Брэндавы сегмент слонімскага элемента

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

У пошуках новага падыходу да нематэрыяльнай спадчыны
Ніякі каранавiрус не можа стаць перашкодай юбілею! У першы дзень вясны споўнілася 5 гадоў Слонімскаму раённаму Цэнтру культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Установа ўваходзіць у сістэму аддзела культуры Слонімскага райвыканкама і з’яўляецца адным са звёнаў ланцуга, што вызначае не толькі дасугавую палітыку рэгіёна, а захоўвае, развівае і прапагандуе яго матэрыяльную і нематэрыяльную — духоўную спадчыну. Сёння я і прапаную вам азнаёміцца з тым, як вырашаюцца гэтыя пытанні ў раёне. А маім памочнікам пры стварэнні дадзенага матэрыялу стала метадыст цэнтра Святлана Бушчык, добра знаёмая чытачам “К” па інфармацыі, якую яна дасылае на адрас газеты.

/i/content/pi/cult/801/17213/014.JPGIмпрэзы для ўсіх узростаў

У структуру Цэнтра ўваходзяць тры аддзелы — метадычнай і культурна-масавай работы, рамёстваў і традыцыйнай культуры, нестацыянарнага абслугоўвання — і 16 філіялаў у сельскай мясцовасці. Амаль усе яны маюць пэўную “спецыялізацыю”: так, у Міжэвіцкім Цэнтры культуры ўмеюць ладзіць цікавыя тэатралізацыі для дзяцей, у Востраўскім сельскім клубе — разнастайныя літаратурныя імпрэзы і пазнавальна-гульнёвыя праграмы. У аграгарадках Сурынка і Азярніца жывуць заўзятыя тэатралы: першыя — докі ў дзіцячым лялечным тэатры, другія — у драматычных пастаноўках, якія, дарэчы, ведае ўвесь раён і з якімі яны неаднаразова перамагалі ў шматлікіх аглядах-конкурсах. Аграгарадок Жыровічы вядомы аматарамi паэзіі і аўтарскай песні, а іхняе аб’яднанне “Сад” пры мясцовым Цэнтры культуры прываблівае нават слонімскіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства.

Пры аддзелах і філіялах працуе 107 клубных фарміраванняў, з іх 59 — дзіцячыя. Чатыры калектывы маюць званне “народны”. Менавіта яны — “Жывіца”, “Славяначка”, “Свавольнікі” і “Чараўніцы-каравайніцы” — i ёсць сапраўдны гонар культуры Слонімшчыны, прычым іх ведаюць не толькі ў раёне i Гродзенскай вобласці, але і за межамі краіны. Сярод апошніх замежных ваяжоў народнага вакальнага ансамбля “Славяначка” з Сянькоўшчынскага Цэнтра культуры — удзел у лютым у святкаванні Масленіцы ў літоўскім горадзе Шальчынінкай, дзе ён ужо дагэтуль быў неаднаразова і зноў прывёз дахаты добры настрой і запрашэнне на наступныя імпрэзы. Варта дадаць, што “Славяначка” — адно з аб’яднанняў-старажылаў у Слонімскім раёне: яно было створана ў 1983-м годзе яшчэ пры Кастровіцкім сельскім Доме культуры (зараз не існуе). Кіруе iм Ала Баравік — сапраўдны лідар, энергічны і працаздольны, які заўжды дзеліцца сваёй творчай энергіяй з калегамі, падтрымлівае ансамбль у заўсёднай працоўнай гатоўнасці.

Такі ж доўгажыхар і таксама з 1983-га сярод аматарскіх аб’яднанняў Слонімшчыны жаночае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” пры Навасёлкаўскім Цэнтры культуры. Да самага апошняга часу “каравайніцамі” кіравала заснавальніца калектыву Ларыса Мудрацова, з якой ён атрымаў званне народнага ў 2002-м годзе. Смачныя, духмяныя і прыгожыя караваі ад “чараўніц” — з некаторай пары мясцовы слонімскі брэнд пад назвай “Паўлаўскі каравай”, а з 2016-га — і элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Будзе дарэчным узгадаць тут цікавую нядаўнюю падзею ў жыцці аб’яднання і Навасёлкаўскага цэнтра: 31-га студзеня бягучага года на іх базе для работнікаў культуры ўстаноў Гродзенскай вобласці адбыўся семінар па актуальнай на цяперашні час тэме новых падыходаў да працы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай. У ім прыняла ўдзел даследчыца спадчыны, прадстаўніца беларускага камітэта Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых месцаў ІКАМОС Ксенія Арсенцьева. Яна недарэмна звярнула ўвагу менавіта на слонімскі элемент НКС: “Чараўніцы-каравайніцы” вельмі папулярныя ў СМІ, іх нярэдка можна ўбачыць як на старонках абласнога і мясцовага друку, так і па тэлебачанні. Апошні ўдалы выступ — 28-га студзеня ў перадачы “Жывая культура” на тэлеканале “Беларусь 3”.

— У пошуках новых ідэй увесь час, вядома ж, не толькі народныя калектывы, — гаворыць загадчыца аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Слонімскага раённага Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Ганна Панашчык. — Літаральна ўсе клубныя ўстановы раёна пастаянна працуюць у накірунку выяўлення найбольш эфектыўных форм і метадаў. Культработнікі пастаянна вывучаюць запатрабаванні розных катэгорый насельніцтва на тыя ці іншыя формы баўлення вольнага часу і аператыўна рэагуюць на змены. Так, наш Цэнтр рэгулярна ініцыюе правядзенне сацыялагічных апытанняў, якія дапамагаюць удасканаліць працу клубаў і клубных фарміраванняў. На цяперашні момант самай вялікай праблемай для работнікаў культуры з’яўляецца змяншэнне колькасці жыхароў у сельскай мясцовасці, а менавіта пераезд шматдзетных сем’яў у горад, што цягне за сабой памяншэнне клубных фарміраванняў і наведванне культурных мерапрыемстваў.

На асаблівым месцы — праца з пажылымі: усе філіялы ўстановы актыўна ўзаемадзейнічаюць з імі ў рамках распрацаванага ў 2019-м годзе сацыякультурнага праекта “Трэці ўзрост”. Ён накіраваны на ўсебаковую працу з тымі, каму асабліва патрэбная падтрымка і ўвага, — з састарэлымі людзьмі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, нярэдка адзінокімі і хворымі. Самай папулярнай формай мерапрыемстваў “Трэцяга ўзросту” з’яўляцца вечары-партрэты “Гартаючы альбом жыцця”, што пазнаёмілі жыхароў аграгарадкоў і вёсак з многімі і многімі цікавымі лёсамі землякоў, якія яшчэ жывуць побач з імі, ходзяць аднымі вуліцамі. А да тых, хто не можа самастойна дабрацца да клуба ці Цэнтра культуры, культработнікі ідуць дахаты самі. Традыцыйнымі сталі наведванні падведамасных устаноў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна.

Планы ніхто не адмяняў

У святле сучаснай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, на жаль, вельмі многія iмпрэзы адмененыя ці перанесеныя. Але супрацоўнікі ўстаноў культуры Слонімшчыны — аптымісты! Яны спадзяюцца, што ў хуткім часе ўсё вернецця “на кругі свае”, закруціцца, запрацуе, таму планы будуюцца. І першая вялікая кропка на карце-схеме запланаваных мерапрыемстваў — раённае свята-конкурс “Дзень добры, суседзі!”, якое мае адбыцца 14-га і 21-га чэрвеня ў аграгарадках Сянькоўшчына і Васілевічы. Трэба зазначыць, што гэтае свята — слонімскае “ноу-хау”: яно было задумана яшчэ ў 2012-м i з таго часу праводзіцца штогод для таго, каб разнастаіць вольны час вяскоўцаў і лепей пазнаёміць іх паміж сабой, калі яны едуць на свята сяброўства адзін да аднаго па чарзе. Звычайна аграгарадкі-ўдзельнікі прадстаўляюць тэматычныя падворкі, рыхтуюць насычаныя канцэртныя праграмы. Адзін з элементаў імпрэзы — вясёлыя спартыўныя спаборніцтвы. Па выніках конкурсаў узнагароджваюць лепшых сельгасработнікаў i гаспадароў падворкаў, прадстаўнікоў сямейных працоўных дынастый. А ў аграгарадку Сянькоўшчына 25-га ліпеня спадзяюцца правесці песеннае свята “Беларусь спявае”. У раёне разлічваюць, што адбудуцца і святы ільну, рыбака, мёду і гарбаты, бульбы, малака. Як і вянец усім гэтым радасцям-святкаванням — фестываль “Паўлаўскі каравай”, запланаваны на 22-е жніўня!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"