З Мілавіцай у сэрцы

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Ці можна заскакаць “як Багданка”?
Слова “Мілавіца” ў многіх выклікае асацыяцыі са знакамітай фабрыкай жаночай бялізны. Насамрэч гэта імя старадаўняй беларускай багіні прыгажосці, а яшчэ — назва і дагэтуль не пастаўленай казачнай оперы Уладзіміра Солтана, аўтара опернага “Дзікага палявання караля Стаха” паводле Уладзіміра Караткевіча. Нарэшце, “Мілавіца” — гэта фальклорны гурт Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. І сёлета гэтаму гурту спаўняецца 30 гадоў.

/i/content/pi/cult/802/17231/014.JPG“Мілавіца” — гэта супольнасць, дзе выкладаюць буйныя майстры. Гэта навучэнцы, ад самых маленькіх да іх бацькоў. А галоўнае — гэта любоў да народнай творчасці ва ўсіх яе іпастасях. Дзейнасць калектыву аб’ядноўвае розныя напрамкі фальклору: побытавы, святочна-абрадавы, літаратурны, песенны, музычны, танцавальны. Атрымліваецца не проста гурток, а цэлая планета, дзе няма катаклізмаў, пануе сельская ідылія. І дзейнічаюць апрабаваныя стагоддзямі мастацкія законы нашых продкаў.

Дарэчы, каб усё дзейнічала не толькі на словах, але і на практыцы, трэба, як і ў любым грамадстве, шмат працаваць. За народны танец, да прыкладу, адказвае Мікола Козенка — нястомны збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, харэограф і педагог, арганізатар фальклорных фестываляў. На яго занятках няма ніводнага гультая — гэта немагчыма. Майстар выкладае з вялікай павагай да кожнага з нас, звяртае ўвагу на самыя, здавалася б, нябачныя дэталі народнай пластыкі. А самае значнае — імкнецца раскрыць індывідуальнасць кожнага навучэнца.

У эпоху рамантызму з яе супрацьстаўленнем героя і натоўпу багатае развіццё атрымаў танцавальны сінхрон. У савецкі перыяд гэты прынцып “аднолькавасці” адпавядаў тагачаснай ідэалогіі. А ў народным танцы — такога папросту не бывае! Там трэба “ператанцаваць” суседа, а не зрабіць з яго копію. Трэба накласці на ўсім вядомы “шкілет” танца ўласныя рысы характару, сённяшні настрой, што адлюструецца ў рухах ды міміцы. У выніку нараджаецца суцэльная плеяда арыгінальных зорак, дзе кожны знайшоў сябе сам, а не шэрае неба, на фоне якога красуецца адзіная яскравая ўспышка. Падкрэслім, такая методыка — спадчына мінулага, калі чалавек, пераймаючы штосьці ад старэйшага пакалення, абавязкова ўносіў і нешта сваё. Так што ў “Мілавіцы” побач з “мы” заўсёды ёсць “я” — у лепшым сэнсе слова.

/i/content/pi/cult/802/17231/015.JPG— Неяк у экспедыцыі, — узгадвае Мікола Аляксеевіч, — гадоў ажно 30 таму, сустрэў на Гомельшчыне бабу Вольку, мясцовыя клікалі яе Багданкай. Вось дзе танцорка, хай і ў сталым узросце — не было ёй роўных! Як пойдзе скакаць пад гармонік “Гірш-марш” (гэта танец, падобны да “Мікіты”) — вельмі лёгка, эмацыйна, ва ўласцівай толькі ёй манеры — захапленне! Спачатку падскоквала, узмахваючы рукамі бы крыламі, затым дробненька, амаль не адрываючы ног ад зямлі, пераступала цераз пакладзеныя накрыж вілы і граблі. І ніколі не паўтаралася! Крок-саскок, спружыністы крок-бег, скокі на адной назе, на дзвюх нагах з боку ў бок, паўпавароты, кручэнні… Пачынала ва ўмераным тэмпе, завяршала — у хуткім. Ды яшчэ пад гэтыя скокі, “пераборы” нагамі — прыпеўкамі сыпала. Невысокая, кругленькая (пра такіх у вёсцы кажуць — ладная), усмешлівая, надзвычай пластычная — яна была ідэалам прыроднай жаноцкасці. Невыпадкова вышэйшай адзнакай у той вёсцы стаў выраз: “Скача, як Багданка!” Гэта значыць — па-майстэрску адметна, на вяршыні самавыяўлення.

Сувязь часоў і пакаленняў, непарыўная цягам стагоддзяў, на пэўным этапе была абарвана. Нам бывае даволі складана выявіць сябе праз народны танец, бо куды прасцей падгледзець і паўтарыць за іншымі. Але Мікола Аляксеевіч так проста не здаецца: спрабуе абудзіць і патрымаць у нас тыя імпульсы беларускасці, што закладзены на генетычным узроўні.

У гэтым сэнсе лёс “Мілавіцы” метафарычна злучаецца з аднайменнай казкай знакамітага беларускага паэта і празаіка Уладзіміра Дубоўкі. У вёсцы каля Нёмана здарыўся цуд: сонца прыпыніла свой ход на тры гадзіны. І хлопчык з васільковымі вачыма пайшоў шукаць, у чым справа. Сустрэў у пушчы дзеда, і той расказаў яму пра дзяўчыну Мілавіцу: “на выгляд як зарніца”, а сустрэнешся з ёй — ахіне такая журба, што да самой смерці не пакіне. Няўжо і сапраўды лепей вярнуцца, пакуль не позна? Не паслухаўся хлопец і пайшоў шукаць дзяўчыну. Знайшоў Мілавіцу — зажурыўся, як і папярэджваў яго дзед. Ды дзяўчына дала надзею: як зробіць ёй чаравікі з пяску — дык і пойдзе яна з ім. Пачаў хлапчына працаваць, а пясочак — абсыпаецца. Звярнуўся хлопец да сонейка. “Сонца ход свой прыпыніла і пясочак растапіла” — і атрымаліся з таго пясочку цудоўныя крышталёвыя пантофлікі. А на тым месцы зараз — шкляная гута.

Ці ж не сімвалічна? Хлопчык — гэта дзеячы, якія сваёй ініцыятывай стварылі ўмовы для працягу беларускай традыцыі. Крыштальныя чаравікі —новае пакаленне беларусаў, што ўзнікае пасля доўгай і пяшчотнай “апрацоўкі” выкладчыкамі. А мястэчка, дзе паводле старадаўняга падання цяпер шкляная гута, — дык гэта і ёсць наша танцавальная “Мілавіца”. Ну, а сама дзяўчына Мілавіца з той казкі — нішто іншае, як народная беларуская культура. Шлях да яе не заўсёды просты, але ж як сустрэнешся з ёй — у сэрцы на ўсё жыццё застанецца.

Ксенія ЖАКАНАВА, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, удзельніца гурта