Зямля, дзе нарадзіўся Быкаў

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Славутую на “вікторыі” і адначасова горкую на страты падчас Вялікай Айчыннай вайны гісторыю Ушацкага раёна, думаю, ведае — хто ў большай ступені, хто ў меншай — кожны жыхар нашай краіны, пачынаючы ад школьнікаў сярэдніх класаў. І 75-годдзе з Дня Перамогі над нацысцкім бязлітасным ворагам адзначалі там з асаблівымі ўрачыстасцю і смуткам. У мерапрыемствах, прысвечаных гэтай слаўнай даце, удзельнічалі і работнікі мясцовых устаноў культуры, многія з якіх уваходзяць у структуру галаўную.

/i/content/pi/cult/804/17273/016.jpgТрыа

— А вы ведаеце, што з сямнаццаці народных пісьменнікаў і паэтаў Беларусі трое родам з нашых земляў? — апярэдзіла мяне сваім пытаннем дырэктар Ушацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Літвін.

— Васіль Быкаў…

— …Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін! Да 85-годдзя з дня нараджэння Рыгора Іванавіча ў лютым мы арганізавалі ў сябе літаратурнае свята “Трэба дома бываць часцей” і музычны вечар “Я — сын гэтай зямлі”. Такія назвы былі абраныя нездарма, бо творчасць паэта цесна пераплецена з Ушаччынай, з яе традыцыямі. Яго вершы — невычэрпны літаратурны скарб, да якога можна звяртацца зноў і зноў, што і робяць на сваіх мерапрыемствах прыхільнікі спадчыны Барадуліна з народнага клуба творчых сустрэч “Муза”, які дзейнічае пры Цэнтры.

У сакавіку аб’яднанне паспела ажыццявіць яшчэ дзве “жывыя” імпрэзы. Многія яго ўдзельнікі не проста “песцяцца” складаннем вершаў, а ўжо выдаваліся ў зборніках і нават маюць уласныя кнігі — гэтым талентам і было прысвечана пасяджэнне “Паэзія маёй Ушаччыны”. У гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі рыхтуецца i альманах майстроў рыфмы Ушацкага раёна: пад адной вокладкай збяруць творы на ваенную тэматыку дваццаці з лішнім аўтараў. А літаратурна-музычную гасцёўню “Мастацкія вобразы Віцебшчыны ў паэзіі Еўдакіі Лось” прысвяцілі творчасці знакамітай зямлячкі. Дарэчы кажучы, 90-годдзе з дня нараджэння Еўдакіі Якаўлеўны ў 2019-м адзначылі ў гарадскім пасёлку Ушачы і святам “Калі радок дыктуе пачуццё…”, і адкрыццём памятнага інфармацыйнага стэнда з яе партрэтам, біяграфічнымі звесткамі і вершамі. І, нягледзячы на каранавірус, на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі РЦКіНТ правёў традыцыйнае свята і плануе паэтычнае падарожжа ў вёску Пуцілкавічы, дзе 25 чэрвеня 1905 года нарадзіўся Пятрусь Броўка.

/i/content/pi/cult/804/17273/017.jpg— Пандэмія, вядома, унесла карэктывы ў нашы задумкі, аднак мы не маем намеру адмаўляцца ад тых культурных брэндаў, якія ў мінулым годзе распрацаваў метадычны аддзел Цэнтра, — кажа Валянціна Уладзіміраўна. — Тады ўпершыню прайшлі раённыя святы малака ў аграгарадку Вялікія Дольцы, возера ў Вяркудах, беларускай хаты ў Глыбачцы, бульбы ў Кублічах, бліноў у Арэхаўна, а ў вёсцы Матырына — ручніка. Разлічваем, такія імпрэзы і надалей будуць спрыяць павышэнню турыстычнай прывабнасці рэгіянальных мерапрыемстваў, нараджэнню іх новых форм, далейшаму развіццю мастацкай самадзейнасці на сяле і фарміраванню культуры зносін на аснове спасціжэння традыцый і звычаяў краю. Таму чакаем, калі “болька” адступіць, і пералічаныя мной вышэй святы абавязкова правядзём на вялікую аўдыторыю, ва ўсялякім выпадку тыя, што намечаны на восень.

Сярод іншых планаў, якімі са мной падзялілася спадарыня Літвін, ёсць як “жывыя”, так ужо і дыстанцыйныя раённыя конкурсы: вакальных калектываў “Спявай, душа!”, тэатральных і фальклорных “Рознакаляровая восень”, культарганізатараў “Вясёлкавы карагод”, анлайн-фотаконкурс “Мы шчаслівыя, таму што разам”…

Ну а ніжэй я прапаную вам інфармацыю, звязаную з лічбамі, зрэшты, і не толькі з імі.

Статыстыка ведае ўсё

Напрыклад, тое, што на Ушаччыне разам з РЦКiНТ дзейнічаюць яшчэ 13 клубных устаноў: 11 — на вёсцы, ушацкія Дом рамёстваў і Аўтаклуб. На канец 2019-га года там працавала 92 фарміраванні з агульнай колькасцю 863 чалавекі, з іх 46 — дзіцячых (323 удзельнікі). Шэсць калектываў, якія ўваходзяць у структуру Цэнтра, носяць званне “народны”: акрамя “Музы”, гэта народныя клубы нацыянальнай кухні “Прысмакі”, ветэранаў працы “Ветеран” і майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”. А таксама народны клуб нацыянальных культур “Дружба”, ён прыпісаны да Аўтаклуба, і народны фальклорны калектыў “Матырынская спадчына” з Матырына. Дзіцячы фальклорны калектыў “Спадчына” з таго ж населенага пункта мае званне “ўзорны”: яго выхаванцы ў лютым на XIII абласным аглядзе-конкурсе фальклорнай творчасці дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор” у Расонах узялі дыпломы Першай і Трэцяй ступеняў. А наогул, да перадавых сельскіх самадзейных артыстаў Валянціна Літвін адносіць тыя, што выступаюць у Арэхаўскім, Вяркудскім, Вялікадолецкім і Глыбачанскiм дамах культуры.

За першы квартал года клубнымі ўстановамі раёна падрыхтавана і праведзена 763 мерапрыемствы (паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020-я гады ў гэтым РЦКіНТ і яго падраздзяленнях іх павінна быць 2500). На платнай аснове — 336, іх наведаў 4601 чалавек (а ўсе імпрэзы — 19992). З асноўных формаў адбыліся 123 канцэрты і спектаклі; 41 свята, абрад і тэатралізаванае прадстаўленне; 30 выстаў. “І дванаццаць конкурсаў, — дадае дырэктар. - Паспелі да віруса з такімі буйнымі імпрэзамі, як раённыя конкурсы маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, харэаграфічных калектываў “Танцавальная вясна” і на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю “Мы памятаем!”

Асобна — аб Аўтаклубе

На маю просьбу спыніцца крыху больш падрабязна на дзейнасці якой-небудзь адной установы, што знаходзіцца ў структуры Цэнтра, Валянціна Уладзіміраўна абрала Аўтаклуб:

— Дзякуючы сваёй мабільнасці, ён з’яўляецца сувязным звяном паміж аддаленымі вёскамі і намі, дорыць мясцовым жыхарам незабыўныя сустрэчы, прыемны адпачынак, добры настрой.

За ўсё той жа першы квартал Аўтаклубам падрыхтавана 43 мерапрыемствы для сельскага насельніцтва: у іх былі занятыя артысты з дзіцячай вакальнай студыі “Забавушка”, ансамбля народнай песні “Раздолье”, вакальнага калектыву “Ушачаначка” і ўжо згаданага мной клуба “Дружба”. Адным з асноўных напрамкаў у дзейнасці ўстановы з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі і прапаганда гісторыі роднага краю і вайсковай славы Ушаччыны. Да прыкладу, з 26 мая па 2 чэрвеня яго супрацоўнікі прымалі ўдзел у абласной патрыятычнай акцыі “Дарогамі памяці”. У яе рамках у раёне былі праведзены добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, абеліскаў, устаноўленых у гонар землякоў, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, мітынгі і цырымоніі ўскладання кветак да мемарыялаў. Работнікі Аўтаклуба выявілі і невядомае раней вайсковае пахаванне Антона Прахаровіча — партызана брыгады імя Васіля Чапаева.

“Кадры вырасцім самі”

— Што турбуе мяне ў працы нашых падраздзяленняў? — задумваецца спадарыня Літвін. — Негатыўны ўплыў на дзейнасць сельскіх устаноў культуры аказвае дэмаграфічная сітуацыя. Але гэта характэрна для многіх рэгіёнаў, — калі ў вёсках зачыняюцца школы, і ў лепшым выпадку іх навучэнцы ездзяць на ўрокі на аўтобусе ў школы суседніх населеных пунктаў. Натуральна, па вяртанні дзеці ў першую чаргу сканцэнтраваны на выкананні хатніх заданняў. А потым у гурткі ім ужо ісці і няма калі, і не хочацца. Адпаведна, пакутуе наведвальнасць фарміраванняў. Ці такая праблема — недахоп спецыялістаў, якія маглі б іх узначаліць. Займець выпускнікоў профільных ССНУ і ВНУ — задача нялёгкая. Даводзіцца арыентавацца на тое, што побач — на мясцовых жыхароў, на тых, у кім бачым задаткі арганізатараў, хто гарыць жаданнем паспрабаваць рэалізаваць сябе ў сферы культуры. Канешне, адпраўляем іх на курсы павышэння кваліфікацыі — зараз, між іншым, яны праходзяць у анлайн-рэжыме. І ў сельскіх клубаў і палацах культуры, і нават у Цэнтры не ўсё добра з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Хацелася б абнавіць рэквізіт, касцюмы, гукавую і светлавую апаратуру. А вось стан будынкаў хваляванняў не выклікае: вялікая іх частка — наогул новыя, а старыя абавязкова штогод падлатваюць.

Валянціна Уладзіміраўна — як шматгадовы прафесіянал сваёй справы, чалавек суперадказны і прамы, цяжкасцяў не хавае. Яны прыходзяць і сыходзяць. Галоўнае, каб сам культурны працэс на Ушаччыне быў бесперабойным. Цікавым, наватарскім. А з ідэямі ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці і яго падраздзяленнях усё ў парадку.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"