“Клічу вас я на пабеду”

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

На працягу 2020 года ў адным са старэйшых літаратурных музеяў краіны — Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы — рэалізуецца наватарскі культурна-асветніцкі праект “Дом успамінаў” для людзей “60+” (згодна з Грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Праект ладзіцца ў фармаце жывой гісторыі, а музей стаў цэнтрам трансляцыі памяці 12 чалавек, якія з’яўляюцца медыятарамі паміж пакаленнем сучаснікаў Янкі Купалы і беларусамі ХХI стагоддзя. Мэта праекта — захаванне нацыянальных духоўных традыцый і пашырэнне сферы інклюзіі ў музеі.

/i/content/pi/cult/803/17246/07.jpgПадчас заняткаў — апошнія два месяцы ў рэжыме online — адбываецца навучанне ўсім відам музейнай дзейнасці: збіранне, захоўванне і прэзентацыя прадметаў музейнага значэння з уласных калекцый. Мая задача як куратара — адправіць удзельнікаў праекта ў “сентыментальнае падарожжа”, падчас якога яны даведаюцца пра жыццё, дом, сям’ю, сяброў, захапленні Івана Луцэвіча (Янкі Купалы) і атрымаюць магчымасць падзяліцца сваімі ўспамінамі па ўсіх акрэсленых тэмах, падмацоўваючы іх памяткамі з сямейных архіваў.

Праз прызму шматграннай творчасці Янкі Купалы ўдзельнікі праекта могуць трансляваць матэрыяльную і нематэрыяльную спадчыну беларусаў, паказваючы важнасць кожнага чалавечага лёсу ў гісторыі краіны.

У аснову аднаго з апошніх заняткаў “Клічу вас я на пабеду” былі пакладзены ўспаміны сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і Янкі Купалы, дакументы і фотаздымкі, а самі ўдзельнікі праекта сталі неацэннай крыніцай інфармацыі для музея, які прымаў першых наведвальнікаў у верасні 1945 года.

Удзельніца праекта, стараста групы Каледзіна Людміла Міхайлаўна успамінае:

“Мой бацька Каледзін Міхаіл Васільевіч жыў у Маскве, на знакамітай вуліцы Чырвоная Прэсня. Сярэбраны бор, Сакольнікі... Жыццё неверагодна прыгожае і цікавае, асабліва, калі табе 23 гады! Але раптам вайна…

23 чэрвеня 1941 года па заказу газеты “Звязда” Янка Купала падрыхтаваў артыкул аб нападзе Германіі. У ім гаварылася аб тым, што “вораг знойдзе сабе магілу на нашай зямлі”.

23 чэрвеня 1941 года, атрымаўшы чырвонаармейскую кніжку і абмундзіраванне, тата пайшоў абараняць сталіцу ад фашыстаў. Як і Янка Купала ён узнагароджаны медалём “За абарону Масквы”.

У ліпені-жніўні 1941 года Янка Купала жыў у Маскве, па вуліцы Вялікая Грузінская на кватэры свайго даўняга сябра мастака Канстанціна Елісеева. У музеі захоўваецца графік дзяжурстваў па ахове ад запальных бомб дома № 56. У спісе жыхароў сярод іншых — імя Янкі Купалы. Пасмяротна паэт узнагароджаны медалём “За абарону Масквы”.

/i/content/pi/cult/803/17246/08.jpg...Травень 1945 года абсыпаў зраненую зямлю пялёсткамі квітнеючых вішняў і яблынь, сярод маладой траўкі з’явіліся маленькія залатыя сонейкі — кветкі падбелу. Ура! Перамога! Вайсковую частку Трэцяга Беларускага фронту, дзе служыў бацька, перакінулі ў ваенны гарадок, размешчаны ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці.

Гэта мая “малая радзіма” — я тут нарадзілася 73 гады таму, адсюль родам мая мама Алена Тарасаўна Праташчык.

У 1941 годзе яна скончыла школу, марыла паступіць у інстытут, а потым вучыць дзяцей, але вайна змяніла ўсе планы. Ужо 27 чэрвеня Старыя Дарогі былі захопленыя 3-й танкавай дывізіяй вермахта. І пачаліся тры гады жаху пагромаў, рабаванняў, масавых пакаранняў, падчас якіх загінула каля 4000 жыхароў раёна. Беларусы сталі сыходзіць у лясы, ствараючы партызанскія атрады. На тэрыторыі рэгіёна дзейнічала шэсць партызанскіх брыгад.

Верш Янкі Купалы “Беларускім партызанам” стаў самым знакамітым яго творам часу вайны. Слова паэта, якое заклікала на змаганне з ворагам, чакалі ў кожным партызанскім атрадзе. Радкі з верша сталі пазыўнымі радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”: “Партызаны, партызаны, // Беларускія сыны! // За няволю, за кайданы // Рэжце гітлерцаў паганых, // Каб не ўскрэслі век яны. // Клічу вас я на пабеду, // Хай вам шчасцем свецяць дні”.

Застаючыся дома, мая мама з братам і бабуляй Уллянай сталі сувязнымі партызанскага атрада (даведка на фота). Яны перадавалі ў лес прадукты харчавання і адзенне, звесткі пра нямецкія войскі. За сувязь з партызанамі немцы бязлітасна знішчалі ўсю сям’ю. А для маіх родных гэта было ўдвая небяспечна: у суседняй хаце, вокны ў вокны, жыла сям’я паліцая.

Старыя Дарогі вызвалілі 28 ліпеня 1944 года. Нарэшце спраўдзілася мара мамы: яна пайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у старадарожскай сярэдняй школе, пазнаёмілася з татам, ажаніліся і пражылі ў каханні і шчасці 46 гадоў!”

Без звестак прапаў на фронце сын народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, сябра Янкі Купалы, Юрый Канстанцінавіч Міцкевіч.

Чыкоўкіна Наталля Мікалаеўна успамінае:

/i/content/pi/cult/803/17246/09.jpg“Прайшлі праз усе жахі вайны і без звестак зніклі браты майго бацькі Аляксандр і Павел, а таксама брат мамы Іван.

Мой тата, Чыкоўкін Мікалай Пятровіч, прайшоў усю вайну і дайшоў да Берліна, распісаўся на сценах Рэйхстага.

У пачатку вайны яго накіравалі ў горад Горкі на курсы радыётэлеграфістаў.

Тата служыў у зенітным артылерыйскім палку начальнікам радыёстанцыі. Прайшоў праз усю Еўропу, узнагароджаны медалямі за вызваленне Варшавы, узяцце Берліна, за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва ганарыўся медалём “За баявыя заслугі”.

Папа на фронце быў яшчэ і фатографам. Мне запомнілася гісторыя, якая пацверджана фота: тата ішоў з фотаапаратам, а насустрач немцы таксама без бачнай зброі, параненыя, усе ў бінтах. Ён іх сфатаграфаваў, і яны разышліся мірам. Аказалася, што пад бінтамі ў іх былі прымацаваныя вінтоўкі.

Мая мама, Праскоўя Міхайлаўна Амінева, засталася з дзвюхгадовай дачкой Ліліяй у родным горадзе Паўлаве, перайшла жыць да сваіх бацькоў. Калі фашысты наступалі на Маскву, то бамбілі і наш горад. Сястра помніць выццё трывогі, промні пражэктараў, яе апраналі і выбягалі на вуліцу. З сабой бралі самае каштоўнае — швейную машынку Зінгер. Бабуля не толькі абшывала ўсю сям’ю, але на ёй шылі рукавіцы і многае іншае для байцоў Чырвонай Арміі”.

Жывучы ў Маскве, Купала наведваў сяброў, якія жылі ў Падмаскоўі. Якуб Колас успамінаў: “Некаторы час Купала жыў са мной у Клязьме, на дварэ стаяла яго легкавая машына. У Клязьме сваімі сіламі было зроблена бомбасховішча. У час начных бамбёжак мы ішлі ў бомбасховішча, Купала аддаваў перавагу машыне”.

З успамінаў Салаўёвай Ліліі Давыдаўны:

“У ліпені 1941 года ў Ружанах было створана яўрэйскае гета, у якім апынуўся мой бацька Савульскі Давыд Барысавіч, ягоныя бацькі, шасцёра братоў і сясцёр. Вязні разбіралі завалы, капалі траншэі, рамантавалі будынкі. Пры спробе пакінуць тэрыторыю — расстрэл. 2 лістапада 1942 года пачалася ліквідацыя гета і яўрэяў пагналі ў канцлагер Трэблінка. Там загінулі татава мама, дзве яго старэйшыя сястры з мужамі і дзецьмі, і малодшая сястрычка. У жніўні 1942 года бацька ўцёк з гета і да ліпеня 1944 года ваяваў разам з партызанамі. (пасведчанне аб гэтым на фота).

/i/content/pi/cult/803/17246/011.jpgУ час Вялікай Айчыннай вайны, калі пачалося масавае знішчэнне яўрэяў, Янка Купала не мог стрываць болю, які напоўніў яго сэрца, і напісаў пранікнёную баладу “Дзевяць асінавых колляў”, якая засталася незавершанай…

У 2015 годзе падчас урачыстага адкрыцця памятнага знака Янку Купалу ў Ізраільскім горадзе Ашдод на плошчы яго імя гучалі менавіта гэтыя паэтычныя радкі:”...Загад людаедаў: “У яму, яўрэі, // А вы, беларусы, быстрэй засыпаць!”// А вокала свішчуць вятры-сухавеі // І зверы трывожаць балотную гаць.”

У аснове твора рэальная гісторыя. У вёсцы Рубяжэвічы, адкуль родам мама Янкі Купалы Бянігна Іванаўна Луцэвіч (Валасевіч), 1 снежня 1941 года немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, арганізавалі гета, дзе было знішчана 1388 чалавек.

Ужо 28 жніўня 1941 года фашысты захапілі вёску, дзе жыла мая мама Савульская Ніна Георгіеўна, у сакавіку 1943 года яе пагналі ў Нямеччыну ў горад Раушэн (Светлагорск) пад Кёнігсбергам працаваць у сям’і гестапаўца. Пра гэты час яна заўсёды ўспамінала са слязамі і болем: “Не дай бог перажыць такое! — часта паўтарала яна і плакала. — Забыцца не магу як моцна хацелася, каб хтосьці абняў, пагладзіў па галаве і даў кавалак хлеба”. Дзіўная рэч: захавалася лыжка, якую мама ўзяла з дому, і якая была з ёй усю вайну (на фота).

Мой тата ўзнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і медалём “Партызану Айчыннай вайны” (цяпер разам з музеем Янкі Купалы зрабілі запыт у Нацыянальны архіў, каб атрымаць дакументальнае сведчанне.

У 1946 годзе бацькі ажаніліся, нарадзіўся мой брат Валянцін, а праз шэсць гадоў — я. Тата не любіў распавядаць пра вайну, ён пайшоў з жыцця 19 лютага 1990 года, мамы не стала 16 мая 2019 года.

Памяць пра іх жыве ў дзяцей, унукаў і праўнукаў. Як жа я радавалася, калі мая сямігадовая ўнучка зрабіла паштоўку да Дня Перамогі і папрасіла дазволу пакінуць яе на магіле сваёй прабабулі”.

З успамінаў Курскай Святланы Валянцінаўны:

“Вялікая вайна ... і вялікая трагедыя ... Трагедыя для ўсяго нашага народа, трагедыя для кожнай сям’і. З гадамі я ўсё больш балюча адчуваю гэта ... Мая бабуля ў 30 гадоў стала ўдавой, дзядуля ў 34 застаўся навечна ляжаць у чужой зямлі.

Прабабуля Альжбета вельмі перажывала, калі адправіла сына на вайну. Яна часта плакала, а потым наогул злегла. Аднойчы раніцай паклікала бабулю да сябе і сказала, што “прыснiла Ананiка маленькiм і голенькiм” і дадала: “няма Яго больш...” Яна адчула смерць сына і памерла 27 снежня 1944 года, а дзядуля Ананій памёр ад ран у шпіталі 26 снежня 1944 года.

Старэйшая сястра Янкі Купалы Ганна згадвала, як 28 чэрвеня Бянігна Іванаўна, якая ўжо амаль не ўставала, усхапілася з ложка і сказала: “Няма нашага Янкі. Я бачыла яго над раскрытай магілай”. 30 чэрвеня 1942 года яна пайшла з жыцця, так і не даведаўшыся пра смерць сына. Хавалі іх у адзін дзень - 1 ліпеня 1942 года - яе ў Мінску, яго ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта быў перавезены з Масквы і перазахаваны на Вайсковых могілках. Там пахаваны маці паэта, яго жонка і цешча.

Бабуля атрымала на сына дзве “пахаванкі”. У першай гаварылася, што прапаў без вестак пры вызваленні Будапешта. А ў 1945 годзе прыйшла другая, дзе было напісана, што “ў баі за Сацыялістычную радзіму быў паранены і памёр ад ран 26 снежня 1944 года года. Пахаваны — Венгрыя” .

“Ні ў адной наступальнай аперацыі 1944 года не даводзілася весці гэткіх напружаных баёў, як у Будапешце”, — гаварылася ў афіцыйнай савецкай хроніцы.

На сайце “Мемарыял” мы даведаліся аб месцы пахавання нашага героя: Венгрыя, горад Эньінг, на плошчы Сэнт Імрэ. Усяго 392 пахаванні. Вядома 26.

Хацелася б пабываць на магіле дзядулі, убачыць найпрыгажэйшы горад Будапешт, пры вызваленні якога ён навечна застаўся ляжаць у чужой зямлі...

75 гадоў няма вайны... Я хачу, каб мае сыны, унукі, праўнукі памяталі і ведалі, якой цаной заваявана іх жыццё!”

Янка Купала чакаў Перамогу, верыў у яе, марыў…: “Я кожны дзень думаю як мы будзем ісці па Беларусі, я часта ў сне бачу вуліцы ў вёсках, дамы ў спаленых гарадах, мы будзем будаваць дамы, як у казцы: горад — у дзень, калі б я не быў паэтам і старым чалавекам, я хацеў бы быць каменьшчыкам пасля вайны”.

Па выніках праекта “Дом успамінаў” у лістападзе 2020 года будзе створана выстаўка, адзін з шасці разделаў якой прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У экспазіцыі будуць прадстаўлены арыгіналы дакументаў з сямейных архіваў суаўтараў выстаўкі — удзельнікаў культурна-асветніцкага праекта.

Вольга ПАРХІМОВІЧ, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы, аўтар праекта

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і з сямейных архіваў удзельнікаў праекта