Брэсцкая крэпасць: гісторыя аднаго ліставання

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Праз пару тыдняў мы зноў будзем гартаць трагічныя старонкі гісторыі, калі 22 чэрвеня 1941 года войскі нямецка-фашысцкіх захопнікаў перайшлі мяжу Савецкага Саюза, пачаўшы адлік мільёнам ахвяр у гэтай жахлівай вайне. Сярод першых удары і кулі ўзброеных салдат вермахта прынялі на сябе, як вядома, савецкія пагранічнікі, у тым ліку — абаронцы Брэсцкай крэпасці.

/i/content/pi/cult/801/17220/027.JPGПамяць пра абаронцу

Пра аднаго з такіх абаронцаў — Іосіфа Цыпіна, лёс якога ў свой час удалося ўстанавіць “К”, — прыгадаў 9 Мая на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы вядомы расійскі артыст і рэжысёр Яфім Шыфрын.

Нагадаю, што Іосіф Цыпін — гэта родны дзядзька Яфіма Шыфрына. Нахім (гэта сапраўднае імя Яфіма Шыфрына) Залманавіч ведаў, што ягоны родзіч загінуў падчас вайны ў Брэсце і апублікаваў у 2015 годзе гэтую інфармацыю на сваёй інтэрнэт-старонцы. Пад допісам артыста было змешчана сем фотаздымкаў, на якіх можна было ўбачыць Іосіфа Цыпіна ў розныя перыяды жыцця, у тым ліку і ў вайсковай форме. Таксама там жа месцілася і выпіска з мемарыяльнага сайта, дзе згадвалася, што Іосіф Цыпін, ураджэнец сяла Ляды Віцебскай вобласці, служыў у 333 палку і прапаў без вестак.

Тагачасны рэдактар “Культуры” Сяргей Трафілаў пабачыў гэты пост у сацыяльнай сетцы і прапанаваў мне паспрыяць артысту ў ягоных пошуках. Я, што называецца, адразу “сеў на тэлефон”, сазваніўся з адміністрацыяй Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і адаслаў ім усе звесткі пра Іосіфа Цыпіна.

І — сапраўдная ўдача: літаральна праз пару гадзін я атрымаў адказ, што прозвішча гэтага чалавека ў ліку абаронцаў Брэсцкай крэпасці сапраўды згадвалі ў сваіх успамінах некалькі чалавек. Так, паводле ўспамінаў, якія пераказала мне намеснік дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэспасць-герой” Ларыса Бібік, сяржант Іосіф Цыпін разам з іншымі абаронцамі Цытадэлі ўдзельнічаў у баях супраць фашыстаў, потым быў узяты ў палон і пазней загінуў у адным з нямецкіх канцлагераў. Прычым, фотаздымкаў гэтага абаронцы Брэсцкай крэпасці ў музеі не мелі, і вельмі дзякавалі за перасланыя здымкі.

Выкарыстаўшы сабраную інфармацыю, я апублікаваў пра гэтую гісторыю асобны матэрыял у нашай газеце (гл. № 15 “К” ад 11 красавіка 2015 года). Але гэта яшчэ не ўсё: у 2016 годзе, грунтуючыся на ўспамінах саслужыўцаў, метадычны савет Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэспасць-герой” зацвердзіў Іосіфа Цыпіна ў якасці абаронцы Цытадэлі, а яго імя было ўнесена ў інтэрактыўную карту ў экспазіцыі “Музей вайны — тэрыторыя міру”. Фактычна адбылося вяртанне з забыцця імені аднаго з удзельнікаў гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.

Не варта і казаць, што Яфім Шыфрын быў вельмі ўдзячны нашай газеце за дапамогу, а пазней, прыкладна праз год пасля з’яўлення артыкула “К”, асабіста наведаў Брэсцкую крэпасць.

“З павагай, Пётр Клыпа...”

А зусім нядаўна, 30 мая 2020 года, гэтая гісторыя займела працяг. Як напісаў Яфім Шыфрын, ён атрымаў па пошце вестку з Магнітагорска ад сваёй кузіны Элі, дачкі старэйшай мамінай сястры, Ноймы. Гэта было пісьмо на дзвюх старонках ад знакамітага абаронцы Брэсцкай крэпасці Пятра Клыпы, адрасаваныя сярэдняй мамінай сястры, Зелме.

Вось гэты ліст на мове арыгінала і з захаваннем прыведзенай арфаграфіі.

“Здраствуйте, Зинаида Ильинична! Будучи недавно в Москве, я узнал о жизни Вашего брата до 45 года. Вернее, разбирая письма у писателя С. Смирнова, я обнаружил одно, в котором говорилось о Вашем брате Иосифе Ципине. 41, 42, 43, 44 годы он прошёл многие немецкие концлагери. В конце 44 года был отправлен этапом на запад. Я нашел адрес человека песавшего о Вашем Брате. Он очень хорошо писал о нем. Адрес его таков: Ставропольский край, г. Гиоргиевск (правільна Георгиевск — Ю.Ч.), ул. Комсомольская, 17. Солценко Н. Л. (паводле даных з архіва Брэсцкай крэпасці гаворка тут, хутчэй, пра Сашчэнку Мікалая Лявонцьевіча — Ю.Ч.). Когда получите от меня письмо сообщите мне о том, что получили, чтобы я знал, что Вы установите связь с товарищем Иосифа. Если я узнаю о дальнейшей его судьбе сообщу Вам. С уважением Петр Клыпа.”

Далучыўшы сканы названага ліста, свой допіс у інтэрнэце Яфім Шыфрын закончыў так: “... ці магу я папрасіць вас пераслаць гэтыя пісьмы ў Музей Брэсцкай крэпасці”?

Званок у Брэст

Зноў, як і пяць гадоў таму, я набраў нумар тэлефона намесніцы дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Ларысы Бібік. Але перасылаць інфармацыю ад Яфіма Шыфрына ў мемарыяльны комплекс на гэты раз мне не давялося.

— Мы ўчора ўжо атрымалі гэты ліст па электроннай пошце, — адзначыла Ларыса Бібік. — І, канечне, вельмі ўдзячны Яфіму Шыфрыну за дадатковыя звесткі пра Іосіфа Цыпіна.

Як расказала Ларыса Бібік, уся новая інфармацыя пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, у тым ліку і тая, якую музейшчыкі атрымалі ад расійскага артыста, абавязкова ўносіцца ў музейную картатэку. І ўвогуле, па словах намесніка дырэктара мемарыяла, праца па ўвекавечанні памяці байцоў Цытадэлі не перапыняецца ні на дзень.

— А новая інфармацыя прыходзіць да нас пастаянна, — кажа Ларыса Бібік. — Гэта адбываецца, у тым ліку, і дзякуючы супрацоўніцтву з Музеем Перамогі ў Маскве, і таму, што нам часта дасылаюць новыя звесткі пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці родзічы тых, хто загінуў тут у час вайны.

Натуральна, я адразу напісаў Яфіму Шыфрыну пра тое, што ягоны ліст ужо атрыманы брэсцкімі музейшчыкамі. Як патлумачыў мне сам Нахім Залманавіч, ён сапраўды адправіў паведамленне пра ліст Пятра Клыпы ў Брэсцкую крэпасць, але не быў упэўнены, што пісьмо дойдзе да адрасатаў. І яшчэ раз падзякаваў “К” за дапамогу ў гэтай справе.

Дарэчы, кропку ў вывучэнні, у прыватнасці, лёсу Іосіфа Цыпіна ставіць пакуль яшчэ рана. Як бачна з ліста, пасля таго, як абаронца Брэсцкай крэпасці разам з іншымі саслужыўцамі трапіў у палон, ён амаль усю вайну правёў у канцлагерах, дзе і загінуў або ў канцы 1944 года, або ўжо ў самым пачатку 1945 года. Таму сёння варта паспрабаваць адшукаць тых людзей, якія былі побач з Іосіфам Цыпіным у гэты трагічны перыяд жыцця, і змаглі перажыць часы ваеннага ліхалецця. Магчыма, гэтыя людзі, былыя вязні нямецкіх лагераў, расказвалі сваім блізкім — сынам, дочкам, унукам — пра тое, што адбывалася з імі ў фашысцкім палоне, пра тое, хто быў з імі побач. І, хто ведае, можа сярод гэтых успамінаў усплыве і прозвішча Іосіфа Цыпіна, нягледзячы на тое, што з тых часоў прайшло ўжо 75 гадоў.

Яфім Шыфрын падчас нашага ліставання пагадзіўся з тым, што трэба працягнуць пошукі ўсіх магчымых дакументаў і сведчанняў.

— Я яшчэ раз напішу сястры і папрашу паварушыць архіў, — дадаў Нахім Залманавіч на развітанне.

Новыя звесткі

Калі я ўжо амаль дапісаў гэты матэрыял, на сувязь са мной зноў выйшаў Яфім Шыфрын. Ён сказаў, што пазваніў сваёй сястры ў Магнітагорск. На жаль, больш лістоў, дзе згадваецца пра лёс Іосіфа Цыпіна, у сямейным архіве не захавалася.

Разам з тым, па словах артыста, яго сястра ўспомніла, што ў іх сям’і нарыс Пятра Клыпы пра абарону Брэсцкай крэпасці ў “Піянерскай праўдзе” прачыталі з вялікім хваляваннем, бо напрыканцы артыкула згадвалася вайсковая частка, дзе служыў Іосіф Цыпін.

Аўтару нарыса адразу напісалі. Гэта быў час пасляваенны, час усеагульных росшукаў, калі многія шукалі сваіх родзічаў, якія зніклі без вестак на палях вайны. Напрыклад, як казала мне тая ж Ларыса Бібік, у 1957 годзе да Сяргея Смірнова, знакамітага пісьменніка і аўтара кнігі “Брэсцкая крэпасць”, звярталася і Зінаіда Ільінічна Цыпіна, сястра Іосіфа, спадзяючыся даведацца штосьці пра свайго брата. У музейных архівах захаваўся яе ліст. На жаль, ці быў адказ пісьменніка на гэты допіс, — пакуль што невядома.

А вось на зварот да Пятра Клыпы амаль адразу прыйшоў адказ. Прычым, лістоў было не адзін, а некалькі.

— На жаль, у сям’і не захаваўся яшчэ адзін ліст, у якім Пётр Клыпа ўспамінае некаторыя падрабязнасці таго часу: пасля рукапашнага бою ў Брэсцкай крэпасці, які скончыўся палонам, нехта з саслужыўцаў сказаў немцам, што мой дзядзя яўрэй, ведае нямецкую, бо да вайны быў настаўнікам нямецкай мовы, — напісаў Яфім Шыфрын. — Немцы, здаецца, прапанавалі яму добрыя ўмовы, калі ён пагодзіцца быць іх перакладчыкам. Іосіф адмовіўся. Пётр Клыпа ўспамінаў, што пасля гэтага яго жорстка збілі.

Як далей напісаў мне артыст, перад тым, як усе адправіліся ў лагер, Пётр Клыпа пабачыў Іосіфа на падлозе ў камеры. Той нават не мог устаць на ногі, так яго збілі немцы. Больш яны не бачыліся...

— Далейшы лёс Іосіфа Цыпіна вынікае з тых дакументаў, якія ёсць у архівах Брэсцкай крэпасці: шматлікія лагеры і расстрэл у адным з іх, — завяршыў свой расповед Яфім Шыфрын.

Але, як я ўжо казаў, да канчатковай кропкі ў гісторыі лёсаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці яшчэ далёка. Паставім пакуль што шматкроп’е...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"