Cваё неба з сабой…

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Пагаворым пра жыццё, падобнае на лепшыя ўзоры літаратуры, і пра літаратуру, якая застаецца пэўным адбіткам жыцця, хоць і з’яўляецца для аўтара хутчэй не люстэркам, а палітрай для самых розных мастацкіх эксперыментаў-перастварэнняў. І гаворка тут не толькі пра літаратараў. Мы ўсе — аўтары гэтага жыцця. І калі яно нас у нечым не надта задавальняе, значыць дзесьці не вельмі стараліся, рукі апусцілі, пусцілі справу на самацёк. А чарнавікі рабіць ды перапісваць усё начыста часу не стае…

/i/content/pi/cult/800/17193/09.JPGНа базе рэсурснага цэнтра музычных інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій сярэдняй школы № 4 Мінска прайшоў першы адкрыты раённы конкурс юных выканаўцаў беларускай музыкі “Зямля пад белымі крыламі”. Гэта не толькі творчае спаборніцтва, але і свята нашай нацыянальнай музыкі. У знакавым мерапрыемстве бралі ўдзел не толькі школы Ленінскага раёна, але і іншых раёнаў сталіцы (усяго — 15 устаноў адукацыі). Праслухоўванне праходзіла ў дыстанцыйным рэжыме. Да ўдзелу журы дапусціла 77 відэазапісаў. Ацэньваліся выступленні па прафесіяналізме, мастацкім вобразе, складанасці рэпертуару. Гран-пры атрымаў навучэнец СШ № 1 Аляксандр Таберка (акарына, дудка).

/i/content/pi/cult/800/17193/010.JPGВельмі ўдалую назву ўзялі для конкурсу — “Зямля пад белымі крыламі”. Парадаксальна: гэты нарыс Уладзімір Караткевіч напісаў для ўкраінцаў, але праз час кніжка стала лёсавызначальнай для многіх юных беларусаў. І ўвогуле Караткевіч, я перакананы, геній парадоксаў і непераўзыдзены міфатворца. Дзякуючы яму беларускай рэальнасцю сталі цмокі і абрад дзядзькавання, апісаны ў “Каласах пад сярпом тваім”. Юнакі, якія маліліся ў свой час на талент пісьменніка, сталі бацькамі, а дзеці іх пачалі размаўляць па-беларуску. Тая сітуацыя, калі літаратура нараджае жыццё. Новае, яркае, непераможнае.

І гэта далёка не ўсё пра Уладзіміра Сямёнавіча. Набыў днямі цішотку з яго выказваннем: “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Гэта цытата з легенды “Ладдзя роспачы”. Аўтар усё жыццё старанна пасвіў свае аблокі, а пасля перадаў гэта неба нам, да аблачынкі, да апошняга жаўрука над жытнёвым палеткам…

/i/content/pi/cult/800/17193/011.JPGБібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ефціфеева піша: “Да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра кобрынскія бібліятэкары правялі конкурс духоўнай паэзіі “Ёсць сіла дабрадзейная ў сугуччы слоў жывых”. Анонс быў змешчаны ў сацыяльных сетках. Па гэтай прычыне геаграфія конкурсу выйшла за межы Беларусі. Лісты з вершамі духоўнай тэматыкі прыходзілі не толькі з Кобрыншчыны, Брэста і Слоніма, але нават з Масквы. 14 паэтаў даслалі 81 твор. Першае, другое і трэцяе месцы занялі жыхары Кобрыншчыны — Надзея Момлік, Сяргей Страчук і Марына Міхалюк адпаведна”.

Да слова, самыя лепшыя прарокі, як падаецца, менавіта паэты. Той жа ўсюдыісны Уладзімір Караткевіч задоўга да чарнобыльскай катастрофы (у 1956 годзе) напісаў у вершы “Дзяўчына пад дажджом”: “Стронцый быў у дажджы”. А Іосіф Бродскі сам таго не ведаючы стварыў у 1970 годзе гімн самаізаляцыі — вершы “Не выходи из комнаты, не совершай ошибку”. Самая жыццёвая навука — літаратуразнаўства. Самая дакладная крыніца мараў і тэхналогій іх здзяйснення — літаратура. Хто пасля гэтага наважыцца ігнараваць неабмежаваныя магчымасці нашых бібліятэк?

Зробім лірычнае кветкавае адступленне. “Настаўнік мастацкага аддзялення Пагранічнага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Жалязоўская прыняла ўдзел у дыстанцыйным міжнародным анлайн-конкурсе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Сімфонія Кветак-Samocvity”, што адбываўся ў Львове, — распавядае загадчык згаданага філіяла Святлана Баран — Вынік — дыплом першай ступені. Наталля Мікалаеўна прэзентавала на конкурсе работы “Архідэя”, “Кветкавы брыз”, “У абдымках вальса” і “Крык душы”. Усе яны выкананы ў тэхніках “вітраж” і “роспіс акрылавымі фарбамі па шкле”.

І кветкавы каментарый. Алесь Разанаў сцвярджаў калісьці, што “паэзія не апавядае пра кветку, а становіцца сама кветкай”. І гэтых кветак у нашай літаратуры — букеты і вянкі. Пра васілёк, да прыкладу, пісалі Кастусь Кірэенка, Юлій Таўбін, Уладзімір Дубоўка. Вельмі трагічнае апавяданне “Васількі” стварыў Міхась Лынькоў. Рамонку прысвяцілі паэтычныя радкі Ніна Тарас, Станіслаў Шушкевіч. З шыпшынай параўнаў Беларусь Уладзімір Дубоўка. Кветкавая тэма ў беларускай паэзіі і прозе — бясконцая.

Дарэчы, Бераставіцкая дзіцячая школа мастацтваў адметная ды выніковая не толькі ў выяўленчым мастацтве. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце згаданай установы Данута Барташэвіч паведамляе: “Нашы выхаванцы бралі ўдзел у VI Міжнародным конкурсе мастацтваў “Віват, Пецярбург!” Да слова, у гэтым конкурсе, які стартаваў у 2015-м, удзельнічаем пастаянна, разам ствараем адзіную культурную прастору па абмене творчым досведам. Сёлетні фэст быў незвычайным, бо праходзіў у рэальным часе на ўласнай відэа-платформе. Дыплом Гран-пры атрымалі ўзорны эстрадна-інструментальны ансамбль “Туцці” і выпускнік школы па класе трамбона Ілля Казлоўскі”.

Інфармацыя з Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ларыса Ланіна дзеліцца пазітыўным рэцэптам прафілактыкі COVID-19, які прапагандуюць у відэароліку “Беражыце сябе!” супрацоўнікі Роскага Дома культуры. А ёсць яшчэ праект “Майстэрня #робімдома”. А для самых юных народны драматычны калектыў “Перакрыжаванне” падрыхтаваў спектакль “Школа добрых манер”. Віртуальную экскурсію па музеі народнага побыту “Матчына хатка” прапаноўваюць у Доме культуры аграгарадка Юбілейны. Пры дапамозе інтэрнэту можна наведаць музейную экспазіцыю “Ізабелін кулінарны” мясцовай клубнай установы.

І ўрэшце не варта забывацца, што самы лепшы сродак віртуальнага адхлання — гэта цікавая кніга, вокладку якой не хочацца закрываць. Любы бібліятэкар вам параіць, якую канкрэтна асалоду для душы і розуму варта абраць на сёння. Выкарыстайце гэтую магчымасць! Час не будзе згублены дарэмна.

Маштабны габелен ствараецца прыкладна так, як ствараецца вялікая паэма. У дадзеным выпадку гаворка пра рамантыка-гераічны твор з некалькімі паралельнымі сюжэтамі. З Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці паведамляе Вольга Шлавенец: “У Гродне працягваецца стварэнне габелена, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі. Мясцовыя ткачыхі Алена Шунейка і Юлія Барадзіна ўжо завяршылі першы этап. Для гэтага спатрэбіліся тры месяцы і 352 метры нітак. Дапрацоўку эскіза курыруе яго аўтар, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Другая частка дывана сімвалізуе адраджэнне нашай краіны. На палатне будзе адлюстравана беларуская вёска і пасляваенны горад”. Мы пісалі пра пачатак габеленавай эпапеі. Сёння майстрыхі ствараюць самы светлы ўчастак габелена, на якім адлюстравана панарама культавых помнікаў айчыннай архітэктуры. Рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч пераканана, што габелен будзе скончаны да Дня Незалежнасці. Дарэчы, твор ужо мае назву: “Гісторыі жывая ніць”. Метадычны цэнтр у свой час абвяшчаў адпаведны конкурс. Дык вось, імя пераможцы будзе названа на прэзентацыі твора.

Патэлефанаваў мастак Аркадзь Гурскі. Прапанаваў яшчэ некалькі сваіх карыкатур, нагадаўшы пра гаючую сілу сваіх твораў. “Кожны, — запэўніў ён, — нібыта сапраўдны раман, дзе заўжды ёсць месца камедыі з трагедыяй”. Хто супраць?!

І напрыканцы — зноў пра неба. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок нагадвае аб прафілактыцы пажарнай небяспекі. На гэты раз гаворка пра запуск лётаючых ліхтарыкаў. Аказваецца, гульня не такая ўжо і бяспечная. Там-сям у Амерыцы, Германіі, Іспаніі нябесныя ліхтарыкі забароненыя. Мы нібыта забыліся, што такі ліхтарык быў вынайдзены ў Кітаі як баявы сродак, што выклікае пажар. Нябесны ліхтарык можа вандраваць у прасторы вельмі доўгі час. Уночы, калі большасць людзей спіць, такая “цацка” можа натварыць шмат бед.

Беражыце сябе!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"