Летапіс Жыровіцкай святыні

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

20 мая ў Жыровічах пад Слонімам мелі адбыцца ўрачыстасці, прымеркаваныя да святкавання 550-годдзя цудатворнай іконы Жыровіцкай Божай Маці і 500-годдзя Жыровіцкага манастыра. На жаль, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй гэтыя мерапрыемствы плануюць перанесці на пазнейшы тэрмін. Тым часам на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы супрацоўнікі дзяржаўных выдавецтваў распавялі аб новых кнігах, выдадзеных да гэтых памятных дат.

Дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна прадставіла энцыклапедычны даведнік “Жыровічы. Пад святым пакровам”. Укладальнікам выдання выступіў кандыдат багаслоўскіх навук, прарэктар па навуковай працы Мінскай духоўнай семінарыі і Мінскай духоўнай акадэміі ў Жыровічах Аляксандр Слесараў. Кніга налічвае каля 180 артыкулаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці Жыровічаў, Жыровіцкай іконы Божай Маці, біяграфіям царкоўных дзеячаў, чые жыццё і дзейнасць звязаныя з Жыровічамі. Таксама знайшлося на старонках даведніка месца для гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі і яе царкоўна-археалагічнага музея, яго каштоўных экспанатаў, а таксама выдатных помнікаў літаратуры і мастацтва, якія звязаныя з гісторыяй Жыровічаў і абіцелі. Сярод іх — “Жыровіцкі ірмалагіён”, рукапісны помнік спеўнай культуры першай паловы XVII стагоддзя, і іншыя ўнікальныя выданні.

Дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак распавёў аб кнізе вершаў “Святло з Жыровіч”, што змяшчае творы аднаго з найбольш адметных сучасных беларускіх аўтараў, які надае найбольшую ўвагу духоўнай паэзіі — Зніча, таксама вядомага як манах Іаан, альбо пад свецкім імем — як Алег Бембель. Летась ён адзначыў 80-годдзе, і ўжо больш за 20 гадоў жыве ў манастыры ў Жыровічах. У свой час паэт скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, вучыўся на філосафа, працаваў на тэлебачанні і ў Акадэміі навук, але абраў шлях хрысціянскага паслушэнства, прыняў пострыг і прысвяціў сваю творчасць духоўнай тэматыцы.

Як паведаміла вядучы спецыяліст Анжэла Садоўская, выдавецтвам “Беларусь” да жыровіцкіх юбілеяў былі падрыхтаваныя дзве кнігі. Першая з іх — істотна дапоўненае перавыданне працы кандыдата мастацтвазнаўства Аляксандра Ярашэвіча “Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр”, якая атрымала абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Другая кніга — “Цяпло жыровіцкай святыні” вядомага краязнаўцы Сяргея Чыгрына. Гэта ўнікальнае навукова-папулярнае выданне па гісторыі Жыровічаў напісанае паводле архіўных матэрыялаў, з архіваў Літвы, Польшчы і Украіны, многія з якіх былі вывезеныя за мяжу і дагэтуль не вярнуліся на радзіму. Прадстаўнікі выдавецтваў выказалі спадзеў, што новыя выданні зробяцца выдатным падарункам да свята жыровіцкай абіцелі, а таксама прыйдуцца даспадобы шматлікім паломнікам і турыстам, якія наведваюць Жыровічы.