“Не губляць нітку выказвання”

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Якая стужка стала першай карцінай для дзяцей у беларускім кінематографе? Ці выпадковасць — тэма дзіцячага фільма на кінастудыі “Беларусьфільм”? Якое кіно, увогуле, можна лічыць, што яно менавіта для дзіцячай аудыторыі? “Дзіцячае кіно — яно ўсё пра нашы галовы”, — кажа мне даследчыца экранных мастацтваў Марыя Касцюковіч, аўтар новай манаграфіі пра беларускі, і як вы ўжо здагадаліся, дзіцячы кінематограф. Калі можна казаць пра падзею ў сувязі з выхадам новай даследчай працы — гэта акурат той выпадак. Такога ў нашым кінакрытычным полі не рабіў ніхто. “Дзіцячы сеанс”, — а такую назву мае будучая кніга аб’ёмам больш за 400 старонак, — убачыць свет ужо ў ліпені, і закране амаль усю гісторыю беларускага дзіцячага кіно — ад часу стварэння трэсту Белдзяржкіно — да 2018 года. Прапусціць выхад такога выдання “К” палічыла для сябе недаравальным.

/i/content/pi/cult/800/17199/017.JPGВажна дадаць, што аўтарка манаграфіі вырашылася на нетрывіяльны крок у плане прасоўвання даследчай працы — літаральна сёння яна распачынае краўдфандынгавую кампанію на ulej.by у падтрымку кнігі. Не здолеўшы застацца ў баку да гэтай ініцыятывы, напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей мы запрасілі кінакрытыка і супрацоўніцу Акадэміі навук Беларусі, каардынатарку конкурсу Нацыянальных кінашкол кінафестывалю “Лістапад” Марыю КАСЦЮКОВІЧ на інтэрв’ю. Падчас сустрэчы і дазналіся: адкуль на кінастудыі “Беларусьфільм” узнікла дзіцячая тэма, якія фільмы можна ўключыць у ТОП-5 лепшых дзіцячых стужак белкіно і чаго бракуе карцінам айчынных аўтараў сёння. Далучайцеся самі ды спрычыняйце да кнігі і кіно іншых.

Усе мы родам з дзяцінства

— Марыя, маё першае знаёмства з вашай кнігай пакінула вельмі добрыя ўражанні. Яна напісана жвавай і даступнай мовай, вы ўлічваеце самага рознага чытача, і нават трошкі выбачаецеся за словы “дыскурс” і “парадыгма”. Але аб’ём даследаванага матэрыялу — велізарнейшы, відавочна, што гэта грунтоўная работа.

— Дзякуй за водгук. Так, для мяне было важна, каб выданне было напісана цікава, жывой мовай. Чамусьці ў нас прынята, што калі гэта навука, мастацтва, — то абавязкова трэба пісаць вельмі строга, на такіх “серьезных щах”. Але я лічу, што культура — гэта пра задавальненне, радасць, увогуле, пра цікавасць. І мне хацелася, каб неяк прачытвалася, што само кіно — яно жывое, і патрабуе адпаведна такой жа мовы аповеду пра сябе.

— Як вы ўвогуле ўбачылі ў гэтай тэме такі патэнцыял? Бо звычайна, нават калі мы паглядзім на прыклад таго ж “Лістападзіка”, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аудыторыі “Лістапада”, — ён зусім не спешчаны ўвагай крытыкаў і журналістаў, як і ў цэлым дзіцячае кіно. Што падштурхнула вас занурыцца ў тэму?

— Больш за тое, на сеансах “Лістападзіка” часам дзейнічае практыка прымусовага паказу, што вельмі крыўдна. Але гэта асобная тэма для гутаркі. Адказваючы на пытанне, шчыра кажу, што на гэту тэму патрапіла амаль выпадкова. Аднак, уключыўшыся, убачыла, што гэта вялікі пласт гісторыі — маладаследаваны і недаацэнены. Проста нават дзіўна. А там столькі ўсяго!

— І чаго ж?

— Па-першае, адкрылася, здавалася б, банальнае — што ўсе “мы родам з дзяцінства”. Калі пачала глядзець дзіцячыя стужкі, мне сталі відавочнымі ўсе патэрны, узоры паводзінаў, якімі дагэтуль карыстаюся — яны “прамаўляюцца” нам менавіта ў дзіцячых фільмах. У кіно для дзяцей закладваюцца каштоўнасці, якія чалавек панясе далей, вобраз будучыні, — і гэта надзвыйчай важна. Па-другое, стала зразумелым, што кіно такога напрамку — гэта вялікая гісторыя пра беларусаў, пра тое, хто такі беларус. І, па-трэцяе, калі я пайшла ў архівы і стала чытаць справы дзіцячых стужак, адкрыліся дзясяткі лёсаў таленавітых людзей, пра якія амаль нічога нам не вядома, што вельмі несправядліва. Усё гэта разам і падштурхнула працаваць далей.

Патрэніруйся “на котках”

— А чаму дзіцячы кінематограф так не збалаваны ўвагай?

— Прычын некалькі. Але галоўная з іх, на маю думку, тая, што дзіцячае кіно знаходзілася ў самым нізе іерархічнай сістэмы савецкага кінематографа. Рэжысёры аўтарскага кіно — тое была эліта, потым ішоў жанравы кінематограф, і недзе там, у самым нізе, — знаходзіліся тыя, хто здымаў для дзяцей. Такія фільмы, як правіла, давалі навічкам — маўляў, схадзі патрэніруйся, а потым прыходзь у наш свет сур’ёзнага мастацтва. Ледзь не ў кожнага другога беларускага рэжысёра дэбютныя фільмы — дзіцячыя. Хоць савецкая дзіцячая культура была вельмі развітой і складанай, чамусьці ў дачыненні да кіно для дзіцячай аўдыторыі была вось такая ўстаноўка. Лічу, што ўсё гэта паўплывала, у тым ліку, на захаванне матэрыялаў, пісьмо пра дзіцячае кіно.

Аднак таксама варта ўлічваць і аб’ектыўныя фактары. Скажам, перыяд міжваеннага кінематографа, пра які нам вядома зусім мала — тут інфармацыя не захавалася ў выніку абставінаў. Гэты час кінастудыя працавала ў Ленінградзе, і звесткі пра кінематаграфістаў і іх творы проста загінулі падчас блакады.

— Прычым, ні для нікога не сакрэт, што кінастудыя “Беларусьфільм” была вядомая ў СССР, і сёння пазіцыянуе сябе праз два напрамкі: ваенны кінематограф і дзіцячы. Вось цікава: наколькі справядліва тут у дачыненні да кіно для дзяцей казаць пра “сваю” тэму?/i/content/pi/cult/800/17199/6NS.jpg

— Тое, сапраўды, дзіўная рэч, але дзіцячы кінематограф — менавіта наш феномен. І пры тым, што ў савецкія часы працавалі і добра вядомая студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя Горкага, і падраздзяленне “Юность” на “Мосфильме”, — усё роўна для “Беларусьфільма” было важна здымаць менавіта сваё кіно для дзяцей. Мяркую, тут спрацаваў такі момант, што на лакальных студыях пачынаць кар’еру маладому рэжысёру было лягчэй. Так, менш рэсурсаў, чым на цэнтральных кінапляцоўках, але пачаткоўцу адразу можна было ўзяцца за поўны метр. Небывалая раскоша па сённяшніх часах! На “Беларусьфільм” прыходзілі сапраўды таленавітыя людзі, якія браліся за дэбютную работу з усім пылам і жаданнем далейшага творчага росту. Гэта, на маю думку, было асновай, плюс... нам крута пашанцавала! З тым, што ў Мінск прыехалі тыя ж Леанід Нячаеў, Уладзімір Бычкоў — магло і не пашчасціць, але пашчасціла.

Без Бураціна нікуды не падзенешся

— Ці не маглі б вы скласці ТОП-5 фільмаў для дзяцей кінастудыі “Беларусьфільм”? Пытанне такое папулісцкае, але, магчыма, ёсць пэўныя кінатворы, якія глядач незаслужана абмінуў?

— Першай стужкай назаву “Горад майстроў” таго ж Бычкова. І тут адразу важна пазначыць, што лічыць дзіцячым кіно. Відавочна, што гэта карціна — не зусім дзіцячы фільм, і гэта акурат надзённая для нас праблема, калі вельмі часта дзіцячы кінематограф успрымаецца ў выключна забаўляльным ключы. Але ён не мусіць быць такім, і “Горад майстроў” — адзін з падобных прыкладаў складанага і разумнага выказвання, вядома, расказанага мовай сваёй эпохі — 1960-х.

— Далей?

— Казкі Леаніда Нячаева, безумоўна. Яны — усе драйвовыя, але я б вылучыла “Рыжий, честный, влюблённый”. Гэта вяршыня яго творчасці, на маю думку. Хоць “Прыгодамі Бураціна” “сапсавалі” дзяцінства ўсім — гэта ўжо такі культурны код, без якога нікуды не падзенешся (смяецца). На карціне выраслі цэлыя пакаленні. Далей адзначу, вядома, “Корцік” і “Бронзавую птушку” Мікалая Калініна. Што далей? З вялікай сімпатыяй стаўлюся да карціны “Летнія ўражанні аб планеце Z” Яўгена Маркоўскага. Фільм, які быў зроблены ўжо ў перабудову, але з такім вельмі ўважлівым стаўленнем да дзяцей і іх свету.

— І пятая стужка?

— Складана вырашыць. Магчыма, “Канцэрт Бетховена”? Гэта вельмі добрадушная, калі можна так сказаць, карціна. Але калі ведаць кантэкст эпохі — а гэта сталінскія часы, галава і сэрца адмаўляюцца ўспрымаць тую сацрэалістычную ідылію, што “намалявалі” аўтары. Таму назаву лепш такі настальгічны фільм таго ж Макоўскага “Як я быў вундэркіндам”. Ён вельмі эмацыйна і тонка зроблены, хоць і пра савецкае дзяцінства. Бачыце, штосьці я прапусціла ўсяго Льва Голуба (смяецца).

Дарэчы, што тычыцца нечаканых адкрыццяў, дык яны ёсць. У архівах я знайшла фільм, пра які нідзе не гаварылася — гэта пасляваенная экранізацыя “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра. Стужка так і не была ажыццёўлена, бо планавалася ў запуск адначасова з “Канстанцінам Заслонавым”. Але, зразумела, што калі тваім канкурэнтам з’яўляецца “Заслонаў”...

— Дарэчы, а якая гэта была пастаноўка “Рабінзонаў”? Другая?

— Так. Хачу зазначыць, што аповесць Янкі Маўра ставілася на кінастудыі мноства разоў, і “Рабінзонаў”, сапраўды, можна лічыць галоўным беларускім “вандроўным сюжэтам”. На прыкладзе фільмаў па гэтаму твору можна прасачыць гісторыю беларускага дзіцячага кіно.

— Падарожжа на востраў — гэта такая наша тэма?

— Атрымоўваецца, што так.

Мова дыялогу з дзецьмі страчана

— А якая тэма актуальная для сучаснага дзіцячага кіно, часоў незалежнасці Беларусі?

— А вось з гэтым у нас крызіс. Сёння такой тэмы, на маю думку, няма, і лічу, што мы баімся спытаць у дзяцей, што для іх важна. На жаль, у апошніх фільмах кінастудыі аднаўляецца мадэль дзяцінства, прынятая ў савецкія часы, хоць зразумела, што дзеці сёння жывуць у цалкам іншым свеце, чым іх бацькі. Я разважала над тым, чаму так здарылася, і карані гэтай праблемы сягаюць у 1990-я, калі дзіцячае кіно амаль не здымалася, і мы згубілі мову дыялогу з дзецьмі. Яна і да гэтай пары не адноўлена, не вынайдзеная. У нашых аўтараў пакуль няма мастацкіх інструментаў асэнсавання рэчаіснасці, і як вынік мы бачым на экранах пераважна забаўляльныя стужкі. Але вядома, што дзіцячае кіно такім падыходам не вычэрпваецца.

— Тады за кім ці за чым будучыня дзіцячага кінематографа?

— Складана сказаць. Але мне падаецца, што нельга паўтараць тую памылку, што была зроблена ў 1990-я — спыняць вытворчасць дзіцячага кіно. Аснова развіцця — гэта пастаянная праца, і калі працэс будзе працягвацца, аднойчы ўзнікне глеба для сапраўднага выказвання. Толькі так гэта і працуе. Трэба проста працягваць “шыць гэтыя сукеначкі”, не губляць нітку выказвання. Бадай за гэтай адсутнасцю разрываў - адно будучыня і магчыма.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"