У цемры прасцей быць сабой

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

У красавіку ў галерэі “Art-Беларусь” праходзіла выстава гродзенскай мастачкі Дар’і Сямчук пад назвай “Сemra”. Назва адпавядае творчаму псеўданіму Дар’і, а той, у сваю чаргу, з’яўляецца выяўленнем яе жыццёвай філасофіі. Дар’я лічыць, што ў прыцемках чалавеку лягчэй быць самім сабой. Нікому не падабаецца, калі чужыя занадта пільна ўглядаюцца ў твар ці ў душу. Цемра бароніць.

/i/content/pi/cult/799/17178/011.JPGПрава на персанальную выставу ў прэстыжнай галерэі Дар’я заваявала летась на “Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам”. За свой праект “Спадчына” яна атрымала дыплом пераможцы творчага конкурсу. Той праект, графіці на аўтэнтычнай вышыванцы, выклікаў адмоўную рэакцыю ў немалой колькасці карыстальнікаў Сеціва, але быў ухвалены міжнародным журы. Тую скандальную вышыванку можна было пабачыць і на гэтай выставе. Я б асабіста не стаў бы нішчыць каштоўную рэч дзеля таго, каб зачапіць гледача за жывое і прымусіць яго эмацыйна рэагаваць на маю працу. Але ў кожнага свая метода, адпавядаючая ягоным задачам.

Паводле адукацыі Дар’я Цемра дызайнер. Праца дызайнера ў адрозненне ад спецыялістаў выяўленчага мастацтва скіравана не на стварэнне аб’екта, а на арганізацыю працэсу. Вось і Дар’я, на маю думку, калі бярэцца за справу думае не пра самавыяўленне, што для творцы класічнага тыпу цалкам натуральна. Яна правакатар, і можа прымусіць гледача ўбачыць звыклае ў нечаканым кантэксце. А калі гэта атрымаецца, дык можна разлічваць на тое, што ў свядомасці распачнецца ланцуговая рэакцыя перагляду архаічных стэрэатыпаў і адкрыюцца вочы на актуальныя рэаліі. Гэта ў ідэале. Малаверагодна, што аўтарская задума сягае так далёка, але твор, як вядома, жыве ўласным жыццём…

Увогуле жывапіс для Дар’і справа другасная. Тое, што яна робіць на палатне, наўрад ці можна лічыць карцінамі ў звыклым разуменні. Гэта гульня з фарбамі і фактурамі. І нават калі гэта больш-менш зразумелыя партрэт ці нацюрморт, яны ўспрымаюцца не самадастатковымі рэчамі, але фрагментамі вялікага палатна, якое хутчэй за ўсё ніколі не будзе напісана. Хіба што ў свядомасці гледача…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"