Не толькі форма, але і сутнасць

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

— Дзяржаўныя іспыты, — паведаміла Святлана Шпарло, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, — справаздача асаблівая. Яны праводзяцца не анлайн, а з асабітай прысутнасцю і студэнта-выпускніка, і членаў дзяржаўнай камісіі.

/i/content/pi/cult/802/17224/02.JPGПры гэтым, зразумела, прыняты ўсе меры бяспекі. Прысутныя знаходзяцца на адлегласці, трымаюць неабходную дыстанцыю. Іспыты размеркаваны па часе, каб студэнты меней сутыкаліся адзін з адным.

У нашай навучальнай установе шмат самых розных спецыяльнасцяў, кожная мае свае асаблівасці здачы іспытаў. У некаторых дыпломныя працы — пісьмовыя. З імі, канешне, прасцей: члены камісіі могуць пазнаёміцца з тэкстам, паслухаць выступоўцу, паглядзець падрыхтаваную ім прэзентацыю. А як прымаць, да прыкладу, уласна музычныя дысцыпліны? Ігру на інструменце кожны здае паасобку. А вось харавыя спевы, харэаграфію, аркестравы клас давялося “разбіваць” на асобныя ансамблі, каб не яднаць разам вялікую колькасць народу.

Што ж да рэжысёраў святаў, дык многія паспелі зняць відэасюжэты, бо ладзілі святочныя дзеі ў якасці і рэжысёраў, і памочнікаў рэжысёраў: хто на Масленіцу, хто на Дзень Перамогі, на іншыя святы. Калі ж раптам хтосьці не паклапаціўся пра гэта загадзя, дык можа прадаставіць свой рэжысёрскі план, іншыя матэрыялы, зрабіць да іх каментарый. Уласна кажучы, важнай з’яўляецца не столькі сама форма справаздачы, колькі тая рэальная праца, што была праведзена па падрыхтоўцы. Так, у кагосьці паспела ўсё рэалізавацца, а камусьці перашкодзілі аб’ектыўныя прычыны. Але прафесіяналы, што складаюць камісію, у стане ацаніць не толькі форму падачы, але і сутнасць, перспектыўнасць асобных распрацовак. Таму ніякай асаблівай праблемы ў вымушаных новаўвядзеннях няма. У дачыненні да некаторых спецыяльнасцяў — так, не зусім звычна, патрабуе дадатковых намаганняў. Але не крытычна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"