Масюкоўшчына: след, які не зацерці

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

У юбілейную пару 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівая ўвага скіроўваецца на ўдзельнікаў і сведкаў тых падзей — ветэранаў, вязняў нацызму, тых, хто перажыў нягоды ваеннага ліхалецця пад акупацыяй альбо працаваў для патрэбаў фронту ў тыле. Але не меншай увагі патрабуюць і месцы памяці аб падзеях часоў той вайны, якіх багата ў нашай краіне. Асабліва важнай робіцца праблема іх захавання ў працэсе росту і развіцця гарадоў, асвойвання новых тэрыторый — у выніку чаго месцы памяці аб вайне трапляюць у новы горадабудаўнічы кантэкст і спазнаюць пэўныя змены. Што адчуваюць сучасныя гараджане, жывучы побач з такімі месцамі, і як успрымаюць іх?

/i/content/pi/cult/800/17200/018.JPGДакументы сведчаць, што калі ў сярэдзіне 1970-х гадоў у БССР налічвалася каля шасці тысяч помнікаў, абеліскаў, Курганаў Славы і іншых мемарыяльных знакаў на памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай, то сёння іх лік ужо большы за дзесяць тысяч. Падчас гістарычных і краязнаўчых даследаванняў выяўляюцца раней невядомыя воінскія пахаванні, высвятляюцца адрасы, звязаныя з гісторыяй вайны і акупацыі, з’яўляюцца новыя мемарыялы. Гісторыкі адзначаюць, што ў сітуацыі, калі жывых відавочцаў вайны застаецца ўсё меней, менавіта месцы памяці набываюць усё большую актуальнасць для перадачы ведаў аб гісторыі вайны наступным пакаленням. Прычым, у поўнай меры адыгрываць сваю ролю могуць менавіта аўтэнтычныя мемарыялы, якія знаходзяцца акурат на месцы падзей — асабліва гэта тычыцца тэрыторый нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў.

На жаль, як ні парадаксальна, у пасляваенны перыяд некаторыя такія мемарыялы з тых ці іншых прычын ствараліся не на месцы, дзе здарыліся трагічныя падзеі часоў вайны, а крыху воддаль. Часта мемарыялізацыі падлягалі толькі месцы пахавання ахвяр — а яны, зазвычай, былі аддаленыя ад месцаў утрымання вязняў, а часам і ад месцаў іх масавага знішчэння. Усё гэта прыводзіла да таго, што тэрыторыі і нават будынкі, непасрэдна звязаныя з пакутамі і гібеллю дзясяткаў тысяч людзей, працягвалі выкарыстоўвацца для надзённых патрэб грамадства. Гэта, вядома, магло быць апраўдана ва ўмовах пасляваенных нястачаў і разбурэнняў — але ў выніку, з часам памяць пра рэальныя месцы трагедый сціралася з грамадскай свядомасці. Аб падзеях і ахвярах памяталі — але не атаясамлівалі гісторыю іх пакут і гібелі з канкрэтнымі мясцінамі, дзе адбываліся тыя падзеі.

Што такое “шталаг”

Адным з такіх забытых месцаў доўгі час заставалася і тэрыторыя лагера ваеннапалонных, сумна вядомага пад назвай Шталаг 352, трагічная гісторыя якога пачалася ў ліпені 1941 года. Захапіўшы 28 чэрвеня Мінск, нямецкія войскі спачатку стварылі канцэнтрацыйны лагер у Драздах на беразе Свіслачы (раён вуліцы Нававіленскай вакол тэрыторыі, дзе да нядаўняга часу існавала птушкафабрыка імя Крупскай). Тут сабралі савецкіх салдат і афіцэраў, захопленых у палон каля Мінска, а таксама ўсіх мужчын з горада і яго ваколіц узростам ад 18 да 45 гадоў — у выніку праз лагер прайшлі агулам каля 100 тысяч ваеннапалонных і 40 тысяч мірных жыхароў. Камуністаў і яўрэяў нацысты расстрэльвалі, астатнія ж вязні лагера мусілі пакутваць без ежы і вады, церпячы здзекі — агулам тут загінула калі дзесяці тысяч чалавек. Пасля фільтрацыі цывільных мінчукоў паступова пачалі адпускаць па дамах, а нядаўніх афіцэраў і байцоў Чырвонай арміі — пераводзіць у іншы, адмыслова створаны для іх лагер.

Тэрмін “шталаг” паходзіць ад нямецкага скароту Stammlager — “асноўны лагер”, так нацысты называлі свае лагеры для ваеннапалонных. Шталаг 352 меў два аддзяленні — “гарадское” і “лясное”. Калі першае знаходзілася ў будынках так званых Пушкінскіх казарм (цяпер тут вайсковая частка на вуліцы Якуба Коласа), то другое размяшчалася ў вайсковым гарадку ля вёскі Масюкоўшчына, збудаваным напрыканцы 1930-х гадоў для патрэб Чырвонай арміі. Менавіта сюды 17 ліпеня 1941 года былі пераведзеныя з Драздоў 47 тысяч савецкіх ваеннапалонных.

Асабістая гісторыя

/i/content/pi/cult/800/17200/019.JPGАдным з тых, хто трапіў тады ў Масюкоўшчыну, быў малады танкіст-чырвонаармеец Барыс Папоў, родам з Тамбоўшчыны. Яму пашчасціла вырвацца з лагера і выжыць — сёння, у свае 98 гадоў, ён застаецца адным з апошніх відавочцаў гісторыі лагера ў Масюкоўшчыне. Праўда, ён заспеў толькі першыя дні яго дзейнасці — магчыма, у тым ліку, таму яму і пашанцавала выжыць. Барыс Антонавіч напісаў аб сваім лёсе ваеннапалоннага кнігу, якая мае назву “Ещё о войне. Автобиографический очерк одного из пяти миллионов”. Колішні вязень лагера ўзгадвае:

— Прывезлі нас у лагер, пасялілі ў будынак, дзе была казарма. Потым там зрабілі лазарэт, а па першым часе мы размясціліся ў гэтым трохпавярховым будынку, і там начавалі проста на падлозе. Напачатку ніякай арганізацыі харчавання не было, а потым — прывозілі чыгунную ванну, ставілі на зямлі. Працавала некалькі палявых кухняў, варылі баланду, вылівалі ў гэтую ванну, кідалі кружкі справа-злева. Кожны падыходзіў па чарзе, яму налівалі ў кружку баланды — адразу выпіваеш і кідаеш кружку, падыходзіць наступны — так адбывалася кармёжка. Гэта было ў першыя дні. Што было далей, на жаль — а дакладней, на маё шчасце — мне не давялося пабачыць: праз некалькі дзён я трапіў на працу і з лагера быў вывезены. Таму і ацалеў.

Мясцовая ініцыятыва

Пазней Барыс Папоў прайшоў яшчэ праз цэлы шэраг лагераў ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі і Германіі, але пасля вайны вярнуўся жыць у Мінск. Сёння ён адзін з актыўных удзельнікаў групы энтузіястаў, якія зацікаўленыя добраўпарадкаваннем і мемарыялізацыяй тэрыторыі лагера ў Масюкоўшчыне. Колішні вязень лагера выступіў ганаровым госцем анлайн-семінара “75 год Перамогі: захаваем месцы памяці”, праведзенага 20 мая Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна. У семінары таксама прымалі ўдзел гісторыкі, педагогі, грамадскія актывісты.

Калі Барыс Антонавіч Папоў правёў у Шталагу 352 усяго некалькі дзён, але не з чужых слоў ведае гісторыю яго стварэння, то ў стваральніка групы “Зберажом Масюкоўшчыну” Арцёма Бабоўнікава сітуацыя іншая — ён прызнаецца, што жыве ў Масюкоўшчыне з дзяцінства, але, хаця заўжды і чуў пра лагер, нават не здагадваўся, дзе ж насамрэч ён знаходзіўся. Яму, як і пераважнай большасці мінчукоў, доўгі час быў вядомы толькі мемарыял, адкрыты ў 1964 годзе на месцы пахавання вязняў лагера ля вёскі Глінішчы, на вуліцы Ціміразева. Але з часам, глыбей зацікавіўшыся гісторыяй роднага раёна, неабыякавы мінчук даведаўся, што сам лагер размяшчаўся па іншы бок ад чыгункі, на тэрыторыі вайсковай часткі па вуліцы Лынькова. Калі ўвосень 2019 года тамтэйшую забудову пачалі руйнаваць для будаўніцтва новых жылых кварталаў, Арцём Бабоўнікаў вырашыў мабілізаваць людзей на абарону гістарычнай памяці.

Ці быць музею?

Напрыканцы кастрычніка 2019 года створаная Бабоўнікавым і яго аднадумцамі група “Зберажом Масюкоўшчыну” звярнулася ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт з прапановай захаваць даваенны будынак казармы па вуліцы Лынькова, 111 Г, дзе знаходзіўся лагерны лазарэт. Актывісты таксама звярталі ўвагу, што вакол будынка варта стварыць мемарыяльны парк, таму выступілі супраць высякання дрэў і ўшчыльнення забудовы. Адпаведную петыцыю падпісалі 300 чалавек. Напрыканцы лістапада быў атрыманы адказ — стала вядома, што будынак колішняга лазарэта будзе захаваны, як і сквер вакол яго, а таксама сквер на месцы паўднёвых могілак лагера, дзе хавалі яго вязняў. УП “Мінскграда”, як распрацоўшык дэталёвага плана тэрыторыі, выступіла з прапановай надаць будынку на Лынькова 111 Г статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Напрыканцы сакавіка актывісты звярнуліся ў Мінгарвыканкам ужо з просьбай правесці кансервацыю закінутага будынка лазарэта, каб прадухіліць яго ад разбурэння, а таксама захаваць і надаць статус каштоўнасці шэрагу іншых пабудоў на тэрыторыі лагера. З адказу на зварот стала вядома, што згаданыя будынкі сталовай, майстэрні і сховішча для гародніны будуць рэканструяваныя, а ў будынку колішняга лагернага лазарэта плануецца размяшчэнне экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Шталага 352. Цікава, што гісторыкі адзначаюць: падрыхтоўчыя работы па стварэнні ў Масюкоўшчыне філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны анансаваліся яшчэ ў 1960-я гады. Тады, на жаль, да справы так і не дайшло.

Уратаваць экспанаты

Удзельнікі групы “Зберажом Масюкоўшчыну” падкрэсліваюць: тэрыторыя Шталага 352 унікальная тым, што гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе захавалася інфраструктура лагера ваеннапалонных — тут збераглася нават брукаванка на дарозе, якую ўкладвалі вязні. Але стан і далейшы лёс лагернай забудовы па-ранейшаму выклікае неспакой — вайскоўцы пакінулі будынак казармы-лазарэта ў 2013 годзе, і з таго часу там здарылася ўжо некалькі падпалаў. Тэрыторыя былой воінскай часткі не ахоўваецца, што стварае магчымасць вольнага доступу ў пабудовы, і часам людзі трапляюць туды не з найлепшымі намерамі.

Зрэшты, комплекс аб’ектаў колішняга лагера ўжо спазнаў пэўныя прыкрыя страты — увосень 2019 года быў зруйнаваны даваенны будынак колішняй стайні. Падчас яго дэмантажу актывістам удалося выцягнуць з завалаў некалькі бэлек з надпісамі, якія пакінулі некалі вязні лагера — але, на жаль, большасць бэлек была знішчаная. Некаторых вязняў, запісы якіх захаваліся і былі расчытаныя, удалося ідэнтыфікаваць, і нават знайсці іх сваякоў. Сёння абаронцы Масюкоўшчыны бачаць адной з найважнейшых сваіх задач інфармаванне насельніцтва аб гісторыі месца, дзе знаходзіўся Шталаг 352 — каб гараджане з належнай павагай ставіліся да гэтай тэрыторыі. Удзельнікі групы “Зберажом Масюкоўшчыну” вядуць аднайменныя старонкі ў сацсетках, дзе распавядаюць аб гісторыі лагера і захадах па захаванні яго забудовы.

Месца агульнай памяці

Даследчык Аляксандр Далгоўскі, намеснік кіраўніка Гістарычнай майстэрні, разважаючы аб ролі Шталага 352 у гісторыі вайны, адзначае шэраг прычын важнасці гэтага месца для культуры памяці. Ён падкрэслівае, што савецкія ваеннапалонныя побач з яўрэямі былі найбуйнейшай катэгорыяй ахвяр нацызму, якія падлягалі знішчэнню. Пік гібелі ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі прыпаў на восень 1941 года, адначасова з пікам масавых забойстваў яўрэяў — толькі ў выпадку з палоннымі гэта было, у большасці выпадкаў, знішчэнне голадам. У зняволенні яны былі вымушаныя цяжка працаваць, не атрымлівалі належнага харчавання і медыцынскай дапамогі, пакутвалі ад здзекаў і пабояў.

Мінск і Беларусь у цэлым, з-за свайго геаграфічнага становішча, былі аднымі з галоўных месцаў знішчэння ваеннапалонных на шляху між фронтам і Германіяй, а Шталаг 352, у сваю чаргу, быў найбуйнейшым лагерам такога кшталту ў Беларусі, дзе загінулі каля 80 тысяч чалавек. Прытым адметна, што ваеннапалонныя ўяўлялі з сябе зрэз усяго савецкага грамадства, сярод іх былі прадстаўленыя ўсе нацыянальнасці (і разам з тым — большасць ваеннапалонных, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі, складалі менавіта беларусы). Таксама не варта забываць, што ў лагеры ўтрымліваліся каля пяці тысяч італьянскіх салдат, якія трапілі ў катэгорыю вязняў пасля таго, як у верасні 1943 года Італія пайшла на капітуляцыю перад антыгітлераўскай кааліцыяй. А пасля вайны ў тых жа самых будынках, дзе быў Шталаг 352, размяшчаўся ўжо савецкі лагер для ваеннапалонных немцаў — і пра гэта таксама варта памятаць, як бы мы ні ставіліся да гэтых людзей. Сувязь гісторыі гэтага месца з лёсамі замежных грамадзян можа сёння ўплываць на цікаўнасць да яго з боку гасцей нашай краіны.

Складанасць даследвання гісторыі лагера палягае таксама ў тым, што ў савецкі перыяд знаходжанне ў палоне доўгі час лічылася ўладамі заганай і злачынствам, прыроўніваючыся да здрады радзіме. Таму ваеннапалонныя як катэгорыя не называліся наўпрост — нават на помніку ахвярам Шталага 352 у Масюкоўшчыне ў 1964 годзе гэтае слова першапачаткова не было ўжытае, там іншасказальна згадваліся “тыя, хто не стаў на калені перад ворагам”. Зрэшты, пэўная колькасць вязняў лагера сапраўды ладзіла ўцёкі і прымала ўдзел у партызанскай і падпольнай барацьбе, што таксама немалаважна. Колькасць выяўленых імёнаў ахвяр Шталага 352 складае каля дванаццаці тысяч — але, на жаль, збольшага іх біяграфіі невядомыя, а менавіта высвятленне лёсаў канкрэтных людзей мела б найвялікшае значэнне для захавання і перадачы памяці аб іх трагедыі. Мемарыял мусіць выконваць і адукацыйную функцыю, несці веды аб падзеях, якія адбываліся на гэтым месцы.

З прыцэлам на будучыню

На працягу красавіка і мая на тэрыторыі лагера адбываліся чарговыя археалагічныя даследаванні, якія праводзіў 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. У выніку раскопак былі знойдзеныя парэшткі 74 вязняў Шталага 352 і восем салдацкіх медальёнаў. У красавіку ўдзельнікі групы “Зберажом Масюкоўшчыну” накіравалі ў Мінгарвыканкам заяўку на наданне будынкам колішняга Шталага 352 статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. У атрыманым адказе паведамляецца, што прапанова будзе разгледжаная на пасяджэнні Мінскага гарадскога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Актывісты спадзяюцца на станоўчае рашэнне, хаця адмыслоўцы адзначаюць, што аўтэнтычнасць і час пабудовы шэрагу заяўленых аб’ектаў на тэрыторыі лагера яшчэ неабходна спраўдзіць. Пакуль жа група “Зберажом Масюкоўшчыну” мае планы стварыць аўдыёгід па тэрыторыі Шталага 352, а таксама атрымаць дазвол на правядзенне суботніка, каб прывесці ў парадак тэрыторыю колішняга лагера.

Мясцовыя ініцыятывы па мемарыялізацыі і добраўпарадкаванні месцаў памяці ўсё часцей узнікаюць у Беларусі на нізавым, суседскім узроўні — і гэта як найлепей даказвае, што памяць аб трагедыі апошняй вайны, як і ўвага да гісторыі наогул, расце і пашыраецца ў грамадстве. Як можна пабачыць на прыкладзе Масюкоўшчыны, справа захавання і папулярызацыі месцаў памяці і гісторыка-культурнай спадчыны ў такім выпадку можа спалучацца з клопатам аб экалогіі і камфортных умовах уладкавання гарадской прасторы. А значыць, праяўленне павагі да мінулага сапраўды можа непасрэдна ўплываць на паляпшэнне жыцця ў сучаснасці і будучыні.