Аўдыя & Відэа

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Майскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант гурта Recha Андрусь ТАКІНДАНГ (A.) і аглядальнік газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/803/17253/2morr_opt.jpegАЎДЫЯ

Гурт 2morrow2late, альбом New Generation

A.: Мне падалося дзіўным, што ўдзельнікі гурта самі з пакалення сучасных людзей, а музыку іграюць занадта... правільную, кананічную. Канешне, тым, хто любіць класічны рок, альбом спадабаецца, але мне не хапіла ў ім своеасаблівасці і часцінкі гэткай сённяшняй нядбайнасці, “крывізны”, калі рэлізы робяцца трошкі быццам “на каленцы”. А сам па сабе запіс вельмі якасны, прафесійны, добрыя і інструменталісты, і лідар-вакаліст.

B.: Як сказала бы гераіня фільма “Афоня”: “Гэта — энергічная музыка”. Ну што — абсалютна фірмовы гурт. Калі б ён быў родам з якой-небудзь заходняй дзяржавы і належыў да тамтэйшага шоу-бізнесу, цалкам магчыма, каманда была б калі не ў першым мясцовым рок-шэрагу, то дзесьці побач дакладна. У нас жа калектыў, хоць і маючы класны склад, можа разлічваць у лепшым выпадку на клубнае творчае існаванне. Увогуле, ці знойдзецца за ўсе часы дзясятак айчынных англамоўных рок-выканаўцаў, якія чагосьці дамагліся ў Беларусі ў плане шырокай вядомасці ці фінансавай паспяховасці?

/i/content/pi/cult/803/17253/_opt.jpegГурт “Агатка”, альбом “Капялюш”

A.: Уражанне ад першага праслухоўвання альбома склалася такое, быццам я апынуўся ў 1990-х гадах — на дыскатэцы пад просценькі сінтэзатар або на выступе гурта “Мальчишник”. Пасля другога праслухоўвання магу з упэўненасцю сказаць — перад намі выдатны беларускамоўны праект з класным дзіцячым вакалам. І адчуваецца, што наогул дзяўчынка з характарам. Спадабаліся тэксты, якія ствараюць пэўны настрой. Я буду слухаць гэта яшчэ і яшчэ!

B.: Калі вы хочаце на дзесяць з лішнім хвілін апынуцца ў дзяцінстве — не важна, ва ўласным ці сваіх дзяцей — то гэты альбом для вас. Восем яго песень выконвае Агата — васьмігадовая дачка Аляксандры Грахоўскай, удзельніцы гурта By Cry (у адным трэку сама Аляксандра запісала асноўную вакальную партыю). Вельмі светлы, пазітыўны, вясёлы і жывы рэліз атрымаўся — на самай справе падарожжа ў свет без хвароб, крызісаў і войнаў, калі здаецца, што і наперадзе ўсё будзе гэткім жа бясхмарным. Рэкамендую альбом для праслухоўвання, асабліва дарослым.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/803/17253/opt.jpegАнсамбль “Сябры”, кліп на песню “Стаміўся”

А.: Я прызвычаіўся да больш вясёлых, лёгкіх песень ансамбля, а тут раптам калектыў звярнуўся да складанага, актуальнага на сёння пытання — каранавiрус і паводзіны людзей падчас яго. У выніку выйшла наогул вельмі філасофская рэч, якую Анатоль Іванавіч Ярмоленка літаральна пражывае ўсімі фібрамі сваёй душы. Кліп жа ў мяне чамусьці асацыюецца з нейкімі архіўнымі нарэзкамі. Цікавей, мне здаецца, было б запрасіць для працы над відэа маладых рэжысёра і аператара, каб яны знялі нешта пастановачнае і адпаведна свайму ўзросту абыгралі б гэтую сур’ёзную тэму.

B.: “Сябры” неаднаразова эксперыментавалі з рокавым гучаннем: атрымлівалася ў ансамбля нядрэнна. Вось і на гэты раз калектыў запісаў даволі агрэсіўную па саўндзе песню — нават зонг, як сказалі б у даўнія часы, бо па тэкстце перад намі магутны эмацыйны ўсплёск падчас каранавiруса. У кліпе ж галоўная дзеючая асоба, лідар ансамбля Анатоль Ярмоленка, перамяшчаецца па нервоваму… і спакойнаму горадзе, па тым, што таксама ўпісваецца ў хроніку пандэміі. Магчыма, і ролік, і песня стануць нейкім “маркёрам” тых дзён, якія мы перажываем у 2020-м.

/i/content/pi/cult/803/17253/Dlina Volny_opt.jpegГурт Dlina Volny, кліп на песню I’m Not Allowed

А.: З мастацкага пункта гледжання кліп, канешне, разглядаць не варта, ён уяўляе з сябе бюджэтнае відэа з прыемнай гамай колераў і гарадскімі і раўніннымі краявідамі. Але нейкую асаблівую атмасферу ролік усё ж стварае. А сам гурт модны, і музыку іграе такую ж, і тэмбр вакалісткі чапляе. Ды й песня добрая.

B.: Музыканты гурта — яны ж героі кліпа — збіраюцца дзесьці ў горадзе і з’язджаюць з яго на аўтобусе. Едуць міма бязмежнага поля, глядзяць у вокны і раптам нешта бачаць звонку. Што менавіта — мы так і не даведаемся, але, мабыць, цуд нейкі, раз хлопцы і дзяўчына з такімі здзіўленымі і натхнёнымі тварамі выходзяць з транспарта… А песня вельмі прыемная на слых, гэтакі меладычны электронны постпанк з глыбокім жаночым вакалам.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"