Сусветныя лэйблы і мінскі тэхна-блюз

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Неверагодная гісторыя Intelligency
Удача ці талент — у чым сакрэт поспеху ў свеце сучаснай папулярнай музыкі? Бадай, павінны злучыцца і адно і другое. Мінская група Intelligency сем гадоў працавала, выпускала альбомы, радавала прыхільнікаў канцэртамі, расла і сталела. І вось прыйшоў момант, калі Фартуна пабачыла, што калектыў нарэшце заслужыў яе ўвагу: новая песенька August, што ўзарвала інтэрнэт і розныя рэйтынгі па ўсім свеце, Фартуне спадабалася. Як мінскай групе заключыць кантракт з грандам сусветнага шоу-бізнесу, нам раскажуць музыканты групы Intelligency Усевалад ДОЎБНЯ і Юрый ТАРАСЕВІЧ. Раскажуць яны і пра тое, як важна, нягледзячы ні на што, верыць у сябе.

/i/content/pi/cult/804/17271/014.jpg— Калісьці свой праект вы пачыналі без асаблівых амбіцый. Тое, што сёлета адбылося, стала для вас сюрпрызам?

Усевалад: Мы не толькі пачыналі без амбіцый, мы былі ўпэўнены, што ў тым жанры, які абралі — тэхна-блюз, як мы гэта называем, сумяшчэнне электронікі і лайва — у прынцыпе немагчымы нейкія прарывы, што гэта само па сабе для невялікага кола аматараў. Intelligency ўтварылі мы з Юрам: я на той час ладзіў ды-джэйскія вечарынкі, ён як ды-джэй на іх выступаў. І сапраўды — пару гадоў мы пісалі ў стол. Потым склад пашырыўся, з’явілася пэўнае кола прыхільнікаў. У снежні мінулага года выйшаў наш новы альбом Renovatio, ужо ў самой назве якога было закладзена тое, што мы змяніліся і пачынаем нейкі новы этап: нарэшце мы выкрышталізавалі менавіта тое гучанне, якога хацелі дасягнуць.

Песню August мы апублікавалі летам яшчэ год назад: яна была такая ж, як і ўсе нашы творы, проста больш лёгкая па настроі, і ў ёй была фішачка, ці — дроп, як кажуць у сучасным музычным свеце, запамінальная музычная частка. Паступова August разыходзіўся ў інтэрнэце, і ўжо зімой пад час невялічкага канцэртнага тура — Мінск, Масква, Кіеў — мы пачалі заўважаць, што нешта адбываецца: напрыклад, аншлагі і перааншлагі на канцэртах.

Юрый: На той момант мы ўжо ўпэўніліся ў тым, што правільна абралі новы накірунак, і што August — трэк, які працуе сам па сабе. І вырашылі здымаць на яго кліп, хаця грошай асабліва і не было. Карацей, ішла звычайная праца. І тут…

— Вы ж самі са сваім трэкам нічога не рабілі — уся гэтая хваля пачалася і развівалася без вашага ўдзелу?

Усевалад: Мы і не ведалі нічога, пакуль недзе ў лютым не сталі заўважаць, што Вконтакте ў нашай старонкі імкліва расце статыстыка ўнікальных наведнікаў. Пачалі разбірацца чаму, і натрапілі на ролік, які на Youtube меў ужо неверагодную колькасць праглядаў: адзін расійскі юзэр узяў са славутага амерыканскага тэлешоу Джымі Фэлана кадры, як вядучы танцуе разам з госцем, кінаакцёрам Бенэдзіктам Камбербэтчам, і зрабіў ролік, дзе ў якасці музычнага суправаджэння іх танца выкарыстаў урыўкі з 10 папулярных песень. Адной з іх і быў наш August, менавіта той самы запамінальны дроп, які ідэальна супаў з танцам Камбербэтча. І вось такая сіла інтэрнэту, што пайшла хваля. У коментах усе пыталіся — а што за трэк іграў чацвёртым? Ніхто ж не ведаў. А калі August дайшоў і да новай сацсеткі TikTok, якая за апошні год заваявала ўвесь свет, то стрэліў там з неверагоднай сілай — за кароткі тэрмін карыстальнікі стварылі недзе 150 тысяч кароткіх ролікаў з нашай музычкай, з гэтым урыўкам песні. Але ізноў жа ніхто не ведаў назвы, таму наступным “падарваўся” Shazam (сэрвіс пошуку песень): песня імгненна скочыла ў лідары сусветнага хіт-парада Shazam — 21-е, 25-е месца, доўга была ў Топ-30.

— Я зазірнула на Youtube, каб паглядзець свежую статыстыку: кліп August на рускай мове — 10 мільёнаў праглядаў, песня без відэа — 7 мільёнаў, відэа на англійскай мове — 2 мільёны, і гэта ж толькі вашы афіцыйныя ролікі. Для беларускіх нераскручаных музыкантаў — проста фантастыка.

Юрый: Насамрэч, гэта такое неверагоднае супадзенне фактаў, такі ланцуг выпадковасцяў, які і прывёў да падобнай шалёнай папулярнасці. Напрыклад, калі б той чалавек, які запусціў наш трэк у TikTok, падпісаў яго нармальна, то нікому не прыйшлося б яго шукаць, і ён не узляцеў бы ў Топ-30 Shazam, і гэтак далей. Але ўсё ж я хачу пазначыць, што калі б песня сама па сабе не была такой яскравай і запамінальнай, то нічога б і не атрымалася.

Усевалад: Сапраўды, у многіх ёсць ілюзія, што TikTok можна выкарыстаць для раскруткі песні — абсалютна не так. Там павінна супасць нешта такое няўлоўнае, чаго не пралічыць, бо гэта вельмі хаацічная, асістэмная сетка. І прадказаць, які трэк карыстальнікі настолькі палюбяць, што павальна будуць выкарыстоўваць для сваіх ролікаў, немагчыма.

— Я так разумею, што на лэйблах спецыяльныя людзі адсочваюць і Shazam, і іншыя рэйтынгі, і знаходзяць патрэбнае для сябе, так знайшлі і вас. Уяўляю, наколькі вы былі агаломшаны — малавядомы калектыў з Мінска, і тут усе монстры сусветнага шоу-бізнесу спрабуюць вас заманіць да сябе!

Усевалад: І не кажыце! Мы па вечарах збіраліся камандай, каб абмяркоўваць прапановы (а ў нас яшчэ басіст Міхаіл Станевіч і гітарыст Яўген Мурашка), і пыталіся адзін у аднаго — што адбываецца, што за трэш? (смех) Калі б мне нават за месяц да тых падзей хто сказаў, што так будзе, я б любыя грошы паставіў на тое, што падобнае немагчыма, што гэта неверагодная гісторыя. Усё ж развівалася цягам літаральна некалькіх тыдняў і ў нас не было часу нават апрытомнець. Першым на нас выйшаў вялікі расійскі лэйбл, потым другі, трэці, потым пайшлі прапановы з іншых краін. І нарэшце дайшла чарга да самых уплывовых і буйных лэйблаў свету: уся галоўная троіца — Sony, Universal і Warner — хацела купіць нашу музыку. І мы ўжо пагадзіліся прыняць вельмі прыстойную прапанову ад Sony music, як са мной на сувязь выйшаў славуты Грэг Нэйдл з Нью-Йорка — а ён вёў шэраг сусветных зорак, у тым ліку Эда Шырана і Coldplay — і зрабіў нам прапанову ад імя Warner music. Кажа — колькі ў мяне ёсць часу, каб заключыць з вамі кантракт? Я адказваю, што заўтра да нас з дакументамі на подпіс прылятае чалавек ад Sony. — Оkay. — І ранкам гендырэктар расійскага аддзялення Warner нам патэлефанаваў і назваў такую лічбу, што мы не маглі ўжо адмовіцца.

Юрый: Хаця тут ужо і Universal заявіў пра свой інтарэс да нас, і ў іншых ігракоў пачалі расці стаўкі. Але мы вырашылі больш не цягнуць і падпісалі кантракт. З Warner зараз працуюць Эд Шыран, Дуа Ліпа, Twenty One Pilots і многія іншыя суперзоркі, з расійскіх Ягор Крыд і Little Big, напрыклад. Усё шыкоўна. Канешне, нам было крыху няёмка ў апошні момант адмаўляць Sony, але, думаю, у бізнесе гэта звычайная справа і яны прывыклі.

— Увогуле, вы цалкам задаволеныя і сумай, і ўмовамі? Цяпер жа не так, што калі музыкант падпісвае кантракт з лэйблам, то быццам трапляе ў рабства?

Усевалад: Задаволены абсалютна. І ніякага рабства — працуюць ужо зусім іншыя схемы. Яны купілі нашу музыку — альбом Renonatio — каб зарабляць на ёй у інтэрнэце, у рэкламе, у кіно... Яны дапамагаюць нам з дыстрыб’юцыяй, прамоцыяй, кансультацыямі спецыялістаў. Наш August цяпер гучыць на радыёстанцыях усяго свету, вельмі папулярны ў Польшчы, у краінах Балтыі. Нават у Мексіцы і Паўднёвай Амерыцы! І наколькі мы чулі, лэйбл за гэтыя пару месяцаў ужо адбіў заплачаную за альбом суму, якая нам здавалася такой вялізнай. І нашу новую музыку Warner далей зацікаўлены купляць. Але мы абсалютна вольныя ў сваіх дзеяннях.

Зараз усё вельмі прагматычна, шоу-бізнес зводзіцца да простай лічбы. Ніхто не будзе разбірацца, наколькі ты перспектыўны, таленавіты,— пакажы лічбы праслухоўванняў і праглядаў! Ёсць лічбы — ты цікавы лэйблам. У прынцыпе, калі маеш добрую музыку, ты і сам на ёй можаш добра зарабляць праз Youtube і іншыя лічбавыя пляцоўкі.

— А многія ж нашы беларускія артысты з галіны так званай эстрады скардзяцца, што з-за пандэміі ў іх няма канцэртаў і карпаратываў, таму ім і зарабляць няма чым..

Усевалад: Не верце! Я ведаю многіх і не надта папулярных беларускіх музыкантаў, якія ўвогуле не выступаюць, а толькі інтэрнэтам зарабляюць столькі, колькі і ІТ-шнікі. Свет змяніўся, і даходы ад лічбавых продажаў цяпер супастаўныя з паловай даходаў ад насычанай канцэртнай дзейнасці. Канешне, калі ў цябе такая музыка, што не выклікае ніякай цікавасці ў карыстальнікаў інтэрнэту — то што тут скажаш.

— Хоць мы і гаворым зараз пра лідараў сусветнага шоу-бізнесу, у вашым жыцці мала што змянілася. У адной рэцэнзіі я прачытала, што вы пішаце музыку на сціплай самаробнай студыі, на таннай гітарцы і ў стары мікрафон Shure, і гэта не перашкаджае вам ствараць падобныя хіты.

Юрый: Ну, для студыі пасля заключэння кантракта мы тое-сёе купілі. (смех) Але я як працаваў “на ліфтах” — майстрам ліфтавага абсталявання — так і працую. Усевалад займаецца праектаваннем будаўнічых канструкцый. Не ведаем, як там будзе далей, калі восенню пойдуць канцэрты — хочам, між іншага, паіграць у Еўропе. А 26 лістапада ў нас сольны канцэрт у буйным мінскім клубе.

— А праўда ж, у нашых музычных колах да вас неяк не вельмі сур’ёзна ставіліся? Тыя ж музычныя журналісты, напрыклад. Маўляў — ну нешта іграюць, і няхай сабе. Можа, уплывала і тое, што вы асабліва не прасоўвалі сябе, ды й працягвалі працаваць на сваіх работах. Ёсць адчуванне, што цяпер вы ўсім кшталту “даказалі”?

Юрый: Няма ніякай гарантыі, што калі звольніцца з працы і засесці ў студыі, то створыш хіт, які разыдзецца па свеце.

Усевалад: Я вам раскажу пра паказальны выпадак. Калі мы па WhatsUpp размаўлялі з Грэгам Нэйдлам — адным з Топ-50 асноўных менеджараў шоу-бізнесу — Юра паралельна праглядаў коменты пад артыкулам пра August на буйным беларускім інфармацыйным партале. А там — “Што за муць!”, “Якая шэрасць!”, “Як гэта можна слухаць!” і таму падобнае, працэнтаў 90 каментарыяў былі негатыўныя. І мы чарговы раз пераканаліся ў тым, што не трэба звяртаць увагі на коменты і на выказванні розных крытыкаў. Я дагэтуль захоўваю пост аднаго вядомага журналіста, які загадвае музычным накірункам на іншым вельмі папулярным партале: ён рэзка адмоўна пра нас выказваўся — маўляў, калі Intelligency гэта будучае беларускай музыкі, то проста жах! Я гэты пост, мабыць, у рамачку павешу да сябе на сцяну! (смех) Цяпер мы з поўным правам можам пачаць сумнявацца не ў сваім таленце, а ў прафесіяналізме такога крытыка.

Юрый: Па вялікім рахунку, нас гэта і не вельмі турбуе, мы ніколі не адказвалі на крытычныя напады, нам проста ў радасць ствараць музыку, нам падабаецца сам працэс. І справа не ў тым, што мы камусьці ўцерлі нос, падпісаўшы кантракт, — мы зразумелі, што наша музыка можа падабацца не толькі вузкаму колу слухачоў, а мільёнам і мільёнам людзей. Вось гэта галоўнае і самае прыемнае.