“Мінус”, які зрабіўся “плюсам”

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Чым сёння жывуць абласныя Дамы і Цэнтры культуры?
Праца культработнікаў Беларусі падчас пандэміі — гэта штодзённы пошук новых формаў работы з тымі наведвальнікамі, якія здаўна завітвалі ва ўстановы культуры, а таксама, натуральна, прыцягненне ўвагі новых наведвальнікаў сваімі адметнымі акцыямі ды імпрэзамі. Як гэтая дзейнасць арганізавана ў абласных Дамах і Цэнтрах культуры, даведалася “К.”

/i/content/pi/cult/802/17230/012.JPGУ пошуках пазітыўнага досведу

Пераход да дыстанцыйнай работы многіх устаноў культуры Беларусі прывёў да парадаксальнага, на першы погляд, факту: колькасць спажыўцоў культурнага прадукту значна павялічылася. Праўда, гэты прадукт сёння часцяком не рэальны, а віртуальны. Але гэта хутчэй не адштурхоўвае, а, наадварот, прыцягвае і сталага, і новага аматара культурных цікавостак, якіх так не стае цяпер, ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

Напрыклад, па словах генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск” Глеба Лапіцкага, у сённяшняй сітуацыі ёсць шмат як адмоўнага, так і пазітыўнага.

— Мы цяпер значна павялічылі работу ў фармаце анлайн, выкарыстоўваючы ўсе найноўшыя інтэрнэт-тэхналогіі, — адзначыў “К” кіраўнік установы культуры. — І гэта той выпадак, калі можна сказаць, што “мінусы” цяперашняй неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі адназначна пайшлі ў “плюсы”, пашырылі нашы межы для творчасці.

Так, Цэнтр культуры “Віцебск” ладзіць вечарыны, марафоны і нават апошні званок для выпускнікоў у анлайн-фармаце, пры дапамозе свайго афіцыйнага інстаграм-акаунта. Да таго ж, з тымі дзецьмі, якія займаюцца ў калектывах установы культуры — а гэта блізу тысячы чалавек! — сёння наладжана праца ў рэжыме аддаленага доступу.

— І гэта той вопыт, ад якога мы ні ў якім разе не будзем адмаўляцца і пасля завяршэння эпідэміі, — кажа Глеб Лапіцкі. — Пазітыўны досвед, на мой погляд, заўсёды трэба браць на ўзбраенне і выкарыстоўваць яго пры любой магчымасці.

/i/content/pi/cult/802/17230/013.JPGА яшчэ нядаўна пры ўстанове адкрылі сваю анлайн-краму. У гэтай краме падарункаў і мастацкіх тавараў BazArt можна не толькі набыць той або іншы сувенір, але і замовіць паліграфічныя, дызайнерскія і фотапаслугі ды нават афіцыйную сувенірную прадукцыю з сімволікай Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Прычым, усе замовы з анлайн-крамы ўстановы культуры можна атрымаць не толькі ў самім Віцебску, а з дапамогай пошты — і па ўсёй Беларусі. Па словах Глеба Лапіцкага, інтэрнэт-крама на сённяшні дзень вельмі запатрабавана, таму, натуральна, яе праца працягнецца і пазней, тады, калі ўсе мы, нарэшце, паздымаем маскі.

Натуральна, акрамя “плюсаў” ёсць і некаторыя “мінусы”.

— Самы галоўны мінус, на мой погляд, у тым, што нашы артысты не бачаць усмешак гледачоў, — кажа Глеб Лапіцкі. — Таксама, натуральна, зніжаюцца пазабюджэтныя даходы ўстановы, хоць і не магу сказаць, што занадта моцна.

Так што, як бачна, плюсы пакуль што пераважаюць над мінусамі. Жыццё ў інтэрнэце ідзе размеранай хадой, у тым ліку пры дапамозе Zoom, дзе супрацоўнікі Цэнтра культуры “Віцебск” абмяркоўваюць, сярод іншага, і далейшыя перспектыўныя планы па супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі, што жывуць далёка за межамі Беларусі.

Тэхнічны прагрэс — рэальны

Размова з Глебам Лапіцкім прымусіла яшчэ раз згадаць тое, пра што “К” пісала ўжо не адзін і не два разы: стварэнне ўласных сайтаў устаноў культуры, з сучасным дызайнам, з беларускай, рускай, англійскай мовамі ў інтэрфейсе, актуальнымі навінамі і відэаролікамі тых ці іншых мерапрыемстваў — гэта не прыхамаць, а сапраўдная патрэба часу.

Між тым, нагадаю, на выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі не раз адзначалася, што толькі мінскія і гродзенскія бібліятэкі на сённяшні дзень камп’ютарызаваны на 100 працэнтаў, не ва ўсіх установах культуры ёсць інтэрнэт, а на стварэнне паўнавартасных сучасных сайтаў многім не стае ні грошай, ні кваліфікацыі супрацоўнікаў. Не кажу ўжо пра тое, што сёння беларусы, як і жыхары іншых краін свету, праглядаюць цікавыя інтэрнэт-старонкі зазвычай не праз камп’ютар, а праз смартфон, таму на сайтах варта прадугледжваць і падобную магчымасць, стварыўшы для гэтага зручны інтэрфейс.

Так што варта працягваць работу ў анлайн-рэжыме не толькі з нагоды каранавіруса, а і каб не адставаць ад тэхнічнага прагрэсу, што адбываецца на нашых вачах ва ўсім свеце. Выкарыстоўваючы для гэтага, натуральна, усе наяўныя магчымасці, у тым ліку — сацыяльныя сеткі. Менавіта так і робіць “Палац культуры вобласці”, што размешчаны ў Магілёве.

— Сёння мы актыўнічаем у асноўным у фармаце анлайн, думаю, як і нашы калегі з іншых рэгіёнаў Беларусі, — адзначыў у гутарцы са мной намеснік дырэктара ўстановы Сяргей Бажкоў. — Скажам, нядаўна правялі адкрыты дыстанцыйны конкурс фотаздымкаў “Маё шчаслівае дзяцінства”, а таксама дэманструем для нашых інтэрнэт-гледачоў канцэрты, імпрэзы і мастацкія віртуальныя выставы.

Сярод адметных мерапрыемстваў, якія згадаў мой суразмоўца, варта назваць і майстар-класы па розных кірунках аматарскай творчасці. Скажам, у маі віртуальны майстар-клас па сучасным танцы для ўсіх ахвотных правяла Лізавета Сергяенка, выпускніца Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага харэаграфічнага ансамбля “Калейдаскоп”, а яшчэ ў Сеціве быў размешчаны майстар-клас па вырабе сувенірнай лялькі “Берагіня” ад кіраўніка ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Бусляня” Вольгі Калтовіч. Так што ва ўстанове культуры не забываюцца сёння і пра метадычную падтрымку гарадскіх і сельскіх Дамоў культуры Магілёўскай вобласці.

А яшчэ тут запусцілі цікавы флэшмоб пад хэштэгам #КультураМедыцыне. Кожны ахвотны можа паўтарыць вясёлы танец з нескладанымі рухамі, які дэманструюць супрацоўнікі ўстановы на відэа, выкласці яго ў інтэрнэт з адпаведным хэштэгам і адзначыўшы пры гэтым установу культуры.

Як быць “на ты” са спіцамі?

Не адстаюць ад сваіх калег і іншыя ўстановы культуры, размешчаныя ў абласных цэнтрах. Напрыклад, як расказаў мне дырэктар Гродзенскага гарадскога Цэнтра культуры Уладзімір Сацюк, сёння яны шмат увагі надаюць наладжванню кантактаў з інтэрнэт-карыстальнікамі.

— Мы, як і ўсе нашы калегі, не можам ладзіць масавыя мерапрыемствы, таму, натуральна, сышлі ў інтэрнэт, — кажа Уладзімір Сацюк. — Актыўнічаем у сацыяльных сетках, выкладваем ролікі на YouTube ды робім усё, каб зацікавіць нашых пастаянных наведвальнікаў, не згубіць з імі сувязь і кантакты.

Зусім нядаўна, у рамках Сусветнага дня вязання, Гродзенскі ГЦК запусціў праект, які, па задуме арганізатараў, павінен аб’яднаць усіх, хто даўно ўжо “на ты” з вязальнымі спіцамі. Для гэтага кожнаму майстру трэба запісаць ролік з расказам пра сябе і адправіць яго на электронную пошту ўстановы культуры. А ў адным з філіялаў установы сёння працуе віртуальная выстава “Утульная лялька” Настассі Сухачовай, прымеркаваная да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх школьных канікул.

У сацыяльных сетках “шчыруюць” сёння і супрацоўнікі Гомельскага Палаца культуры “Фестывальны”. Напрыклад, нядаўна культработнікі запісалі відэаролік “Дзякуй, доктар,” у якім крэатыўна падзякавалі беларускім дактарам за працу. Студыя “Акварэлька”, што працуе пры Палацы культуры, рэгулярна запісвае відэаролікі выставаў сваіх навучэнцаў і выкладае запісы ў інтэрнэт. А не так даўно гомельскія культработнікі выйшлі “ў народ”: 1 чэрвеня ў парку “Фестывальны” яны павіншавалі ўсіх з Міжнародным днём абароны дзяцей.

І апошні мой расповед — пра сталічную ўстанову культуры. Па словах дырэктара Мінскага гарадскога Палаца культуры Мікалая Казюліна, дзеці, якія запісаны ў шматлікія гурткі ўстановы, працягваюць туды хадзіць, хоць крыху і ў меншай колькасці, чым звычайна.

— Канечне, мы адчуваем некаторае скарачэнне наведвальнасці ў сувязі з сённяшняй сітуацыяй, — кажа кіраўнік установы. — Па маім меркаванні, актыўная праца нашага Палаца распачнецца не раней за жнівень ці нават верасень. Таму цяпер працуем больш у аддаленым доступе, напрыклад, менавіта так займаюцца настаўнікі з дзецьмі ў гуртках па маляванні ці кераміцы.

Напрыканцы лета або ўжо восенню Мікалай Казюлін спадзяецца працягнуць традыцыйны праект “Спяваем, гуляем, танцуем, спаборнічаем, творым і ствараем пад скляпеннямі Палаца”, у якім бяруць удзел музычныя калектывы, студыі, творчыя аб’яднанні, майстэрні, спартыўныя і грамадскія арганізацыі. Так, на верасень у Мінскім ГПК запланавана правядзенне штогадовага фестывалю сучаснай моладзевай ўсходнеазіяцкай культуры. Імпрэза, на якой можна пазнаёміцца з рознымі праявамі папулярнай культуры Японіі, Паўднёвай Карэі, Кітая і іншых азіяцкіх краін, традыцыйна ладзіцца ў рамках акцыі “Японская восень у Беларусі” і падтрымліваецца Пасольствам Японіі ў Рэспубліцы Беларусь.

Стварэнне сваіх сайтаў або асобных груп у сацыяльных сетках, запіс відэаролікаў і цікавага кантэнту, супрацоўніцтва з калегамі ды праца са спонсарамі праз інтэрнэт-платформы, — усё гэта, безумоўна, не можа не радаваць. Яшчэ больш радуе тое, што ўсё пералічанае супрацоўнікі сферы культуры працягнуць рабіць і пазней, у “паслякаранавірусную” эпоху, не забываючыся таксама, натуральна, і пра працу з рэальнымі наведвальнікамі. І гэта той сапраўдны “плюс”, які арганізацыі сферы культуры, безумоўна, могуць запісаць сабе ў здабыткі і знаходкі гэтага, такога сквапнага на пазітыў, 2020 года.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"