Паміж маскай і лікам

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

У Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура працуе выстава “Лик, лицо, личина”. На ёй экспануюцца творы сучасных беларускіх мастакоў са збору музея.

/i/content/pi/cult/798/17154/05.JPG

Музей Азгура — гэта па сваёй сутнасці музей сацыялістычнага рэалізму. Ягоныя фонды і экспазіцыя хоць і не могуць прэтэндаваць на ўсеабдымнае адлюстраванне гэтай глабальнай з’явы, але даюць досыць аб’ектыўнае ўяўленне пра артадаксальныя формы савецкага афіцыйнага мастацтва з сярэдзіны 30-х па сярядзіну 60-х гадоў. Ад сцвярджэння сацыялістычнага рэалізму як адзіна правільнай, а значыць - адзіна магчымай лініі ў дзяржаўнай культурнай палітыцы да з’яўлення “суворага стылю”, калі пры нязменнасці ідэалагічных пастулапаў у савецкім мастацтве сталі магчымымі пэўныя стылёвыя вольнасці.

Але з гэтага не вынікае, што ў сценах “храма сацрэалізму” няма месца мастацтву сучаснаму і аўтарам, на якіх сам шаноўны Заір Ісакавіч глядзеў бы з сумам і роспаччу. Музей Азгура і насамрэч не аднойчы быў арганізатарам творчых праектаў, мэта якіх  — далучэнне нашага мастацтва да сусветнага мэйнстрыму і адаптацыя міжнародных трэндаў да нашай культурніцкай рэчаіснасці і беларускай ментальнасці.

На выставе прадстаўлены творы скульптараў Паўла Ляонава, Галіны Гаравой, Андрэя Вераб’ёва, Паўла Вайніцкага, фотамайстра Уладзіміра Парфянка з фондаў музея. Але цвіком экспазіцыі, на маю думку, з’яўляецца пасмяротная маска Петруся Броўкі з музейнага фонду, і каркас для не здзейсненага партрэта Марка Шагала. У 1994 годзе Заір Ісакавіч даспеў да таго, каб ўвасобіць вобраз славутага земляка, вось нават каркас зрабіў, ды нешта не зладзілася. За гэтымі артэфактамі я бачу асобу, якая рэдка дзейнічала спантанна ці толькі паводле душэўнага паклікання — болей азіралася на зменлівыя грамадскія актуаліі. І ўсё гэта пры фантастычнай працавітасці.

Выстава падалася мне цікавай, хоць я ад яе і не ў захапленні. Я з павагаю стаўлюся да рызыкантаў; да тых, хто прагне навізны і не баіцца непазбежных памылак на шляху пазнання. Менавіта такімі падаюцца мне аўтары гэтай выставы. Але дазволю сабе меркаванне, што хоць паводле ўзроставай шкалы яны належаць да сярэдняга пакалення, іх творчасць нагадвае незавершанае юнацтва, якому ўласцівае спантаннасць мыслення і “вынаходніцтва ровараў”, вытворчасць якіх даўно пастаўлена на паток. Вонкава, паводле фармальных адзнак яны — альтэрнатыва мастацтву Азгура і ягоных адэптаў, але жаданне ўтрымацца на хвалі зменлівай актуальнасці ў іх такое ж як і ў мэтра. Хіба што выяўленчыя сродкі іншыя.

Гэткія мае меркавані паводле ўбачанага на выставе. А за межамі выставачнай прасторы кожны з аўтараў “Лик, лицо, личина” мае творы, якімі прафесіянал мусіць ганарыцца.

Канцэпцыя выставы грунтуецца на хрысціянскай антрапалогіі, паводле якой вакол вобраза твару сфармаваліся тры змяненні, без якіх немагчымае ўвасабленне/олицетворение. Твар успрымаецца ў суадносінах з маскай і святым лікам. Межы ў згаданых градацыях даволі ўмоўныя. Мне ў гэтай сувязі згадалася сентэнцыя сучаснага нямецкага паэта на наведанне Эрмітажу. Па сэнсе: сярод гэтых партрэтаў няма ніводнага чалавека, з якім бы я н сустрэўся ў жыцці - такі яшчэ малады наш свет, і такія мудрыя старыя майстры.

А вы бачыце на твары розніцу паміж маскай і лікам?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"