“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
(Працяг. Пачатак у №№ 15 — 18, 20 — 22)

/i/content/pi/cult/801/17216/019.JPGІнкогніта з дынастыі Габсбургаў

Яшчэ па дарозе ў Магілёў імператар Аўстрыі Іосіф II падзяліўся падарожнымі ўражаннямі з матуляй — каралевай Аўстрыі Марыяй Тэрэзай: “Зямля (Магілёўская), якая дасталася імператрыцы Кацярыне ад Польшчы, вельмі дрэнная і мала населеная, амаль спрэс лясы і балоты; насельніцтва мізэрнае...” Цікава, як памяняліся яго погляды пасля таго, што ён наяве ўбачыў у Магілёве і потым у Шклове?

Каб захаваць інкогніта, у Магілёў ён прыехаў без ганаровай варты, прыслугі і пажаў, у суправаджэнні ўсяго двух сяброў. Апрануты быў у шэры мундзір капітана аўстрыйскіх войскаў. І таму ў першы дзень мог свабодна гуляць па горадзе, не баючыся, што яго пазнаюць. Раніцай пабываў у касцёле езуітаў на Ветранай вуліцы, дзе, укленчыўшы, памаліўся.

Для начлегу Іосіф ІІ папрасіў гарадскую магістратуру падшукаць для яго сціплае жытло з салдацкім жалезным ложкам. Зразумела, яму ў гэтым мякка адмовілі і ўгаварылі пасяліцца ў дзвюхпавярховай камяніцы купца Аношкі (з 1982 года там месціцца мастацкі музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі). Дом яму вельмі спадабаўся, і ў знак падзякі за ўтульнасць імператар падарыў на памяць яго гаспадару два партрэты — свой і сваёй любімай маці. Доўгі час гэтыя карціны захоўваліся ў Магілёўскім гістарычным музеі, пакуль у ліпені 1941 года не згарэлі пры абароне горада разам з усімі экспанатамі.

На той час — май 1780 года — Іосіф II з’яўляўся каралём Германіі і адначасова імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. А вось аўстрыйскім кіраўніком яшчэ фармальна не быў: ён ім стане толькі пасля смерці Марыі Тэрэзы — 29 лістапада таго самага года. Што, аднак, не перашкодзіла Іосіфу, як суправіцелю маці, весці перамовы з Кацярынай II адносна заключэння руска-аўстрыйскага ваеннага саюзу супраць Асманскай імперыі і далейшага лёсу Рэчы Паспалітай, не так даўно “абсечанай” падчас першага падзелу.

“Хай перліны застаюцца ў зямлі”

/i/content/pi/cult/801/17216/020.JPG24 мая 1780 года імператрыца ўрэшце рушыла са Шклова ўздоўж Дняпра. У трох вёрстах ад Магілёва яе картэж у суправаджэнні эскадрона кірасіраў праехаў праз упрыгожаную гірляндамі трыумфальную арку, з аднаго боку якой стаялі салдаты, з другога — чыноўнікі, маршалкі дваранства верхам на конях, генералы, багатыя гараджане з цэхавымі харугвамі. Ля самай аркі Кацярыну пад перазвон і гром гармат сустрэлі генерал-фельдмаршал Захар Чарнышоў — першы генерал-губернатар Магілёўскай губерні, прызначаны на гэтую пасаду адразу ж пасля падзелу Рэчы Паспалітай — і кіраўнік намесніцтва Пётр Пасек.

У суправаджэнні Пацёмкіна і Чарнышова імператрыца накіравалася ў саборную царкву на малебен, дзе яе чакаў архіепіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі і Аршанскі Георгій Каніскі, які закрануў у гутарцы з Кацярынай тэму пераходу ўніяцкіх парафій у праваслаўе. Пасля гэтага візіту яна наведала палац генерал-губернатара, затым сустрэлася з мітрапалітам Станіславам Богуш-Сестранцэвічам, якому падпарадкоўваліся ўсе каталікі лацінскага абраду ў Расіі. І, нарэшце, у прысутнасці князя Рыгора Пацёмкіна адбылася сустрэча з Іосіфам у палацы ў так званым Шклоўскім прадмесці. Галантны аўстрыец пацалаваў імператрыцы руку, а яна яго, паводле рускага звычаю — у шчаку. Так пачалося супрацоўніцтва двух дзяржаўных дзеячаў, ад якіх у апошняй трэці XVIII стагоддзя шмат у чым залежаў лёс Еўропы — і, у прыватнасці, астатняй часткі Беларусі, пакуль яшчэ да Расіі не далучанай.

У гэты дзень перамоваў, як успамінае сучаснік, “вяльможаў польскіх і расійскіх, дваран і чыноўнікаў было так багата, што ў горадзе ўсе дамы былі занятыя прыезджымі, адных карэт каля палаца стаяла да трохсот”. Увечары, як звычайна пасля такіх цырымоній, — баль, феерверк і вясёлая гульба шляхты. На ўсіх гэтых імпрэзах пад імем графа Севернага прысутнічаў і 26-гадовы сын Кацярыны — спадчыннік трона Павел Пятровіч. Праўда, да перамоваў маці яго не дапускала, і гэта будучага імператара раздражняла.

У наступныя тры дні “перамоўшчыкі” агледзелі прысутныя месцы, касцёл кармелітаў, царкву Святога Спаса і паслухалі літургію ў касцёле езуітаў.

У першай палове дня 30 мая адбылася закладка сабора ў гонар святога Іосіфа з Назарэта — прыёмнага зямнога бацькі і выхавацеля Ісуса Хрыста. Кацярына II і Іосіф II “у памяць свайго побыту ў Магілёве” ўласнаручна заклалі камень у падмурак будучага храма на галоўнай вуліцы горада. Строга кажучы, сабор узводзіўся як сімвал так званага “грэцкага праекта” Кацярыны і ваеннага саюза Расіі і Аўстрыі супраць Асманскай імперыі, які ставіў за мэту аднаўленне Візантыі і вызваленне ўсіх хрысціянскіх народаў ад туркаў.

Існуе паданне, што ў той момант, калі Кацярына і Іосіф схіліліся над закладным каменем, у імператрыцы парвалася нітка караляў, і перліны пасыпаліся на зямлю. Прыдворная чэлядзь наперабой кінулася збіраць рассыпаныя пацеркі, але імператрыца спыніла іх стараннасць, сказаўшы: “Не трэба збіраць. Хай перліны застаюцца ў зямлі. Веру, што храм, які з’явіцца на гэтым месцы, будзе такім жа прыўкрасным, якімі былі мае каралі”.

Доўгія гады над галоўным уваходам у сабор вісела авальная бронзавая дошка з надпісам: “Во славу Бога Единаго, всемогущаго, на память знаменитаго свидания Екатерины вторыя Императрицы и самодержицы Всероссийския и Иосифа второго Императора Римского основан храм сей Святаго Иосифа в губернском городе Могилеве в присутствии обеих их Императорских Величеств майя 30 дня в лето от создания мира 7288 от Рождества Христова 1780…”

Храм будаваўся паводле праекта вядомага архітэктара-класіцыста Мікалая Львова. Пазней для ўпрыгожвання яго інтэр’ера расійскі мастак Уладзімір Баравікоўскі напісаў для аднараднага іканастаса некалькі высакакласных абразоў. На Царскай браме размяшчалася ікона Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы, далей па адзін бок — Божая Маці, Вялікапакутніца Кацярына і Арханёл Гаўрыіл, па другі — Збаўца, Іосіф і Арханёл Міхаіл.

Канчатковае будаўніцтва храма скончылася толькі ў 1799 годзе. Сабор дзейнічаў роўна 130 гадоў, да 1929-га, і быў узарваны ў 1938 годзе. Практычна ўсе творы мастацтва і прадметы культуры загінулі. Да нашых дзён цудам захаваліся толькі тры велізарныя (больш за два метры па вышыні) іконы пэндзля Баравікоўскага і бронзавая купель — іх сёння можна бачыць у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

На месцы ўзарванага сабора была ўзведзеная ўрадавая гасцініца “Днепр”. Наколькі мне вядома, цяпер там размешчаны гандлёвы цэнтр. Ад ансамбля Саборнай плошчы XVIII стагоддзя да нашых дзён дайшла толькі трыумфальная арка, пабудаваная ў гонар прыезду ў Магілёў Кацярыны II. У 1950-я гады ў ёй заклалі цэглай пралёт і ўмантавалі барэльефы Леніна і Сталіна (апошні пазней быў заменены на серп і молат). Вось такая дзіўная сувязь часоў!

“Задаволеныя, матухна-царыца!”

30 мая 1780 года пасля поўдня расійская імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф II выехалі з Магілёва і, павольна пераадолеўшы 30 вёрст, а шостай гадзіне вечара прыбылі ў Шклоў. На гэты раз за карэтай манархаў рушылі салдаты мушкецёрскага батальёна і гусарскага эскадрона, а таксама пару дзясяткаў прыдворных павозак. Ля збудаванай Зорычам трыумфальнай аркі па абодва бакі дарогі тоўпіліся святочна ўбраныя жыхары. У іх ліку — прадстаўнікі яўрэйскага кагалу і кадэты-першакласнікі Шляхетнай вучэльні, дзеці ў белых паўкаптанах з лаўровымі вянкамі на галовах і з кветкамі ў руках, жанчыны ў старадаўніх беларускіх строях з хлебам-соллю, святары ў рызах... Грымелі песні, ладзіліся карагоды. Часта спыняючыся, Кацярына выходзіла з карэты, кланялася і звярталася да народа: “Ці задаволеныя вы, сябры мае, вашым генералам?” І чуўся агульны крык: “Ды задаволеныя, матухна-царыца, задаволеныя, ён нам бацька родны!”

Аўстрыйскі імператар быў уражаны. Такога прыёму, такіх народных урачыстасцяў ён не бачыў ніколі. А калі з гарадскога насыпу грымнуў магутны залп з чатырох двухфунтовых гармат-аднарогаў, ён зусім страціў дар мовы. Задаволены Сямён Гаўрылавіч прыняў дарагіх гасцей у сваёй летняй драўлянай рэзідэнцыі на беразе Дняпра, а для простага народа загадаў на плошчы каля ратушы, дзе знаходзіліся гандлёвыя рады, расставіць сталы з багатым пачастункам і бочкамі са смачным півам трох гатункаў, пра якое казалі: “Сербанеш, упадзеш, скочыш, зноў захочаш”.

Ну а для манархаў і іх набліжаных Зорыч зладзіў багаты абед — так бы мовіць, “баль на ўвесь свет”. Меню да нас не дайшло, але можна меркаваць, што было на стале. Зорыч выдатна ведаў любімыя стравы і напоі Кацярыны, валодаў і інфармацыяй пра густы аўстрыйскага імператара. Зразумела, усё было не горай, чым на дзяржаўных кухнях Пецярбурга і Вены. Сцярляджая юшка, манная каша з грыбамі, звараная ў макавым соку, смажаныя вальдшнэпы, нашпігаваныя салам, цыбуляй і шышкамі ядлоўца, гусіная пячонка, вымачаная ў мёдзе і малацэ, “траянская свіння”, адзін бок якой меў залатую скарынку, а другі выглядаў як адварны, тушаная ялавічына, вытрыманая ў марынадзе, бульба і салёныя агуркі, “бомбы а-ля Сарданапал” (правобраз пажарскіх катлет). З напояў — мадэра, рэйнскае віно ды розныя морсы.

На зыходзе дня Зорыч паспеў паказаць венцаносным гасцям будоўлі сваіх мануфактур і распавесці аб новых праектах. Увечары, калі ўжо сцямнела, арганізаваў у тэатры для манархаў італьянскую камічную оперу. Кацярына і Іосіф былі ўзрушаныя вясёлым спектаклем і асабліва выдатнымі дэкарацыямі, якія шматразова мяняліся. Насычаны дзень скончыўся лёгкай вячэрай: на сталах — персанальна для Кацярыны — была яе любімая моцная кава з вяршкамі, звараная са свежамолатага зерня, вінаград, апельсіны і фінікі, загадзя дастаўленыя па Дняпры з суседняй Украіны.

Наогул, балі, феерверкі і маскарады Сямён Гаўрылавіч заўсёды любіў. Гэта была яго слабасць. І амаль на кожнае свята — Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Тройца, Яблычны Спас… — склікаў да сябе на бясплатны пачастунак мноства гасцей, сярод якіх можна было сустрэць не толькі шклаўчан і магіляўчан, але і палякаў і сербаў, французаў і немцаў, туркаў і шведаў. Мільгалі там графы, князі, бароны, літаратары, філосафы, разумнікі, прайдзісветы, патрыёты, авантурысты...

Пачыналася гулянка днём, а сканчалася ў палацы Зорыча познім вечарам балем і картамі пры святле керамічных сальных светачаў і вялікіх трайчастых жырандоляў. Цяжка сказаць, колькі ў Зорыча сыходзіла грошай на такія імпрэзы... І ці думаў ён пра наступствы гэтых шыкаванняў?

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"