Рукапісы не гараць

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Зварот у будучыню — місія архіўнай справы
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва рыхтуецца сустрэць сваё 60-годдзе. Утвораны пастановай Савета Міністраў БССР 9 чэрвеня 1960 года, сёння ён з’яўляецца адным з галоўных сховішчаў дакументаў па гісторыі беларускай культуры. З якімі набыткамі, дасягненнямі і планамі сустракае ўстанова сваю круглую дату?

/i/content/pi/cult/801/17219/025.JPGСёння архіў-музей налічвае 520 фондаў і калекцый, створаных на аснове дакументацыі творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый часопісаў і газет, а таксама асабістых архіваў дзеячаў літаратуры і мастацтва. Музейны фонд БДАМЛіМ налічвае каля тысячы прадметаў — асноўную частку яго складаюць мемарыяльныя рэчы дзеячаў культуры: узнагароды, народныя строі, музычныя інструменты, гадзіннікі, посуд, пісьмовыя прылады. Тут можна пабачыць асабістыя рэчы літаратурнага крытыка Адама Бабарэкі, пісьменніка Максіма Гарэцкага, паэткі Канстанцыі Буйло, сям’і Багдановічаў... Найстарэйшы ж дакумент з фондаў БДАМЛіМ датуецца 1813 годам — гэта нататнік сям’і Кастравіцкіх, з якой паходзіў пісьменнік Карусь Каганец.

З 2001 года ў архіве-музеі ладзяцца літаратуразнаўчыя Узвышаўскія чытанні, прымеркаваныя да 26 траўня — даты ўтварэння ў 1926 годзе літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. Архівазнаўчыя ж Архіўныя чытанні ладзяцца, пачынаючы з 2003 года, да даты 6 кастрычніка — Дня архівіста. Сёлета, на жаль, з увагі на эпідэміялагічную сітуацыю, традыцыйная вясновая сустрэча не адбылася — мяркуецца перанесці Узвышаўскія чытанні на восень, аб’яднаўшы іх з Архіўнымі. А вось святкаванне дня заснавання БДАМЛіМ, 9 чэрвеня, вырашана правесці — хаця і ў анлайн-фармаце.

Чакаем “Аўтограф”

Дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка, якая працуе ў архіве-музеі з 1978-га, а ўзначальвае яго з 1993 года, зазначае, што дзівосным чынам дата заснавання ўстановы супала з Міжнародным днём архіваў. Ён вызначаны ў 2007 годзе Міжнародным Саветам архіваў, які таксама быў заснаваны ў гэты дзень, але ў 1948-м. Святкаванне 60-годдзя БДАМЛіМ адбудзецца на анлайн-пляцоўцы для відэаканферэнцый, гасцям мерапрыемства будуць разасланыя адмысловыя запрашэнні. Удзел у адзначэнні “круглай даты” прымуць прастаўнікі іншых архіўных і музейных устаноў, бібліятэк і выдавецтваў Беларусі і замежжа.

А неўзабаве пасля святочнай даты мусіць з’явіцца прымеркаваны да яе навуковы зборнік пад назвай “Аўтограф”, задуманы як архіўны альманах, што мае на мэце выходзіць у свет раз на два гады. Сёлетні, першы выпуск будзе ўтрымліваць выбраныя архівазнаўчыя працы супрацоўнікаў архіва-музея і іншых даследчыкаў, якія працавалі з яго фондамі і выступалі на ладжаных ім канферэнцыях, а таксама і на Архіўных ды Узвышаўскіх чытаннях за апошнія 15 гадоў.

Графік не змяніўся

Такім чынам, хаця сённяшняя сітуацыя і падкарэктавала пэўныя планы архівістаў, але істотна на іх не паўплывала. Чытальная зала архіва-музея працягвае працаваць, хоць доступ у яе і абмежаваны. Пакуль тут могуць займацца сваімі тэмамі толькі тыя даследчыкі, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі навуковых устаноў і здзяйсняюць планавыя навуковыя працы. У калідорах архіва-музея стала крыху цішэй, няма пастаянных наведвальнікаў з ліку сяброў установы, якія часам завітвалі, каб абмеркаваць тое ці іншае запланаванае выданне ці мерапрыемства. Тым не менш, у самім архіве-музеі праца ідзе па ранейшым графіку, апрацоўка фондаў працягваецца.

Скарыстацца дакументамі з фондаў БДАМЛіМ можна і ў аддаленым доступе — платная паслуга па дасылцы электронных копій існуе даўно і выконваецца паводле ўсіх умоваў заканадаўства. Такая магчымасць запатрабаваная даследчыкамі, але асаблівага ўзрастання попыту на яе сённяшняя сітуацыя не выклікала. Копіі архіўных дакументаў часта дасылаюцца, у тым ліку, і за мяжу — напрыклад, нядаўна, калі ў Паўднёвай Карэі рыхтаваўся зборнік перакладаў паэзіі, у архіва-музея папрасілі даслаць узоры аўтографаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча — для ілюстрацыі раздзелаў, прысвечаных іх творчасці. З Ізраіля запытвалі копіі дакументаў, звязаных з гісторыяй Халакоста, біяграфіямі дзеячаў яўрэйскай культуры, дзейнасцю Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, які працаваў у Мінску з 1926 да 1949 года. Падобныя запыты прыходзяць з Польшчы, Германіі, іншых краін.

Выхоўваючы змену

Архіў-музей удзельнічае таксама ў навуковых анлайн-канферэнцыях — так, у сярэдзіне мая прайшла сустрэча “Архівы і архіўныя дакументы ў працы ўстаноў сярэдняй адукацыі”, зладжаная Дэпартаментам па архівах і справаводстве, Міністэрствам адукацыі і гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тэма цікавая і актуальная — сапраўды, аб значэнні архіваў для навукі і ўсяго грамадства варта распавядаць яшчэ ў школе. Тыя ж з навучэнцаў, хто зацікавіцца архіўнай справай, пасля могуць атрымаць вышэйшую адукацыю па адпаведнай спецыяльнасці.

Кіраўнік БДАМЛіМ Ганна Запартыка ўжо амаль 25 гадоў выкладае курс “Архівы прыватнага паходжання” на гістарычным факультэце БДУ. Для студэнтаў архіў-музей арганізуе практыку, праводзіць экскурсіі, ладзіць з імі сумесныя выставы. Як дырэктар установы, Ганна Вячаславаўна яшчэ падчас навучання спрабуе вылічыць сярод студэнтаў тых, хто можа зрабіцца добрым архіўным супрацоўнікам. На практыку ў БДАМЛіМ прыходзяць студэнты спецыяльнасцяў “Гісторыка-архівазнаўства” і “Дакументазнаўства”, радзей — музеязнаўцы. На трэцім — чацвёртым курсе, як правіла, людзі ўжо вызначаюцца, ці будзе архіўная справа іх прафесіяй. Амаль штогод дырэктар прапаноўвае некаму са студэнтаў уладкавацца ў БДАМЛіМ на палову стаўкі, пасля такія выпускнікі працуюць тут па размеркаванні. Архіўная сям’я даволі невялікая — штат складаецца з трох дзясяткаў чалавек.

І сёння ў архіве-музеі ёсць супрацоўнікі, якія скончылі архіўнае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ ўжо больш за дзесяць гадоў таму. А некаторыя зрабілі кар’еру, працуюць загадчыкамі аддзелаў у іншых установах, альбо ўзначальваюць ведамасныя архівы. Бываюць і такія выпадкі, што студэнты, калі не стае месца, каб прыняць іх на поўную стаўку, папрацаваўшы ў архіве-музеі, пасля пераходзяць у Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, які знаходзіцца ў тым жа будынку. Дарэчы, узначальвае гэтую суседнюю ўстанову сын Ганны Вячаславаўны — Аляксандр Запартыка.

Фонды-рэкардсмены

Галоўнае багацце архіва-музея — ягоныя фонды, пра іх архівісты могуць распавядаць бясконца. Самы вялікі фонд тут складаюць дакументы кінастудыі “Беларусьфільм” — яны займаюць чвэрць усяго сховішча! Асобны вопіс фонду “Беларусьфільма” змяшчае дакументы, якія цалкам раскрываюць працэс з’яўлення кінастужак. Тут ёсць усё: літаратурныя заяўкі, рэжысёрскія сцэнарыі, абмеркаванні, пратаколы, нотны матэрыял музычнага суправаджэння, накіды мастацкага афармлення сцэн, альбомы фотапроб акцёраў... Яшчэ адзін вопіс змяшчае рукапісы сцэнарыяў, з розных прычын не прынятых да пастаноўкі, альбо тых, вытворчасць якіх была спыненая. Каштоўнасць такіх матэрыялаў для гісторыкаў кіно неацэнная.

А самы вялікі асабісты фонд утрымлівае дакументы вядомага літаратуразнаўцы і крытыка Лукаша Бэндэ. Фонд гэты складаецца з дзвюх частак. Першая — гэта, уласна, асабісты архіў самога Бэндэ. Ён даследаваў творчасць многіх класікаў беларускай літаратуры, меў доступ да многіх архіваў, якія былі закрытымі ў 1930-я гады і не перажылі вайну — таму ў ягоных выпісах ці копіях захавалася багата інфармацыі, першакрыніцы якой былі страчаныя. Напрыклад, у свой час ён займаўся выданнем пасмяротнай кнігі паэта Паўлюка Труса, і таму ў яго архіве адклалася вялікая частка асабістых дакументаў гэтага літаратара, якая трапіла да Бэндэ ад бацькі-нябожчыка. Таксама тут змяшчаецца багата рукапісаў артыкулаў і лекцый самога Бэндэ — яны могуць быць цікавыя для гісторыкаў беларускай літаратуры, якія хочуць лепш зразумець творчую лабараторыю, жыццё і дзейнасць гэтай неадназначнай асобы.

Другая частка фонду Лукаша Бэндэ — гэта ягоная калекцыя, ці, дакладней кажучы, збор. Назваць яго калекцыяй у строгім сэнсе можна вельмі ўмоўна, бо папаўняўся ён даволі бессістэмна, пры выпадку, не патрабуючы ні сістэмных пошукаў, ні структурызацыі, ні фінансавых выдаткаў. Сюды трапілі многія рукапісы, пазначаныя штампам “Друкаваць забаронена”, здабытыя Бэндэ з архіваў беларускага Галоўліта — Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў, якое ажыццяўляла цэнзуру ў БССР. Парадаксальна, але, маючы доступ да забароненых для друку рукапісаў беларускіх літаратараў, Лукаш Бэндэ меў магчымасць скласці аб іх творчасці больш поўнае ўяўленне, і таму часта дадзеныя ім крытычныя ацэнкі былі даволі дакладнымі. Таксама ў ягоны збор рознымі шляхамі траплялі архівы літаратараў, рэпрэсаваных у 1930-я гады — і, дзякуючы таму, яны дайшлі да нашых дзён. Многія творы з гэтых рукапісаў ужо апублікаваныя ў зборах твораў іх аўтараў і іншых выданнях.

Архіў-музей — і музей-архіў

Адным з найбольш адметных і знакавых для БДАМЛіМ, безумоўна, з’яўляецца фонд Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у 1921 — 1945 гадах. Гэты фонд трапіў у архіў-музей у 1960 годзе з Літвы. Калі Віленскі беларускі музей у 1945 годзе быў расфарміраваны, яго зборы былі падзеленыя на дзве часткі. Музейныя калекцыі, якія ўтрымлівалі нумізматыку, фалерыстыку, прадметы мастацтва, былі адразу ж ахвотна падзеленыя паміж музеямі Літвы і Беларусі.

А вось архіўная частка збораў Віленскага беларускага музея нікога ўсур’ёз тады, здаецца, не зацікавіла, і была перададзеная ў Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі ЛССР. Калі ў 1958 годзе ў СССР была прынятая пастанова аб узаемаабмене паміж рэспублікамі дакументамі па гісторыі нацыянальных рухаў, менавіта паводле яе архіў музея імя Івана Луцкевіча трапіў у БССР. З Мінска ж у Вільню тады былі перададзеныя дакументы віленскага цэнзурнага камітэта, якія да той пары знаходзіліся ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці. Такім чынам, у мінскім архіве-музеі сёння захоўваецца асноўны масіў дакументаў Віленскага беларускага музея, які архівісты схільныя называць, у сваю чаргу, музеем-архівам, адзначаючы пераемнасць гэтых устаноў.

Варта адзначыць, што ў Мінск трапіла толькі тая частка фонду музея імя Луцкевіча, што ўжо была на той момант апрацаваная — паводле правілаў архіўнай справы, перадаваць неапрацаваныя дакументы з адной установы ў іншую недапушчальна. Тая ж частка фонду, што засталася ў Літве, была апрацаваная толькі некалькі гадоў таму. Вялікая частка рукапісаў беларускіх літаратараў таксама трапіла ў Бібліятэку Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, і сёння па-ранейшаму захоўваецца ў Вільні.

Калі дакументы з архіва Віленскага беларускага музея былі перададзеныя ў Беларусь, яны трапілі ў закрыты фонд, адкуль вылучылі для адкрытага доступу толькі васямнаццаць адзінак — гэта былі справаздачы музея і дакументы паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Рэшта дакументаў была рассакрэчаная толькі ў 1980-я гады. У фондзе музея імя Луцкевіча захоўваюцца дакументы, датычныя дзейнасці рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, фрагменты асабістых архіваў Браніслава Тарашкевіча, Вацлава Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, рукапісы Якуба Коласа, Змітрака Бядулі. Асобны вопіс склалі фотаздымкі са збораў музея імя Луцкевіча, якія пэўны час захоўваліся ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафонафотадакументаў у Дзяржынску, але таксама былі перададзеныя ў БДАМЛіМ у 1980-я — бо на іх можна пабачыць штампы Віленскага беларускага музея.

Дзённікі і сакрэты творчасці

Архіў-музей пастаянна рыхтуе археаграфічныя публікацыі дакументаў са сваіх фондаў. Ужо неўзабаве ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” мусіць з’явіцца ўкладзеная Ганнай Запартыкай кніга “Мы жылі ў буднях барацьбы”, у якую ўвайшлі ваенныя дзённікі літаратараў Міколы Лобана, Антона Алешкі, Пятра Валкадаева і Вісарыёна Гарбука, кожны з якіх па-свойму паказвае рэаліі Вялікай Айчыннай вайны на фронце ці ў партызанскім руху.

Падрыхтаваныя да друку зборнік творчай і архіўнай спадчыны фалькларыста і мовазнаўцы Браніслава Эпімаха-Шыпілы, а таксама кніга, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння славутага опернага спевака Міхала Забэйды-Суміцкага. Мяркуецца стварыць анлайн-версію часовай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі стварэння кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”, а таксама “Блакаднай кнігі” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. Словам, архіў-музей рыхтуе для сваіх сяброў яшчэ багата падарункаў, якія прыемна здзівяць любога прыхільніка беларускай гісторыі
і культуры.

З пракаветных муроў — на шырокі прастор

Застаецца спадзявацца, што вымушанае расстанне архіва-музея з наведвальнікамі будзе нядоўгім — бо нішто не заменіць асабістай сустрэчы. У дом № 4 на мінскай вуліцы Кірыла і Мяфодзія, дзе размешчаны БДАМЛіМ, варта завітаць хаця б таму, што гэты будынак — адзін з найстарэйшых і найпрыгажэйшых сталічных помнікаў архітэктуры. Узведзены ён быў у другой палове XVII стагоддзя, як касцёл святога Язэпа пры мужчынскім кляштары каталіцкага ордэна бернардынцаў.

Велічны барочны гмах доўгі час заставаўся адным з галоўных храмаў Мінска. Але ў 1864 годзе касцёл і кляштар былі зачыненыя і канфіскаваныя царскімі ўладамі за ўдзел духавенства ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні, і перададзеныя Каломенскаму пяхотнаму палку. У будынку касцёла спачатку размясцілася палкавая царква, асвячаная ў гонар святых Кірылы і Мяфодзія, а ў 1872 годзе ён быў аддадзены пад архіў.

З таго часу ў гэтых сценах змяніўся цэлы шэраг архіўных устаноў, і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры мастацтва стаў апошнім у гэтым спісе толькі ў 1991 годзе. Адметна, што да той пары БДАМЛіМ таксама займаў іншы культавы будынак, размешчаны непадалёк — сённяшнюю Петрапаўлаўскую царкву на Нямізе, якая акурат тады была перададзена вернікам. Супрацоўнікі архіва-музея даўно звыкліся са сваім месцам працы — кажуць, тут вельмі спакойна і камфортна. Будынак гістарычны, сваёй мінуўшчынай ён дадаткова натхняе на новыя здзяйсненні. Гмах займае выгоднае становішча — ён узвышаецца над усім гістарычным цэнтрам горада. Але разам з тым, прызнаюцца супрацоўнікі, заўжды застаецца падсвядомае адчуванне, што некалі тут быў храм. А камплектавацца новымі дакументамі двум архівам у адным будынку з кожным годам робіцца ўсё больш складана...

Задумваючыся аб будучыні архіва-музея, Ганна Запартыка разважае, што ў сталіцы мусіў бы некалі ўзнікнуць своеасаблівы архіўны гарадок, дзе могуць размясціцца архівы, выставачныя залы, адукацыйныя цэнтры, дзе можна было б праводзіць міжнародныя акцыі і рэалізоўваць навуковыя праграмы... Будзем спадзявацца, што некалі мары здзейсняцца, а пакуль — далучаемся да віншаванняў і зычым архівістам і даслечыкам плёну ў пошуках ды натхнення для новых адкрыццяў!