Ну і ну-у-у, або Хто ж такое мог чакаць?

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Гісторыя стварэння “Блізнятаў-важанятаў” — ад прадзюсаркі Марыі Грыц
Прэм’ера ў інтэрнэце, фінансаванне — непасрэдна ад гледача, стыкеры з выявамі герояў... У чэрвені байнэт абляцела навіна пра выхад першай серыі беларускамоўнага серыяла “Блізняты-важаняты”. Больш за дваццаць тысяч праглядаў за некалькі дзён, тысячы станоўчых водгукаў — нягледзячы на свой хранаметраж (а першая серыя “Хованкі” доўжыцца не больш за тры хвілінкі), вясёлая і яскравая стужка Алены Барушка знайшла свайго гледача.

/i/content/pi/cult/803/17247/012.jpgУ першую чаргу, мяркуем, з-за персанажаў — такіх сімпатычных і абаяльных вожыкаў мы не бачылі ўжо даўно. Па-другое, “Хованкі” вучаць беларускай мове і прапаноўваюць маленькім дзеткам спасцігнуць невялічкія “лічылкі” — мнеманічныя вершыкі. Па-трэцяе, над фільмам працавала каманда прафесійных мастакоў-аніматараў. Ды і галоўнае, з чаго, уласна, і пачыналі: “Блізняты-важаняты” нарадзіліся як незалежны праект — яго фундатарамі выступілі 260 чалавек, якія пагадзіліся прафінансаваць стварэнне мультфільма на адной з краўдфандынгавых платформаў. “Ну і ну!”, — скажа нехта. І будзе цалкам мець рацыю.

Марыя ГРЫЦ — вось імя той прадзюсаркі і кіраўніцы праекта, што зрабіла, здаецца, немагчымае. Не здолеўшы абмінуць увагай сімпатычную ініцыятыву, мы звярнуліся да Марыі з просьбай распавесці пра этапы стварэння фільма, і, уласна, пра тое, што падштурхнула яе распачаць складаны для ажыццяўлення праект з нуля.

А чаму б і не?

/i/content/pi/cult/803/17247/013.jpg— Марыя, дык з чаго ўсё пачалося?

— З прагляду некалі такіх класных анімацыйных фільмаў як “Песня мора” і “Таямніца абацтва Келс”, — прызнаецца наша візаві. — Гэта стужкі ірландскай вытворчасці ў кааперацыі з іншымі краінамі. Я пабачыла іх і падумала: вось бы і нам такую анімацыйную карціну, — каб яна грунтавалася на беларускім сюжэце, нашых адметнасцях, і не была б такой надта класічнай. Без стэрэатыпных вобразаў, кшталту бялявай дзяўчынкі ў полі. Каб гэта было штосьці такое нечаканае...

— І куды вы рушылі з гэтым жаданнем?

— Зразумеўшы, што сама такую гісторыю зрабіць не здолею, (а напачатку падобныя думкі былі, прызнаюся), усё ж вырашыла звярнуцца да нашых пісьменнікаў. Увогуле, у пэўны момант прыйшло асэнсаванне, што трэба збіраць каманду. Канешне, калі б мела ўяўленне аб тым, ува што ўцягваюся, дык наўрад ці ўзялася за гэту авантуру (смяецца). Але тады ў мяне толькі нарадзілася дачка, быў такі эмацыйны ўздым, і я падумала: а чаму б і не?

— І што для вас сталася важным укласці ў гісторыю?

— Акрамя таго, каб яна была, так бы мовіць, не надта класічнай, я падумала найперш пра яе забаўляльна-павучальны характар. І неяк самі па сабе ў галаву прыйшлі мнеманічныя вершыкі, вершаваныя радочкі, якія дзеці маглі б вывучыць на памяць: я іх дужа люблю. Каб дзеткі маглі вывучыць назвы пальцаў рукі, дзён тыдня і гэтак далей. На беларускай мове знайшла вершык пра чэшскага пана, і... — быццам усё, нават крыўдна стала. І вось у гэтым кірунку пачала рухацца і прыкладна абмалёўваць задачу літаратарам.

Канешне, многія да маёй прапановы паставіліся з недаверам (смяецца). Яно і зразумела: зрабіць мульцік, сабраць на яго сродкі на краўдфандынгу — пагадзіцеся, гэта гучыць, мякка кажучы, утапічна. Тым больш, што сама анімацыя большасцю людзей успрымаецца як такая субкультура. Аднак я ўпарта ішла наперад і працягвала “грукаць”. На пачатку на маю прапанову мужна пагадзілася Ганна Янкута — так у праекта з’явіўся сцэнарыст. А далей ужо распачаўся пошук аніматараў.

Горад у горадзе

/i/content/pi/cult/803/17247/014.jpg— Марыя, пытанне ў гэтым моманце ўзнікае само па сабе. А чаму вы не пайшлі на кінастудыю “Беларусьфільм”? Гэта ж падаецца такім лагічным крокам.

— А я і пайшла. Але, па-шчырасці, разабрацца, якім жа чынам працуе студыя, не атрымалася. У маім успрыняцці яна засталася якімсьці горадам у горадзе. Больш за тое, мяне напужаў такі сцэнарый развіцця падзей: а раптам там мая заяўка недзе згубіцца ў шуфлядцы... Таму я вырашыла пайсці сваім шляхам — яго я больш-менш уяўляла.

— Хвацка! І што было далей?

— А далей я знайшла цудоўную аніматарку Святлану Катлярову. Праз яе да нас далучыліся і Алена Барушка, і Наталія Дарвіна, іншыя аніматары. Словам, мы выйшлі на новы ўзровень праекта. Гэта быў проста цуд, і я зразумела, што мая вар’яцкая ідэя становіцца, нарэшце, рэальнай.

Прадумвалася нават пыхканне

— Марыя, хачу заўважыць, што ваш фільм вылучаецца яскравымі сучаснымі персанажамі. Яны і візуальна прыцягальныя, і добра размаўляюць на беларускай мове. (А гэта, варта дадаць, не ў кожным беларускамоўным фільме ёсць). Як вы стваралі характары, абліччы важанятаў?

— О, гэта вельмі цікавая гісторыя. Абліччы важанятаў стварала тая самая Святлана Катлярова. Уявіце сабе, свет вожыкаў распрацоўваўся тры месяцы! Трэба было зрабіць так, каб праз аблічча кожнага важаняці можна было прачытаць і яго характар. Прадумвалася міміка звярка, нават як ён будзе пыхкаць — усё-ўсё! Спачатку нарадзіўся Пых-пых, потым наша маленькая Вожа. Далей іх мама і тата. Таксама з натхненнем стваралася і хатка вожыкавай сям’і.

— Дарэчы, а чаму менавіта вожыкі?

— Меркавалі, што героямі мусяць быць такія звяры, якіх усе ведаюць. А хто ж не ведае вожыкаў?

Такі прадукт патрэбны!

— А як вы абіралі галасы вожыкаў? Дзеткі да вас прыходзілі?

— Не. Мамы і таты дасылалі запісы галасоў дзяцей, а мы выбіралі. Я давала аб’явы аб пошуку ў інтэрнэце, з большасці, у беларускамоўных групах. І варта адзначыць, што бацькі вельмі сур’ёзна паставіліся да нашага запыту. Пых-пыха мы знайшлі хутка — вожыка-хлопчыка агучыў Станіслаў Рудакоўскі, а вось Вожу шукалі доўга. У агучванні персанажаў, як высветлілася, ёсць шмат нюансаў: трэба, каб героі і размаўлялі ясна, у іх была добрая дыкцыя, а таксама істотна, каб галасы пасавалі адзін аднаму. Словам, агучка — гэта цэлы патаемны свет. Нашу Вожу мы абіралі з больш як 30 прэтэндэнтаў! У выніку, у фільме гучыць голас цудоўнай Соф’і Залескай.

— Марыя, вы казалі, што для вас было вельмі важна стварыць менавіта беларускамоўны мультфільм. Цікава, падчас рэалізацыі праекта вы адчулі попыт на падобную прадукцыю?

— Беларускамоўныя сем’і — сапраўды адчуваюць голад на такога роду праекты. Але, па шчырасці, я глядзела шырэй — мне хацелася, каб наш фільм быў настолькі класным, каб заахвочваў і рускамоўных дзетак размаўляць на роднай мове. У рускамоўнай сям’і дзеці звычайна сустракаюцца з беларускай у школе. Гэтае знаёмства не заўжды праходзіць, скажам так, мякка: а хутчэй кшталту — бяры ды вучы. Таму нашым праектам я таксама намагалася і палегчыць гэты ўваход, зрабіць яго натуральным.

Прызнаюся, мы да канца не ведалі, што ў нас атрымаецца ў выніку. Але зараз па рэакцыі гледачоў бачу, што трапілі, куды пацэлілі. Дзясяткі тысяч праглядаў, столькі захапляльных водгукаў ад маіх сяброў, знаёмых — усё гэта пацвярджае, што такі прадукт патрэбны. Толькі на днях атрымала ўдзячны водгук маёй суседкі, дарэчы, рускамоўнай. Яе дзеткі на каранціне — скочуць пад мульцік, і адначасова вучаць, паўтараюць новыя беларускія словы. Гэта вельмі прыемна!

Шукаем сталага фундатара

— Марыя, ваш кейс па стварэнні мультфільма “гучыць” сапраўды, як гісторыя поспеху. Але ж, напэўна, былі на шляху да ўвасаблення стужкі, і шыпы?

— Складана было напачатку, калі ніхто не верыў. Збіраць грошы на краўдфандынгу таксама было няпроста, хоць нітачкі падтрымкі цягнуліся з самых розных гарадоў, ад самых розных людзей. Зараз, напэўна, я ўжо на такое і не пайшла б. На наступныя фільмы серыяла, дарэчы, будзем шукаць сталага фундатара ці спонсара.

— У планах — наступная стужка, так?

— Пандэмія трохі замарозіла далейшыя планы, але — так. Ганна Янкута ўжо прыдумала новыя прыгоды нашых важанятак. Спадзяюся, што з намі застанецца і цудоўны кампазітар Сяргей Долгушаў, лідар гурта Vuraj, які напісаў для нашага першага фільма такую запамінальную песеньку. Будзем працягваць.

— Не было ідэй наконт далейшага прамоўшэна фільма, магчымага выдання дыскаў?

— Пра гэта не думала, шчыра кажучы. Ды, прызнацца, нават дома ў мяне не знойдзецца камп’ютара, у якім можна яшчэ ўставіць дыск. Я нармальна стаўлюся да інтэрнэт-рэлізаў: дарэчы, адным з аргументаў у прыняцці рашэння на карысць незалежнага праекта быў для мяне менавіта прамы выхад на аўдыторыю, максімальная дасяжнасць фільма. Мне падаецца, што анімацыя кінастудыі Беларусьфільм” шмат губляе з-за таго, што публіка рэдка бачыць прадукцыю нашых аніматараў. У кінастудыі ёсць свой канал на Уoutube, але ён слаба рэкламуецца, на маю думку.

У гэтым сэнсе мне таксама было важна данесці людзям, што добрая, якасная і вясёлая анімацыя робіцца ў нашай краіне. Спадзяюся, што гэта ў нас атрымалася.

— Сапраўды так. Марыя, жадаю вам поспеху з новымі серыямі.

— Дзякуй! На наступным тыдні на нашай старонцы з’явяцца стыкеры для мабільных тэлефонаў з выявамі важанят. Пампуйце!

— Абавязкова!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"