А на экспанатах можна іграць!

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Што я магу зрабіць для музыкі? Мабыць, такое пытанне ў нейкі момант задала сабе піяніст-аматар Марыя Бандарэнка, дзякуючы якой у цэнтры Мінска гэтым летам адкрыўся інтэрактыўны Музей музыкі, а крыху раней і арт-прастора “Свет класічнай музыкі”, якая аб’ядноўвае аматараў фартэпіяна і проста меламанаў. Зазірнём у музей і даведаемся гісторыю яшчэ адной культурніцкай ініцыятывы.

/i/content/pi/cult/805/17281/06.jpgПаміж Кафедральным саборам і вуліцай Зыбіцкай на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра побач з шыльдамі “Археалагічны музей” і “Музей карэт” цяпер можна ўбачыць і надпіс “Свет класічнай музыкі”. Менавіта за ёй хаваецца Музей музыкі, які прыняў першых наведнікаў 13 чэрвеня. І сам па сабе музей варты ўвагі — бо ён інтэрактыўны, а гэта значыць, што можна і паглядзець на музычныя інструменты, і нават паіграць на іх (такое нясцерпнае жаданне бывае не толькі ў дзяцей!). Але і акрамя музея ёсць многа цікавага — менавіта па адрасе “вуліца Кірыла і Мефодыя” знайшлі сабе прытулак піяністы-аматары Мінска, менавіта тут яны збіраюцца і праводзяць свае фартэпіянныя вечары. Тут жа праходзяць лекцыі і майстар-класы, тут жа ствараюцца дапаможнікі па музыцы для самых маленькіх, і тут жа працягваюць нараджацца ідэі і праекты, скіраваныя на тое, каб класічная музыка ў нашым грамадстве набывала ўсё новых і новых прыхільнікаў.

Адметна тое, што гэта — прыватная ініцыятыва, і каманда праекта працуе ў асноўным на валанцёрскіх пачатках. За ўласныя сродкі аднаго чалавека арандуецца памяшканне ў цэнтры горада, купляюцца музычныя інструменты — іх ужо больш за 60, аплачваюцца адміністрацыйныя і арганізацыйныя выдаткі. І чалавек гэты — Марыя Бандарэнка, якая цяпер сумяшчае сваю асноўную працу ў якасці дырэктара ІТ-кампаніі і кіраўніцтва праектам “Свет класічнай музыкі”. Менавіта любоў да музыкі і фартэпіяна прывяла да з’яўлення такой установы, хаця спачатку было проста жаданне праз 20 гадоў пасля заканчэння музычнай школы аднавіць заняткі на інструменце і знайсці аднадумцаў.

/i/content/pi/cult/805/17281/07.jpg— Іграць хацелася заўсёды, але звычайная гісторыя — праца, сям’я, дзеці, і не да таго, — расказвае Марыя Бандарэнка. — Аднак некалькі гадоў таму здарыўся выпадак, пасля якога ўсё закруцілася. Я, малодшая сястра і наша стрыечная сястра — усе мы вучыліся ў адной і той жа настаўніцы ў дзіцячай музычнай школе № 13 горада Мінска. І кузіна арганізавала вечар сустрэчы выпускнікоў нашай школы, і там нават выцягнула мяне на сцэну. Гэты момант — праз 20 гадоў ізноў іграць на раялі на сцэне — стаў, можна сказаць, паваротным, бо захацелася іграць яшчэ і яшчэ.

Пачалося ўсё з сямейных вечароў — сёстры ладзілі “музычныя гасцёўні” па прыкладзе арыстакратаў мінулых стагоддзяў. Але ў нейкі момант у доме ўжо стала цесна, а мара пра раяль, а не звычайнае піяніна, не пакідала. “А дзе ў Мінску можна арандаваць раяль, каб паіграць? І не так проста знайсці”, — гаворыць Марыя. Недзе паўтара года таму сёстры вырашылі арандаваць залу з раялем — гэта быў Палац культуры ветэранаў — і запрасіць на сустрэчу іншых аматараў фартэпіяннай музыкі, стварыць такім чынам своеасаблівы клуб. На здзіўленне, на першую ж абвестку адгукнулася адразу чалавек 30 — сярод іх былі і самавучкі, і тыя, хто ў дарослым узросце вырашыў пайсці вучыцца, і тыя, хто калісьці скончыў музычную школу ці вучылішча, але не звязаў лёс з музыкай, — людзі самыя розныя, аб’яднаныя жаданнем знаходзіцца ў коле аднадумцаў, праводзіць сумесныя канцэрты, абменьвацца інфармацыяй, думкамі і эмоцыямі. А тады сёстры ўжо ведалі, што ў Расіі, ды і шмат дзе, існуюць аб’яднанні піяністаў-аматараў, якія і з канцэртамі выступаюць, і конкурсы праводзяць, і нават у фестывалях удзельнічаюць.

— Можа, мы і працягвалі б проста ладзіць падобныя сустрэчы, калі б не сутыкаліся пастаянна з праблемамі па іх арганізацыі, — расказвае Марыя. — Бо цяжка знайсці адпаведную нашым мэтам залу з раялем і арандаваць яе — і месцаў няшмат, да таго ж перыядычна нам адмаўлялі з-за таго, што мы непрафесіяналы і, маўляў, можам зламаць раяль!

Так і давялося не аформленаму пакуль ніякімі дакументамі аматарскаму клубу паклапаціцца пра ўласнае памяшканне і ўласны інструмент. Спачатку была думка аформіць клуб у выглядзе Асацыяцыі аматараў класічнай музыкі. Але потым прафесійны менеджар і праграміст Марыя Бандарэнка зразумела, што ў іх вельмі шмат ідэй, якія хочацца ўвасобіць у жыццё, і зарэгістравала ўстанову культуры “Рэнесанс класікі”.

— У якасці місіі нашай установы культуры мы прапісалі — “папулярызацыя класічнай музыкі, падтрымка яе развіцця ў нашай краіне”, — кажа Марыя. — А ў якасці відаў дзейнасці — “правядзенне адукацыйных праграм, арганізацыя сустрэч аматараў, клубная дзейнасць, выданне метадычных матэрыялаў і гэтак далей”.

Маленькі арандаваны кабінет з купленым раялем з цягам часу змяніўся на стыльнае памяшканне ў Верхнім горадзе, дзе зараз і знаходзіцца музей. Там ёсць і прыгожая, з вялікімі ўрачыстымі люстрамі канцэртная зала на 25 месцаў — з раялем, арфай, спінетам. Ёсць пакоі з піяніна — іх некалькі, і акрамя ўсяго яны задзейнічаны як рэпетыторыі: кожны аматар, які па розных прычынах не можа іграць у сябе дома — ці няма інструмента, ці суседзі супраць — можа арандаваць піяніна на нейкі тэрмін і спакойна займацца ў сваё задавальненне. Такой магчымасцю часта скарыстоўваюцца і акадэмічныя спевакі, бо, паводле слоў Марыі, — оперны вакал гучыць нашмат грамчэй за піяніна!

Ёсць і пакой для музычнай рэлаксацыі ў адзіноце з камфортным фатэлем. І спецыяльны дзіцячы пакой, дзе для груп да 5-ці дзетак праводзяцца заняткі па знаёмстве з музыкай і нават з самой прыродай гуку. І ўласна стэнды, падваконні, проста сцены з размешчанымі на іх разнастайнымі інструментамі, якія можна браць у рукі і правяраць іх гучанне — некаторыя, зразумела, толькі пад наглядам экскурсавода (экскурсіі па музеі праводзяцца па папярэднім запісе). Але і на раялі можна пайграць, і на арфе, і на розных барабанчыках, ксілафонах, шумелках, духавых інструментах, і нават на скрыпцы, кантрабасе і сітары, чакае адкрыцця межаў ужо заказаны для музея тэрменвокс. Падтрымліваюць тэматыку і карціны на сценах, і шматлікія палічкі з мініацюрнымі бліскучымі інструментамі і парцалянавымі статуэткамі — ёсць нават цэлыя аркестры і Напалеон са скрыпкай! Такіх цікавых дробязяў ажно дзве з паловай сотні, можна разглядаць і разглядаць.

Да праектаў арт-прасторы “Свет класічнай музыкі” часта далучаюцца і прафесійныя музыканты. Напрыклад, год таму ў час правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску Марыя Бандарэнка і яе каманда, складзеная з гэткіх жа піяністаў-аматараў, зладзілі ў Белдзяржфілармоніі вялікі фартэпіянны марафон — цягам 12-ці гадзін безупынна на вялікай сцэне і ў фае ігралі і прафесійныя, і непрафесійныя музыканты. Як кажа Марыя, выступілі практычна ўсе лепшыя піяністы Беларусі — Ігар Алоўнікаў, Арцём Шаплыка, Юлія Архангельская, Аляксандр Данілаў і многія іншыя. У фінале канцэртнага марафону адначасова на двух раялях ігралі 8 піяністаў, што выклікала проста фурор у публікі. На 25 верасня прызначаны вялікі канцэрт “Віртуозы сцэны” таксама ў філармоніі.

Дарэчы, за ўсімі падзеямі праектаў, і Музея музыкі ў тым ліку, можна сачыць у інтэрнэце — і на старонках у сацсетках, і на спецыяльных сайтах (нездарма ж Марыя Бандарэнка працуе ў ІТ-сферы). Там жа можна знайсці і афішу падзей арт-прасторы, і ўвогуле расказ пра тое, што адбываецца ў свеце класічнай музыкі.

Яшчэ адзін своеасаблівы крэатыўны праект, ужо увасоблены ў жыццё, — музыкатэрапеўтычныя канцэрты.

— Людзі збіраюцца парэлаксіраваць пад класічную музыку, — расказвае Марыя. — Ніякіх апладысментаў, ніякага электрычнага асвятлення — іграем пры свечках, музыка гучыць нон-стоп і чаргуецца з гукамі акіяна, дажджу, розных адпаведных інструментаў, такіх як спяваючыя чашы, званочкі і да таго падобнае. У нашым зале рэлакс-вечары адбываюцца для 25 чалавек, а ў філармоніі дык ажно для 200. Надзвычай цікавы фармат канцэртаў, які ў публікі выклікае яскравыя эмоцыі.

Прыдумалі і інтэлектуальную гульню — квіз “Класіка”, яна праходзіць у гарадской Ратушы. Дарэчы, “Свет класічнай музыкі” ўсё болей пачынае супрацоўнічаць з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. Недавер, які быў па першым часе, знікае, і цяпер удзельнікі гэтага творчага аб’яднання маюць магчымасць публічна выступаць на самых розных пляцоўках — былі канцэрты і ў Нацыянальнай бібліятэцы, і ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, дзе стаіць прыгожы раяль.

Мабыць, пра ўсе праекты, што ўжо існуюць і якія яшчэ прыдумваюцца, адным разам і не раскажаш. Сама ўстанова культуры на поўную моц пакуль і не запрацавала — паўплывала, канешне, сітуацыя з пандэміяй. А хочацца развіваць рух піяністаў-аматараў да сур’ёзнага ўзроўню, хочацца выступаць з канцэртамі і ў бібліятэках, і ў дзіцячых садках, і ў самых розных месцах, хочацца прыяднацца да міжнароднага руху і ўдзельнічаць у фестывалях. Хочацца адкрыць свет класічнай музыкі як мага большай колькасці дзяцей — а ўсе яны, калі прыходзяць у музей, з захапленнем і агнём у вачах спрабуюць іграць на музычных інструментах, і, відавочна, многія пасля такога наведвання самі пацягнуць сваіх бацькоў у музычныя школы і студыі. А значыцца, болей будзе адукаваных і духоўна развітых людзей. І не ўсе павінны быць прафесіяналамі, можна не менш горача любіць музыку, будучы аматарам. Расказаная гісторыя — яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму.

Фота Таццяны Матусевіч