Зачараваны Бацькаўшчынай

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Памёр выдатны мастак — Уладзімір Самойлавіч Басалыга. Адыход ягоны з жыцця — вялікая страта для беларускай мастацкай культуры. І не толькі таму, што за паўвека сваёй творчай работы ён стварыў дасканалыя графічныя творы, але і таму, што заўсёды быў сапраўдным Майстрам, высокамаральным і глыбока натхнёным чалавекам.

/i/content/pi/cult/802/17237/023.JPGВядомыя словы Марселя Пруста, прамоўленыя ім пра памерлага чалавека. Іх можна аднесці і да Уладзіміра: “Нават пасля смерці ён працягвае свяціць нам, як тыя згасшыя зоркі, чыё святло ўсё яшчэ даходзіць да нас”. Аднак усё гэта згаліны астраноміі, навукі, што рвецца ад Зямлі ў Космас. Уладзімір Самойлавіч жа спрабаваў рашаць нашы зямныя праблемы, у першую чаргу, звязаныя з нацыянальным Адраджэннем роднай Беларусі, і ў тым ён быў чалавекам рэдкай прыстойнасці і выключнай асабістай абаяльнасці.

Я блізка ведаў Валодзю з пачатку 1970-х, калі ён быў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, і потым, калі ўзначальваў беларускі творчы Саюз. І яшчэ многія гады пасля нашы творчыя шляхі перасякаліся па розных накірунках: мы шмат гадоў працавалі разам у адной сістэме Саюза мастакоў, доўгі час жылі ў адным пад’ездзе дома па вуліцы Сурганава, і там з нашымі агульнымі сябрамі здзяйснялі ў двары няспешны вячэрні праменад. Бывала, разам адкрывалі мастацкія выставы і прымалі ўдзел у прэзентацыі новых кніг, дыскутавалі на розных абмеркаваннях мастацкіх экспазіцый або творчых канферэнцыях, дзе яго больш за ўсё турбавала пытанне: як будзе далей развівацца наша нацыянальная культура, як захаваць ейную каранёвую самабытнасць, архітэктурную спадчыну, мову, шматвекавую гісторыю, якую трэба наноў вывучаць-спасцігаць, ачышчаючы яе ад непраўдзівых ідэалагічных пластоў. Многае можна ўспомніць пра тое, што было. І гэтыя ўспаміны грэюць душу...

Для мяне Уладзімір быў і назаўсёды застанецца самым зямным чалавекам, зачараваным мастацтвам, прыродай, людзьмі, жыццём. А сэнс свайго жыцця ён вызначыў сам у сваіх графічных цыклах “Беражыце роднае слова”, “Мова наша родная”, “Радзіма мая дарагая”, “Песня працалюбству”, “Зямное і касмічнае”, “Успаміны аб зямлі”, і ў самай выдатнай, на мой погляд, манументальнай серыі каляровых літаграфій “Помнікі дойлідства Беларусі”. На стварэнне яе мастака натхніў Уладзімір Караткевіч, якога Уладзімір Басалыга лічыў сваім сябрам і адзінадумцам.

Так, Беларусь заўсёды заставалася ў ягоным сэрцы, калі ён з задавальненнем ілюстраваў тварэнні Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка і Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Віткі, Петруся Броўкі і Ніла Гілевіча, калі ён па-мастацку афармляў “Русско-белорусский словарь” або альбом, прысвечаны гравюрам Францыска Скарыны. Усё, што ён рабіў у мастацтве: у станковай графіцы, у кніжнай ілюстрацыі, у дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у педагагічнай дзейнасці, ён рабіў дзеля высокай нацыянальнай ідэі, дзеля таго, без чаго ён не мог жыць. Ён быў жыццелюбівым, вельмі жыццелюбівым чалавекам. Умеў моцна, па-мужчынску сябраваць, заўсёды застаючыся адданым і верным паплечнікам. Ён валодаў тонкім пачуццём гумару, бліскуча валодаў іроніяй, і яго вострае, своечасова сказанае слова нярэдка адкрывала людзям вочы, пасля чаго яны лепш разумелі сябе.

...Ад нас пайшоў чалавек, які духоўна, маральна цэментаваў наша мастацкае брацтва. Ды і не толькі мастацкае, але і яднаў усіх тых, хто прысвяціў свае жыцці Беларусі. Мы заўжды будзем памятаць цябе, дарагі Уладзімір Самойлавіч! Царства табе Нябеснага!

Барыс Крэпак,
заслужаны дзеяч
мастацтваў Беларусі