Раман ПАДАЛЯКА: “Пасля “Радзіва Прудок” ад мяне ізноў чакаюць сенсацыі”

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Нават далёкі ад тэатра чалавек чуў пра спектакль “Радзіва Прудок”, прэм’ера якога адбылася ў Купалаўскім два гады таму. Як для многіх любімай стала аднайменная кніга Андруся Горвата, так любімым стаў і спектакль Рамана Падалякі, рэжысёра і аўтара інсцэніроўкі. Але ў якасці рэжысёра акцёр Раман Падаляка тады толькі дэбютаваў, сёлета ж адбылася ўжо другая прэм’ера, рыхтуецца трэцяя — і ўжо зразумела, што яна таксама трапіць у цэнтр увагі. Як акцёру стаць рэжысёрам, як знайсці сваю ўнікальную тэму, як у акадэмічным тэатры весці ўласную лінію і ставіць перад сабой звышзадачы — пагаворым з акцёрам і рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Раманам ПАДАЛЯКАМ.

/i/content/pi/cult/802/17240/027.JPG— Неяк пасля прэм’еры “Радзіва Прудок” вы казалі, што не збіраецеся пераходзіць з прафесіі акцёра ў прафесію рэжысёра. Тым не менш вы паставілі ўжо два добрыя спектаклі і працуеце над трэцім.

— Проста я вельмі сур’ёзна стаўлюся да звання рэжысёра. Я лічу, што трэба не тое што дыплом мець — гэта якраз у наш час ні пра што не сведчыць, а трэба вучыцца, развівацца, спасцігаць законы сцэны, ставіць звышзадачы, браць на сябе адказнасць. Для мяне гэта пакуль проста спосаб зрабіць нешта добрае ды цікавае і больш самарэалізавацца Як акцёр я па-ранейшаму заняты амаль у кожнай прэм’еры тэатра: зразумела, што адной рэжысурай не пражывеш — у нас не Галівуд і не тыя ганарары. З нядаўняга часу я задзейнічаны ў спектаклях “Рэвізор” і “Шляхціц Завальня”, у адкладзеным прэм’ерным пластычным спектаклі “Успамінаючы Шагала”. Хаця эмацыйна я больш загружаны і запоўнены сваімі рэжысёрскімі праектамі, але калі заўтра з’явіцца нешта такое, што захопіць мяне як акцёра, — я буду шчаслівы. Бо былі ж у мяне калісьці і “Дзяды”, і “Дзве душы”, былі такія праекты як “Маэстра” ці “Івона, прынцэса Бургундская”, быў монаспектакль “Востраў Сахалін” — ёсць што ўспомніць, паіграў я ўжо нармальна.

— Дэбютаваўшы, вы здолелі стварыць адзін з самых гучных і папулярных у гледачоў спектакляў за апошнія гады. Ці разлічвалі на такі поспех?

— Сваю заслугу я не перабольшваю — адыгралі ролю і папулярнасць кнігі, і папулярнасць пісьменніка Андруся Горвата, і рэнамэ самога нашага тэатра. За два гады “Радзіва Прудок” мы паказалі ўжо каля 80-ці разоў, і гэта адзіны спектакль з рэпертуару Купалаўскага са стопрацэнтнымі продажамі і заўсёднымі аншлагамі — для пастаноўкі Малой сцэны вынік шыкоўны. Думаю, яшчэ некалькі гадоў “Радзіва” пратрымаецца ў статусе аншлагавага.

Наконт разліку — яго не было, а было вялікае жаданне і вялікая цікавасць гэта зрабіць, бо я захапіўся кнігай. Галоўнае, што мы ўсе працавалі з вялікай любоўю, а калі ты закладаеш у справу такую энергетыку, то ўсё атрымаецца. Але ж поспех у гледачоў не азначае гэткі ж поспех у крытыкаў, я чуў самыя розныя меркаванні. А за што мне сапраўды было крыўдна, дык за тое, што “Радзіва Прудок” ніяк не адзначылі на Нацыянальнай тэатральнай прэміі, — быццам яго і не было ў 2018 годзе! Вось гэтага, прабачце, я ўжо не разумею. Няхай за рэжысуру я і не разлічваў атрымаць, але як можна было, напрыклад, не даць прэмію Святлане Анікей? Яна ж проста шыкоўная была, у адным спектаклі сыграла столькі бліскучых вобразаў — у нашым тэатры падобнае мала хто робіць.

/i/content/pi/cult/802/17240/028.JPG— На пачатку гэтага года адбылася прэм’ера вашага новага спектакля “Першы” — таксама незвычайнага, эксперыментальнага. І зноў вам удалося зачапіць гледачоў за жывое, звярнуўшыся не да іх розуму, а хутчэй да сэрца.

— Пачынаць працу над другім спектаклем было нават больш складана, бо ад мяне ізноў чакалі б сенсацыі. Але я, скажам так, сціснуў зубы і пайшоў далей, бо калі ўжо пачаў, то трэба рухацца. Так што “Першы” для мяне як для рэжысёра ў пэўным сэнсе быў менавіта першым — “Радзіва Прудок” я лічу абсалютна асобнай гісторыяй, як бывае гісторыя кахання, гісторыя захаплення і натхнення.

У працы над “Першым” мне цікава было зразумець, які першы ўспамін у жыцці ў нас быў, якая ў нас была адпраўная кропка. Хацелася даследаваць тэму дзяцінства, у якім кожны дзень напоўнены падзеямі, што адбываюцца ўпершыню — першы негатыў і пазітыў, першыя станоўчыя ці адмоўныя эмоцыі. Гэта ж накладвае адбітак на ўсё далейшае жыццё і на тое, якім ты будзеш. Дасягнуць сваёй мэты я вырашыў праз выкарыстанне формы дакументальнага тэатра: гэта значыць, сабраўшы рэальныя гісторыі нашых акцёраў і іншых людзей, якія дасылалі свае расповеды нам на электронную скрыню. Было складана, бо на кожнай рэпетыцыі мог з’явіцца новы тэкст, новы сюжэт, магла змяніцца канцэпцыя, артысты часам пачыналі плакаць, расказваючы свае ўласныя гісторыі. Мэта была як быццам пражыць адзін умоўны дзень ва ўмоўным дзіцячым садку, у нейкім таемным пакоі, у які мы заходзім і зноў бачым сябе дзецьмі, і згадваем розныя сітуацыі — і прыемныя, і траўматычныя — з той дзіцячай логікай, з той дзіцячай эмоцыяй. І кожны глядач пачынае думаць пра ўласнае дзяцінства, нешта згадваць і аналізаваць.

— Па ідэі ў вас планаваўся спектакль у модным зараз жанры verbatim — дакументальнага тэатра, які на беларускай сцэне пакуль вельмі рэдкі. Але па выніку ў вас ізноў атрымалася нешта такое, што складана назваць адным тэрмінам.

— Так, былі заўвагі наконт таго, што я не да канца прытрымліваўся прынцыпаў дакументальнага тэатра, у якасці папрока казалі — гэта не verbatim! Але ж, шчыра, мяне не так хвалюе дакладная адпаведнасць жанру, як тое, каб спектакль атрымаўся. Сапраўды, ствараючы з Міхаілам Зуем інсцэніроўку, мы не да канца адпавядалі метадалогіі док-тэатра, калі трэба цалкам “зняць” характар чалавека, цалкам захаваць яго асобу. Але слухайце, тут ад самага пачатку было немагчыма адпавядаць — мы ж працуем па-беларуску, а большасць успамінаў былі напісаныя людзьмі па-руску. І ўжо пры перакладзе нам даводзілася мяняць стылістыку і характар чалавека.

— І ў другой пастаноўцы вы не пайшлі па лёгкім, усім зразумелым шляху, ізноў узяліся за нешта адрознае ад таго, што мы прызвычаіліся называць “акадэмічным тэатрам”.

— Можна сказаць, што я стаўлю перад сабой задачы, складаныя ад самага пачатку: стварыць спектакль без яўнай інсцэніроўкі — як “Радзіва Прудок”, стварыць увогуле без тэкста, калі няма на што абаперціся драматургічна, — як “Першы”. Я спецыяльна шукаю для сябе праблемы, бо іх рашэнне і пераадоленне якраз і стварае ўмовы для таго, каб нарадзілася нешта небанальнае. Па ідэі, Малая сцэна менавіта для гэтага і прызначна.

Сам я бяруся за тое, што мне цікава, што мяне хвалюе. Часта гляджу ў тэатрах спектаклі і не магу зразумець, чаму абраная тая ці іншая п’еса, што стваральнікі пастаноўкі хочуць ёю сказаць? Ці ёсць у іх увогуле нейкае выказванне? Я бачу, што і мэты такой не ставілася, а людзі проста “робяць спектакль”, каб выканаць план, каб прадаць квіткі ці нешта такое. А мне хочацца выказацца, я хачу, каб у спектаклі была нейкая звышідэя. Не ў тым сэнсе, што ідэя “выратаваць свет”, а ў сэнсе, што ў рэжысёра павінна быць мэта нешта данесці да людзей. І павінна быць актуалізацыя ў сённяшні дзень, каб тэма хвалявала сучаснага гледача, нават калі гаворка пра нейкія гістарычныя падзеі. Без усяго гэтага тэатр падаецца мне мёртвым мастацтвам.

— Вы працуеце над трэцяй пастаноўкай, і па вашай ужо традыцыі — няма ні п’есы, ні жанру, і нават цяжка ўявіць, у якой форме мы ўбачым вынік.

— З Міхаілам Зуем як сааўтары мы думаем над праектам “Колер Беларусі” паводле жыцця і творчасці паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, хочам стварыць спектакль-успамін пра гэтага выдатнага творцу. І нам трэба неяк аб’яднаць усё — яго вялікую напаўдаследчую працу з мноствам фатаграфій “Колер Беларусі”, яго вершы, тэксты песень і ўвесь “Народны альбом”, яго лекцыі. Хочам выкарыстаць і ўспаміны пра Міхала — неўзабаве выйдзе цэлая кніга. Гэтая асоба мне падаецца вельмі значнай і знакавай для нашай краіны, таму я стаўлю нават і асветніцкую задачу, хаця вельмі не люблю падобныя словы. Вось усё гэта павінна стаць асновай нашага арт-праекта, а які ён будзе па форме — складана сказаць. Але мы да такога ўжо прызвычаіліся, нам падабаецца. (смех) Зрэшты, фінал спектакля я ўжо ведаю. Засталося прыдумаць усё астатняе.

— Відавочна, што вам цікава ўвогуле ўсё беларускае, вы ўключаны ў культурны працэс нашай краіны. Дарэчы, і ў жыцці размаўляеце па-беларуску, а гэта робяць далёка не ўсе акцёры, што са сцэны прамаўляюць на роднай мове. Скуль у вас гэта пайшло?

— Як я і казаў пра спектакль “Першы” — усё ідзе з дзяцінства: мой бацька размаўляў па-беларуску. І хаця школа была рускамоўная, потым я пайшоў у Коласаўскі ліцэй, які славіўся сваёй беларускай адукацыяй. Што тычыцца тэатра, то для мяне, можа, трохі і дзіўнавата, калі людзі, якія працуюць на гэтай мове са сцэны, самі ёй дасканала не валодаюць. Але ж тэатр гэта частка нашага грамадства і ў тэатры як паўсюль, чакаць нечага іншага — утопія. Аднак усё рухаецца, і рухаецца ў лепшы бок. Гады тры-чатыры таму наш мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін першым у гісторыі тэатра пачаў весці рэпетыцыі па-беларуску, і гэта было яго прынцыповым рашэннем.

— Але вас хапае не толькі на тэатр, вы і ў іншых сферах адзначаецеся…

— Сваёй камандай з Міхаілам Зуем і аператарам Ксеніяй Васілеўкінай яшчэ да спектакля “Радзіва Прудок” мы знялі фільм “Ягор”, зараз знялі відэа ад імя Купалаўскага “Мы яшчэ вернемся”. Робім анлайн-праекты, напрыклад, “Чытаць я хацеў” — акцёры чыталі творы беларускай літаратуры. На пачатку сезона я заяўляў праект, які аб’яднаў бы тэатр і літаратуру: каб ва ўмовах сур’ёзнага недахопу добрай сучаснай драматургіі на беларускай мове рэжысёры звярталіся да сучаснай літаратуры. Хацелася б рэалізаваць і праект Лабараторыі для маладых рэжысёраў. Ужо падыйшлі мы да ідэі экранізацыі “Радзіва Прудок” і думаем, як гэта зрабіць і з другой кнігай Андруся Горвата “Прэм’ера”.

— Апошняе пытанне: чаму менавіта вам усё гэта трэба, чаму нельга жыць больш проста і спакойна?

 — Таму што мне сумна знаходзіцца ў паўсядзённасці і нікуды не рухацца. Паўтаруся, супакоіцца і спачываць на лаўрах — занадта небяспечна. На жаль, на прыкладзе многіх акцёраў я назіраю сітуацыю, калі людзям ужо мала што цікава. Напрыклад, на тэатральных фестывалях лічаныя акцёры ходзяць на спектаклі, якія да нас прывозяцца з усяго свету, — для мяне гэта нонсэнс. Сапраўды, камусьці хапае прыйсці ў тэатр, зрабіць тое, што яму скажа рэжысёр, і пайсці дахаты. У мяне, мабыць, іншы тэмперамент, я прагну новага. І многіх рэчаў мне проста нават як гледачу не стае — спектакляў, кіно, іншых нейкіх праектаў. І каб яны з’явіліся, каб былі добра зробленымі, даводзіцца рабіць іх самому… Вось так напаўжартам магу адказаць.