“Ты здымі, здымі мяне, фатограф…”

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Галерэя смаргонскіх вобразаў
— А хто фатаграфаваў ваша вяселле? — пацікавілася ў мамы, калі разам разглядалі сямейны фотаальбом. — Быў у Смаргоні фатограф нямы… Раман Яцкевіч. — Прыязджаў з горада ажно ў Войстам? — Так, ён па ўсім раёне фатаграфаваў… Вяселле было ў 1965 годзе. Аказалася, што і іншыя вяселлі ў нашай радні таксама здымаў “нямы Раман”. У альбоме захаваліся фотакарткі дзвюх вяселляў, зробленыя ў 1958 годзе.

/i/content/pi/cult/801/17214/015.JPG“Спыніся, імгненне!”

“Людзі сапраўды прыдумалі для бацькі мянушку Нямы. Хаця на самой справе гэта было не так. Бацька быў не нямым, а глухім, — кажа Віктар Яцкевіч, старэйшы сын фатографа. — Слых ён страціў у 1942 годзе, яму было толькі шаснаццаць. Любіў катацца на лыжах. Аднойчы, каб асвяжыцца-астыць, узяў ды снег пад шапку паклаў — і застудзіў галаву. Захварэў на менінгіт. Вылечыўся, але хвароба дала ўскладненне на вушы. Зусім аглух. Тым не менш не вельмі разборліва, але гаварыў, мог рабіць памылкі ў словах, няправільна ставіць націск, але ж не маўчаў! І па вуснах добра чытаў. Дарэчы, па пашпарце ён быў Рамуальд, але ўсе яго звалі Раманам”.

Цікавы факт: да Яцкевіча часта прыязджаў Аляксандр Дзяруга. Яны ж абодва былі заўзятымі фатографамі. Маглі гадзінамі размаўляць. Дастаткова добра разумелі адзін аднаго.

Людзі нярэдка называлі яго “фатографам ад Бога”. Па сутнасці, ён быў першым у Смаргоні дзяржаўным фатографам. Разам з Мікалаем Янчуковічам пачалі працаваць у дзяржаўным фотаатэлье. Спачатку яно размяшчалася ў памяшканні цяперашняга фонду абароны (на вуліцы Леніна, 2). Там быў зусім малы пакой для работы. Крыху пазней фотаатэлье адкрылі на другім паверсе Дома быту, дзе цяпер месціцца раённае аддзяленне Следчага камітэта (на вуліцы Савецкай, 25).

Рамуальд Яцкевіч не абмяжоўваўся работай у “стацыянары”. Са сваім фотаапаратам “Змена” ён аб’ездзіў, бадай, усю Смаргоншчыну. Жонку знайшоў у Данюшаве, калі прыязджаў фатаграфаваць.

“Свёкар быў чалавек абаяльны, таму нядзіўна, што ў маладосці ён падабаўся дзяўчаткам. Увогуле да музыкаў, фатографаў яны заўсёды ставіліся з асаблівай цікавасцю. Раман абраў у жонкі Марыйку, на восем гадоў маладзейшую за яго. Разам яны пражылі сорак гадоў, траіх дзяцей — двух сыноў і дачку — выгадавалі”, — далучаецца да размовы Зінаіда, жонка Віктара.

“Жывапісец без прыўкрас”

Людзі звалі Рамуальда Яцкевіча, каб ён зафіксаваў самыя значныя падзеі іх жыцця: вяселлі, хрэсбіны, провады, юбілеі… Каб проста зрабіў партрэты на памяць. Гэта цяпер не прынята здымаць памерлых, а раней аніводнае пахаванне не абыходзілася без фатографа.

“Дома ў нас быў куток, дзе бацька рабіў фотаздымкі, — успамінае Віктар Рамуальдавіч. — Цяжкі гэта быў працэс. Не тое, што цяпер... Мог цэлую ноч працаваць, каб раніцай аддаць гатовыя фотаздымкі замоўцу.

За сваю работу ён не атрымліваў вялікіх грошай. А мы, малыя, любілі, калі бацька вяртаўся дадому пасля здымак — і даставаў з кішэняў прысмакі: цукеркі, печыва, шматкі паляндвічкі”.

У Рамуальда Міхайлавіча ў аднаго з першых у горадзе з’явіўся матацыкл “Мінск”, на якім ён “падарожнічаў” па ўсёй Смаргоншчыне. Ездзіў бы і далей, каб не сталі патрабаваць вадзіцельскае пасведчанне. На жаль, чалавеку без слыху такога дакумента не выдавалі. І мужчына перасеў на веласіпед.

Займацца фотасправай ён перастаў недзе напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Аддаў перавагу рыбалцы і збору грыбоў. На рэчцы ці ў лесе мог прападаць цэлымі днямі.

Фатаграфаваннем Рамуальд Міхайлавіч “заразіў” не толькі старэйшага сына, але пляменніка Эдуарда Борыса. “Са стрыечным братам Віцем мы часта бегалі ў атэлье. З цікавасцю я назіраў за работай дзядзькі Рамана. Ён і нас фатаграфаваў. Аднойчы на дзень нараджэння падарыў мне фотаапарат “Змена” — і я сам стаў фатаграфаваць сваіх родных, знаёмых”. У пацвярджэнне сваіх слоў Эдуард Борыс паказвае вялікі стос цікавых фотаздымкаў. Сын Віктар таксама шмат фатаграфаваў, здымаў вяселлі і іншыя сямейныя ўрачыстасці.

Асаблівая місія

Памёр Рамуальд Міхайлавіч у 1997 годзе. У яго была асаблівая місія — спыняць імгненні жыцця, якія ніколі не паўторацца. І за гэта многія жыхары Смаргоншчыны казалі яму “дзякуй”.

А сёння знаўцы добрай фатаграфіі без цяжкасці вызначаюць у работах Рамуальда Яцкевіча дасканалую кампазіцыю, прыроджанае пачуццё кадра, уменне абраць патрэбны момант і ракурс здымкі. Партрэты людзей — святочныя і паўсядзённыя, кадры простага вясковага жыцця, сямейных урачыстасцяў хочацца разглядаць доўга і дэталёва. Фатограф ставарыў паўнавартасную фотахроніку Смаргоншчыны даўжынёй у некалькі дзесяцігоддзяў.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва
Віктара ЯЦКЕВІЧА
і Эдуарда БОРЫСА