Раскрыты невядомыя старонкі

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Спецыяльна да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра, якое павінна было адзначацца ў гэтыя дні, Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрыла доступ да відэа-архіву найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці.

20 мая адзначаецца свята Жыровіцкай цудатворнай іконы Багародзіцы. Як вядома, сёлета спаўняецца 550 гадоў з часу цудоўнага з’яўлення знакамітай іконы і 500 гадоў з часу заснавання Жыровіцкага манастыра. Хоць асноўныя ўрачыстасці пакуль у Жыровічах адбыцца не могуць, але Нацыянальная бібліятэка Беларусі адмыслова да юбілею падрыхтавала свой падарунак. І менавіта ў юбілейны дзень для ўсіх ахвотных быў адкрыты анлайн-доступ да відэа-архіву найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці. Яны ўключаюць відэазапісы выступленняў вядомых айчынных і замежных навукоўцаў, іх прэзентацыі, даклады, фотадакументы і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія раскрываюць невядомыя раней старонкі нашай агульнай мінуўшчыны.

Асновай для відэа-архіву паслужылі матэрыялы ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаныя 500-годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі (прайшлі 15 мая 2020 г.). Сёлета яны адбываліся ў фармаце відэаканферэнцыі ў рэжыме рэальнага часу з магчымасцю шырокай камунікацыі. На партале бібліятэкі зарэгістраваны больш за 100 дакладчыкаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Навукоўцы даслалі каля 60 артыкулаў для друку ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

Сімвалічна, што сёлета Кнігазнаўчыя чытанні прысвечаны 500-годдзю заснавання славутага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры з даўніх часоў былі цэнтрамі культуры і кніжнасці - тут перапісваліся і друкаваліся кнігі, ствараліся першыя бібліятэкі і школы. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.

Відэа-архіў будзе папаўняцца, але ўжо сёння ён даступны на канале Youtube.