Не толькі рэпетыцыі, але і сам генеральны прагон праходзілі ў незвычайных умовах. На большасці артыстаў — маскі, якія адным персанажам надавалі яшчэ больш “рэалізму”, гэткай набліжанасці да сучасных рэалій, другім — наадварот, містыцызму: як-ніяк, там і тролі дзейнічаюць, і іншыя міфічныя істоты. Маскі — і на артыстах аркестра (за выключэннем духавікоў, зразумела). Дырыжор Аляксандр Анісімаў прыдумаў “ноу-хау”: частку струнных увогуле рассадзіў у глядзельнай зале — у праходзе паміж сцэнай і першым шэрагам крэслаў. Бо ў аркестравай яме, хаця яна ў нашым тэатры і не маленькая, вытрымаць дыстанцыю немагчыма.
“Артысты здзейснілі подзвіг!” — такія словы гучалі пасля прагляду неаднойчы, стаўшы своеасаблівым лейтматывам абмеркаванняў. Усе горача віталі харэографа Сяргея Мікеля і іншых удзельнікаў пастаноўкі. Асобна віншавалі народную артыстку Беларусі, мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Інэсу Душкевіч, якая прыйшла на прагляд у свой дзень народзінаў. А Людміла Бржазоўская прызналася, што Сольвейг была яе першай сольнай партыяй у нашым тэатры: яна танцавала яе ў колішнім аднайменным, але зусім іншым балеце 1960-х гадоў, які ставіў Атар Дадзішкіліяні паводле ўсё той жа драмы Генрыха Ібсена.