Вучыць артыста тэатр!

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

— Дыпломныя спектаклі мы заўсёды рыхтуем загадзя, — расказаў заслужаны артыст Беларусі, прафесар Уладзімір Мішчанчук, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. — Бо любы навучальны працэс толькі закладае глебу, вучыць жа артыста — менавіта тэатр. Вось і з цяперашнімі сваімі выпускнікамі мы падрыхтавалі за гады вучобы тры спектаклі — абсалютна розныя. Усе яны запісаны на відэа, па якіх дзяржкамісія і будзе прымаць рашэнне.

/i/content/pi/cult/802/17226/05.JPGПершы спектакль — “Гульцы” па п’есе Гогаля. Ставіў яго мой былы выпускнік Ягор Лёгкін, педагог па акцёрскім майстэрстве — Людміла Кучарэнка, светлавое рашэнне — Марыя Сарасек, пластычнае — Дар’я Карпічанкова, музычнае — Алег Шыман. Летась у сакавіку вазілі яго ў Маскву, удзельнічалі ў Другім тэатральным фестывалі краін СНД “ГІТІС-майстар-клас” — і работа была адзначана як лепшая сярод іншых. Сёлета мы таксама збіраліся на гэты фестываль, квіткі набылі туды-назад — і тут такое здарылася.

Дарэчы, збіраліся мы ехаць са спектаклем “Цiха тут на досвiтках…” паводле аповесці “А досвіткі тут ціхія…” Барыса Васільева ў перакладзе Аляксея Дударава. Віталь Краўчанка зрабіў сцэнічную рэдакцыю і пастаноўку, я выступіў мастацкім кіраўніком. Мы прысвяцілі яе юбілею Вялікай Перамогі, планавалі шмат дзе паказаць, ды паспелі прайграць усяго некалькі разоў.

/i/content/pi/cult/802/17226/06.JPGНарэшце, эксперыментальны спектакль “Звярыныя гісторыі” па аднайменнай п’есе сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра паставіла Таццяна Траяновіч разам з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры: мастак — Валянціна Праўдзіна, аўтар медыякантэнту — Алена Сілуціна, пластыка — Сяргей Паяркаў. Складаецца спектакль, як і п’еса, з некалькіх кароткіх гісторый, у ім задзейнічаны ўвесь курс — 14 чалавек. У кожнага па дзве — тры ролі — свая майстэрня, дый толькі! Збіраліся з гэтай пастаноўкай увосень у Кішынёў, на Міжнародны фестываль-лабараторыю камерных тэатраў і спектакляў малых формаў “Малдфэст.рампа.ру” — паглядзім, што і як атрымаецца. Ну і, вядома, канцэртная праграма, дзе нашы выхаванцы дэманструюць спевы, танцы, сцэнічны бой ды іншыя неабходныя для акцёраў рэчы.

Відэазапіс — гэта дадатковая цяжкасць і для артыстаў, і для гледачоў, уключаючы камісію. Але мне вельмі падабаецца адна цытата Іосіфа Бродскага, якую я дазволю сабе прывесці хаця б у скарочаным выглядзе. У час сустрэчы з выпускнікамі Мічыганскага ўніверсітэта ён сказаў штосьці накшталт: старайцеся паважаць жыццё і за ягоныя цяжкасці таксама, бо яны не з’яўляюцца падманам. Таму цяперашнія складанасці трэба перажыць — і максімальна выціснуць з іх нейкі новы вопыт, які дапаможа ў далейшым.