Спыніцца ля вулічнай вітрыны

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Выставачная стратэгія ва ўмовах пандэміі, або “Фотавясельныя” акцэнты Любаншчыны
Пандэмія паўплывала на перабудову дзейнасці выставачнай залы Любанскага раённага Цэнтра культуры. Экспазіцыі цяпер арыентаваны на простых вулічных мінакоў — кожны можа падысці да шкляной вітрыны і ўбачыць тое, што за ёй выстаўляецца. Тым самым у наведвальнікаў адпала неабходнасць заходзіць у памяшканне. Было ўжо арганізавана некалькі такіх выстаў. А цяпер экспануюцца вясельныя фотаздымкі 1920 — 1980-х гадоў мінулага стагоддзя.

/i/content/pi/cult/805/17279/03.jpgЗусім не дэбют

Дэбютнай гэтую выставу назваць нельга. Шэсць постараў з вясельнымі фотаздымкамі раздрукавалі для выкарыстання на розных святочных мерапрыемствах. Яны ўжо выстаўляліся восенню мінулага года на абласных Дажынках у Барысаве і раённым фэсце “Бабулі” ў Любані. Чорна-белыя карткі, якія падчас этнаграфічных экспедыцыяй старанна збіралі нашы культработнікі, зроблены ў розных населеных пунктах. Усе яны (больш за сотню) пераведзены ў электронны фармат і заархівіраваны. Арыгіналы вярнулі гаспадарам, бо многія іх лічаць сямейнымі рэліквіямі. Правільна робяць, зрэшты…

Пэўныя каментарыі па выставе зрабіў загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Выскварка. Ён найперш звярнуў увагу на шэраг невядомых для шараговага наведвальніка дэталяў.

/i/content/pi/cult/805/17279/02.jpgАдбор экспанатаў — справа выключная

Выстава называецца “У вяночку”. Галовы нявест у мінулым стагоддзі ўпрыгожвалі вясельнымі вянкамі. Дзесьці да 1960 — 1970-х гадоў іх рабілі самі, а пасля сталі купляць. Сабраныя здымкі — сапраўдны скарб для жыхаркі вёскі Кузьмічы Раісы Вальковай, якая з’яўляецца адзіным народным майстрам Беларусі па паперапластыцы. Жанчына даўно захапляецца вырабам традыцыйных вясельных вянкоў і мае ўжо цэлую іх калекцыю (каля чатырох дзясяткаў). Аднак на гэтым спыняцца не збіраецца. У далейшай рабоце неацэнна дапамогуць архіўныя фотакарткі.

— На выставе можна ўбачыць толькі частку сабраных здымкаў. Перавагу аддавалі самым, на наш погляд, цікавым, — гаворыць Сяргей Выскварка. — Звяртае на сябе ўвагу фатаграфія з нізенькім жаніхом і высокай нявестай. Маладой на яшчэ адным здымку ў дзень вяселля было дзесьці 18 гадоў. А літаральна на днях (6 чэрвеня) ёй споўнілася 90. Гэта жыхарка вёскі Закальное Яўгенія Антонаўна Сярчэня. За адзінкавым выключэннем, выстаўленыя карткі чорна-белыя. Каляровую фатаграфію, якая датуецца дваццатымі гадамі мінулага стагоддзя, маладыя (жыхары вёскі Дарасіно) зрабілі ў Слуцку ў атэлье. Вядома, не ў дзень вяселля.

Што такое шапель?

Адзін з постараў служыць фотазонай. Ад здымка, зробленага на яго фоне, будзе веяць духам даўніны. Дарэчы, на дадзеным постары можна ўбачыць, як выглядаў прадвеснік вянка — шапель вясельны. На жаль, здымкаў нявесты ў ім знайсці не ўдалося. А таму галаўны ўбор давялося рэканструяваць па расказах. Яго выкарыстоўвалі напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў жыхары Сарачоў і навакольных населеных пунктаў.

Раней на вяселле фатографаў не наймалі, як гэта прынята цяпер. Здымкі на памяць рабілі ў атэлье. Лічылася за шчасце, калі ў кагосьці з гасцей аказваўся фотаапарат. Аднак здаралася і такое, што фатографы ў выхадныя выбіраліся ў вёскі, бо ведалі: калі будзе вяселле, абавязкова атрымаюць на яго запрашэнне.

Мядзведзь — гэта наша ўсё

— На адным постары мы сабралі фатаграфіі, на якіх адлюстраваны моманты вяселля альбо звязаныя з ім, — працягвае Сяргей Выскварка. — Напрыклад, абрад “Госці”. Здымак зроблены ў 1961 годзе ў Верачагошчы. На ім, дарэчы, мае бацькі. Звычайна пасля вяселля маладая заставалася ў доме мужа. Каб даведацца, як жывецца на новым месцы, праз тыдзень да яе прыязджала радня. З Баяніч да нас трапіла рэдкае фота, на якім можна пабачыць правядзенне жартаўлівага абраду “Цыганы”. Ёсць адно фота з Обчына. Для мяне яно было сапраўднай знаходкай. Спачатку вельмі не зразумела, што на ім адбываецца. Аднак, калі разабрацца, усё становіцца на свае месцы. На парозе хаты стаяць жаніх і нявеста. Іх сустракае маці маладога, на ёй вывернуты кажух. Справа ў тым, што мядзведзь у нашых продкаў выступаў як татэм. Яму пакланяліся, аддавалі даніну. Многія пра гэта гавораць, аднак пацверджанняў таму не было. Цяпер ёсць. Дарэчы, картка датуецца канцом 60-х гадоў. На іншых здымках — выпякаюць каравай і яго дзеляць, сустракаюць маладых з ЗАГСа, госці сядзяць за сталом, танцуюць…

Адметную дэталь можна заўважыць на вясельных фота жыхарак вёскі Кузьмічы: на святочную сукенку нявесты абавязкова надзявалі пінжакі чорнага альбо цёмна-сіняга колераў. Такой была іх мясцовая мода. На многіх фотаздымках вэлюм у нявесты не проста вісіць ззаду, а абварочваецца вакол шыі, каб закрыць яе.

Мастацкае афармленне постараў выканала настаўнік Любанскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Юр’еўна Плышэўская, за што арганізатары выставы выказваюць ёй вялікую ўдзячнасць. Многа варыянтаў разглядалася. Спыніліся на такім: фонам для фотаздымкаў паслужыла сцяна драўлянага дома.

Святочная гімнасцёрка і…

Выставу дапаўняюць манекены ў касцюмах нявесты і жаніха: сукенка з Пластка, вясельныя туфлі з Юшкавіч, кашуля з Талі, а штаны (ваенныя) з Урэчча. Адразу пасля вайны і да 60-х гадоў мужчыны часта ваенную форму выкарыстоўвалі як святочную.

Сяргей Выскварка заўважае: выстава выклікае інтарэс у грамадзян. Людзі спыняюцца каля шкляной вітрыны, уважліва разглядаюць здымкі. Ад жыхароў раёна паступіла некалькі тэлефанаванняў з прызнаннем, што выстава спадабалася. Адна з жанчын прапанавала фатаграфіі са свайго сямейнага архіва.

Падзяліўся наш суразмоўца і задумамі новых выстаў. Бліжэйшую плануюць арганізаваць да Дня вызвалення Беларусі:

— Хочацца зрабіць яе інтэрактыўнай, — гаворыць Сяргей Выскварка. — Рабочая назва “Успомнім усіх пайменна”. Мы прапануем жыхарам раёна ўспомніць сваіх родных, якія загінулі на вайне. Мяркуем выставіць імёны гэтых людзей, населены пункт, дзе яны пражывалі, гады нараджэння і гібелі. Інфармацыю размесцім на стужках з паперы. Спадзяемся, іх будзе шмат. У планах — арганізаваць на Купалле выставу вянкоў, сплеценых з розных зёлак.

Такім чынам, нават у цяперашніх няпростых умовах выставачная зала РЦК не пустуе. А экспазіцыі, што ў ёй размяшчаюцца, не застаюцца без наведвальнікаў.

Толькі дайце сігнал

І невялікая выснова. Згаданая фотаэкспазіцыя — справа малабюджэтная. Дастаткова было толькі заглянуць у фотаархівы вяскоўцаў і адабраць па тэматыцы патрэбнае. Спектр тэм — бясконцы: архітэктура мінуўшчыны, сельская мода, музычныя калектывы, рамеснікі, вясковыя вуліцы і пейзажныя краявіды. Здольны на гэты кожны цэнтр культуры, кожная клубная ўстанова (няма вітрын, але ёсць вокны). Але чамусьці такія выставы ў іншых раёнах — справа досыць рэдкая. Вы толькі дайце жыхарам сігнал — і кожны падзеліцца сваімі “архіўнымі рэчамі”. Зрэшты, гаворка ідзе не толькі пра фотаздымкі.

Дар’я РАБЦАВА

Любань