Дырэктар тэатра — не перашкода для творчасці!

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Што такое тэатр для гледача — спектакль і акцёры. Трохі больш абазнаная публіка ведае і рэжысёраў. Але хто ж галоўны ў тэатры? — Дырэктар. І падчас ён больш вядомы і уплывовы, чым які акцёр ці рэжысёр. Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя М. Горкага, які калісьці называлі Рускім, ужо 37 гадоў нязменна кіруе Эдуард ГЕРАСІМОВІЧ. Менавіта пад яго кіраўніцтвам з’явіліся званні і нацыянальнага, і акадэмічнага. Свой тэатральны карабель гэты капітан вядзе ўпэўненай рукой — бо шчыра любіць не толькі родны тэатр імя М. Горкага, але і самое мастацтва тэатра. 22 чэрвеня заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Эдуард Герасімовіч адзначае 75-гадовы юбілей, і адзначае ў марах пра заканчэнне рамонту ў тэатры, пра новую абсталяваную сцэну і вяртанне да нармальнага творчага працэсу. Такія яны — дырэктарскія мары.

/i/content/pi/cult/803/17250/017.jpg— Тое, што справай вашага жыцця стаў тэатр, — гэта лёс?

— Менавіта лёс. Я мог уявіць сябе кім заўгодна, пачынаючы з пажарнага, але не дырэктарам тэатра. Хацеў, канешне ж, быць і музыкантам, мог зрабіць кар’еру і на вытворчасці: мяне штарміла і кідала. Але лёс прывёў у тэатр, і я абсалютна перакананы, што недарма, бо менавіта тут я на сваім месцы, тут атрымліваю здавальненне, тут адчуваю, што людзі паважаюць і мяне, і маю працу. Так што ўсё гэта дадзена звыш.

— Мабыць, так вы можаце сказаць і пра Беларусь, якую лёс вам падарыў, бо нарадзіліся вы ў 45-м годзе не ў Беларусі. Але ж сям’я ў вас беларуская.

 — Я нарадзіўся і вырас ў горадзе Акцябрск Куйбышаўскай вобласці. А бацькі да вайны жылі ў Беларусі, у Слуцкім раёне — вескі Чапліцы і Танежыцы. Бацька пайшоў на фронт, а маці апынулася на Волзе, куды бацька па раненні і вярнуўся з фронту. На пенсіі яны захацелі пераехаць на Радзіму і знайшлі сабе хату ў Астрашыцкім гарадку. Я ў той час служыў у арміі ў Венгрыі, і пасля таксама апынуўся ў Астрашыцкім. Там, дарэчы, першай жа справай стварыў ВІА “Арфей” — у нас быў цалкам свінгавы састаў, вялікая медная група, сам я іграў на электрааргане і пісаў песні: гэта 1968 год, адзін з першых самадзейных ВІА ў Беларусі. Бо я з маленства па прыкладзе бацькі ўмеў іграць і на гітары, і на домры з балалайкай, потым займаўся баянам. Але калі паехаў пасля 8-га класа паступаць у Куйбышаўскае музычнае вучылішча, з трэскам праваліўся, атрымаўшы кол па спецыяльнасці. Для мяне гэта была трагедыя, і на нейкі час я нават кінуў музыку. Але потым пайшлі танцы, я іграў у аркестры на акардэоне, сам пачаў пісаць музыку. І пасля арміі ў Беларусі адразу ж узяўся за любімую справу. Дарэчы, маё тагачаснае зачараванне “Бітлз” і Мулявіным ідзе са мной праз усё жыццё.

А працаваць я пайшоў у Мінску на 407-ы авіяцыйны завод — бо ў арміі служыў у разведэскадрыльі. На заводзе рамантавалі “тушкі”, і я дагэтуль з гонарам згадваю, што на кожным самалёце Ту-124 правая прыборная дошка была зроблена маімі рукамі! Бацькі штурхалі мяне ў медыцынскі інстытут — бо ў нас уся радня медыкаў, але я не надта хацеў, і не паступіў. А ў нейкі момант захацеў стаць рэжысёрам…

— Вось яна, паваротная кропка! А што паўплывала?

/i/content/pi/cult/803/17250/018.jpg— Гэта было раптоўнае рашэнне. Даўняя траўматычная гісторыя з музыкай мяне так і не адпусціла, і на музыканта я не пайшоў, затое аднойчы мне да галавы прыйшла думка, што вельмі добрая мужчынская прафесія — рэжысёр! Маўляў, гэта такі разумны мужык, які ведае, што трэба рабіць і як трэба жыць, і навучае ўсяму гэтаму артыстаў. Вось так прымітыўна і наіўна я тады думаў. (смех) І пайшоў паступаць у тэатральна-мастацкі. Загадчыкам кафедры быў Уладзімір Андрэевіч Маланкін: “Ты здольны зрабіць рэжысёрскую эксплікацыю?” — “А што гэта?” І тады ён —- геніяльны настаўнік, легендарны чалавек — сказаў: “Харошы ты хлопец! На рэжысёра не паступіш, а давай я вазьму цябе на новы курс культурна-асветніцкай работы”. Клянуся, яшчэ тады ад Уладзіміра Андрэевіча прагучалі словы: “З цябе атрымаецца добры дырэктар!”

— А якія якасці, неабходныя дырэктару, ён у вас пабачыў?

— Думаю так: дырэктар — гэта сістэма падыходу да рашэння задач, гэта аналітыка і логіка, гэта здольнасць ахапіць праблему цалкам. І нешта такое ён ува мне разглядзеў. Вучыўся я завочна, і працаваў метадыстам у раённым аддзеле культуры. Потым быў замам дырэктара ў Рускім тэатры, у Міністэрстве культуры загадваў аддзелам тэатраў… Але паперкі мне хутка надакучылі, хацелася жывой працы — і я пайшоў замам спачатку ў Купалаўскі, а ў 83-м ужо ўзначаліў Рускі тэатр імя Горкага, у якім і служу з таго часу: агульна больш за 40 гадоў.

— Як вы думаеце, калі з вышыні паглядзець на гэтыя гады — што самае галоўнае вы здолелі здзейсніць, якое ваша самае вялікае дасягненне?

— Я стварыў калектыў тэатра імя Горкага. Бо галоўны рэжысёр адказвае толькі за творчы складнік, а за ўвесь тэатральны працэс адказвае менавіта дырэктар. Ён як капітан карабля — павінны выбраць правільны курс, не наскочыць на рыфы, падабраць прафесійную каманду, вырашыць адначасова тысячы задач, пачынаючы ад фінансавых і заканчваючы псіхалагічнымі. Дарэчы, чым я ганаруся, дык гэта тым, што здолеў дамагчыся ў тэатры вельмі добрай маральна-псіхалагічнай атмасферы: у нас няма ананімак, няма нейкіх нянавісцяў і страшных інтрыг. Пры ўсім тым дырэктар павінны быць мудрым настолькі, каб ніколі не дзяліць першынство з мастацкім кіраўніком ці галоўным рэжысёрам. Я заўсёды вучыў сваіх студэнтаў у Акадэміі мастацтваў: “Як толькі пачынаюць дзяліць уладу ў тэатры, пішы прапала!” Дырэктару трэба быць няхай на паўкроку, але на другім месцы. Ведаючы, аднак, што адказваць за ўсё тым не менш будзе менавіта ён! (смех) Так, гэта тонкае майстэрства.

— Ні публіка ні прэса звычайна не звяртаюць ўвагі на тое, хто там у тэатры дырэктар…

— …І абсалютна правільна!

— Але ж вас ведаюць! І я нават не ўпэўнена, што вы заўсёды другі, бо вы і на рэпертуарную палітыку ўплываеце, і акцёраў запрашаеце, і рэжысёраў. Ды й увагай прэсы і тэлебачання не абдзелены.

— (смех) Я, па-першае, ужо вельмі даўно працую. А па-другое — я старшыня мастацкага савета, і калі на нарадзе сядзяць усе народныя, заслужаныя і аўтарытэтныя, і мы абмяркоўваем нейкія рэчы, яны бачаць, што большую частку праблем я бяру на сябе, і давяраюць мне. Так было і калі мы працавалі з Барысам Луцэнкам і Валерыем Маслюком у якасці галоўных рэжысёраў, так цяпер і з Сяргеем Кавальчыкам. І адзінаасобна я рашэнні не прымаю — магу толькі падвесці грамадскую думку да жаданага выніку, магу пераканаць, прывесці довады — гэта так. А вось у чым насамрэч мая заслуга — я ніколі не быў абузай і перашкодай для творчасці!

— Акрамя ўсяго, вы і самі падобны на акцёра ці рэжысёра, а не на сціплага адміністратара, так скажам.

— Прафесіі дырэктара і рэжысёра па сваёй сутнасці вельмі блізкія. Дырэктар таксама ставіць свой спектакль, прадумвае хады і мізансцэны, шукае рашэнні і гэтак далей. Канешне, не заўсёды тое ўдаецца, асабліва апошнім часам — з’явіліся такія ўмовы працы, калі ты моцна абмежаваны ў магчымасцях. Гастроляў больш няма — бо вывезці кудысьці тэатр патрэбны вялізныя грошы, нармальна выбудаваць працэс падрыхтоўкі спектакля немагчыма, бо фінансаванне то ёсць, то няма, спонсары і мецэнаты не спяшаюцца ўкладваць грошы.

— Усе ведаюць, што тэатрам даводзіцца няпроста. Вы ж папрацавалі ў самых розных эпохах, і на ваш погляд, вось зараз для тэатраў гэта самы складаны перыяд?

— Думаю, што так. Калі за савецкім часам, скажам, усё залежыла ад таго, як ты выбудуеш сістэму ўзаемаадносін у той восі каардынат — з няхай і недастатковым, але стабільным фінансаваннем, ты мог планаваць і прагназаваць, то цяпер занадта многа нечаканых і непрадказальных момантаў: толькі адну праблему вырашыў, ужо з іншага боку на цябе нешта валіцца. Нават тое ж фінансаванне, дапусцім, ужо вызначанае табе на год, не факт, што дойдзе ці пройдзе з табой увесь запланаваны час.

— І каб неяк пратрымацца, тэатр імя М. Горкага робіць стаўку на камедыі і мюзіклы? Як вы ацэньваеце сітуацыю?

— У мяне ў тэатры неблагая сітуацыя. Мне б толькі нарэшце рамонт скончыць, ды каб пандэмія адступіла, то мы развернемся! За 30 з лішнім гадоў у мяне ніколі не было невыканання плана. Датычна камедый і мюзіклаў я патлумачу, каб было правільнае разуменне. Не, мы не робім стаўку на камедыі і мюзіклы — мы імкнёмся ствараць сінтэтычны тэатр, ствараць сінтэз розных мастацтваў, розных прыёмаў і жанраў — каб былі і музыка, і пантаміма, і танец, і святло, і яшчэ нешта. Мы хочам, каб наш тэатр меў свой уласны твар і вёў сваю ўласную лінію. І такой рэпертуарнай палітыкі мы даўно прытрымліваемся. Яшчэ колішнюю “Трохграшовую оперу” можна прыгадаць, ці “Проделки ханумы” з музыкай Гія Канчэлі, ці спектакль “Пясняр” — ды мноства прыкладаў. У нас жа самая спяваючая трупа сярод усіх драматычных тэатраў! Натуральна, нельга скачвацца ў кіч. Я заўсёды кажу — пакуль я кірую тэатрам, я не дапушчу на сцэне пошласці. Мадэрнізм, наватарства, сінтэз жанраў — так, але не пошласць, не кіч. І калі я запрасіў у тэатр Сяргея Кавальчыка галоўным рэжысёрам, мы з ім у гэтым пытанні паразумеліся.

— Калі ў нас юбілейная размова, то — за ўсе 40 гадоў у тэатры якія спектаклі для вас найбольш каштоўныя?

— Для мяне “Макбет” і “Трехгрошовая опера” — гэта выдатныя, узорныя, эталонныя спектаклі Барыса Луцэнкі. Гэтаксама як ягоная ж “Трагедия человека” паводле п’есы Імрэ Мадача. У Валерыя Маслюка гэта, бясспрэчна, “Знак бяды” паводле Васіля Быкава. Бліжэй па часе — у Сяргея Кавальчыка “Бег” паводле Міхаіла Булгакава, па-мойму, выдатны. Калі вазьмуся ўсё пералічваць, то будзе доўга.

— А ці ёсць у вас як у простага гледача любімыя акцёры, пра якіх можна сказаць, што вы іх паклоннік?

— Канешне! Я проста абажаў Аляксандру Клімаву, абажаў Расціслава Янкоўскага — гэта былі вялікія артысты. З цяперашніх магу назваць Бэлу Масумян і Вольгу Клебановіч — я насамрэч іх паклоннік. І з маладых мне многа хто моцна падабаецца, але не буду пакуль занадта хваліць.

— Вы называеце артыстаў толькі вашага тэатра…

— Я ўсё жыццё паўтараю: “Самыя прыгожыя жанчыны — у тэатры імя Горкага!” Гэтак жа як самыя лепшыя артысты і самая лепшая трупа. (смех)

— У кожнай любімай чалавекам прафесіі ёсць нешта, што прыносіць найбольшае здавальненне. Для артыста гэта, мабыць, прызнанне публікі, выдатна сыграная роля. А для вас што?

— У мяне падобных момантаў нават болей, чым ў акцёраў! Спектакль выпусціў, праект прасунуў, вырашыў праблему, прыдумаў ідэю. Вось зараз, напрыклад, я хварэю рамонтам, і ўжо не магу дачакацца шчаслівага моманту — якая ў мяне праз пару месяцаў будзе сцэна, якое святло! Па-простаму — я патрыёт свайго тэатра, і любая ўдача рэжысёра, акцёра, любая атрыманая чалавекам кватэра, званне ці прэмія — прыносяць мне задавальненне. Маё жыццё адбываецца ў тэатры, і ўсё добрае, што ў ім здараецца, я запісваю сабе ў актыў. Калі ў тэатры ўсё добра, то і мне добра.