Давай пагаворым, мама…

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Як Барысаўская бібліятэка дапамагае дзецям у сітуацыі зняволення іх бацькоў
З чаго нараджаецца творчы праект? Да прыкладу, з павеву вясновага ветрыку, які прыносіць нечаканую згадку пра колішняе прыемнае ды важкае. З убачанага, адчутага і перажытага вось у гэты канкрэтны момант, калі штосьці прымусіла спыніць хаду і задумацца над вытокам высокага палёту чалавечых зносін. Словам, з чаго толькі той праект не нараджаецца. Толькі варта для гэтага пільнаваць не металічны рубель пад нагамі, а водбліск вячэрняй зоркі ў дажджавой лужыне… Ведаю сталічнага бібліятэкара, які на ўласныя прэміі адпраўляецца ў Маскву, каб наведаць Дом кнігі і пацікавіцца, над чым працуе сёння Захар Прылепін. Каб яна так цікавілася, якія творчыя турботы хвалююць гэтымі днямі Андрэя Федарэнку. Я разумею: усяму — свой час…

/i/content/pi/cult/800/17201/020.JPGДырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Алена Капыток свой чарговы праект прывезла з чарговай камандзіроўкі за акіян. Хтосьці з нашых турыстаў дакладна ведае, дзе можна прыдбаць у Амерыцы самыя танныя джынсы. Алена Сяргееўна адшукала для сябе зусім іншую, але надзвычай карысную інфармацыю. У выніку нарадзіўся сацыяльны праект “Тата побач. Мама, давай пагаворым”.

Мы пра гэта пішам рэдка

Сапраўды, мы недаравальна мала ўвагі надаем жыццю папраўчых калоній, мэта якіх па вызначэнні — усебаковае садзейнічанне таму, каб людзі выпраўлялі здзейсненыя памылкі і ўсяляк імкнуліся застацца людзьмі. Не сакрэт, што і ў месцах пазбаўлення свабоды — процьма таленавітых людзей. Яны спяваюць, ставяць спектаклі, вырабляюць неверагодныя мастацкія рэчы. І пра гэты пласт культуры мы пішам зрэдзьчас. Не вельмі гэта правільна. Алена Капыток прымусіла зноў вярнуцца да азначанай тэмы. Але гаворка сёння — не пра канцэрты, спектаклі ды выставы ў “калючым перыметры”. Тлумачыць сутнасць акцыі, якая стартавала 23 красавіка, буду паступова.

Барысаўская раённая бібліятэка, як зразумела, стала ініцыятарам досыць незвычайнага праекта. Папраўчая калонія № 14 (вёска Навасады, дваццаць кіламетраў ад Барысава) стала партнёрам. А непасрэдныя стасункі наладжаны паміж дзіцячым аддзелам Барысаўскай ЦРБ і бібліятэкай папраўчай калоніі № 14. Ажыццяўляцца задуманае будзе цягам года.

На відэаканферэнцыю — разам з бабуляй

Пра задуманае — больш падрабязна. Вось меркаванне кіраўніка праекта Алены Капыток: “Арыентаваны праект на тых падапечных папраўчых устаноў, якія ўсведамляюць высокую каштоўнасць сямейных стасункаў і жадаюць прымаць удзел у жыцці ды выхаванні сваіх дзетак. Сэнс нашай сумеснай ініцыятывы — дапамагчы такім ахвотным стаць бліжэй да сваіх родзічаў і блізкіх. Гэта дзеля іх бацькоў, якія калісьці памыліліся, але гатовы мяняцца і выпраўляць памылкі мінулага”.

Я шмат пісаў пра Алену Капыток, пра яе высокую адоранасць, калі так можна выказацца, у справе выкарыстання самых апошніх тэхнічных гаджэтаў. Без такога таленту відэамасток паміж бібліятэкай і калоніяй наўрад ці быў бы “ўзбудаваны”. Трываласць і перспектыўнасць такой сувязі пацвярджае і тое, што да віртуальных стасункаў падключыліся жаночыя папраўчыя калоніі Гомеля і Шклова…

Аднак вернемся ў 23 красавіка. Старт праекта ажыццявілі дзве сястрычкі, якіх бабуля прывяла ў Барысаўскую бібліятэку на відэастасункі з мамай гэтых маленькіх дзяўчынак, якая адбывае тэрмін пакарання ў ПК № 14.

“Пра што думае мая галава”

На словах ды халоднай рукой апісаць усё гэта досыць проста. Прынамсі, я сустрэчы родных на ўласныя вочы не бачыў. Перадаю сутнасць са слоў кіраўніка Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Па-першае, дзіцячы аддзел гэтай установы зроблены максімальна ўтульным. Кніжкі з маляўнічымі ілюстрацыямі ды самыя неверагодныя цацкі ствараюць тут самы казачны настрой. Па-другое, сутнасць гадзіннай сустрэчы заключалася ў тым, што мама чытала сваім дзецям кніжку Ірыны Піваваравай “Пра што думае мая галава” і ўрыўкі з казкі-аповесці Джані Радары “Вандроўка Блакітнай Стралы”. Можна толькі ўявіць, як слухалі маму дзяўчынкі! Над чымсьці смяяліся, штосьці абмяркоўвалі. І па-трэцяе, пасля літаратурных чытанняў дочкі зрабілі маме сюрпрыз. На малюнку яны пастараліся адлюстраваць менавіта яе — самага дарагога чалавека ў свеце! А ёсць яшчэ і па-чацвёртае. Дзяўчынкі таксама не засталіся без падарунка. Яны атрымалі тыя самыя кнігі, якія ім чытала маці. Ці варта сумнявацца, што гэтыя выданні сёстры зачытаюць “да дзірак” і захаваюць на ўсё жыццё, як красамоўнае сведчанне цеплыні зносін з мамай.

А вось якія ўражанні пакінула бабуля: “Вялікі дзякуй за шчыры прыём, за пільную ўвагу, за шчыльныя стасункі… Усё гэта — незабыўны след у нашых душах”.

Мама па той бок экрана таксама была шчыра ўдзячная за такі нечаканы падарунак. Удзячны ліст у адрас Барысаўскай бібліятэкі накіравала і адміністрацыя ПК № 14, якая вельмі станоўча ацаніла праектную ідэю. А неўзабаве адгукнуліся Гомель і Шклоў.

Праект жыве і пашырае межы. Такім чынам сціраюцца адлегласці паміж роднымі сэрцамі, а простыя кніжныя радкі набываюць чарадзейную ды гаючую сілу, а яшчэ — вялікую надзею — на абавязковую сустрэчу.

Дадам, што перыядычнасць такіх “канферэнцый” — два разы на месяц.

Дзяцінства ў салдацкай пілотцы

Другая сустрэча ў рамках праекта “Тата побач. Мама, давай пагаворым” адбылася 8 мая. Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі тата прапанаваў для сямейнага прачытання апавяданне Міхася Лынькова “Васількі”. А дзеці ў сваю чаргу распавялі пра свае школьныя поспехі, паказалі ўласныя малюнкі. А ў падарунак атрымалі новую кнігу “Дзяцінства ў салдацкай пілотцы”. Мама была побач з дзецьмі і пакінула па выніках сустрэчы вельмі станоўчы водгук.

Працяг справы і яе нюансы

Якія можна зрабіць высновы. Як мне падаецца незвычайная бібліятэчная акцыя зніжае ступень душэўнага болю абедзвюх бакоў такога стасункавання. Да месца тут словы “сацыялізацыя”, “рэабілітацыя”, “прафілактыка паўторных правапарушэнняў”… Гэта ў дачыненні да бацькоў. Што тычыцца дзяцей… Напэўна, яны ніколі не забудуцца на тое, што кніжка можа так яднаць людзей, што бібліятэка — утульны і жаданы куточак для сумеснага чытання, дзе няма зла, а пануюць толькі дабрыня і спагада.

Не магу не спыніцца і на вось якіх немалаважных аспектах, якія гарантуюць поспех згаданага праекта. Вельмі важны клопат — падбор літаратуры, а таксама стварэнне кропак доступу для відэасувязі.

Паміж бібліятэкай і ПК № 14 была заключана дамова аб супрацоўніцтве. Пра яго ход і вынікі “К” распавядаць будзе рэгулярна.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"