Анатоль Іванавіч ВАСЕНДА

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Беларуская культура панесла цяжкую страту. На 59-м годзе жыцця пайшоў ад нас паэт і музыкант, дырэктар філіяла “Летні амфітэатр” дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск” Васенда Анатоль Іванавіч.

/i/content/pi/cult/800/17197/015.JPGА.І.Васенда нарадзіўся 13 студзеня 1961 года. Скончыў тэхнічнае вучылішча № 79 хімікаў горада Гомеля. У перыяд з 1979 па 1988 гады А.І.Васенда працаваў на розных пасадах на Гомельскім хімічным заводзе, з 1988 па 1992 гады — гітарыстам музычнага ансамбля, кіраўніком групы МЦ “Квазар” горада Гомеля, кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля Гомельскага ПТВ-81 электратэхнікі, артыстам ансамбля “Сябры” Гомельскай абласной філармоніі.

Васенда Анатоль Іванавіч стаяў ля вытокаў зараджэння Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і адкрываў яго ў якасці музыканта ў складзе ансамбля “Сябры” (бас-гітара, вакал) у 1992 годзе.

У 1993 годзе Анатоль Іванавіч Васенда быў прыняты на працу ў якасці інжынера культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра Віцебскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу (цяпер — дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры “Віцебск”). З 1996 года А.І.Васенда пераведзены на пасаду загадчыка філіяла “Летні амфітэатр” Цэнтра культуры “Віцебск”.

За гады актыўнай дзейнасці па забеспячэнні функцыянавання Летняга амфітэатра сцэна стала яго галоўным клопатам, сэнсам жыцця і працай. Анатоль Іванавіч забяспечваў на высокім арганізацыйным узроўні правядзенне культурных мерапрыемстваў Цэнтра культуры “Віцебск” у Летнім амфітэатры на працягу канцэртнага сезона, у тым ліку мерапрыемстваў “Славянскага базару”.

Пад кіраўніцтвам А.І.Васенды была ажыццёўлена маштабная рэканструкцыя комплексу Летняга амфітэатра ў 2007 годзе са стварэннем лакальнай сеткі для забеспячэння сучасных умоў працы з выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання.

Нязменна важнай для Анатоля Іванавіча як для чалавека з вялікім сэрцам была яго сям’я — шасцёра дзяцей і ўнукі.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, уся культурная грамадскасць шчыра смуткуюць у сувязі з гэтай цяжкай стратай і выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім, калегам і сябрам Анатоля Іванавіча Васенды.

Светлая памяць аб Анатолі Іванавічы Васендзе назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.