Куфар — дзявочы скарбчык

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Дзе беларускія гаспадыні захоўвалі свае няхітрыя скарбы? Вядома ж, у вялізных, надзейных драўляных куфрах. У часы Сярэднявечча цяжкі куфар, акаваны металам, быў атрыбутам шляхецкага саслоўя. Паступова гэты сімвал хатняга дабрабыту стаў даступным для заможных гараджан. А з другой паловы ХІХ стагоддзя куфры пачалі набываць і сяляне, чыё матэрыяльнае становішча палепшылася пасля адмены прыгоннага права. Вырабляліся куфры гарадскімі рамеснікамі, прадаваліся на кірмашах і каштавалі нятанна. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту на працягу свайго існавання збіраў калекцыю куфраў. Рэстаўрацыя некаторых доўжылася па некалькі гадоў. Плёнам гэтай працы стала выстава куфраў, якая адкрылася 5 чэрвеня ў сектары Паазер’е, у павеці вяночнага двара з вёскі Варашылкі. Яна будзе дзейнічаць пастаянна.

/i/content/pi/cult/802/17232/IMG_5025_opt.jpegУ экспазіцыі можна пабачыць 24 куфры. Найстарэйшы з іх — з вёскі Вераб’і Мядзельскага раёна — датаваны 1879 годам. На ім намаляваныя вершнік — сімвал дарогі, пара галубоў, увасабляючых шчаслівы шлюб, і бусел, які, канешне ж, мусіць прынесці дзіцятка. Як патлумачыў падчас адкрыцця выставы загадчык навукова-экспазіцыйным аддзелам Ігар Іваноў, куфар быў у нашых продкаў вясельным атрыбутам. У ягоных нетрах дзяўчына на выданні назапашвала свой пасаг: ручнікі, абрусы, посцілкі, кашулі, спадніцы — вытканыя і вышытыя ўласнаручна, падораныя матуляй і бабуляй. Выявы на куфры адпавядалі марам нявесты, якая пераязджала ў дом жаніха і пачынала ўласнае сямейнае жыццё.

У малых куфэрках, якія таксама ёсць на выставе, маглі захоўвацца дакументы ці грошы.

Вырабляліся куфры з хваёвых дошак. А вось тэхналогія іх аздаблення ў розных рэгіёнах мела свае асаблівасці. Найчасцей драўніну грунтавалі вадкім сталярным клеем, а паверх яго наносілі алейную фарбу. Заходне-палескія куфры, якія цешаць вока кветкавым арнаментам, пакрывалі цынкавымі бяліламі, змяшанымі з пакостам. Калі кветкі, разеткі ды іншыя дэкаратыўныя элементы майстар наносіў з дапамогай адмысловых штампаў, гэткая тэхніка звалася цацкаваннем. Іншая тэхніка ўпрыгожвання куфраў мела назву “фляндроўка”: на светлую фарбу пасля яе высыхання наносіўся цямнейшы слой, і, пакуль ён не застыў, па ім грабеньчыкам прарысоўваліся палоскі.

Тут якраз дарэчы стаіць і столік майстра з прыладамі працы ды фарбамі, замяшанымі на парашковым пігменце паводле старадаўніх рацэптаў. Мастак музея Вольга Пранкевіч паспяхова правяла творчы эксперымент: намалявала пано, выкарыстаўшы прыёмы фляндроўкі і цацкавання. Але фарбы брала сучасныя — акрылавыя.

Суцэльнай бляшанай акоўкай вылучаюцца ўральскія куфры. Іх калісьці прывезлі з горада Няўянска купцы-стараверы. Гэтыя куфры выраблены з кедра і аздоблены “марозцам”. Ліст металу пакрывалі гарачым волавам, на яго лілі ваду і такім чынам атрымлівалі адбітак, падобны да зімовых узораў на вокнах.

Сярод жыхароў вёсак і мястэчак попыт на куфры трымаўся аж да сярэдзіны XX стагоддзя. Яшчэ ў 1950-х гадах агоўскія куфры з вельмі адметным і пазнавальным дэкорам выпускала фабрыка “Пінскдрэў”.

Вы ўжо гатовы пашкадаваць, што куфры выйшлі з ужытку і іх можна пабачыць хіба што ў музеі? Пачакайце! Завітайце ў сучасны мэблевы салон — і, хутчэй за ўсё, вы знойдзеце там адзін — два куфры, стылізаваныя “пад даўніну”. Гэткі ёмісты, практычны і разам з тым рамантычны скарбчык упішацца ў інтэр’ер катэджа, лецішча ці нават гарадской кватэры. Здаецца, куфры зноў уваходзяць у моду!

Святлана Ішчанка

Фота аўтара