“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
Зорыч ператварыў Шклоў у своеасаблівую самадзяржаўную краіну ў мініяцюры. Дзякуючы яму невялічкі горад адыграў немалую культурную ролю ў эпоху Асветы, прычым не толькі ў Расійскай імперыі. У тэатры там працавалі музыканты і балетмайстры еўрапейскага ўзроўню.

/i/content/pi/cult/799/17171/02.JPGПа дарозе ў сталіцу

Да прыкладу, чэшскі барон Арношт Вангур (Эрнэст Ванжура), які паставіў оперы “Апякун ашуканы” і “Сіламі шляхты”, а пасля перабраўся ў Пецярбург. Ён таксама граў і ў аркестры з дзесяці чалавек. А кіраваў ім нейкі П.Пётух. Яго называлі “дрывасекам”, бо ён дырыжыраваў з дапамогай доўгай драўлянай палкі — батута, і ў рытм мелодыі гучна біў ёю аб падлогу.

У апошнія пяць гадоў жыцця Сямёна Зорыча ў Шклове працаваў вядомы балетмайстар Мацей Пранчынскі, які да гэтага паспяхова ставіў спектаклі ў прыватных тэатрах Беластока, Ружан і Слоніма. Балетная трупа прыцягвалася да розных апафеозаў і пантамімаў, да якіх быў схільны “пецярбургскі” густ Зорыча. Скажам, 26 мая 1780 года літаральна за некалькі дзён да прыезду імператрыцы, быў прагон спектакля “Падвойная жаніцьба Арлекіна, або Арлекін, шчаслівы ў магіі”.

Аркестраў у Зорыча ў розныя часы было некалькі. Адзін з іх — рагавы. У кожнага музыканта быў рог, здатны выдаць толькі адну ноту пэўнай танальнасці. Нягледзячы на ўяўную прастату і прымітыўнасць выканаўчых сродкаў, аркестр выконваў шмат твораў сучаснай тады музыкі, уключаючы Моцарта.

/i/content/pi/cult/799/17171/03.JPGА яшчэ Зорыч любіў і так званую янычарскую музыку. Набор традыцыйных інструментаў ваеннага аркестра турэцкіх янычараў уключаў вялікі барабан (даула), два маленькія (сардар-нагара), дзве талеркі (цыл), некалькі медных труб (боры) і шалмеяў (драўляны духавы інструмент з падвойнай трысцінкай), а таксама ўдарны шумавы інструмент кшталту паўмесяца (бунчук). Магчыма, такія густы — даніна той пяцігодцы, якую Зорыч правёў у турэцкім палоне. Зрэшты, паводле ўспамінаў графа Аляксандра Рыбап’ера, які дзіцем наведваў Шклоў, той аркестр выступіў толькі некалькі разоў.

Да ўсяго, у гарадку часцяком праходзілі першыя выступы замежных артыстаў і музыкантаў, якія прыязджалі ў Расію “на лоўлю шчасця”. Як жа Шклоў апынуўся “на вялікім гасцінцы” ў Пецярбург і Маскву? Па ўспамінах Сяргея Тучкова, падарожных там выдатна прымалі: “Ні адзін слаўны музыкант не мог прыехаць з Еўропы ў расійскія сталіцы, не даўшы некалькі канцэртаў у Зорыча. Ён абдорваў іх шчодра і так добра з ім абышоўся б, што многія жылі ў яго па некалькі месяцаў і з удзячнасці навучалі ягоных жа музыкантаў...”

Гвардзеец у ролі Арлекіна

Адзначаючы якасць балета, той самы аўтар пісаў: “камедыянты яго былі пасрэднымі, і лепшыя сачыненні гралі аматары ды кадэты”. І сапраўды, сярод удзельнікаў шклоўскіх спектакляў, акрамя прыгонных акцёраў, былі і паважаныя дваране з Магілёўшчыны — аматары патанчыць і паспяваць. Напрыклад, партыю Арлекіна выконваў капітан Дзмітрый Харват, сын расійскага генерала сербскага паходжання Івана Харвата. Іншы зямляк Зорыча і яго былы аднапалчанін Аляксандр Пішчэвіч у сваіх мемуарах пісаў: “Тэатр скончыўся тым, што я меў задавальненне апладзіраваць вялікай дурасці. Сваяк мой гвардыі капітан Харват у арлекінскім строі весяліць шклоўскую публіку скоканнем балета ў пары з дачкой першага Зорычава кухара... маладая кухарка была прыўкрасная і добра выхаваная ў Варшаве”.

Каларытнай асобай у драматычнай трупе тэатра пачатку 1790-х быў князь Пракоп Мяшчэрскі — акцёр-аматар, знаўца тэатральнага жыцця Вены, Лондана, Парыжа. У мінулым — генерал-лейтэнант удзельнік першай руска-турэцкай вайны, дзе ў бітве пад Кагулам цалкам мог пазнаёміцца з Зорычам. А ў Шклоўскім тэатры ён граў у пачатку 1790-х, калі знаходзіўся на службе ў кіраўніка Магілёўскага намесніцтва князя Сяргея Вязміцынава, будучага першага міністра Расійскай імперыі.

Дык вось, аматара Мяшчэрскага вялікі рускі акцёр Міхаіл Шчэпкін лічыў сваім галоўным настаўнікам сцэнічнага майстэрства: “Усё, што я набыў ..., усё, што з мяне выйшла, усім гэтым я абавязаны князю Мяшчэрскаму, таму што ён першы пасеяў ўва мне дакладнае паняцце аб мастацтве і паказаў мне, што мастацтва настолькі высокае, наколькі блізкае да прыроды”.

Сярод усіх добраахвотных удзельнікаў “тэатральных дзеяў” асабліва вылучалася сваёй прыгажосцю і паставай, а таксама і лірычным сапрана, княгіня Кацярына Аляксандраўна Бутурліна-Даўгарукава, жонка магілёўскага генерал-аншэфа і вялікага аматара прыгожых мастацтваў Юрыя Даўгарукава. Яна часцяком выбіралася з Магілёва ў Шклоў і дзеля іншай, не менш важнай прычыны: бо даўно і далёка не платанічна кахала Зорыча як прыгажуна-мужчыну. І гэта было ўзаемна...

З “Застольных размоваў” Аляксандра Пушкіна: “У Зорыча быў хатні тэатр, і княгіня грала ў ім у оперы Annette et Lubin. Зорыч, не ведаючы, як яе пачаставаць, уздумаў загадаць страляць з гарматы, калі Annette узыдзе гаспадыняй у сваю хаціну. Калі яна кідаецца на калені перад сваім спадаром, то з-за кулісаў загадана было высунуць ёй аксамітную падушку etc...”

Распавядаючы пра шклоўскі маёнтак і яго норавы, той жа Пішчэвіч з пэўным сарказмам пісаў: “Зорыч зрабіў гэтае месца даволі прыемным, з’езды бываюць вялікія і час праходзіць у розных забавах; далей канцэрты і найбяднейшы тэатр займае напераменку гэты мініяцюрны дворык, уладар якога вінны больш, чым варты яго маёнтак… Ёсць адна ўстанова ў Шклове, якую праз самалюбства Зорыч зладзіў, але не менш карысная; я кажу пра так званы кадэцкі корпус, у якім прымаюць да 200 маладых дваран, вучаць іх замежным мовам і розным навукам, а галоўнае дбанне, здавалася, хілілася з іх зрабіць танцмайстраў і акцёраў, скокаць яны пачалі ўжо ладна і размаўлялі на тэатры даволі талкова... і будучы ў запале гадоў сваіх, граюць камедыі і скачуць балет з дваццацю сялянскімі дзеўкамі, абранымі з вёсак Зорыча, асобамі настолькі займальнымі, што кадэты ідуць ахвотна на тэатр”.

Аднак рэпертуарная афіша тэатра з часам усё больш ускладнялася. Тэхнічнае ўдасканаленне сцэнічных пляцовак дазваляла звяртацца да твораў, якія прадугледжвалі маштабныя эфекты. У Зорыча ўсё было па-сапраўднаму: калі на сцэне ішла бітва — на сцэну выязджалі воіны на сапраўдных конях; калі гэта была водная баталія, дзеянне перамяшчалася ў спецыяльна пабудаваны вялізны басейн. Асабліва гаспадар ганарыўся шыкоўнымі дэкарацыямі: за адзін спектакль яны маглі мяняцца шмат разоў! Лепшым сцэнографам, вядома, быў Антоній Главацкі, ён жа выдатны жывапісец, аўтар партрэта мітрапаліта Магілёўскага Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, які, дарэчы, і сам заснаваў у Магілёве тэатр.

Трэба сказаць, што ў той час, калі ў Зорыча былі грошы, ён нічога не шкадаваў ні для кадэтаў, ні для педагогаў, ні для акцёраў тэатра, ні для працоўных сваіх фабрык і заводаў, ні на рэдкія кнігі, карціны, вырабы з саксонскай парцаляны, якія купляў у Пецярбургу. Ды і на ўтрыманне маёнтка сыходзілі нямераныя сродкі. Плюс неймаверныя гулянні, феерверкі, багатыя абеды і паляўнічыя забавы для гасцей — хоць сам гаспадар паляванне не любіў. Як пісаў Сяргей Тучкоў, “генерал Зорыч не прапускаў ніводнага мінака без пачастунку. І багатыя і бедныя яго суседзі, прыязджаючы да яго ў госці, жылі па некалькі месяцаў яго коштам”.

Бывала, хоць і рэдка, што калі ён прайграваўся ў карты, то ўсе выхаванцы і артысты сядзелі, як той казаў, “на бабах” і без кішэнных грошай, а выхавальнікі — без заробку. Але на графа яны не злаваліся. Гэты шалапутны чалавек быў настолькі прывабным і абяззбройвальна добрым, што яму наогул дараваліся ўсе грахі. У тым ліку і картачныя гульні. Зрэшты, па тых часах яны празмернага асуджэння і не выклікалі.

Мода на азарт

У эпоху Кацярыны II не гуляць у карты было непрымальна: тады гуляла ўся цывілізаваная Еўропа. Імператрыца таксама ахвотна сядала за круглы стол — і са сваімі фаварытамі, асабліва аддаючы перавагу Зорычу, і з рознымі высокапастаўленымі асобамі. Гуляла на грошы і часам, уявіце сабе, на брыльянты — праўда, усяго ў адзін карат.

Дзесьці я чытаў, што Зорыч у Шклове нават заснаваў “шулерскую акадэмію”, у якой лічыліся мясцовыя багатыя яўрэі-камерсанты, магілёўская шляхта і іншыя прыезджыя высокія госці. Але ў цэлым людзі дваранскай крыві стараліся гуляць без шулерства: абвінавачванні ў ім магло стаць падставай для дуэлі.

Мода на азарт расла, а разам з ёй памнажаліся і стаўкі. Даходзіла нават да таго, што аднойчы малодшы сучаснік Зорыча — князь Аляксандр Галіцын — прайграўшы свой маёнтак з прыгоннымі душамі, паставіў на кон прыгажуню-жонку Марыю Галіцыну-Вяземскую. І прайграў яе графу Льву Разумоўскаму! Усё было па-сапраўднаму. Праўда, Марыя, здаецца, сумавала нядоўга: яна развялася з недарэкам-мужам і шчасліва выйшла за пераможцу.

Быў яшчэ выпадак, калі першы канферэнц-сакратар Імператарскай Акадэміі мастацтваў Аляксандр Салтыкоў, запазычыўшы грошы з казённай акадэмічнай касы, таксама паставіў на карту сваю жонку Марыю Салтыкову-Валчкову. І таксама яе прайграў — кіраўніку Магілёўскага намесніцтва Пятру Пасеку, які павёз яе ў Магілёў. Трэба меркаваць, пачувалася яна там няблага, і, як пісаў сучаснік, “значыла ў магілёўскім свеце не менш, чым ён сам”. Вядомы яе выдатны партрэт пэндзля бліскучага жывапісца Фёдара Рокатава.

У сваіх “Нататках” добры прыяцель Зорыча па Пецярбургу і будучы духоўны настаўнік Пушкіна Гаўрыла Дзяржавін распавядае пра сваю маладосць, калі ён аднойчы да капейкі прайграў атрыманыя ад маці грошы на куплю вёскі ў 30 душ. А спрабуючы адыграцца, давёў сябе да абсалютна безвыходнага становішча, і быў змушаны перайсці на хлеб і ваду. У выніку, дзякуючы атрыманым навыкам, Дзяржавін усё ж адыграўся, але надалей стараўся буйных ставак не рабіць.

Зорыч жа быў невыпраўляльным. Яго вар’яцкая марнатраўнасць, велізарныя траты на ўтрыманне вучэльні і тэатра, на асабісты двор, на ўладкаванне сваіх фабрык і заводаў, на рамонт гарадскіх вуліц і будаўніцтва рачных судоў з доўгімі рулявымі вёсламі і рыскавымі якарамі, буксірных туераў і канаводак, на набыццё музычных інструментаў у краінах Еўропы і гэтак далей, да гэтага часу выклікаюць здзіўленне. Сямён Гаўрылавіч зусім не ведаў цану грошам, ён быў славалюбным і эксцэнтрычным аматарам раскошы. І ўсё гэта, у рэшце рэшт, прывяло яго да фіяска. Бязмерна шчодры і камунікабельны, ён, атрымаўшы ад Кацярыны немалы “пачатковы капітал”, амаль заўсёды меў мноства пазык, з-за чаго даводзілася закладваць у дзяржаўных і прыватных банках нават сваіх прыгонных.

Ды хіба мог ён дазволіць сабе грымнуцца “тварам у бруд” і на чымсьці эканоміць, калі да яго ў Шклоў завітвала не хто-небудзь, а сама імператрыца! І якая тут можа быць гаворка пра грошы, калі справа ідзе аб прыёме такой вялікай асобы або проста землякоў з “малой радзімы” і блізкіх пецярбургскіх сяброў?

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"