Прафарыентацыя? На профіт

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі некалькі разоў пераносілі падрыхтаваную прэм’еру спектакля “Профіт”. Нарэшце, наважыліся на смелы крок — упершыню ў гісторыі беларускага тэатра правесці яе анлайн на відэасэрвісе VOKA, афіцыйна пазначыўшы 12 мая датай прэм’еры.

/i/content/pi/cult/800/17194/012.JPGПаказ быў бясплатным, але пры жаданні можна было набыць квіткі, каб падтрымаць калектыў у гэты складаны час. Убачанае ў чарговы раз пераканала, наколькі важна глядзець спектаклі “жыўцом”. Справа не толькі ў навакольнай атмасферы і непасрэднай энергетыцы, што ўсталёўваецца паміж публікай і артыстамі, але і ў магчымасці назіраць поліфанічнасць дзеяння, што разгортваецца ў розных кутках сцэны. У асаблівай меры гэта тычыцца цяперашняй прэм’еры, бо ў спектаклі задзейнічана ўся сцэнічная вертыкаль: дзеянне адбываецца і на самой сцэне, і на балкончыку ў яе глыбіні, і ў праходзе паміж сцэнай і залай. Змрочнае, халоднае чарноцце з металічнымі лесвіцамі ды поручнямі-бар’ерамі (сцэнаграфія Юрыя Саламонава). Напаўцемра, дзе маланкі, гром, мільгаценне святла вядуць да інфернальнасці. І дзе асобныя лямпы накшталт настольных не надаюць цеплыні — асляпляюць, выводзячы на першы план не столькі нават постаці ў чорна-белых строях (мастак па касцюмах — Марына Алекна), колькі твары. Каб у такіх умовах ухапіць усе траекторыі дзеі, трэба як мінімум добра ведаць асаблівасці дадзенай сцэнічнай прасторы.

У аснову была пакладзена п’еса Аляксандра Астроўскага “Даходнае месца”. Зварот да рускай класікі часта дыктуецца дадатковым творчым “прыбыткам” — арыентацыяй на шматлікія расійскія фестывалі, дзе падобныя пастаноўкі карыстаюцца вялікім попытам. Але тут надзвычай актуальнай для постсавецкай прасторы паўстала сама тэма хабару, да якой драматург звярнуўся ў 1856 годзе, шмат у чым абапіраючыся на ўласныя назіранні чыноўніцкай працы. За больш як 160 гадоў амаль нічога не змянілася — і мастацкі кіраўнік тэатра, рэжысёр гэтага спектакля Аляксандр Гарцуеў перанёс дзеянне ў сучаснасць. Для гэтага давялося значна перапрацаваць тэкст: не толькі скараціць яго, перапісаць-дапісаць, але і дадаць новага персанажа па мянушцы Ніхто (Валянцін Салаўёў).

Такія “падарожжы” з мінулага ў сённяшні дзень даўно сталі звыклай практыкай, ахапіўшы і драматычныя тэатры, і оперныя. Дый п’еса А. Астроўскага атрымлівала (і што вельмі важна, вытрымлівала) самыя розныя перапрацоўкі, уключаючы кінастужкі. Адна з іх — “Вакансія” 1981 года — хаця і пакідала дзеянне ў ХІХ стагоддзі, была вырашана ў жанры мюзікла з яркай, задзірыста-заліхвацкай музыкай Генадзя Гладкова.

У новым спектаклі — не менш кідкая, прыцягальная музыка Дзмітрыя Фрыгі. Розная па настроі, тэмбрава расфарбаваная (ёсць нават ігра на хангу), яна становіцца адной з разыначак. Але агульная “танальнасць” спектакля — іншая: замест гуллівай іроніі ды выратавальнага смеху — шарж, з’едлівы гратэск. Пазначаная ў драматурга “камедыя” становіцца тут трагікамедыяй, дзе акцэнтуецца саркастычна-трагедыйны ўхіл. Невыпадковая і змена назвы. У ранейшых слоўніках профіт, што перакладаецца як прыбытак, трактаваўся як састарэлае жартоўнае азначэнне ці як слэнг. Пасля ж мультсерыяла South Park стаў мемам. Дарэчы, па-руску націск у гэтым запазычанні ставіцца на другі склад, але ў нас справядліва арыентаваліся на англамоўны арыгінал, тым самым звязаўшы эпохі і краіны.

Пры ўсёй класіцысцкай павучальнасці спектакля, пастаноўшчыкаў цікавіла прынамсі псіхалогія ўчынкаў — тым больш, што ў параўнанні з п’есай некаторыя персанажы атрымалі дадатковыя рысы характару. Найбольшым мярзотнікам (і адначасова дурнем) аказваецца Белагубаў (Максім Шышко). Паводле дададзеных у спектаклі дэталяў, ён і жонку Юлію (Гражына Быкава) гатовы “падкласці” пад начальніка, і ананімны “сігнал у інстанцыі” дасылае на свайго дабрадзея і шэфа Вышнеўскага (Андрэй Дабравольскі), хаця сам у тых махінацыях удзельнічаў. На чарзе ў яго — бліжэйшы калега і “настаўнік” Юсаў (непазнавальны ў парыку ды з вусамі Максім Брагінец). Белагубаў так заўзята падбухторвае яго да эратычнага танца на пілоне, прадбачліва здымаючы напаўаголеную натуру на смартфон, што сумневу няма: як пойдзе не па-ягонаму, хутка пачне шантаж ці выкладзе тое “кіно” ў Сеціва. Аднаго не разумее нованароджаны хабарнік: фіяска не абміне і яго самога.

І ўсё б добра, ды ўзнікае супраціўленне сюжэтнага раскладу цяперашнім рэаліям. Немагчыма ўцяміць, чаму самадастатковая Вышнеўская (Наталля Халадовіч) не можа сысці ад нялюбага мужа. Ці чаму Паліна (Ганна Семяняка), якая так кахае Жадава (Арцём Курэнь), за цэлы год сямейнага жыцця так і не збіраецца ўладкоўвацца на працу, каб хоць крыху палепшыць матэрыяльнае становішча. Ці чаму разумны, адукаваны, прынцыповы, а часам папросту катэгарычны хлопец бярэ шлюб з наіўнай дурнічкай, адначасова забараняючы ёй бачыцца з маці (Людміла Сідаркевіч), каб тая не аказвала дрэннага ўплыву. І якая жанчына, а тым больш удава, стане сёння наўмысна выхоўваць дачок настолькі непрыстасаванымі да побыту. Такія “нестыкоўкі” перашкаджаюць сканцэнтравацца на галоўным — чаму на заработную плату адукаванага інтэлігента, які ў адрозненне ад Дасужава (Дзмітрый Давідовіч) сумленна працуе па спецыяльнасці, можа пражыць хіба адзінокі, непатрабавальны ў побыце Мыкін (Мікалай Стонька). Жанаты ж чалавек, нават не абцяжараны дзецьмі, адразу сутыкаецца з праблемамі. Міжволі напрошваюцца паралелі з самімі артыстамі, і не толькі ў цяперашні складаны для ўсіх перыяд…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"