Тата многа што ўмее — паяць, варыць метал, працаваць з дрэвам: ён па адукацыі ўрач, але стварае розныя арт-аб’екты. Усяму гэтаму ён навучыў і мяне — паяць і забіваць цвікі, а пад час вучобы ў Акадэміі моцна дапамагаў засвойваць неабходныя тэхнічныя рэчы, вучыў, як можна працаваць з рознымі матэрыяламі. Я ж напачатку і не надта разумела, як зрабіць той жа макет! Усё гэта дапамагло мне выйсці на новы ўзровень вобразаў, бо я ўжо мела ўяўленне, як іх можна ўвасобіць у жыццё.

— Наколькі на вашы вобразы ўплывае творчасць тых ці іншых мастакоў? Датычна дэкарацый і касцюмаў сёлетняй прэм’еры оперы “Коткін дом” крытыкамі часта згадваўся і супрэматызм, і УНОВИС.

— Пад час вучобы ў Парнаце я вельмі любіла Сальвадора Далі. Ён мне і зараз падабаецца, але тады я ім была абсалютна захоплена. Канешне, цікаўлюся я і авангардам, бо мне ў прынцыпе падабаецца нешта незвычайнае. Але прамых паралеляў ні з кім правесці не магу. Згодна, што ў оперы “Коткін дом” можна разгледзець нешта супрэматычнае, і мне прыемна такое параўнанне. Але свядома я нічога не планавала. Я думала ў першую чаргу пра тое, што гэта дзіцячы спектакль і гэта опера, у якой ёсць свае законы. Мне ад самага пачатку не хацелася размалёўваць твары артыстаў і прышываць ім вушкі і хвасты з футра — я адштурхоўвалася ад ідэі дзіцячага драўлянага канструктара. Таму і атрымалася такая адсылка да супрэматыстаў — з-за яркіх колераў і простых форм, простай геаметрыі.

— Вам толькі 26 гадоў, а вы ўжо супрацоўнічаеце з самымі галоўнымі тэатрамі краіны і працуеце над самымі гучнымі спектаклямі. Як так атрымліваецца?

— Неяк само, мяне запрашаюць. (смех) У тэатры оперы і балета я працую на палову стаўкі, а супрацоўнічаць з Купалаўскім пачала выпадкова — рэжысёр спектакля “Запалкі” Таццяна Ларына шукала нейкага маладога сцэнографа і праглядала эскізы студэнтаў. І выбрала менавіта мяне. З рэжысёрам Раманам Падалякам мы былі нават незнаёмыя, калі ён зрабіў мне прапанову наконт “Радзіва Прудок” — мабыць, бачыў “Запалкі”. З Аленай Ганум перад “Шляхціцам” мы рабілі ўжо спектакль “Зямля Эльзы”. А Мікалай Мікалаевіч Пінігін як кіраўнік усё гэта бачыў і прапанаваў папрацаваць з ім над “Каралём Лірам”.

— Вашу работу ў “Каралі Ліры” многія адзначылі, і не здзіўлюся, калі па выніках гэтага года яна таксама атрымае нейкую прэмію. Якую задачу перад вамі ставіў Мікалай Пінігін?

— Мы адразу абмеркавалі тое, што п’еса вельмі дынамічная, а ў гэтым перакладзе на беларускую мову дык яшчэ больш. Мікалай Мікалаевіч сказаў, што дзея будзе бесперапыннай і практычна без паўз, таму было прынята рашэнне, што дэкарацыі таксама будуць вельмі рухомымі і лёгкімі, што не будзе замка, сапраўднай зброі і іншай канкрэтыкі. А калі сцэнаграфія мінімалістычная і даволі цёмная, значыцца патрэбныя акцэнты з колераў у касцюмах — так з’явіліся насычаныя бардовы, жоўты і белы. Канешне, я стылізавала касцюмы пад гістарычныя сілуэты і асучасніла дутымі прашытымі дэталямі. І гэтак далей. Дарэчы, мне было вельмі цікава прачытаць“Караля Ліра” па-беларуску, я абсалютна па-іншаму ўспрыняла п’есу.

— Мабыць, самая чаканая прэм’ера гэтага года — вяртанне на сцэну спектакля “Тутэйшыя”. Мастаком-пастаноўшчыкам тых культавых “Тутэйшых” быў Барыс Герлаван, сёлета — вы. Будзеце здзіўляць?

— Мы з рэжысёрам сумесна знайшлі рашэнне, і яно даволі нетрадыцыйнае. Магу толькі сказаць, што не варта чакаць тых “Тутэйшых”, што былі 20 ці 30 гадоў таму. Канешне, будзе некаторая прывязка да таго гістарычнага перыяду, але не наўпрост.

— Вас самую не здзіўляе, што вы так хутка трапілі ў цэнтр тэатральнага жыцця і нават пачалі атрымліваць прэміі?

— Так, сапраўды здзіўляе. Бо я не мела ўвогуле ніякіх грандыёзных планаў, не распрацоўвала стратэгій ці нешта падобнае. Проста, мне прапануюць — я працую. І кожны раз, калі мяне пачынаюць моцна хваліць, я трохі бянтэжуся. Бо мне здаецца, што самая лепшая праца, канешне, яшчэ наперадзе.

— А ці не даводзілася вам сутыкацца з зайздрасцю і скептычным стаўленнем? Дарэчы, ваш муж, таксама мастак Сяргей Ашуха, не раўнуе вас да поспехаў?

— Мне самой не даводзілася, хаця ў прынцыпе такое ж можа быць. А з мужам, з якім якраз у Акадэміі і пазнаёміліся, мы не канкурыруем. Некаторыя спектаклі — “Зямля Эльзы” і “Шляхціц Завальня” — мы рабілі сумесна, і калі б ён хацеў далей працаваць разам, то так і было б. Але зараз ён пераключыўся на жывапіс.

— У вас усё так роўна і гарманічна ідзе — творчасць, сям’я, каханне, вы жывяце ў прыгожым мастацкім свеце, а сапраўднага жыцця — напаўжартам так можна сказаць — і не ведаеце. Ці патрэбна яно вам?

 — Я думаю, тое, што мой жыццёвы досвед менавіта такі, мне толькі дапамагае. Часта людзі, праходзячы праз нейкія жыццёвыя выпрабаванні, азлабляюцца і ім становіцца складана верыць у нешта добрае і спадзявацца на лепшае. Я шукаю ў навакольным свеце толькі добрае і лепшае. А калі сутыкаюся з несправядлівасцю, подласцю ці дыскрымінацыяй любога роду, мне становіцца вельмі блага, проста балюча. Я цяжка перажываю падобныя моманты, бо не разумею, як такое можа быць. А вера ў цуд і чараўніцтва, няхай і крыху наіўная, у мяне застаецца. Я люблю казкі, люблю кнігі пра Гары Потара, люблю “Уладара пярсцёнкаў”, “Хронікі Нарніі” — і зараз магу з задавальненнем перачытаць ці перагледзець. Калі ў кіно ідзе што новае казачнае ці фэнтэзійнае — я проста бягу ў кінатэатр. Я ў першую чаргу візуал, і калі бачу нешта цудоўнае, не магу застацца абыякавай. Спадзяюся, гэтае захапленне чароўным застанецца са мной назаўсёды.