Атрымаць“рэакцыю ў адказ”

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Паспелі падрыхтавацца да новых умоў і ў музычнай акадэміі краіны. — Так супала, што ў нас сёлета, — распавяла дацэнт Ірына Гаранец, загадчыца кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — выпускаюцца не толькі артысты, але і двое рэжысёраў музычнага тэатра. Да таго ж, на аркестравым факультэце — трое оперна-сімфанічных дырыжораў, набор якіх ажыццяўляецца раз у некалькі гадоў.

/i/content/pi/cult/802/17225/03.JPGЗ іх двое — выхаванцы Пятра Вандзілоўскага, які так заўчасна пакінуў нас назаўжды. Але ж оперныя пастаноўкі ажыццяўляюцца не імгненна, ім папярэднічае вялікая карпатлівая праца, шматлікія рэпетыцыі. Таму многае ўдалося папярэдне запісаць на відэа. Вядома, ніякія запісы не заменяць жывых спектакляў і канцэртаў, якія заўжды збіраюць у нас аншлагі. Але ў цяперашніх умовах — гэта выйсце са складанай сітуацыі.

У прыватнасці, рыхтаваліся адразу чатыры оперныя прэм’еры на сцэне нашай Акадэміі і яшчэ адна — у Вялікім тэатры. “Іаланта” Чайкоўскага — першы самастойны дэбют дырыжора Вячаслава Ларына. Дарэчы, ён размеркаваны ў нашу Акадэмію музыкі, працягне справу свайго педагога ў кіраўніцтве студэнцкім камерным аркестрам. Спадзяемся паказаць гэты спектакль цалкам, на шырокую аўдыторыю, дзесьці ў лістападзе, прысвяціўшы памяці Вандзілоўскага. Пакуль жа прагучалі некалькі сцэн, не звязаных з масавым дзеяннем. Тое ж самае — з “Чароўнай флейтай” Моцарта, якой дырыжыраваў Арцём Паліцук, размеркаваны ў Канцэртны аркестр “Няміга” на чале з Аляксандрам Сасноўскім.

Сярод самых, бадай, чаканых мастацкіх падзей была пастаноўка найскладанай монаоперы “Чалавечы голас” Пуленка. Наша былая выпускніца, а цяпер педагог, прызнаны рэжысёр Ганна Маторная разбіла сольную партыю на пяцёра розных спявачак, распрацавала ўзаемадзеянні паміж імі, знайшла для кожнай “апраўданне” такога павароту. Віталь Грышчанка, які па размеркаванні паедзе ў Магілёў, не толькі выступіў дырыжорам, але і зрабіў новую інструментоўку гэтай оперы. Таксама вельмі хочам паўтарыць гэты спектакль увосень — магчыма, у межах Міжнародных навуковых чытанняў імя Мухарынскай.

Што да нашых выпускнікоў-рэжысёраў, дык Наталля Бараноўская рыхтавала “Яўгенія Анегіна” Чайкоўскага — і пакажа адтуль кампазіцыю, складзеную са сцэн без удзелу хору. А знакамітая спявачка Аксана Волкава, якая, як і іншыя нашы рэжысёры і дырыжоры, атрымлівае другую вышэйшую адукацыю, павінна была абараняць дыплом прэм’ерай оперы Пучыні “Вілісы, Фатум” у Вялікім тэатры. Прэм’ера, зразумела, перанесена. Але рэпетыцыі ідуць. Таму камісіі будуць прад’яўлены сцэны з рэпетыцый у фармаце анлайн, а таксама макет спектакля, эскізы — так, як гэта бывае на прэзентацыі праектаў у час пасяджэнняў мастацкага савета тэатра, калі прымаецца рашэнне аб пастаноўцы.

Так што з іспытамі ўсё будзе добра, асаблівых хваляванняў з-за таго, што камісія не зможа ўбачыць усяго падрыхтаванага, няма. Шкада іншага! Нават калі мы рыхтуем студэнцкія спектаклі ў звычайных умовах, пасля прэм’еры, здараецца, ахоплівае туга, што не можам лепшыя пастаноўкі крыху больш “пакруціць” на публіку, каб атрымаць “рэакцыю ў адказ”. Затое, магчыма, цяпер яшчэ больш будзем цаніць непасрэдныя кантакты сцэны і залы.