Шукаючы палеглых, яднаючы жывых

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, які адзначаецца 22 чэрвеня, нельга не вярнуцца да тэмы ўшанавання загінулых і прапаўшых без вестак. Якая работа праводзіцца ў Беларусі па пошуку ды ўліку пахаванняў часоў вайны і высвятленні лёсу воінаў ды мірных жыхароў? Для каго і сёння вяртанне з нябыту імён ахвяр вайны з’яўляецца штодзённым клопатам?

/i/content/pi/cult/803/17248/015.jpgУ апошнія гады добраўпарадкаванню месцаў памяці Вялікай Айчыннай па ўсёй краіне і асабліва ў сталіцы надаецца багата ўвагі. Расце і развіваецца мемарыяльны комплекс на месцы лагера смерці ў Малым Трасцянцы, прынятыя рашэнні па ўдасканаленні мемарыялаў на месцы канцэнтрацыйнага лагера ў Драздах і Шталага 352 у Масюкоўшчыне. Тым больш кранальна бачыць, што пра мемарыялізацыю памяці аб вайне дбае не толькі дзяржава, але і неабыякавыя грамадзяне: у сваім двары, доме, раёне яны, часта не чакаючы дапамогі ці заахвочвання, стараюцца зрабіць нешта карыснае ў гэтай справе.

На пачатку чэрвеня я выпадкова трапіў у адзін з двароў у цэнтры Мінска — той, што насупраць тэатра оперы і балета, паміж Траецкім прадмесцем і Сувораўскім вучылішчам. Тут, між іншага, размешчаны помнік на месцы дома, дзе нарадзіўся паэт Максім Багдановіч, — але маю ўвагу прыцягнуў іншы незвычайны памятны знак. Насупраць аркі з вуліцы Багдановіча я пабачыў на пясчанай пляцоўцы невялікі камень, на якім фарбай быў зроблены надпіс: “24 июня 1941 года. 146 человек”.

Магчыма, не кожны адразу здагадаецца, што гэта значыць, але тыя, хто цікавіцца гісторыяй першых дзён вайны ў Мінску, напэўна, прыгадаюць трагічную гісторыю будынка, у двары якога стаіць камень. Да вайны гэты гмах на рагу сённяшніх вуліц Багдановіча і Старажоўскай называўся Трэцім Домам саветаў, а жылі ў ім сем’і вайскоўцаў. 24 чэрвеня 1941 года, у дзень самай жахлівай нямецкай бамбардзіроўкі Мінска, у доме заставаліся пераважна жонкі і дзеці афіцэраў Чырвонай арміі. Падчас налёту варожых бамбардзіроўшчыкаў жыхары спусціліся ў падвал, ратуючыся там ад пагрозы з неба, — але пажар, выкліканы адной з бомб, заблакаваў выхад са сховішча і не дазволіў людзям выйсці назад на паверхню. Там яны ўсе і загінулі, зрабіўшыся аднымі з першых ахвяр вайны ў Мінску.

Ніякага знака на памяць аб гэтай трагедыі за пасляваенныя гады не з’явілася — і вось цяпер, нарэшце, ёсць такі народны сціплы помнік. З дапамогай мясцовых жыхароў удалося высветліць, што надпіс на камені зрабіў чалавек, які даўно жыве ў гэтым доме і які чуў расповеды аб той трагедыі ад старажыхароў. Хто ведае — мо гэты стыхійны крок неабыякавага чалавека ў будучыні стане штуршком да з’яўлення тут і больш грунтоўнага помніка? А яшчэ варта было б высветліць імёны тых, хто загінуў, вярнуць памяць аб кожным з іх асабіста. Але гэта ўжо справа для дасведчаных архівістаў і адмыслоўцаў па пошуку палеглых воінаў і ахвяр вайны.

“Кніга памяці”, якая не сканчаецца

Багата дзе ў беларускай зямлі яшчэ чакаюць належнага ўшанавання парэшткі людзей, палеглых ад рук захопнікаў. Пошук і ідэнтыфікацыю пахаванняў тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай, у нашай краіне каардынуе Упраўленне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн. Упраўленне займаецца як арганізацыяй пошукавых работ, так і высвятленнем звестак аб палеглых, пашпартызацыяй ды ўлікам воінскіх пахаванняў. Напярэдадні Дня Перамогі на сайце Міністэрства абароны быў прадстаўлены аўтаматызаваны банк звестак “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”, распрацаваны ўпраўленнем па ўвекавечанні сумесна з IT-ротай і Ваенным інфармацыйным агенцтвам Узброеных Сіл “Ваяр”.

У “Кнізе Памяці” прадстаўленыя імёны ўраджэнцаў Беларусі і грамадзян, прызваных ваеннымі камісарыятамі ў Беларусі, якія загінулі альбо зніклі без вестак у гады вайны, а таксама імёны грамадзян іншых дзяржаў, якія загінулі пад час войн ХХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, банк звестак змяшчае спіс воінскіх пахаванняў, якія знаходзяцца на дзяржаўным уліку ў Рэспубліцы Беларусь. Такіх налічваецца больш за сем тысяч, а пахавана ў іх каля двух мільёнаў чалавек. З гэтай колькасці пакуль устаноўленая персанальная інфармацыя больш чым пра 500 тысяч асоб, але банк звестак працягвае абнаўляцца.

Непасрэдна ж палявымі работамі па выяўленні пахаванняў займаецца 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які сёлета адзначае 25 гадоў з дня стварэння. Пераважная большасць эксгумаваных батальёнам парэштак адносіцца менавіта да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Так, у леташнім сезоне батальён здзейсніў палявыя пошукавыя работы на 117 аб’ектах у 55 раёнах Беларусі, з іх на 71 аб’екце былі выяўленыя чаканыя вынікі: адшуканыя парэшткі 1940 палеглых, з іх 640 чырвонаармейцаў і 1299 ахвяр вайны.

У новым, сёлетнім сезоне, найбольш рэзананснымі пакуль сталі пошукавыя работы ў сталіцы на тэрыторыі Шталага 352 у Масюкоўшчыне, падчас якіх на працягу красавіка і мая былі знойдзеныя парэшткі 74 ваеннапалонных чырвонаармейцаў і восем салдацкіх медальёнаў. У адпаведнасці з заканадаўствам пошукавыя работы праводзяцца таксама ўдзельнікамі зарэгістраваных адпаведным чынам грамадскіх аб’яднанняў, але ўсе яны абавязкова мусяць адбывацца з удзелам байцоў 52-га пошукавага батальёна.

Загадка чырвонаармейскага медальёна

Сярод тых, хто сёння плённа супрацоўнічае з упраўленнем па ўвекавечанні і кансультуецца з яго спецыялістамі — каманда праекта “Ваенныя мемарыялы Беларусі” (belmemorial.by), пра які мы ўжо расказвалі ў адным з леташніх нумароў (гл. № 9 (1396) ад 2 сакавіка 2019 года). З таго часу дзейнасць гэтай суполкі яшчэ больш актывізавалася — нядаўна яе ўдзельнікі дасягнулі дамоўленасці аб рэгістрацыі ўласнага грамадскага аб’яднання і пошукавага атрада.

Заснавальнік праекта Аляксандр Снітко нагадвае, што пачыналася ўсё ў 2017 годзе са стварэння ў сетцы Facebook групы “Поиск погибших и пропавших без вести в Великую Отечественную войну”. Калі год таму суполка аб’ядноўвала каля 1500 чалавек, то сёння колькасць яе падпісчыкаў вырасла да 6000, і гэта жыхары 50 краін з усяго свету. Папулярнасць групы можна патлумачыць лёгкасцю карыстання сацыяльнай сеткай: вядома, спецыялізаваныя форумы, прысвечаныя пошуку палеглых, існавалі і раней, але аб’ядноўвалі яны пераважна адмыслоўцаў гэтай справы, патрабавалі прахаджэння працэдур рэгістрацыі, стварэння новых тэм і г. д.

А ў сацыяльнай сетцы любы карыстальнік лёгка можа задаць пытанне, якое яго цікавіць, і імгненна атрымаць параду ад шырокага кола спецыялістаў — удзельнікаў пошукавых атрадаў, ваенных археолагаў, архівістаў... Нашчадкі зніклых без звестак могуць тут знайсці інфармацыю аб ваенным лёсе іх продкаў ці пачуць парады па яго высвятленні, сваякі палеглых — адшукаць месца спачыну сваіх родных. Пішуць таксама і ўдзельнікі пошукавых груп, якія намагаюцца знайсці нашчадкаў салдат ці афіцэраў, парэшткі якіх ім удалося адшукаць. Ідэнтыфікаваць палеглых удаецца па салдацкіх медальёнах альбо ўзнагародах. У апошнім выпадку пошукавікі і архівісты спрабуюць высветліць з архіўных звестак імя ўладальніка медаля ці ордэна, каб перадаць узнагароду сваякам героя.

На пачатку мінулага года цікаўнасць такой шырокай аўдыторыі да тэмы пошуку палеглых падчас вайны прывяла Аляксандра Снітко з аднадумцамі да стварэння сайта з базай звестак аб воінскіх пахаваннях на тэрыторыі Беларусі. Калі год таму база ўтрымлівала інфармацыю аб 670 такіх месцах, то сёлета гэтая лічба вырасла амаль удвая. Істотна вырасла і цікаўнасць чытачоў — два гады таму на сайт прыходзілі адзін-два лісты ў месяц з просьбай дапамагчы ў пошуку палеглых, а цяпер звяртаюцца ад двух да пяці чалавек за тыдзень. Вядома, большасць зваротаў ідзе з бліжэйшага замежжа, але часам пішуць таксама нашчадкі выхадцаў з колішняга СССР, якія жывуць па ўсім свеце: нядаўна, напрыклад, прыйшоў ліст нават з Аўстраліі.

Для пошуку неабходна мець як мага больш інфармацыі аб асобе вайскоўца — не толькі імя і прозвішча, але і склад сям’і, калі вядома — назву ваенкамата, якім ён быў прызваны, абставіны яго службы, воінскага шляху. Пры гэтым важна, каб той, хто шукае, быў сам зацікаўлены ў высвятленні лёсу свайго продка і праяўляў актыўнасць: да прыкладу, звяртацца ў архівы з запытамі аб асобе байца могуць толькі іх сваякі, і тут спадзявацца выключна на дапамогу спецыялістаў ужо не выпадае.

Адна з апошніх загадак, якую спрабуе разгадаць каманда праекта “Ваенныя мемарыялы Беларусі” — пошук сваякоў чырвонаармейца Аляксандра Аляксандравіча Міхалапа з вёскі Кастрыцкая Слабодка Кіраўскага раёна, які загінуў у 1941 годзе ў Жытомірскай вобласці. Пошук на радзіме героя, на жаль, пакуль вынікаў не даў. Звярніце ўвагу — магчыма, гэтая публікацыя дапаможа адшукаць яго родных?

Вяртанне з апошняга палёту

Але ваенная археалогія пошукам толькі чалавечых парэштак не абмяжоўваецца. Часам адмыслоўцам даводзіцца займацца пад’ёмам на зямную паверхню рэштак вайсковай тэхнікі, якія захаваліся ў зямлі альбо трапілі ў вадаёмы ці балоты. Часта разам з тэхнікай удаецца адшукаць і парэшткі экіпажа. Асабліва ж складана шукаць збітыя самалёты і палеглых лётчыкаў.

Сярод тых, хто спецыялізуецца на пошуку і высвятленні інфармацыі аб стратах авіяцыі ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай — удзельнікі групы ваеннай гісторыі Беларусі “Рубон”, што ўзнікла ў асяродку студэнтаў-гісторыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта напачатку 2000-х. Як распавядае кіраўнік групы Дзмітрый Кіенка, 90 працэнтаў удзельнікаў авіяэкіпажаў, якія не вярнуліся з вылету, першапачаткова лічыліся зніклымі без звестак — бо момант падзення самалёта, як правіла, быў бачны толькі з зямлі. Падбіты самалёт адрываўся ад сваёй групы, а хуткасць палёту і метэаўмовы зазвычай не дазвалялі лётчыкам з іншых экіпажаў даведацца пра лёс таварышаў, якія трапілі ў бяду.

Сёння ў базе звестак групы знаходзіцца спраўджаная інфармацыя аб больш чым 500 месцах падзення самалётаў па ўсёй Беларусі, высветленыя імёны 70 працэнтаў удзельнікаў экіпажаў. Агулам жа існуюць звесткі прыкладна аб дзвюх з паловай тысячах месцаў падзення самалётаў — але гэтая інфармацыя яшчэ патрабуе праверкі на мясцовасці. З вынікамі даследванняў авіяархеалогіі Беларусі можна пазнаёміцца з кніг Дзмітрыя Кіенкі. Так, сёлета выйшла ягоная праца “Под крылом — Беларусь”, якая змяшчае сюжэты з гісторыі ўзаемадзеяння лётчыкаў з партызанамі, дзейнасці знішчальнай і бамбардзіровачнай авіяцыі. Рыхтуецца да друку і мусіць з’явіцца ўвосень новая кніга “Цель — Минск”, якая будзе прысвечаная ўдзелу бамбардзіровачнай авіяцыі ў аперацыі “Баграціён” падчас вызвалення Беларусі.

Як бачым, у справе пошуку ды ўліку пахаванняў і высвятлення лёсу палеглых падчас Вялікай Айчыннай вайны важна абавязковае аб’яднанне высілкаў дзяржавы, грамадскіх арганізацый і ўсіх неабыякавых людзей. Толькі такое партнёрства і супрацоўніцтва можа стаць зарукай плённых пошукаў і далейшага захавання ды вяртання памяці аб героях і ахвярах вайны. Кожнаму варта ў сілу сваіх магчымасцяў прыняць удзел у такой пачэснай справе, аддаўшы даніну павагі тым, хто не вярнуўся з той вайны, каб сёння мы маглі жыць.