“Дзякуй” урачам ад мастакоў

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Напярэдадні майскіх святаў беларускія мастакі правялі дабрачынны інтэрнэт-аўкцыён “Дзякуй”, скіраваны на падтрымку нашых медыкаў, якія змагаюцца з каранавірусам. Усяго было сабрана больш за 37 тысяч рублёў.

/i/content/pi/cult/798/17153/04.JPGІніцыятыва сыходзіла ад вядомага мастака Руслана Вашкевіча і арт-ідэолага Аліны Саўчанка. Да гэтай ідэі далучыліся больш за сотню майстроў выяўленчага мастацтва, якія пагадзіліся выставіць свае работы на пляцоўку “Куфар”, дзе змяшчаюцца бясплатныя аб’явы. “Куфар”, у сваю чаргу, падтрымаў мастакоў і вылучыў іх лоты ў асобную ўкладку — аўкцыён “Дзякуй”. Таму паглядзець творчыя працы, ацаніць іх мастацкую прывабнасць і, нарэшце, набыць мог кожны, хто пажадаў. Тым больш, што цэны там былі вельмі дэмакратычнымі і пачыналіся ад некалькіх дзясяткаў рублёў.

Усе карціны настолькі розныя па тэматыцы і стылёвых памкненнях, што знайсці штосьці на свой густ мог, зноў-такі, кожны. Цікава, што сярод творчых прац была і акварэлевая замалёўка 12-гадовай Сафіі Сітнікавай. Гэта гарадскі відарыс, на якім адлюстраваны некалькі будынкаў у цэнтры Мінска разам са знакамітым “домам пад шпілем”. Сярод іншых работ сустракаліся нацюрморты, партрэты, творы абстрактнага жывапісу, нават дамская сумачка аўтарскага вырабу. Была і фантазійная выява віруса, пазней перапрацаваная: “Ядро” Лены Воранавай. Ці вельмі выразная кніжная графіка Аляксандры Асташонак. “Рымскі дворык” Міхаіла Баразны — рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, “Вечар ля возера” Паўла і “Біг бэнд” Уладзіміра Кандрусевічаў — сыноў знакамітага кампазітара, аўтара лепшых беларускіх мюзіклаў. Нават фотаальбом JAZZ са здымкамі 2010 — 2019 гадоў Аляксея Казнадзея.

Самым, бадай, малодшым удзельнікам стаў пяцігадовы Арман Прадхан, бацькі якога — урачы, а “Глыбіня прыроды”, напісаная акрылавымі фарбамі, утрымлівала папраўдзе глыбокія асацыятыўныя шэрагі. Сярод самых дарагіх лотаў аказалася (на жаль, не прыдбаная) “Мая мадонна” Аляксея Кузьміча-старэйшага, напісаная знакамітым мастаком у 1986 годзе. Яго няма з намі амаль сем гадоў, і гэту карціну выставіў на аўкцыён ягоны сын, таксама мастак — Аляксей Кузьміч-малодшы, даўшы наступны каментарый: “Мае дзядуля і прабабуля — дактары”.

Руслан Вашкевіч прапанаваў сваю “Мадам Банжур”, бо “мастак не мае права бяздзейнічаць у складаныя для ўсіх часы”. Дарэчы, гэты твор быў прыдбаны за рэкордную суму ў 2500 руб. А напоўненая сімволікай карціна “91-ы” Аляксандра Бельскага з выявай старога трамвая пасярод восеньскай лістоты выклікала такую ўвагу, што яе кошт узляцеў ажно ў шэсць разоў. Ну, а ва ўсіх і нават тых, хто нічога не прыдбаў, была цудоўная магчымасць выправіцца на “віртуальную экскурсію”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"