Якога колеру дзяцінства?

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Магілёўскі драматычны тэатр падрыхтаваў да дня Перамогі пяцідзённы марафон анлайн-трансляцый сваіх спектакляў на ваенную тэматыку. У розныя гады тут ставіліся “Ноч Гельвера”, творы Васіля Быкава, Віктара Астаф’ева, сучаснага гомельскага драматурга Васіля Ткачова. У цяперашнім сезоне, закрытым датэрмінова, трупа звярнулася да кнігі Святланы Алексіевіч “Апошнія сведкі” (гл. “К” № 45 за 2019 г.). Запіс гэтага спектакля разам з астатнімі быў выкладзены ў інтэрнэце акурат напярэдадні свята.

/i/content/pi/cult/799/17176/08.JPG“Апошнія сведкі” былі пастаўлены маладым рэжысёрам Уланмырзой Карыпбаевым — выхаванцам майстэрні Генадзя Трасцянецкага з Санкт-Пецярбурга. Трывалыя сувязі з гэтым знаным прафесарам і тэатральным дзеячам склаліся некалькі гадоў таму і далі добры плён: яшчэ адна ягоная выпускніца — Каміля Хусаінава, за плячыма якой таксама колішняе навучанне ў нашай Акадэміі мастацтваў, прынята ў магілёўскую трупу рэжысёрам і ажыццяўляе прэм’еры адну за адной.

Пра сур’ёзнае, у лепшым сэнсе слова прафесійна “прыдзірлівае” стаўленне Магілёўскага тэатра да творчай моладзі гаворыць той факт, што спачатку Уланмырза Карыпбаеў рабіў эскіз іншага ваеннага спектакля. Але той праект, паказаны летась у рамках Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, не атрымаў сцэнічнага працягу — і рэжысёр здзейсніў гэтую, куды больш дасканалую пастаноўку, адначасова выступіўшы аўтарам інсцэніроўкі.

/i/content/pi/cult/799/17176/09.JPGПры ўсёй дакументальнасці кнігі Святланы Алексіевіч, спектакль не ператварыўся ў “агучаны тэкст”. Наадварот, жаданне прадэманстраваць суцэльны набор сучасных тэатральных прыёмаў, пачынаючы ад амаль пастаяннага спалучэння з відэа, дзесьці аказваецца нават залішнім, каларытная сцэна з цяля ўвогуле нагадвае адпаведны фрагмент колішняга спектакля майстэрні Г.Трасцянецкага “Андрэй Платонаў. Карова”. Але “Апошнія сведкі”, жанрава азначаныя як “сімфонія недзіцячых успамінаў”, і сапраўды ўзрастаюць да з’явы мастацкай.

На сцэне расстаўлены чамаданы. На экране, перацягнутым белымі стужкамі-вяроўкамі, павольна паўзуць дзіцячыя імёны з пазначаным узростам. Артысты па чарзе выходзяць з-за кулісаў, з залы, кожны са сваёй гісторыяй — і сыходзяць, узяўшы чамадан. Потым яны з’явяцца яшчэ неаднойчы — з успамінамі ўсё новых сведкаў. Будуць выходзіць і жыўцом, і быццам “ценем”. І нашымі сучаснікамі! Лізавета Кароткая патэлефануе сваёй бабулі, і тая даволі падрабязна распавядзе пра вёску, немцаў, партызанаў. Анжаліка Барчан узгадае ўласнае дзяцінства з песнямі ваенных гадоў і сваіх бабулю з дзядулем, якім у вайну было 8 і 11 гадоў.

Выходзячы, артысты часцяком цягнуць за сабой чамадан, а то і некалькі — як сімвалы няпростага жыццёвага лёсу. Чамаданы будуць выстройвацца ў дамы на роднай вуліцы. Адзін з іх, пакладзены на калені, ператворыцца ў стол, за якім збіралася вялікая сям’я, другі — увасобіць кагосьці са сваякоў. Вялікі чамадан стане канапкай у атачэнні графічных выяў мэблі. А яшчэ раней — сховішчам дзяўчынкі (здымкі знутры вядуцца на камеру з праекцыяй на экран) і труной немаўляткі. Ваенная каска стане футбольным мячом, лапатка — мікрафонам спартыўнага каментатара, потым — самалётам, што раскідвае бомбы, а расчоска з прыкладзеным кавалачкам паперы заменіць губны гармонік.

Спачатку заведзены, а потым застылы ваўчок, вынесены на авансцэну, паўстане не проста цацкай, а сімвалам страчанага дзяцінства. Узяты ў рукі глобус раптоўна нагадае зямны шар, працяты воссю сусветнай вайны і стрыжнем-стойкасцю абаронцаў. Прымусіць падумаць пра рулетку лёсу, параўнаць жудасныя тагачасныя рэаліі з цяперашнім мірным жыццём.

Паступова раскрываецца і шматзначнасць нацягнутых праз экран гумак-вяровак. Яны асацыююцца і з дротам, і з непарыўнай сувяззю часоў, з няпростымі ваеннымі “маршрутамі” апавядальнікаў. У пэўны момант, падпёртыя драўлянымпі рагулінамі, тыя палосы нагадаюць тэлеграфныя лініі, стужкі каруселі, саламяную страху. Ператворацца ў заснежаныя, зацярушаныя інеем галіны дрэў, потым — у сонечныя промні, што працінаюць зялёную лістоту.

Экран прызначаны не толькі для разнастайных фота- і відэавыяў, сярод якіх багата дакументальных кадраў. Раз-пораз яго бель азараецца каляровымі адценнямі — не чырванню ці чарноццем, што сталі трафарэтамі ваеннага ліхалецця, а блакітам, ружова-бэзавымі фарбамі, самай змрочнай аказваецца чарнільна-фіялетавая. Такія заднікі, уласцівыя балетным гала-канцэртам, трывала распаўсюдзіліся і на драматычнай сцэне, “пераключаючы” глядацкі настрой на розныя эмацыйныя хвалі. Але ў дадзеным спектаклі пераважаюць не традыцыйна-яркія ды насычана-сакавітыя, а блякла пяшчотныя, тонкія, быццам разрэджаныя паветрам адценні — невыпадкова яны часта спалучаюцца з аблокамі. Бо становяцца прывіднымі фарбамі выкрадзенага дзяцінства.

Фінал вырашаны як люстэркавая рэпрыза з поліфанічным правядзеннем тэм. Нагаворваючы на смартфоны ўрыўкі прагучаўшых тэкстаў, героі вяртаюцца на сцэну — кожны са сваім жыццёвым багажом. І пакідаюць тыя чамаданы недзіцячых па сваім болю ўспамінаў — нам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"