“Пойдам, пройдам, мо каму спанаравімся!”

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Гэта веткаўская (а, мабыць, і не толькі веткаўская) трасянка вынесена ў загаловак. Прынамсі, пад такім дэвізам рабілі юнацкія шпацыры па цэнтральных вуліцах свайго роднага раённага цэнтра. Юнацтва цяпер — у далёкім мінулым. А звычка прайсціся ў згадках па Ветцы засталася. Асабліва калі сон не прыходзіць да позняй ночы… Вось і вандрую па памяці. Далучайцеся да майго краялюбства.

/i/content/pi/cult/799/17174/06.JPGПачаць варта з майго сада-гарода, што месціўся ў Пралетарскім завулку на чатыры хаты. З дзяцінства дапамагаў бацькам палоць, скародзіць, садзіць ды выкопваць з гэтага жоўтага пясочку бульбу. І штогод апрача садавіны ды гародніны зямля выкідвала са сваіх нетраў на паверхню штосьці цікавае: нейкія металічныя ўпрыгожанні: ланцужкі ды бляшкі. Але самым багатым было рэха апошняй вайны: паступова я стаў уладальнікам савецкай каскі, трохграннага штыка ад трохлінейкі, жмені пазелянелых гільз, ладнага кавалку металічнай кулямётнай стужкі… А яшчэ мы з бацькам выкопвалі салдацкія медальёны і баявыя ўзнагароды (баі ішлі па гарадскіх сядзібах), якія адносілі ў райваенкамат. Рэха вайны не змаўкае і сёння. І пра нядаўні юбілей Вялікай Перамогі таксама ідуць ды ідуць у рэдакцыю вашы лісты.

Пра ўдзел у агульнаабласной інтэрнэт-эстафеце “Галасы Перамогі” распавядае метадыст аддзела маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Алена Цярэшка. Такім чынам усёй Гродзеншчынай у сацыяльных сетках была выканана знакамітая песня “Дзень Перамогі”.

“Палац мастацтваў Бабруйска правёў у фармаце анлайн музычна-патрыятычную праграму “Гэты дзень мы не забудзем ніколі!” — паведаміла метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Кацярына Крылова. — Пры гэтым выступіў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — узорны тэатр песні “Шына-най”. Праграма трансліравалася ў прамым эфіры сацыяльных сетак”. Па словах рэжысёра палаца Вольгі Чайковай, гэткім жа чынам было арганізавана выступленне салістаў хора ветэранаў працы, народнага эстраднага ансамбля “Саўнд”, узорнага музычнага тэатра “Слугі трох муз”, народнага камернага хору і Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — народнага хору народнай песні імя Віктара Балахонава.

“1418 гераічных радкоў” — так называўся інтэрнэт-конкурс відэачытання, пра які напісала загадчык аддзела маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі Святлана Дзікун. 1418 дзён і начэй доўжылася Вялікая Айчынная вайна. “Трэба было зняць і даслаць на наш адрас відэазапіс чытання паэтычных радкоў пра Вялікую Айчынную вайну, — паведаміла яна. — Самаму малодшаму ўдзельніку было чатыры гады, самаму старэйшаму — восемдзясят. Прагучалі 44 відэазапісы”.

Ад свайго веткаўскага падворку часта “гуляю” ў бок брацкіх могілак — праз школьны двор, штучнае панскае возера, праз вуліцу дзе жылі “ганакі” — стараверы, за якімі гналіся казакі. На могілках, як і трэба, пануе цішыня і, як Высоцкі спяваў, няма крыжоў, спрэс толькі зоркі. Так атрымалася, што сябры бацькі, што вызвалялі Ветку, дажылі да Перамогі і пахаваны на іншых, “мірных” могілках.

Быць у Ветцы і не наведаць Красную плошчу — вялікі грэх. Такіх пляцаў, кажуць дасведчаныя, толькі дзве — у Маскве, і ў нас. І заўважце, не Чырвоная, а менавіта Красная, бо — прыгожая. Прынамсі яна такой была ў гады майго юнацтва. Пасярэдзіне яе быў парк. Не ведаю, да сораму, хто і калі яго пасадзіў, але быў той парк такі густы і месцамі непраходны, што толькі дадавала плошчы таямнічасці ды важкасці. І зручна было. Зараз патлумачу, чаму. На ўскрайку дрымучых паркавых хмызнякоў мелася клетка — летняя танцавальная пляцоўка. Вось усе танцавальныя канфлікты і вырашаліся ў тых зручных хмызняках. Вырашаліся вельмі “інтэлігентна”, да першай крыві. А на другім па дыяганалі канцы плошчы і па сёння месціцца наш знакаміты музей. Я пра яго напісаў столькі, што сёй-той пачаў ужо абвінавачваць мяне ў перавышэнні журналісцкіх службовых абавязкаў. Зазначу толькі, што з Галей Нячаевай, якая амаль усё жыццё была пасля Фёдара Шклярава дырэктарам музея, мы разам на танцы бегалі. А парк чамусьці высеклі, застаўся нейкі скверык, дрэвы якога чамусьці не хочуць расці. Мо таму, што я ад іх з’ехаў?

Зрэшты, музейнай тэматыкі не пазбегнуць. 18 мая адзначаўся Міжнародны дзень музеяў. На гэты конт вельмі грунтоўны ліст даслала Наталля Рамановіч — вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцця турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Натуральна, спецыяліст па праектах пра іх і напісаў. Да прыкладу, на базе Абухоўскага цэнтра культуры даўно працуе музейны пакой “Сялянская хата”. Тут ладзяцца выставы, экскурсіі, ноч музея. А яшчэ праходзяць пасяджэнні “Школы фалькларыстаў”, пра якія мы шмат пісалі. Вось пра што паведамляе далей Наталля Рамановіч: “Нядаўна музейная калекцыя Абухава папоўнілася 20-цю новымі экспанатамі з вёскі Завостравечча Клецкага раёна. Іх перадала Таццяна Стральчэня, сваячніца Ірыны Стральчэня, якая і з’яўляецца гаспадыняй “Сялянскай хаты”. Экскурсійныя магчымасці музейнага пакоя павялічыліся. Дарэчы, музеі і музейныя экспазіцыі ў аграгарадках Індура, Адэльск, гарадскім пасёлку Сапоцкіна, у вёсцы Зарачанка пачалі працаваць сёлета з новым праектам “Музей і дзеці”. Задача яго, як распавядае аўтар допісу, — адраджэнне нацыянальнай аўтэнтычнай культуры і традыцый.

Давайце “пройдам” бліжэй да майго Сожа. Тут таксама жылі “ганакі”. Апрача аканіц і ліштваў, веткаўскія стараверы па-майстэрску рабілі лодкі-дашчанікі. Гэта тыя, што перад кожнай “навігацыяй” трэба было смаліць з усёй магчымай адказнасцю. І старанні не былі дарэмнымі! Да прыкладу, дашчанік дзядзькі Рамана па Сажы не плаваў, а лётаў… А яшчэ мая Ветка славілася рознакаляровым бэзам і чаромхай. Згадаў пры гэта, калі прачытаў ліст ад Марыны Валасар з Ляхавіччыны.

“Пандэмія, — піша яна, — зачыніла межы, але натхніла беларусаў вандраваць па сваёй Радзіме. Заўважце, яе ленты і сторыз Фэйсбуку напаўняюцца фотаздымкамі рэшткаў старадаўніх сядзіб і маленькіх гістарычных куточкаў Бацькаўшчыны. Я таксама ў чарговы раз наведала сядзібу шляхецкага роду Навіцкіх, што ў вёсцы Савейкі, на Ляхаўшчыне”. Далей аўтарка распавядае, што водар чаромхі ў перадсядзібнай алеі агаломшвае. Палац штодня прыцягвае наведвальнікаў. Бывае, што за дзень, піша Марына, тут спыняецца каля паўсотні легкавікоў, заязджаюць і разварысты. Калі канкрэтна быў пабудаваны палац, невядома. Асобныя даследчыкі лічаць, што палацава-паркавы ансамбль быў закладзены ў XVIII стагоддзі, іншыя называюць 1850 год, калі пані Навіцкая набыла тры тысячы гектараў зямлі ў генерала Кор-Рудольскага, што служыў у Радзівілаў. Аўтарка працягвае: “У розныя часы Савейкі належалі Бенігсенам, Чапскім, Незабытоўскім, Рдултоўскім. Тут былі вялікія бібліятэка ды архіў, дзейнічаў музей мясцовай фауны, самы вялікі з прыватных музеяў Польшчы ў даваенны час. Рамантычную атмасферу парку надавалі некалькі сажалак… У 2013 годзе палац разам з гаспадарчымі пабудовамі выкупіў новы ўласнік: СЗАО Лада Грант. Але абяцаная рэканструкцыя не зроблена і па сёння. У сакавіку пракуратура Ляхавіцкага раёна выставіла патрабаванне аб тым, што палац павінен быць закансерваваны з-за пагрозы абвалу будынка”. Руіны вабяць турыстаў. Але ці варта даводзіць да гэтага сітуацыю?

Ветку таксама калісьці ўпрыгожваў узор драўлянага сядзібнага комплексу разам з шыкоўным паркам, дзе раслі трохсотгадовыя дубы (не блытаць з паркам на Краснай плошчы). І быў каскад з дзвюх сажалак. Драўляныя будынкі месціліся на некалькіх гарадскіх кварталах. У адным стаяла ў мой час беларуская школа, дзе я вучыўся. У другім месціўся двухпавярховы вытанчаны будынак з драўлянымі калонамі, галерэямі і балконамі-мезанінамі, які займала раённая бальніца. У іншых драўляных анфіладах хапіла месца для паліклінікі… Нічога не засталося апрача дзвюх сажалак. Самая вялікая называецца Ставок і месціцца ля новай цаглянай школы, дзе я заканчваў вучобу, бо старая драўляная згарэла.

Дык вось, да Стаўка ў думках хаджу пастаянна. Гэта месца майго адхлання, тут калісьці мы з бацькам выхоплівалі такіх залатых карасёў, што на патэльні не змяшчаліся. Тут я быў шчаслівым процьму разоў па самых розных, дробязных і вельмі важкіх прычынах. У думках буду вяртацца сюды пастаянна. І пісаць пра гэта не стамлюся. Ёсць штосьці ў Стаўку гэткае, што не дае забыцца на маю маладосць.

Вось у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа мяне разумеюць як роднага. Загадчык аддзела маркетынгу Наталля Гурская напісала, што бібліятэка рэалізуе інтэрнэт-праект “Гаваркая кніга: прысвячаем малой радзіме”. Мяне мая малая радзіма таксама пастаянна натхняе брацца за асадку.

Беражыце сябе, шаноўныя і пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"