Каб дах зусім не пацёк…

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Частка другая. Малая і вялікая гісторыя
Ці не большасць колішніх шляхецкіх сядзібаў да сённяшняга дня займела сваіх гаспадароў — прынамсі дэ-юрэ. Дэ-факта гэта шмат дзе нават і незаўважна: заняпад пануе па-ранейшаму. Але ёсць і прыемныя зрухі — што было мной адзначана падчас чарговай велавыправы, цяпер ужо разам з сябрамі.

/i/content/pi/cult/803/17249/016.jpgЛедзь прыкметная пляма

Суботнім вечарам Генрых Траццяк косіць траву на падворку знакамітага сваім неагатычным фасадам палаца ў Фларыянава, які выглядае як сапраўдны замак! Што, аднак, не перашкодзіла яму “выпадкова” пазбавіцца ў свой час статусу помніка. У “Зборы” сядзіба ёсць, а вось у Дзяржспіс яна чамусьці ўжо не патрапіла, і таму прыгожая шыльда з надпісам “Ахоўваецца дзяржавай”, на жаль, страціла актуальнасць.

Затое ў палаца ёсць гаспадар. Пабачыўшы нечаканых гасцей (то-бок нас), ён зухавата спыняе газонакасілку ды ідзе вітацца: і ніколі не скажаш, што спадар Генрых тры гады таму размяняў дзявяты дзясятак!

Герой Сацыялістычнай працы, аграном-наватар, чыё імя гучала на ўвесь Саюз, былы старшыня перадавога ў свой час калгаса, ён не здолеў змірыцца з тым, што галоўная адметнасць малой радзімы марнее літаральна на вачах. Некалі там была яго кантора — сапраўдны сацыякультурны цэнтр вёскі. А потым яна пераўтварылася ў “бамжатнік” з нявызначаным лёсам.

І вось ужо амаль дзесяцігоддзе Генрых Траццяк цягне гэтую непасільную, здавалася б, ношу — сваімі рукамі аднаўляе колішняе котлішча Бохвіцаў. З фінансавых рэсурсаў — хіба што пенсія. Але яму падабаецца, бо праца і місія надаюць імпэту. Недарэмна ж ён кажа: я трымаю пры жыцці сядзібу, а сядзіба трымае мяне.

Балазе, заўсёды побач аднадумца — жонка Ларыса Паўлаўна, карэнная ленінградка. Яна тут жа перахоплівае ініцыятыву ды праводзіць для нас экскурсію, якая доўжыцца добрую гадзіну. Паказвае малатарню на коннай цязе — цуд сельгастэхнікі стагадовай даўніны, які нядаўна падаравалі тутэйшыя сяляне, дазваляе спусціцца ў лёхі ды ўзняцца на другі паверх. Інтэр’еры шыкоўнымі не назавеш (“Тут у нас не Нясвіж”, — адразу папярэджвае гід), аднак некаторыя дэталі кранаюць куды болей за кесонныя столі ды пазалоту.

— Бачыце гэтую пляму на падлозе? — пытае спадарыня Ларыса. — Гэта сапраўдны адбітак гісторыі, Генрых Міхайлавіч пакінуў яго наўмысна! Неяк да нас прыехаў мужчына, які шмат гадоў таму тут жыў. І прыгадаў, што калі быў малы, аднойчы прасаваў нагавіцы прасам на вуглях, ды не ўтрымаў яго, і прас пакінуў гэтую пляму. Згадаўшы той выпадак з дзяцінства, сталы ўжо чалавек расчуліўся ажно да слёз.

І ў такія моманты ты разумееш важнасць гэтых “лакальных”, здавалася б, помнікаў мінуўшчыны. Яны захоўваюць памяць не толькі пра абстрактную гісторыю — тую, якую мы ведаем з падручнікаў — але найперш пра канкрэтную, асабістую, “сваю”. Гісторыю “малую” — па аналогіі з малой радзімай. І менавіта за гэтую памяць так утрапёна змагаецца спадар Генрых — зразумела, выключна мірным шляхам.

Зрэшты, “вялікая” гісторыя сядзібу таксама не абмінула. У памяць пра тыя часы, калі размешчаны ў ёй пансіянат быў модным сярод літаратурнай багемы, гаспадары ініцыявалі новы фэст — Фларыянаўскія чытанні. Мясцовыя ўлады ідэю ахвотна рэалізавалі: і як мы ўжо не раз пераконваліся, ладзіць густоўныя народныя святы на Ляхавіччыне любяць ды ўмеюць. Ды і ў буднія дні дзверы сядзібы адчыненыя для ўсіх ахвотных.

— Вялікае шчасце для нас, калі сюды прыходзіць мясцовая дзятва, — кажа спадарыня Ларыса. — Дазваляем ёй тут трохі пабавіцца ды пагарэзнічаць, а яны потым такія малюнкі ды вырабы ствараюць! Важна, каб дзецям было куды падзецца. Дый наогул — мы ж не для сябе робім…

Арол пасярод гушчароў

Статусу помніка не мае і былая сядзіба ў Стайках. Да нашага стагоддзя яна дажыла ў нядрэнным стане, але потым заняпад даўся ў знакі. Дах праваліўся, і ўнутры прыгожай камяніцы з “замкавай” вежай панарасталі цэлыя джунглі. Яшчэ нядаўна здавалася, што яна ўсімі забытая ды вырачаная…

Аднак, прыехаўшы туды гэтым разам, мы ўтыркнуліся ў паркан. Сядзібны дом аточаны рыштаваннямі, над ім ужо праглядаецца вільчак новага даху… Той інвестар, які выкупіў гэты аб’ект, зусім не піярыцца, не распавядае пра свае грандыёзныя планы. Ён проста працуе, прычым эфектыўна. Думаецца, неўзабаве мы пабачым рэкламу новага пансіяната, які з’явіўся ў гэтым зацішным месцы.

Ахвотныя там спыніцца, думаю, знойдуцца. У лічаных кіламетрах — тлумная М1. А ў ваколіцах — цэлы россып іншых адметнасцяў: сядзіба Міцкевічаў у Завоссі, Сталовічы з двума храмамі, дыхтоўны ўзор віленскага барока ў Вольна… Ёсць і зусім неўзараная пакуль айчыннай туріндустрыяй ніва — нямецкая (часоў Першай сусветнай) і польская фартыфікацыі.

Пра гэтак званую “лінію Сталіна” ў нас ужо ведаюць ці не ўсе. А вось пра яе адпаведнік па іншы бок савецка-польскай мяжы чулі хіба нямногія. Каб адшукаць адзін з самых цікавых яго фрагментаў — умацаваную групу “Крэпасць” ля вёскі Старыя Войкавічы, — мы ладны час блукаем па лесе. Але патрачаных высілкаў не шкадуем. Утоены ў гушчарах нямецкі дак, перароблены ў міжваенны час палякамі, аказваецца вялізным падземным збудаваннем з разгалінаванай сістэмай калідораў.

А зусім побач — помнік тром паходам на ўсход, вядомы ў народзе як “Тры крыжы”. Гэты эфектны польскі адпаведнік сацрэалізму — з пэўным авангардысцкім ухілам — міжволі натхняе на роздумы пра час свайго стварэння. І дазваляе зразумець яго куды больш аб’ёмна.

На сёння і помнік і дакі закінутыя ды ні ў якіх спісах не значацца. Хаця ахвотныя наведаць такі цікавы комплекс, думаю, знойдуцца не толькі сярод “фанцікаў” фартыфікацыі — хаця б таму, што на новенькае многія ласыя. Зразумела, тут важная інтэрпрэтацыя — з пункта гледжання дня цяперашняга. Але не сумняваюся, што беларускія музейшчыкі з такой задачай справяцца.

Маскароны з адбітымі насамі

Баранавічы мала хто парэкамендуе турыстам, а вось раён мог бы стаць сапраўднай турыстычнай Мекай. І адным з абавязковых пунктаў паказу, канешне ж, была б Паланечка. Самавіты драўляны касцёл святога Юрыя ды яго ваколіцы выглядаюць бы на паштоўцы. А вось другой адметнасці вёскі — палацу Мацея Радзівіла — так пакуль і не ўдаецца знайсці гаспадара. Буслянка, якую мы ўбачылі на адным з комінаў — прычым акурат з насельнікамі — прырасла туды ўжо даўно.

Больш дакладна, гаспадар у яго ўжо неяк быў з’явіўся — праз аўкцыён. Аднак тая фірма “адумалася” бадай адразу і неўзабаве ад гэтай уласнасці фактычна адмовілася (тут, і ў мностве падобных выпадкаў, у мяне ўзнікае толькі адно пытанне: дык а навошта тады куплялі?).

Мясцовыя ўлады, аднак, не здаваліся — што робіць ім гонар. Далейшыя аўкцыёны ладзіліся рэгулярна, стартавую цану знізілі ажно да непрыстойнасці… Аднак інвестар так і не знайшоўся.

Думаецца, мой старэйшы калега Яўген Рагін у дадзеным выпадку сказаў бы: уся справа ў рэкламе. Калі б патэнцыйныя пакупнікі даведаліся, што той непрыглядны будынак, ад былой велічы якога ацалелі хіба маскароны з даўно адбітымі насамі, некалі быў месцам збору культурнага бамонду!.. Калі б яны пачулі арыі оперы “Агатка”, лібрэта да якой пісалася недзе тут!.. Можа, тады і зацікаўленасці было б куды болей.

Зрэшты, як сведчыць досвед суседніх краін, пошук інвестараў у дадзеным выпадку можа зацягнуцца. І самае галоўнае, што першачарговыя крокі па кансервацыі сядзібы ўжо зробленыя. Калі раней патрапіць унутр было зусім не складана, цяпер усе дзверы ды вокны заблакаваныя. Можна хіба пасядзець на ганку ды паўзірацца ў маскароны з тварамі філосафаў — што мы ў ахвоту і зрабілі.

Крайнасці Снова

Прамінуўшы непераўзыдзены сваім лаканічным хараством гатычны касцёл у Ішкалдзі, які жыхары гэтай невялічкай вёскі адстаялі ў “бязбожныя” часы і дбайна даглядаюць сёння, мы рушым да мястэчка з сюррэалістычнай назвай Сноў. Нас адна за адной абганяюць пажарныя машыны з уключанымі мігалкамі. Але мы не надта надаем гэтаму ўвагі: ці мала што магло здарыцца?

У Снове ажно дзве старыя сядзібы на адлегласці ў які кіламетр адна ад адной. Шыкоўны класіцыстычны ансамбль Рдултоўскіх вось ужо сёмы год шукае новага гаспадара, але пакуль што бясплённа — надта ён грандыёзны. Бесперашкодна патрапіўшы на яго тэрыторыю, няспешна аглядаем палац, які ўваходзіць у многія турыстычныя дапаможнікі. Захаваўся ён у неблагім стане, слядоў хуліганства і рабавання няма. І неўзабаве стала зразумела, чаму — нас аклікнула кабета ў касцюме ахоўніка, і выгнанне нашае было, мякка кажучы, няветлівым, нават з пагрозамі. Аргумент, што мы ж нічога дрэннага не рабілі, не спрацаваў, а пры слове “прэса” кабета хутка схавала свой бэйдж.

Тое, што ахова такім аб’ектам патрэбная, нават не абмяркоўваецца. Аднак падобныя драконаўскія меры — гэта, як падаецца, крайнасць. Турысты палацу ніяк не нашкодзяць — наадварот, яны ствараюць вакол яго добры інфармацыйны розгалас. Памятаю, давялося наведаць знакамітую дом-крэпасць у Гайцюнішках, дзе цяпер размешчаная вельмі закрытая спецустанова. Там ты паказваеш на КПП пашпарт — і калі ласка, насалоджвайся. Можа, варта было б і ў Снове ўвесці падобны няхітры алгарытм?

Але нават самы суровы вартаўнік куды лепей, чым дзверы наросцеж. У гэтым мы пераканаліся, як толькі дабраліся да другой сноўскай сядзібы, якая некалі належала роду Гартынгаў. Як выявілася, пажарныя імчалі менавіта туды — і, трэба аддаць ім належнае, паспелі. З паддашку яшчэ роіліся клубы дыму, але іх хутка паглыналі струмяні з брандспойтаў.

Мінулае маё наведванне гэтай сядзібы (гадоў восем таму) пакінула дзіўныя ўражанні. Адтуль толькі-толькі выехала мясцовая бальніца. Заходзіш у расчыненыя дзверы, ідзеш па спусцелых калідорах, і не адчуваеш ніякага запусцення — толькі людзей няма. Потым будынак быў перададзены прыватніку, і ці не адзінае, што той зрабіў, — пазабіваў дошкамі вокны ды дзверы. Потым прыватнік “адумаўся” і зразумеў, што такі аб’ект не пацягне. А дошкі сталі аддзіраць “людзі лёзныя” ды проста аматары прыгодаў (паселішча ж даволі вялікае). Пажар у гэтым ланцужку — звяно лагічнае, рана ці позна такое здараецца. І цяпер — ужо, лічы, без даху — сядзіба будзе руйнавацца куды хутчэй.

Калі, вядома, ужо зараз не падбаць пра яе захаванне.