Брэст, 22 чэрвеня 1941 года — пачатак нашай Перамогі

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Дата пачатку Другой сусветнай вайны — пытанне дыскусійнае. Можна лічыць, што яна пачалася ў 1938 годзе, калі ў Мюнхене лідары Заходняй Еўропы фактычна ўручылі Гітлеру карт-бланш на перагляд ладу, усталяванага на кантыненце пасля заканчэння Першай сусветнай вайны. А можа, пачалася яна ў верасні 1939 года, калі Польшча і Германія не здолелі дамовіцца пра так званы “Данцыгскі калідор” — экстэрытарыяльную трасу, што мелася з’яднаць Рэйх з юрыдычна суверэнным горадам Данцыгам, і Гітлер вырашыў гэтае пытанне сілай, знішчыўшы Польскую дзяржаву. Можна згадаць 1936 год, калі ў грамадзянскую вайну ў Іспаніі так ці інакш была ўцягнута добрая палова Еўропы і Савецкі Саюз. А можа, Другая сусветная — гэта працяг Першай з перапынкам на два (ці амаль два) умоўна мірныя дзесяцігоддзі, каб ваюючыя бакі маглі залізаць раны і зноў счапіцца ў бойцы.

/i/content/pi/cult/803/17242/1SS.jpgА вось тое, што кульмінацыя Другой сусветнай — Вялікая Айчынная вайна (1941 — 1945), сумненняў няма. І наша перамога ў ёй стала перамогай цывілізацыі над дзікунамі, сіл прагрэсу над варварамі. Сёння з вышыні часу зразумела, што з улікам усіх абставін, якія папярэднічалі даце 22 чэрвеня 1941 года, нацысцкая Германія магла нанесці Савецкаму Саюзу велізарныя страты, але перамагчы нашу дзяржаву ў яе не было ніводнага шанцу.

Вось і пачатак вайны быў для СССР катастрафічным, а вынік— трыумфальным. Былі страчаны Мінск і Кіеў, у аблозе аказаўся Ленінград, да сталіцы Савецкага Саюза немцы падышлі на адлегласць, калі да Крамля па прамой было менш за 30 кіламетраў; а бітва, якая рэальна пераламіла ваенную сітуацыю на нашу карысць завяршылася толькі на пачатку лютага 1943 года на Волзе. Потым — адціснулі ворага за нашу дзяржаўную мяжу, потым — вызвалілі Еўропу і ўзнялі Чырвоны сцяг над Рэйхстагам.

Беларусь першая прыняла ўдар агрэсара, і на нашай зямлі ўпершыню быў запаволены рух вермахта: здарылася тое пад Магілёвам. Канстанцін Сіманаў, які быў сведкам абароны горада, потым згадваў, што менавіта на Буйніцкім полі, дзе гарэлі дзясяткі нямецкіх танкаў, ён абсалютна ясна ўсвядоміў, што мы пераможам і адсвяткуем перамогу ў Берліне.

А ў гэты ж час яшчэ трымала абарону Брэсцкая крэпасць… На той трагічны момант не здацца, не адступіць, цаной свайго жыцця запаволіць рух ворага азначала перамагчы. Леў Талстой у славутым рамане “Вайна і мір” пераканаўча давёў, што перамагае не той, у каго лепш арганізаванае войска, больш сучасная зброя і выгодная баявая дыспазіцыя, а той, каму ёсць за што змагацца, хто менш сябе шкадуе. У гэтым сэнсе мы перамаглі ўжо ў першы дзень Вялікай Айчыннай. Брэст, 22 чэрвеня 1941 год— пачатак нашай Перамогі, якую нам было наканавана адсвяткаваць праз 1418 дзён.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"