Дыстанцыйны фармат, або Рэпетыцыя з мядзведзем не адмяняецца!

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Забарона на масавыя мерапрыемствы, якая была ўведзена ў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса, балюча ўдарыла па многіх установах культуры краіны. І, мабыць, асабліва моцна адчулі гэтую забарону айчынныя цыркі, дзе проста немагчыма ладзіць нумары і імпрэзы без вялікай колькасці гледачоў. І сапраўды, як джыгітаваць на кані або паказваць клоўнскія рэпрызы без смеху ў перапоўненай зале ці шматлікіх усмешак на тварах дзяцей і падлеткаў, што сядзяць у першых шэрагах і падтрымліваюць артыстаў сваімі апладысментамі?

/i/content/pi/cult/805/17280/04.jpgУ чаканні выступленняў

У сувязі з гэтай сітуацыяй, многія супрацоўнікі цыркаў або сышлі ў вымушаныя адпачынкі, паставіўшы цыркавыя паказы на паўзу, або рэпеціруюць цяпер новыя нумары, якія плануюць прадэманстраваць гледачам ужо восенню, калі, будзем на тое спадзявацца, эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне значна палепшыцца.

Натуральна, без працы засталіся не толькі людзі, але і жывёлы. І калі вялікія дзяржаўныя ўстановы пакуль што не зазнаюць вялікіх праблем, то невялікія цыркі-шапіто знаходзяцца ў дастаткова складанай сітуацыі. Напрыклад, сёння з-за каранавіруса ў Беларусі затрымаліся тры цыркі-шапіто: пад Жабінкай, у Бабруйску і Светлагорску. Так, цырку-шапіто “Арлекін”, які прыехаў у Брэсцкую вобласць яшчэ ў сакавіку і вымушана застаўся тут да сёння, у складанай сітуацыі нават не было чым пакарміць жывёл. Але на дапамогу цыркам нечакана прыйшлі неабыякавыя беларусы, якія самастойна набывалі і прывозілі ежу для мядзведзяў, коняў і нават папугаяў.

У Гомельскім дзяржаўным цырку, які з 28 сакавіка сышоў у вымушаны адпачынак, падобных праблем на сёння няма.

— Няма па той прычыне, што наш цырк толькі аддае сваю пляцоўку ў арэнду, а праграмы выступленняў фарміруюцца ў асноўным з выступаў запрошаных калектываў і артыстаў, — патлумачыў “К” выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ўстановы культуры Аляксандр Хайкоў. — Натуральна, сваіх жывёл, задзейнічаных у цыркавых нумарах, мы таксама не маем, таму, на шчасце, названая вамі праблема для нас не надта актуальная.

Па словах Аляксандра Хайкова, цяпер у Гомельскім дзяржаўным цырку з нецярпеннем чакаюць аднаўлення сезона, які раптоўна перарваўся з-за неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча.

— Спадзяемся, што самым бліжэйшым часам адновіцца работа цыркавых калектываў у Беларусі, Расіі, Украіне, — кажа суразмоўца. — Бо наша праца вельмі прывязана да заезджых цыркавых калектываў, асабліва з суседніх краін. Пакуль там, у суседзяў, абмежаванні не знятыя, гаварыць пра аднаўленне нашай паўнавартаснай дзейнасці не даводзіцца.

Разам з тым, учора, 3 ліпеня каля цэнтральнага ўваходу ва ўстанову культуры адбыўся канцэрт аркестра Гомельскага дзяржаўнага цырка, зладжаны ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, гамяльчане актыўна працуюць і ў інтэрнэце. Так, сёння ў сацыяльных сетках і на YouTube-канале Гомельскага дзяржаўнага цырка можна пабачыць розныя архіўныя матэрыялы пад хэштэгам #праграмымінулыхгадоў — цыкл перадач “Свята, якое заўсёды з вамі”. Напрыклад, днямі ў сацсетках быў размешчаны архіўны запіс праграмы “Трыумфатары рызыкі” — з трукамі каскадзёраў на хуткасных матацыклах, а яшчэ раней — праграма “Цырк-рэвю і шоу касалапых”, дзе можна паглядзець і дрэсіраваных папугаяў, і танцы “балерын”-мядзведзяў.

/i/content/pi/cult/805/17280/05.jpgЯк бачна пад допісамі ў сацыяльных сетках, названыя архіўныя матэрыялы выклікаюць жывую цікавасць у многіх людзей. Так што жыць без гледача ў Гомельскім цырку могуць і нават спрыяюць таму, каб заахвоціць і прыдбаць сабе з дапамогай змешчаных відэаролікаў новых сяброў і прыхільнікаў.

Завочная перамога

Спрабуе ўтрымаць пры сабе сваіх прыхільнікаў і Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна”, што знаходзіцца ў Мазыры Гомельскай вобласці. Цэнтр быў створаны яшчэ ў 2006 годзе, цяпер тут займаюцца амаль 60 дзяцей. Выхаванцы ўстановы культуры асвоілі мноства цыркавых жанраў, сярод іх — акрабаты, паветраныя гімнасты, эквілібрысты, жанглёры, канатаходцы. У 2014 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручыў калектыву спецыяльную прэмію “За духоўнае адраджэнне” з фармулёўкай “За значны ўклад і папулярызацыю аматарскага цыркавога мастацтва”.

— Зусім нядаўна мы паўдзельнічалі ў XXII Міжнародным фестывалі-конкурсе “Понтійска арена”, які праходзіў у Кіеве ў дыстанцыйным фармаце, — расказаў выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра Барыс Кузняцоў. — Магу пахваліцца: адразу тры нумары ў выкананні выхаванцаў нашай цыркавой студыі заваявалі прызавыя месцы і атрымалі дыпломы конкурсу. Перамога хоць і завочная, але вельмі для нас значная.

Па словах кіраўніка ўстановы, юныя цыркачы сур’ёзна рыхтаваліся да выступлення, конкурс павінен быў адбыцца ў сталіцы Украіны ў маі, але ў планы ўмяшалася сусветная пандэмія. Тады было вырашана правесці конкурс дыстанцыйна і ўсе ўдзельнікі — больш за 360 чалавек — даслалі для журы відэаролікі, на якіх прэзентавалі свае выступленні. Вынік — заканамерны: Гран-пры і два дыпломы лаўрэатаў.

Напрыклад, першае месца на фестывалі-конкурсе заняў нумар “Эквілібрыст на шпульках” Арсенія Арцюшкі. Гэты юны выхавальнік цыркавой студыі, да слова, сёлета стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, падобных лаўрэатаў за гісторыю дзейнасці “Арэны” даволі шмат — каля 20 чалавек. Што, натуральна, паказвае, наколькі якасна і паспяхова працуюць мазырскія цыркачы як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

Увогуле, па словах Барыса Кузняцова, выхаванцы студыі аб’ездзілі паўсвету, заваявалі прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды, атрымалі званне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. У міжнародным юнацкім цыркавым конкурсе “Новае пакаленне”, які па традыцыі праходзіць у Монтэ-Карла, юныя артысты “Арэны” ўдзельнічалі двойчы. І абодва разы адзначаны прафесійным журы. З другой паездкі мазырскія канатаходцы вярнуліся з галоўным прызам — “Срэбраным юніёрам” і іншымі спецыяльнымі ўзнагародамі.

Дадам, што ўдзел у конкурсе такога ўзроўню для цыркавога артыста як Алімпіяда для спартсменаў: гэта найвышэйшае дасягненне ў цыркавой кар’еры, а перамога — небывалы трыумф. Прывяду толькі адзін факт: для таго, каб выступіць на галоўнай цыркавой сцэне Монтэ-Карла, трэба чакаць запрашэння арганізатараў, якія старанна адсочваюць і суміруюць перамогі артыстаў на прэстыжных конкурсах. Так што да выхаванцаў з Мазыра ўжо не адзін год прыкаваны позіркі сусветных прыхільнікаў цыркавога мастацтва.

— Цяпер мы з нецярплівасцю чакаем аднаўлення паўнацэннай дзейнасці нашай студыі, — адзначыў напрыканцы нашай размовы Барыс Кузняцоў. — А восенню запрашаем “К” у Мазыр, каб вы паглядзелі на нашых выхаванцаў на свае вочы. Паверце, не пашкадуеце!

А як у сталіцы?

Натуральна, не мог абмінуць і Беларускі дзяржаўны цырк. На сайце ўстановы культуры напісана, што яна прыпыніла сваю дзейнасць яшчэ ў канцы сакавіка, — прыкладна ў той жа час, як і артысты з Гомеля і Мазыра, — і зачыніла сваю праграму “Водная феерыя. Фэнтэзі парк” для гледачоў. Усе ахвотныя, да слова, маглі здаць набытыя білеты. Прычым, як адзначаецца на тым жа сайце, білеты прымаюцца ў касах цырка да 31 снежня бягучага года. Але як цяпер, у пачатку ліпеня, пачуваюць сябе артысты, ці рэпеціруюць з жывёламі, ці ствараюць новыя праграмы?

— Усе нашы рэпетыцыі з жывёламі адбываюцца згодна з раскладам без ніякіх змен, — запэўніў мяне дырэктар цырка Уладзімір Шабан. — І гэта цалкам апраўдана, бо, як вядома, браты нашы меншыя павінны пастаянна рэпеціраваць, каб заставацца ў тонусе і быць падрыхтаванымі да працы на манежы.

Па словах Уладзіміра Анатольевіча, рацыён жывёл сёння такі самы, як і раней, бо ў фінансавым плане ўстанова культуры забяспечана ўсімі неабходнымі сродкамі.

— Што да нашых выступленняў, дык мы можам аднавіць сваю дзейнасць цягам 10 дзён, — кажа Уладзімір Шабан. — Іншая справа, што наўрад ці гэта адбудзецца ў самым хуткім часе. Мяркую, варта паглядзець, як будзе развівацца эпідэміялагічная сітуацыя цягам ліпеня. Калі ўсё будзе добра, дык не выключаю, што наша дзейнасць распачнецца ўжо ў пачатку жніўня, бо артысты вельмі сумуюць па гледачах, па выступленнях, па ўлюбёнай працы.

Цяпер у Беларускім дзяржаўным цырку рыхтуюць складаную пастаноўку з паветранымі гімнасткамі, прадумваюць новую праграму на канец лета і далейшы сезон, а таксама плануюць дэманстрацыю сваёй дзейнасці ў анлайн-рэжыме. І, канешне, спадзяюцца, што праз некаторы час да іх зноў завітае ўдзячны глядач.

Як бачна, праблемы ва ўсіх айчынных цырках, у прынцыпе, збольшага аднолькавыя. Будзем спадзявацца, што гэты перыяд беларускія цыркавыя артысты пройдуць без асаблівых страт у якасці цыркавых нумароў і яшчэ парадуюць нас сваімі захапляльнымі і відовішчнымі выступленнямі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"