Ганцавічы ў пошуках настаўнікаў фартэпіяна

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Музычныя быль і казкі раённага цэнтра
Я і сам для сябе не магу сфармуляваць, чым мне так мілы горад Ганцавічы, але еду на гэтыя брэсцкія землі заўсёды з нейкім душэўным трапятаннем, нібы на доўгачаканае свята ў прадчуванні знаёмстваў з цікавымі людзьмі. Такіх у дастатковай колькасці можна сустрэць, напрыклад, у Ганцавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Запрашаю і вас яе наведаць.

/i/content/pi/cult/803/17257/026.jpg“Дзюшэс”, “Муха…”

Адкрылася ўстанова амаль 62 гады таму як дзіцячая музычная школа. А сваю цяперашнюю назву яна атрымала ў 2008-м. Працуюць і вучацца ў ёй па трох напрамках: па музычным (аддзяленні баяна і акардэона, фартэпіяна, скрыпкі, гітары, цымбалаў, трубы і флейты, акадэмічнага і эстраднага вакалу), па харэаграфічным і выяўленчым. На 1 верасня 2019 года ў ДШМ на бюджэтнай форме навучання лічылася 428 чалавек, на 1 студзеня 2020 на пазабюджэтнай — 120: платнымі з’яўляюцца падрыхтоўчае аддзяленне, урокі на аснове самаакупнасці, школа ранняга развіцця для пяцігадовых дзяцей і школа танцаў для дарослых. 43 вучні школы мастацтваў толькі-толькі выпусціліся, чацвёра з іх мяркуюць паступаць у профільныя ССНУ. 51 чалавек навучаўся ў філіялах установы — аграгарадках Хатынічы і Агарэвічы (па класе баяна), Малькавічы (па класах баяна і фартэпіяна), Люсіна (па класе баяна, намячаецца і адкрыццё класа фартэпіяна). Выкладчыцкі састаў школы мастацтваў і класаў аграгарадкоў налічваў 36 настаўнікаў.

— Сёлета колькасць навучэнцаў павінна ўзрасці да 440—450-ці, — паведамляе дырэктар ДШМ Вольга Купрыянік. — А ў перспектыве хацелася б адкрыць яшчэ адно аддзяленне — тэатральнае: будзем тады канкурыраваць з Гарадскім Домам культуры (там яно ёсць). А таксама пашырым харэаграфічнае аддзяленне, на якое, праўда, пакуль цяжкавата зацягнуць хлопчыкаў. Зараз у Школе ёсць свой вакальны ансамбль “Дзюшэс”, на базе якога плануем стварыць вакальна-эстрадную студыю з гэткай жа назвай: станем дамагацца таго, каб яна атрымала званне ўзорнай!

/i/content/pi/cult/803/17257/027.jpgУ ДШМ, дарэчы, дзейнічаюць два калектывы з такім званнем: дзіцячы ансамбль “Дударыкі” і эстрадна-харэаграфічная студыя “Вдох танца”, у якой разам з навучэнцамі займаюцца і выпускнікі ўстановы. Вольга Мікалаеўна згадала яшчэ шэраг фарміраванняў, што вызначаюць творчы твар Школы — інструментальнае трыа настаўнікаў, дзіцячыя ансамблі “Спадчына” і “Канцэрціна” і ансамбль народных інструментаў “Акорд”, складзены з педагогаў.

Выступаюць калектывы і выхаванцы ДШМ многа, у тым ліку і за мяжой. Вось яшчэ зімой, да пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне конкурсна-фестывальная скарбонка папоўнілася ўдзелам у “жывых” і завочных форумах (так-так, анлайн-імпрэзы — зусім не новы павеў часу). Пералічу некаторыя: I міжнародны конкурс народнага танца MARA у Мінску, XIV міжнародны калядны фестываль-конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Мы разам” у Брэсце (Ганцавіцкую школу мастацтваў прадстаўлялі акардэаністы, баяністы, піяністы і скрыпачы, якія атрымалі чатыры дыпломы 1-й ступені і тры дыпломы 2-й), XIII абласны адкрыты конкурс “Крынічка” ў Баранавічах (конкурс гэты — для піяністаў, атрыманы дыплом 1-й ступені), II абласны конкурс інструментальных калектываў “Берасцейскі калейдаскоп” — у ім ад школы ўдзельнічалі 48 чалавек, вучні і настаўнікі, у складзе ансамбляў гарманістаў, “Дударыкі”, “Спадчына” і “Канцэрціна”, атрыманы дыплом 1-й ступені, дыплом 2-й і два — 3-й ступені. Яшчэ быў II міжнародны конкурс дзіцячай, юнацкай і дарослай творчасці “Рытмы Раства” і таксама ІІ міжнародны конкурс “У зімовым віхуры” ў Маскве (дыпломы 2-й і 3-й ступені атрымалі, адпаведна, баяніст і піяніст з Ганцавіцкай школы мастацтваў), XI рэгіянальны конкурс фартэпіяннай музыкі “Пінская вясна”, VII рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” у Лідзе (яго трэці этап быў адменены з-за пандэміі, усіх удзельнікаў узнагародзілі дыпломамі). І ў родных сценах ДШМ праводзіць конкурсы — напрыклад, “Зімовыя найгрышы” для баяністаў і акардэаністаў, “Юны віртуоз” для піяністаў або агульны агляд “Промні надзеі”. Вучні з аграгарадкоў удзел у замежных фэстах яшчэ не прымаюць: іх “абкатваюць” на раённых і абласных. У абавязковым парадку кожны год ва ўстанове здаюць творчыя справаздачы калектывы, што маюць званне ўзорнага.

— Работы навучэнцаў з выяўленчага аддзялення таксама пакуль выстаўляюцца лакальна, — інфармуе спадарыня Купрыянік. — Яно ў нас было адкрыта ўсяго тры гады таму і толькі набірае ход. Выхаванцы, як той казаў, набіваюць руку. І ўсе гэтыя выставы носяць рэкламны характар, імі мы прапагандуем сваю Школу. Але, думаю, ужо вельмі хутка пачнём заяўляць нашых мастакоў на розныя конкурсы.

Гаворачы аб пазакласных мерапрыемствах, мая суразмоўніца ў першую чаргу адзначыла тэатралізаваныя музычныя казкі, якія ставяць выкладчыкі. Іх, між іншым, пракатваюць па дзіцячых садках і школах, могуць паказаць і на прадпрыемствах (быў бы заказ) — у апошнім выпадку такія імпрэзы для гледачоў платныя. Да канца года ДШМ спадзяецца парадаваць публіку прэм’ерай — спектаклем “Муха-Цакатуха”.

Ау, ау, ау!..

Вольга Купрыянік у 1996 годзе скончыла Беларускую акадэмію музыкі па класе баяна. 1 верасня 2019-га быў яе першым працоўным днём у якасці дырэктара Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. І разам з будзённым навучальным працэсам, падрыхтоўкай сваіх гадаванцаў да конкурсаў і поспехамі на іх, Вользе Мікалаеўне давялося вырашаць і праблемы. Напрыклад, абнаўлення патрабуе матэрыяльна-тэхнічная база. У першую чаргу гэта тычыцца інструментаў, на якіх займаюцца ў Школе і яе класах у аграгарадках, музычнага абсталявання і апаратуры. Яшчэ адзін галаўны боль — хранічны недахоп кваліфікаваных кадраў.

— Ды і проста кадраў, — кажа спадарыня Купрыянік. — Напрыклад, выкладчыкаў для класа фартэпіяна. У краіне наогул ужо каторы год востра стаіць пытанне менавіта з настаўнікамі-піяністамі. Патрэбныя нам і такія спецыялісты як харавікі, тэарэтыкі, вакалісты-эстраднікі. Да ўсіх іх і хачу звярнуцца праз вашу газету. Можна? Прыязджайце, вас у Ганцавічах вельмі чакаюць! Кампенсацыя за аплату пражывання ў арандаваным жыллі вам будзе. А калі хочаце жыць у інтэрнаце — калі ласка, уладкуем!

...Немаведама, у якой ступені нас закране сусветны эканамічны крызіс, што прадракаюць планеце з прычыны каранавiруса разумныя навукоўцы-практыкі. І прапанова дырэктара ДШМ зараз вельмі ў тэму, асабліва для тых, хто нядаўна выпырхнуў з гнязда сярэдніх і вышэйшых музычных устаноў. Калі вы яшчэ ў сілу нейкіх прычын не размеркаваліся — адпраўляйцеся ў Ганцавічы! І горад добры, і людзі там жывуць цікавыя!..