Адказы без пытанняў

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Да святкавання 75-й гадавіны Вялікай Перамогі прычыніліся многія, кожны ў меру сваіх магчымасцяў: усе культурніцкія сілы, усе творчыя цэхі краіны. У прыватнасці, у сталіцы мастацкія ці мастацка-публіцыстычныя экспазіцыі з нагоды свята прайшлі ва ўсіх найбольш значных выставачных залах. Не застаўся ў баку і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Зараз там праходзяць дзве выставы. Пра адну з іх — “Алфавіт вайны”, што адкрылася акурат у Дзень Перамогі і займае асноўныя плошчы пляцоўкі на Някрасава, наша газета ўжо пісала. Другая — “Час памяці”, прыняла гледачоў пазней, але ўсё адно ўспрымаецца як частка адзінай экспазіцыйнай прасторы.

/i/content/pi/cult/802/17235/019.JPGРэч у тым, што як вынікае з практыкі, якія б цікавыя артэфакты і дакументы ні прысутнічалі ў экспазіцыі, эмацыйны настрой выставы задаюць ўсё ж такі творы мастацтва. На тым жа “Алфавіце вайны” ролю эмацыйнага камертона адыгрывае вядомае палатно Андрэя Дубіліна “Выратуй і захавай” — адзіны ў экспазіцыі твор выяўленчага мастацтва. Так што “Час памяці”, маючы статус самастойнага, самадастатковага праекта вельмі пасуе і згаданаму “Алфавіту…” Жывапіс, графіка і скульптура “Часу памяці” — гэта частка збору з фондаў колішняга Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, які быў папярэднікам НЦСМ. Аўтары твораў — асобы вядомыя. Графікі Арлен Кашкурэвіч, Людвіг Асецкі, Васіль Шаранговіч, Уладзімір Вішнеўскі, Сяргей Волкаў, скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, жывапісцы Ягор Батальёнак, Уладзімір Гардзіенка, Валянцін Савіцкі, Яўген Ціхановіч. Іх лёс альбо абпалены вайной, альбо яны дзеці пераможцаў, і значыць вайна для іх чыннік сямейнай хронікі. Так што ў творах экспазіцыі ўвасоблены ці непасрэдныя ўражанні ад падзей Вялікай Айчыннай, ці асэнсаванне іх з адносна блізкай часавай адлегласці. Нельга абмінуць і тую акалічнасць, што на мастацкай ды іншай творчасці канкрэтнай асобы абавязкова сказваюцца эстэтычныя стэрэатыпы, што дамінуюць у грамадзе. Праз гэта выстава яшчэ і адлюстраванне працэсу эвалюцыі нашага мастацтва ад сталага сацрэалізму да метафарычнага стылю пачатку 2000-х.

/i/content/pi/cult/802/17235/020.JPGСённяшняя творчая моладзь, маючы іншы сацыяльны і асабісты досвед, і вайну тую бачыць інакш. Гэта вынікае, у прыватнасці, з экспазіцыі “Алфавіт вайны”. У моладзі менш эмоцый, больш разваг. Вайна для іх тэма свайго роду псіхалагічных экзерсісаў. Прычым, пэўныя рэчы, што для згаданых вышэй пакаленняў былі дадзенасцю, якую і абмяркоўваць не варта, сённяшняя моладзь ацэньвае з пазіцый інтэлектуальнай разняволенасці і ўласнага стаўлення да колішніх ідэалагічных пастулатаў. Зрэшты, у сацыяльнай практыцы ўсе з’явы раней ці пазней падвяргаюцца пераасэнсаванню.

Мне падабаецца чатырохрадкоўе Уладзіміра Высоцкага: “Но гениальный всплеск похож на бред, в рожденьи смерть проглядывает косо. А мы всё ставим каверзный ответ, и не находим нужного вопроса”. “Алфавіт…” мне асабіста падаецца спробай адказу на гэтыя самыя “не знойдзеныя”, непастаўленыя пытанні. Ужо колькі гадоў тэма вайны ў нашых музейных ці выставачных праектах прадстаўляецца не паводле крытэрыяў сусветна-гістарычнага працэсу, як іх разумелі за савецкім часам, а праз лёсы людзей, што супраць уласнай волі трапілі ў жорны ліхалецця. Гэта такі трэнд. Атрымліваецца цікава, часам крэатыўна, але прысутнічае нейкая недагаворанасць адносна часу, што вайне папярэднічаў… Гэта кшталту таго, як галоўны персанаж фільма “Уся каралеўская раць” на сентэнцыю “Цудоўнае ў нас было мінулае!” адказвае: “Ты ж не назавеш цудоўным наша сёння, а яно, між іншым, наўпрост выйшла з таго мінулага”.

Калі ж гаворка ідзе пра алфавіт, у дадзеным выпадку пра алфавіт вайны, дык сказаўшы “А”, трэба гаварыць і “Б”, і так далей да апошняй літары. Гэта значыць, што назваўшы вынікі сусветнай трагедыі і іх аддаленыя наступствы, у тым ліку і на канкрэтных лёсах, трэба і прычыны згадаць — інакш кажучы, задаць самому сабе і грамадзе, да якой звяртаешся, тыя самыя “нужные вопросы”. Як суаднесці нацыянальныя інтарэсы і агульначалавечую мараль, цынізм палітыкаў і пакуты народаў? Зрэшты, апошняя сусветная вайна, што агнявым колам пракацілася па нашай зямлі — гэта цывілізацыйная з’ява і глабалісцкая праява нязменнасці чалавечай натуры ці нешта іншае?

Прадмовай да аднаго з раздзелаў выставы з’яўляецца згадка пра тое, што самым частым пытаннем, якое ў першыя месяцы вайны чулі на допытах палонныя немцы, было: “Чаму нямецкія рабочыя і сяляне ваююць супраць рабоча-сялянскай дзяржавы — Савецкага Саюза?” А далей ідуць архіўныя здымкі немяцкага побыту перадваеннай пары і тых самых “рабочых і сялян” — насамрэч задаволеных жыццём і адданых сваёй дзяржаве бюргераў, якіх мы, іх саміх не спытаўшы, запісалі сабе ў браты па класе. Амбітныя ілюзіі адносна нас мела і кіраўніцтва Рэйха. Маўляў, яны толькі грукнуць дзвярыма, і наш дом разваліцца... Ім у страшным сне не мог прымроіцца Чырвоны сцяг над руінамі Рэйхстага! Гэты сегмент выставы я лічу вельмі ўдалым.

Выстава зроблена якасна. Шмат каму яна прыйдзецца даспадобы. Я ж ад экспазіцыі з прэтэнцыёзнай назвай “Алфавіт вайны” чакаў большага. Алфавіт каштоўны не сам па сабе, а тым, што з яго складаюцца словы, са слоў — сказы, са сказаў — тэксты…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"