Прыходзьце за станоўчымі эмоцыямі

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Я думаю, што Вячаслаў Паўлавец — чалавек, якому пашчасціла своечасова вызначыцца са справай свайго жыцця, зразумець, у чым ягонае пакліканне і што ён здольны рабіць лепш за іншых. Я засяроджваю ўвагу менавіта на своечасовасці гэтага адкрыцця, бо ёсць шмат тых, хто шукае сябе занадта доўга і знаходзіць толькі ва ўзросце, калі няма ні сіл, ні часу для рэалізацыі сваёй самасці. Што акварэль ягонае пакліканне, спадар Вячаслаў зразумеў на стадыі заканчэння інстытута. Ён і зараз удасканальваецца ў гэтай тэхніцы, ці больш правільна будзе сказаць — у гэтым напрамку мастацкай філасофіі.

/i/content/pi/cult/803/17255/023.jpgАкварэльныя фарбы і адпавядаючы гэтай тэхніцы пэндзаль калі-нікалі бярэ ў рукі і жывапісец-станкавіст, што піша алеем, і манументаліст, і нават скульптар. Але выпадковыя стасункі гэта зусім не тое, што насамрэч засяродзіцца на акварэлі. Акварэль — нязмушаная эмоцыя. Калі іншыя віды мастацтва можна параўнаць з марафонам, калі трэба правільна размеркаваць сілы дзеля пераадолення шматкіламетровай дыстанцыі, дык акварэль — эмацыянальны спрынт.

Персаналія Паўлаўца, што зараз праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (галерэя “Лабірынт”), мае назву WET-ON-WET (“Мокрым па мокраму”). Гэта самая складаная і адначасова самая выразная акварэльная тэхніка, тут ніколі не ведаешь, што атрымаецца.

У экспазіцыі сабраныя работы розных гадоў. Так бы мовіць, выбраныя творы, найлепшае з найлепшага.

Вячаслаў па жыцці чалавек станоўчы (мне пашчасціла працаваць з ім разам у адной установе). А мастацтва — гэта заўжды аўтапартрэт творцы, так што на выставе глядач атрымае станоўчыя эмоцыі. Калі з акна вашай кватэры адкрываецца від хіба што на бятонную сцяну суседняга дома, і пры гэтым вы не маеце магчымасці выправіцца за горад на траву ля рэчкі, прыходзьце на выставу Вячаслава Паўлаўца. Там ёсць жывая прырода, да таго ж адухоўленая высокім прафесіяналізмам мастака.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"