Маршруты Бацькаўшчыны, або Як праявіць грані турыстычнага дыямента

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Некалькі гадоў таму мне давялося прысутнічаць на культурніцкай імпрэзе з удзелам аднаго са статусных дыпламатаў. Запомніўся ягоны аповед пра тое, як калісьці ён быў здзіўлены, даведаўшыся, што некаторыя яго падначаленыя, якія за час службы фактычна сталі “старажыламі” Еўропы, у прыватнасці, Парыжа, Берліна, Вены ды іншых славутых цэнтраў замежжа, ніводнага разу не пабывалі ў Полацку. Паколькі, на ягоную думку, людзі, што не ведаюць гісторыі сваёй краіны, не здольныя паўнавартасна прадстаўляць яе інтарэсы за мяжой, ён загадаў усім у абавязковым парадку наведаць горад-калыску беларускай дзяржаўнасці, і асабіста яму рабіць справаздачы аб выкананні гэтага даручэння. Сапраўды, патрыятызм можна выхоўваць самымі рознымі сродкамі. Галоўнае — вынік!

/i/content/pi/cult/801/17215/017.JPGАле пагаджуся і з аўтарам выслоўя “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” У мяне сціплы досвед вандровак за мяжу, але ведаю, як добра пасля вяртання са Стакгольма ці Барселоны глянуць ад плошчы Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі і сказаць самому сабе: “Якая прыгожая Беларусь!” Асабіста для меня, мінчука, краіну сімвалізуе гэта перспектыва галоўнага праспекта сталіцы. А ў іншых, зразумела, прыярытэты іншыя. Вось мастак і дызайнер Уладзімір Цвірка, да таго ж вандроўнік і краязнаўца, пра якога наша газета ўжо пісала як пра рупліўца ў справе захавання спадчыны народнай матэрыяльнай культуры, узяўся давесці, што ў нашай краіне вартыя ўвагі не толькі асобныя аб’екты кштату Мірскага замка ці Нясвіжскага палаца, але што Беларусь уся, Беларусь увогуле — дыямент у кароне Еўропы. І калі азнаёмішся з ягонымі праектамі, накіраванымі на папулярызацыю нашай культурна-гістарычнай спадчыны і заахвочвання ўнутранага, у межах нацыянальнай тэрыторыі, турызму, пераконваешься, што так яно і ёсць.

/i/content/pi/cult/801/17215/018.JPGУладзімір Цвірка — аўтар праектаў “200 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі”, “Бясконца Чароўная…”, “Сілуэты Спадчыны”, “Фактура Часу”, “Здымак Выпадковы”, “Нашы Руіны”. Найбольш вядомы з іх першы - “200 маршрутаў”. А пачынаўся ён з лічбы 150. Праект набыў шырокую аўдыторыю, дзякуючы супрацоўніцтву аўтара са штотыднёвікам “7 дней”. Прадаставіць свае старонкі для рэалізацыі перспектыўнай ідэі былі гатовыя і іншыя выданні, але спадар Уладзімір спыніўся на гэтым. А паколькі маршруты друкуюцца ўжо шэсць гадоў, выбар аказаўся правільным. Выйшлі з друку нават дзве брашуры на аснове матэрыялаў праекта, прысвечаныя помнікам Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Уладзімір Цвірка распавядае, што даўно хацеў неяк канцэптуальна аформіць гістарычна-культурніцкую інфармацыю, сабраную ў часе шматлікіх вандровак па Беларусі, а падштурхнула да стварэння менавіта такога праекта, нібыта, выпадковасць. Да ягонага сябра, архітэктара, прыехалі ягоныя калегі і сябры з Канады. Што паказваць замежным гасцям? Зразумела, Мір і Нясвіж. А па вяртанні яны заехалі да спадара Уладзіміра, бо ягонае лецішча — фактычна музей матэрыяльнай культуры, які для замежнікаў мог уяўляць пэўную цікаўнасць.

“Я ў іх пытаюся пра ўражанні ад нашых архітэктурных перлін. Яны ветліва адказваюць, што, так, канешне, усё цудоўна. Але я адчуў, захаплення не было, бо яны пабачылі тое, што і так добра ведалі. Мне было дзіўна слухаць, што ў нейкіх момантах пра Нясвіж і Мір яны ведаюць больш за нас. Потым высветлілася, што да вандроўкі ў Беларусь яны грунтоўна рыхтаваліся; чыталі тое, што ёсць пра нас у сур’ёзных турыстыстычных даведніках. А гэта чатыры аб’екты — Мір, Нясвіж, Брэсцкая крэпасць і Белавежская пушча. Так што пабачылі яны тое, што і чакалі. І было гэта крыху сумнавата, бо не было неспадзяванкі, адкрыцця не было.

А мяне нібы за язык дзёрнулі: хлопцы, а вы па дарозе нічога цікавага не бачылі? А што, кажуць, там такога? Царква ўнікальная, касцёлы - дзеючы і ў руінах, сядзібны дом. Паказаў ім гэта на карце. І назаўтра яны паехалі зноў “у Мір і Нясвіж”, каб паглядзець на тое, што было побач, але не трапіла ім на вока. Яны аб’ехалі ваколіцы Нясвіжа, пачынаючы ад Снова, Клецка. Пад Мірам — Стоўбцы, новы Свержань, Турэц, да Карэліч, крыху да Навагрудка не даехалі.

Вярнуліся, па вачах бачу, страшэнна задаволеныя! А сябар кажа, я іх цягну ад бур’яноў, што вышэй чалавечага росту — а яны: пачакай, мы яшчэ тут сфатаграфуемся, на фоне гэтай руіны! Разумееце, у нас ужо вока намулена. Царква як царква. А для іх — аўтэнтыка, экзотыка, унікальнасць. Бо няма ў іх такога. Яны на зваротным шляху спецыяльна да мяне зноў прыехалі, каб падзякаваць за слушную параду”.

Другі момант, які падштурхнуў да стварэння праекта. Калі спадар Уладзімір паказваў сваім сябрам — людзям, нібыта дасведчаным, прывезеныя з вандровак фотаздымкі ўзораў айчыннага дойлідства, дык чуў: “Валодзя, гэта што, у нас?” Прыкладам, пра Гервяты казалі, што не можа такога быць у нас. Гэта Прыбалтыка ці Польшча. “Ды не, кажу, гэта дзесьці сто сорак кіламетраў ад Мінска”.

Вось з гэтага і нарадзілася жаданне даць вандроўкам гатовыя маршруты. Каб не блукалі, каб адразу выходзілі на цівавыя аб’екты. Так нарадзіўся праект “150 залатых маршрутаў па маёй Беларусі”.

Сёння ўжо распрацоўваеца сайт, які ўключае 200 маршрутаў па архітэктурных цікавостках. Кожны з іх уключае ад васьмі да дзесяці аб’ектаў. Самае каштоўнае ў ім — магчымасць выбару. Вандроўнік сам выбірае, якія аб’екты наведаць, а якія абмінуць. Спадар Уладзімір кажа, што ў дадатак да ўжо распрацаваных архітэктурных маршрутаў, будзе яшчэ недзе пяцьдзясят тэматычных — пра каменныя крыжы, пра валуны, пра вадзяныя або ветраныя млыны. Ёсць краязнаўцы, якія вывучаюць толькі ДОТы і ДЗОТы Першай і Другой сусветных войнаў. Будуць задаволены і іх інтарэсы. Яшчэ адзін чыннік праекта, які мае нацыянальны маштаб, гэта вандроўкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю асоб, што пакінулі ў нашай гісторыі і культуры след — Напалеон Орда, Адам Міцкевіч, Цётка, Янка Купала, Якуб Колас. З асоб адносна блізкага нам часу можна вылучыць Чэслава Немэна, што нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў Васілішках.

Праект разлічаны найперш на крэатыўнага турыста, які сам складае сабе праграму вандроўкі. Але пасля таго, як прает быў агучаны на турыстычных форумах, ім зацікавіліся і турыстычныя фірмы. Асцярожна прыглядаюцца. Унутраны турызм для бізнесовых структур пакуль “terra іncognita”. Каб гэта сфера запрацавала напоўніцу, трэба і заканадаўства скарэктаваць, і разбурыць пэўныя стэрэатыпы ў грамадскай свядомасці.

Магчыма, з часам у адзін з маршрутаў будзе ўключана і лецішча самога Уладзіміра Цвіркі. Бо гэта сапраўдны музей народнага побыту пераходнага перыяду ад традыцыйнага ладу жыцця да рэалій індустрыяльнай эпохі, калі ў адной прасторы суіснавалі ветраныя млыны і трактары; калі чалавек працаваў у горадзе на вытворчасці, а сілкаваўся з уласнага гарода ў прыгараднай вёсцы. Цвік экспазіцыі — аўтэнтычны вятрак — ужо сёння мясцовая славутасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"