— Усе стаміліся ад самаізаляцыі, людзям хочацца выйсці пад промні ласкавага сонейка, усміхацца, спяваць, танцаваць. І мы даем ім такую шчаслівую магчымасць, — сказаў падчас адкрыцця фэсту дырэктар Музея Эдуард Багдановіч. — “Купальскае кола” распачынае запознены сезон фестываляў open-air. Лепшыя з айчынных гуртоў з’ехаліся, каб музыкай вітаць трыумф прыроднай моцы — летняе сонцастаянне.
У чаканні канцэрта можна было наведаць кірмаш рамеснікаў, пакаштаваць розныя прысмакі ды традыцыйныя сялянскія напоі — квас, збіцень, медавуху. Павучыцца старадаўнім танцам у дзяўчат з гурта “1410”, каб пасярод спякотнага дня стала яшчэ гарачэй. Або сплесці вянок з кветак ці галінак, кіруючыся ўласнай фантазіяй і досведам дзяцінства.
Сярод досыць шматлікай публікі вылучаліся стылёва апранутыя заўсёднікі гістарычных фэстаў. З паннамі ў старадаўніх сукенках і спадніцах дзіўна кантраставалі растатуіраваныя металісты ды суворыя байкеры. Купалле ўсім даспадобы!
— У нашых продкаў бытавала прыказка: “Хто не быў на Купаллі, таго бадай закапалі”, — казала спявачка фальклорнага гурта “Горынь” Наталля Ермалінская. — Не варта думаць, нібы толькі моладзь гарэзіла ў Купальскую ноч. На гэтае свята выходзілі і малыя, і старыя. Замужнія жанчыны надзявалі вянкі паверх хустак.
Беларускі народ склаў багата купальскіх песень. Фальклорныя гурты “Горынь”, “Гуда”, “Рутвіца” выконвалі спевы, сабраныя ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Выступалі таксама іншыя музычныя калектывы.
У фінале свята мусілі адбыцца факельнае шэсце і абрад “Завіванне касы”. Аднак гэты план парушыла моцная навальніца. Здавалася, сам Пярун салютаваў “Купальскаму колу”! І ўсё ж-такі самыя смелыя гледачы не раз’ехаліся па дамах, а дачакаліся канца навальніцы і начнога вогнішча, вакол якога вадзіла карагод моладзь са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара