Палеская рабінзанада

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Па просьбе “К” Марыя Касцюковіч напісала пра экранізацыі галоўнага беларускага “вандроўнага сюжэта” для дзяцей
Калі ў 1928-м годзе заўзяты эсперантыст і спірыт Янка Маўр скончыў трылогію пра заморскія прыгоды на востраве Ява і вырашыў напісаць пра такія ж прыгоды ў роднай Беларусі, не ведаў ён, што на ягоным сюжэце вырасце і будзе трымацца беларускае дзіцячае кіно.

Можна нават пажартаваць, што кожныя дваццаць гадоў беларусы здымаюць пра палескіх рабінзонаў. Чыстая праўда: і ў 1934-м, і ў 1954-м, і ў 1974-м, а пасля ў 2014-м на экран выходзіла чарговая экранізацыя “Палескіх рабінзонаў”. А што яе не было ў 1994-м — дык гэта праз глыбокі крызіс у кіно, калі дзіцячых фільмаў увогуле не здымалі. Варта мець на ўвазе, што наша кіно ўвогуле не любіла паўтарацца і нанова экранізаваць экранізаванае. Але толькі не з “Палескімі рабінзонамі”.

“Палескія рабінзоны” сталі беларускім “вандроўным сюжэтам”: колькі разоў яго матывы ўзнікалі ў фільмах, быццам кожнае пакаленне дзяцей неабходна было навучыць вандраваць па Беларусі і бачыць у ёй дзівосы. Па гэтых фільмах цяпер можна зразумець, што да дзяцей у розны час ставіліся па-рознаму і адзін і той жа сюжэт пераказвалі ім кожны раз іначай.

Маўраўскія рабінзоны

Як толькі “Палескія рабінзоны” выйшлі з друку, беларускія кінематаграфісты адразу ж загарэліся іх паставіць. Кінастудыя тады ўладкавалася ў Ленінградзе і яшчэ не мела грунтоўнага плана, што рабіць. Але ж за пастаноўку ўзяліся, і сцэнарый напісаў сам Янка Маўр.

/i/content/pi/cult/800/17198/04.jpg

"Палескія рабінзоны"

Яго кніга пабачыла свет напрыканцы важнай эпохі ў гісторыі дзяцінства: на працягу 1920-х гадоў дзяцей вучылі быць усемагутнымі атлантамі, якія здольныя перавярнуць свет. Уся дзіцячая культура гаварыла пра дзіцячы авангардызм: пра тое, што дарослых трэба не слухацца, а перавучваць дзеля новага жыцця, што лепшае наперадзе і ствараць яго дзецям. Героі дзіцячых фільмаў звычайна былі сіротамі — і гэта не дзіва ў краіне, дзе пасля Грамадзянскай вайны і рэвалюцыі засталіся ледзь не сем мільёнаў дзяцей-сірот. У рэальнасці яны ледзьве выжывалі, а ў фільмах здзяйснялі неверагодныя, “дарослыя” ўчынкі. Вось і маўраўскія рабінзоны апынуліся адны на ненаселеным востраве, навучыліся выжываць у дзікай прыродзе, прыручылі яе, сышліся ў бойцы з сапраўднымі, небяспечнымі кантрабандыстамі — і выйшлі пераможцамі. Сюжэт Янкі Маўра — пра перамогу чалавека над надзвычайнай рэчаіснасцю.

На 180 градусаў

Эра герояў скончылася сказаннем пра Паўліка Марозава, які, па кананічным міфе, данёс на бацьку-злачынца і прыняў праз гэта пакутніцкую смерць. І пачалася іншая эпоха: час паслухмяных, маленькіх дзяцей, якія працягваюць справу бацькоў і, калі і робяць штосьці экстраардынарнае, дык толькі разам, выпадкова і дзеля таго, каб аднавіць сусветную гармонію. А дарослыя ім у гэтым дапамагаюць. Яны перасталі быць “дрэннымі” і “нягоднымі”, сям’я стала звычайнай і сімпатычнай. Савецкая культура развярнулася на 180 градусаў, абвясцілі сацрэалізм, добрае пачало супрацьстаяць не аб’ектыўнаму злу, а нейкай неназванай утопіі. Кіно вынайшла гук, фільмы заспявалі і дзіцячы свет зрабіўся ідылічным.

Паміж дзвюх эпох

Першыя кінематаграфічныя “Палескія рабінзоны”, з тым, яшчэ з 1920-х, дзіцячым авангардызмам, не паспелі выйсці на экран у сваю эпоху, а ў новую выглядалі ўжо дзіўнавата. У фільме 1934 года Віктар і Мірон — ужо не падлеткі, як у аповесці, а чыста дзеці, і прыгоды іх забаўляльныя: ніякай небяспекі. У першых “Палескіх рабінзонах” захаплялі выдатныя камбінаваныя здымкі, зробленыя на студыі мультыплікацыі Белдзяржкіно (яна хутка знікла з-за бюракратычных складанасцяў). Віктара і Мірона паменшылі да памераў насякомых, і хлопцы пабачылі гіганцкую страказу, пазмагаліся з іспалінскай жабкай — добрыя атракцыёны, але ж зусім не бойка з кантрабандыстамі не на жыццё, а на смерць.

/i/content/pi/cult/800/17198/03.jpg

"Дзеці партызана"

Але ж у гэтым фільме засталіся дзве рэчы, якіх сацрэалізм ужо не ўхваляў: па-першае, героі апынуліся ў ізаляцыі, а па-другое, ім сніліся сны. Ізаляцыі і звышнатуральнай рэальнасці сацрэалізм не разумеў і не прымаў, гэта аскепак авангарднай культуры дваццатых. Нават калі герою дазвалялася застацца па-за калектывам, ён сумаваў па ім і да яго імкнуўся. А яшчэ ён стаў жыхаром спраўджанай утопіі: усё ў ягоным свеце добра, і ўсе спяваюць. Бачыць сны герою забаранялася, бо сама ягоная рэчаіснасць была сном, да таго ж, у сваіх уласных снах ён мог раптам заставацца сам па сабе.

“Палескія рабінзоны” ў гэтай новай рэальнасці нагадвалі пра былую эпоху індывідуалізму і авангардызму. Яны былі сном і таму засталіся без вялікай пашаны. Яе атрымаў наступны дзіцячы фільм, які шчыра, таленавіта, з бляскам адпавядаў светапогляду сацрэалізму, — “Канцэрт Бетховена”, самы папулярны фільм 1930-х. Ён саступаў у папулярнасці толькі “Чапаеву”. Побач з ім, гэтым гімнам сяброўству і калектывізму, адасобленыя і, галоўнае, нямыя “Палескія рабінзоны” выглядалі маргіналамі і дзівакамі.

Здаецца, кінематаграфісты з тае пары сталі апантаныя ідэяй перазняць “Палескіх рабінзонаў” так, каб яны адпавядалі новаму часу. Іх можна зразумець: і сюжэт “свой”, беларускі, і гісторыя выдатная, і хацелася рэваншу, а акрамя таго, вартых дзіцячых сюжэтаў заўсёды не ставала.

Працяг справы бацькоў

Нават пасля вайны, ледзьве абжыўшыся ў Мінску пасля эвакуацыі, кінастудыя не губляла надзеі зноў зняць “Палескіх рабінзонаў”. Іх здымкі закруціліся адначасова з каласальным “Канстанцінам Заслонавым” — мяркую, таму яны так і не з’явіліся на свет: не хапіла сіл на ўсё адразу. Але ж тыя ненароджаныя “Рабінзоны” былі, калі меркаваць па сцэнарыі, спробай пераказаць Янку Маўра мовай “Канцэрта Бетховена”. Перакласці сюжэт адной эпохі на мову зусім іншай. Не дзіва, што не атрымалася.

Дарэчы, сцэнарый напісаў і двойчы перапісаў Рыгор Калтуноў — пазней ён напіша сцэнарый для знакавага фільма “Сорак першы” Рыгора Чухрая. Але гэта будзе іншы час з іншымі сэнсамі. А ў 1946-м, у разгар малакарціння, пад сталінскую крытыку “Маладой гвардыі”, “Палескія рабінзоны” ў трактоўцы Калтунова неўзабаве сталі гісторыяй пра грамадскую карысць і працяг справы бацькоў.

Сацрэалізм заўсёды звязваў асабістае з усеагульным, перыферыю з цэнтрам, асобную адзінку з цэлым. Вось і новыя Віктар ды Мірон — піянеры сіроцкай дружыны імя Заслонава. Яны адгукаюцца на ўсесаюзную піянерскую акцыю “Падарожжа па родным краі”, але ж надта спяшаюцца паабяцаць на ўсю краіну дапамагчы прафесару знайсці на Палессі каменную соль (у іншых варыянтах сюжэта — нафту).

У сюжэце шмат выпадковасцей, якімі сацрэалізм заўсёды напаўняў гісторыі, бо іншых драматургічных інструментаў не меў — нават сапраўдны канфлікт не мог сабе дазволіць. У іншых варыянтах сцэнарыя завязка такая нудная і доўгая, што прыгодніцкі сюжэт урэшце рэшт ператварыўся ў камедыю палажэнняў. Але ж і ў ёй знайшлося месца для вялікага ўхвальнага дыялога пра Сталіна, “самага найлепшага чалавека, якому вельмі цяжка”. І для абавязковай “кіруючай ролі партыі” — яе выконвае асобны дзіўны персанаж, сакратар гаркома. Ён праводзіць нараду наконт знікнення хлопцаў і ў момант кульмінацыі стукае кулаком па стале, крычыць “Выкарабкаюцца!” — і героі, вядома, тут жа выбіраюцца з сякой-такой небяспекі.

Новая інкарнацыя

Гэтыя “Рабінзоны” так і не з’явіліся, а сцэнарый Калтунова застаўся на студыі і праз восем гадоў дачакаўся рэжысёра — ім стаў Леў Голуб. Яму было 42 гады, ён прыйшоў на “Беларусьфільм” з Навасібірскай кінастудыі навукова-папулярных фільмаў і адважыўся не пакінуць камня на камні ад сцэнарыя Калтунова. У 1954 годзе выйшаў яго фільм “Дзеці партызана” — новая інкарнацыя “Палескіх рабінзонаў” у новую эпоху паміж сталінскім часам і адлігай.

/i/content/pi/cult/800/17198/05.jpg
"Пушчык едзе ў Прагу"

Піянер-аптыміст раптам зрабіўся бездапаможным сіратой, на якога палююць шпіёны, маніякальныя злачынцы. Прыгодніцкі востраў стаў месцам гібелі, а небяспека зрабілася сапраўднай, смяротнай. Леў Голуб ператварыў прыгодніцкі сюжэт у чысты трылер — штосьці падобнае здымалі ў 1930-я, калі кіно нагрувашчавала, акрамя ідылічнага вобразу мыслення, яшчэ і шпіёнаманію. Героямі сталі брат і сястра, сіроты — і толькі цудам яны засталіся ў жывых. У кульмінацыі галоўны злодзей, дарослы моцны мужчына, пераследуе падлетка, а той, зразумеўшы, што выхаду няма, падпальвае лес, каб пажар заўважылі, і, страціўшы надзею, выразае на дрэвах імя чалавека, які яго заб’е. Як ні дзіўна, гэты жудасны сюжэт добра адгукаўся на звычайную падлеткавую прагу да “крывавых гісторый” — сацрэалізм іх блакіраваў і пакінуў ім месца хіба толькі ў міфах. Адчуванне бездапаможнасці, асуджанасці — тое новае, з чаго пачалася і новая эпоха ў беларускім кіно. Так сацрэалізм перацякаў у псіхалагічны рэалізм, яго прапаведнікам стаў Леў Голуб.

Ён скарыстаў сюжэт рабінзанады яшчэ раз у 1965-м у правільна сацрэалістычным, мілым фільме “Пушчык едзе ў Прагу”, які беларуская кінастудыя паставіла сумесна з чэшскай студыяй “Барандов”.

/i/content/pi/cult/800/17198/02.jpg

"Неадкрытыя астравы"

Экатэматыка

А наступным разам “Палескія рабінзоны” адгукнуліся ў 1974-м у першым дзіцячым экалагічным фільме “Неадкрытыя астравы” Леаніда Мартынюка. Стужка выйшла ў лагодны, сыты час тэлевізійнага кіно, калі адышлі балючыя ўспаміны пра вайну, калі досвед ваеннага дзяцінства кіно нарэшце прамовіла і ўзнікла патрэба навучыць новых, гарадскіх дзяцей проста жыць і берагчы навакольны свет. Новыя рабінзоны плывуць на Палессе паздымаць дзікіх жывёл і трапляюць быццам у іншы свет — свет жывой прыроды, якой нельга прычыняць шкоду. Больш за тое, фільм ціха гаворыць: шкоду цяпер можна зрабіць толькі прыродзе, а не чалавеку — і галоўнымі злодзеямі становяцца браканьеры. Яны такія несапраўдныя, што самі пужаюцца хлопцаў, і ловяць іх “па-вегетарыянску” — праз фотаздымкі. Гэты новы палескі востраў, дзіўны і відавочна жывы, вельмі падобны на сталкераўскую Зону, але ад звышнатуральнага ператварэння яго ратуе пяшчотная музыка мінскага кампазітара Алега Янчанкі. І востраў застаецца проста месцам, у якім адбываецца цуд жыцця. Нават дзіўна, як такі дабрадушны фільм вырас з даволі жорсткага сюжэта Янкі Маўра.

/i/content/pi/cult/800/17198/01.jpg

"Востраў-цуд альбо Палескія рабінзоны"

Гісторыя пра ўпарадкаванне

Каб знайсці новы, адпаведны часу, вобраз загадкавага палескага вострава і новы сэнс дзіцячага падарожжа, беларускім кінематаграфістам спратрэбілася сорак гадоў: наступныя рабінзоны адправіліся ў шлях толькі ў 2014-м, у фільме “Востраў-цуд, альбо Палескія рабінзоны” Сяргея Сычова, і гэтым разам востраў выпрабоўваў іх на паслухмянасць. Па новай легендзе, на палескім востраве сыходзяцца ўсе эпохі — і нават аб’ектыўная рэальнасць з фантазіяй. Там рабінзоны сучасныя сустракаюць тых самых рабінзонаў з аповесці. Радуе, што ў сюжэце ўпершыню дзейнічае і дзяўчынка — ён перастаў быць “мужчынскім”, “хлапечым”. Гэта гаворыць і пра важныя, але ж не надта пакуль заўважныя змены гендарных роляў. Дык вось, новым рабінзонам прапануюць прывесці ў парадак звар’яцелы свет, які перамяшаўся. Такая цалкам сацрэалістычная ідэя, заснаваная на ўлюбёным сацрэалістычным канцэпце парадку, упершыню патрабуе ад герояў — простай паслухмянасці. Паслухаўшыся злога чараўніка Пана, яны могуць атрымаць вечнае жыццё. Дзеці, вядома, не збіраюцца нікому падпарадкоўвацца — інакш яны б на востраў і не патрапілі, і праз іх адмову парадак узнаўляецца і ўсё вяртаецца на свае месцы.

Такімі калізіямі беларускае дзіцячае кіно цяпер апантана вучыць дзяцей быць добрымі і нават непаслухмянасцю аднаўляць сусветны парадак і гармонію. Мяркую, зрабіўшы такі доўгі шлях ад сюжэта пра моц героя-адзіночкі да гісторыі пра ўпарадкаванне рэчаіснасці, “Палескія рабінзоны” хутка вырастуць у новы міф. Няхай ён будзе пра свабоду выбару і ўзаемапаразуменне.

Марыя Касцюковіч, кіназнаўца